аўся́нка ​1, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Аўсяныя крупы. // Каша з такіх круп. // Мука з аўса.

аўся́нка ​2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Пеўчая птушка з атрада вераб’іных, якая корміцца пераважна насеннем раслін. Садовая аўсянка. Чаротная аўсянка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абе́чак, ‑чка; Р мн. ‑чкаў; м.

Лубяны абадок у рэшаце, сіце і пад. Нічога ў гэтых жорнах асаблівага няма: знізу калодка, потым абечак, нібы ў рэшаце, каб не рассыпалася мука, зверху — другая калодка з дзіркай пасярэдзіне, куды засыпаюць жыта. Сяркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляжа́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Нясвежы, даўні, заляжалы. Ляжалая мука. □ Ад зямлі ідуць густыя пахі ляснога рэдкатраўя, мокрага ад расы і сырасці ляжалага лісця. Пташнікаў.

