Асмо́л ’смалістая драўніна хвойных парод’ (БРС), ’пень, які выкопваюць для вырабу смалы’ (Інстр. III). Рус. осмол ’смалістая драўніна’, укр. дыял. осмів ’трухлявы пень’; рус. і ўкр. осмол таксама дзеянне па дзеяслову осмолить. Польск. osmoł ’жывіца, што цячэ са скалечанага месца на пню’, ’асмальванне’. Яшчэ усмал ’амярцвелая частка ствала, налітая смалой’ (Янк. I), укр. усмол ’тс’ (Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 63). Утворана, магчыма, ад дзеяслова асмаліцца ’наліцца смалой’, бо іначай прэфіксальна-бяссуфікснае ўтварэнне цяжка растлумачыць. Сюды ж памяншальнае асмолкі ’смалістыя трэскі’ (Інстр. I).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВУЛКАНАГЕ́ННА-АСА́ДКАВЫЯ ПАРО́ДЫ,

горныя пароды, якія складаюцца з вулканічнага і асадкавага матэрыялу. Адрозніваюць вулканагенна-асадкавыя пароды: вулканагенна-абломкавыя, утвораныя з абломкавага (піракластычнага) матэрыялу — попелу, часцінак і абломкаў лавы, горных парод, што складаюць вулкан, і асадкавых кампанентаў (туфы, туфіты, туфапясчанікі, туфагравеліты і інш.); хемагенныя, якія складаюцца з матэрыялаў гарачых крыніц, парагазавых струменяў, прадуктаў вышчалочвання вулканічных парод і інш., што выпалі ў асадак на дне мораў або ўчастках прылеглай сушы (многія яшмы, некаторыя руды жалеза, марганцу, адклады серы, фасфарыты і інш.). У Беларусі вулканагенна-асадкавыя пароды вядомыя ў вендзе (верхні пратэразой) у цэнтр., паўд,зах. і паўн.-ўсх. частках і ў дэвоне (на ПдУ).

У.​Я.​Бардон.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ЖЛЫ,

група парод паляўнічых сабак. Паходзяць ад стараж. сабак Зах. і Паўд. Еўропы. Пашыраны ва ўсіх краінах свету. Выкарыстоўваюцца для палявання на балотную, стэпавую і палявую дзічыну, радзей на звера. Выжлаў падзяляюць на астраўных англ. (пойнтэр і сетэры — англ., ірландскі і шатландскі, або гардон) і кантынентальных (ням. каратка-, даўга- і цвердашэрсная выжла, чэшскі фаўсек, венгерская і вял. мюнстэрлендэрская выжла і інш.).

Мускулістыя і зграбныя сабакі, выш. ў карку 53—67 см, характэрны алюр — галоп.

Для кантынентальных парод найб. уласціва гнаць дзічыну па крывавым следзе ўголас. Масць разнастайная, у залежнасці ад пароды. Астраўных выжлаў трымаюць як дэкар.-пакаёвых.

Выжлы: 1 — ірландскі сетэр; 2 — пойнтэр.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРНАТЭХНІ́ЧНАЯ РЭКУЛЬТЫВА́ЦЫЯ,

комплекс горнатэхн. работ па аднаўленні прыроднага ландшафту, змененага ў выніку адкрытай распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў; адзін з этапаў рэкультывацыі зямель. Задача горнатэхнічнай рэкультывацыі — падрыхтоўка парушаных зямель да правядзення мерапрыемстваў па аднаўленні ўрадлівасці, с.-г. і лесагаспадарчых работ, а таксама работ па асваенні вадаёмаў. Асн. аб’екты горнатэхнічнай рэкультывацыі: адвалы раскрыўных парод і выпрацаваныя плошчы кар’ераў. Горнатэхнічная рэкультывацыя ўключае: зняцце і складаванне ўрадлівага пласта глебы; распрацоўку і складанне парод раскрыўкі; наладжванне дрэнажнай сеткі для папярэджання забалочвання; буд-ва дарог на адвалах; планіроўку паверхні адвалаў; зніжэнне і сплошчанне, тэрасаванне і стабілізацыю адкосаў; меліярац. мерапрыемствы (вапнаванне, гіпсаванне); стварэнне рэчышча і берагоў вадаёмаў; накрыванне паверхні ўрадлівым слоем глебы.

т. 5, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІЯ КАРПА́ТЫ,

найбольш высокая і шырокая ч. горнай сістэмы Карпат на тэр. Чэхіі, Славакіі, Польшчы і Венгрыі. Даўж. каля 400 км, шыр. больш за 200 км. Хрыбты і ізаляваныя масівы накіраваны з ПдЗ на ПнУ. На Пн вылучаюць сярэдневышынныя хр. Зах. Бяскідаў, у цэнтр. частцы — высока- і сярэднягорныя масівы Татры (найб. выш. 2655 м, г. Герлахоўскі-Шціт), Нізкія Татры, Вял. Фатра, на Пд — сярэдневышынныя масівы з плоскімі вяршынямі Славацкіх Рудных гор, Шцяўніцкіх гор, Бюк, Матра і інш. Складзены пераважна з крышт. парод і вапнякоў, на Пд таксама і вулканічных парод. Мяшаныя і хваёвыя лясы, горныя лугі. Татранскі нац. парк, запаведнікі, курорты, турызм, зімовыя віды спорту.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАГЕНЕ́З,

сукупнасць працэсаў пераўтварэння асадкавых горных парод пры іх апусканні ў глыбокія гарызонты літасферы ва ўмовах нарастання ціску і т-ры; заключная стадыя літагенезу, якая апераджае працэсы метамарфізму. На стадыі М. працягваецца пераўтварэнне асадкавых парод, пачатае на стадыях дыягенезу і катагенезу. У адрозненне ад катагенезу працэсы М. працякаюць пры больш высокай т-ры (300—450 °C) і геастатычным ціску (400—600 МПа), сярод іх вял. роля стрэсавых дэфармацый і цвердафазавых рэакцый. На стадыі М. фарміруюцца бластычныя, шыпападобныя і катакластычныя структуры, тэкстуры кліважу і крышталізацыйнай сланцаватасці. У выніку працэсаў М. ўтвараюцца кварцыта-пескавікі, кварцыты, філітападобныя сланцы, мармурызаваныя вапнякі і даламіты, графітызаваныя антрацыты.

А.​А.​Махнач.

т. 10, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ДЗЕЛІ (ням. Pudel ад дыялект. pudeln плюхацца ў вадзе),

група пакаёва-службовых старажытных парод сабак. Каля 15 парод, пашыраны ва ўсіх краінах свету. Выкарыстоўваліся ў паляванні на вадаплаўных птушак (адсюль назва), зайцоў, для збору труфеляў.

Вылучаюць П. вялікага, або каралеўскага (выш. ў карку 45—58 см), сярэдняга, або малога (35—45 см), і карлікавага (28—35 см). Маса 6—50 кг. Поўсць доўгая, мяккая, хвалістая або «шнурам», чорная, белая, карычневая, серабрыстая ці абрыкосавая, якую стрыгуць на асобных участках цела. Канстытуцыя моцная, сухая. Галава выцягнутая, вушы звіслыя. Спіна кароткая, лапы сухія, прамыя. Хвост купіруюць. Тып паводзін рухомы, характэрны алюр — галоп.

Э.​Р.​Самусенка.

Пудзелі.

т. 13, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТАВА́ЛАЎ (Леанід Васілевіч) (8.8.1902, Масква —15.9.1970),

расійскі геолаг. Чл.-кар. АН СССР (з 1953). Скончыў Маскоўскі ун-т (1924). У 1934—62 праф. Маск. ін-та нафтахім. і газавай прам-сці, адначасова ў 1943—53 у Ін-це геал. навук АН СССР. У 1953—60 нам. старшыні Савета па вывучэнні вытв. сіл АН СССР і кіраўнік шэрагу комплексных экспедыцый. Навук. працы па петраграфіі і геахіміі асадкавых утварэнняў. Прапанаваў класіфікацыю асадкавых парод. Распрацаваў вучэнне аб геахім. фацыях асадкавай тоўшчы. Абгрунтаваў палажэнне аб дыферэнцыяцыі рэчыва ў зоне асадканамнажэння і палажэнне аб перыядычнасці ва ўтварэнні асадкавых парод і карысных выкапняў асадкавага паходжання. Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРУ́ШКА (Сяргей Антонавіч) (н. 6.4.1940, в. Палянічыцы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1993). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1962). У 1969—72 і з 1982 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (заг. лабараторыі). Навук. працы па эфектыўных кірунках развіцця жывёлагадоўлі, расплоджванні, селекцыі, удасканаленні і стварэнні новых парод мясной буйн. раг. жывёлы.

Тв.:

Методыка ацэнкі быкоў мясных парод па якасці патомства (разам з В.​С.​Антанюком, В.​Н.​Сырычавым) // Весці АН БССР. Сер. с.-г. навук. 1987. № 3;

К вопросу о развитии мясного скотоводства в Белорусской ССР (разам з У.​І.​Шляхтуновым) // Науч.-техн. бюл. Харьков, 1989. № 48.

т. 13, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬ (ад геа... + сінкліналь),

буйны выцягнуты прагін зямной кары, які доўгі час апускаецца, запаўняецца магутнай тоўшчай асадкавых і магматычных горных парод, потым ператвараецца ў складкавую горную вобласць (гл. таксама Геасінклінальны пояс).

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)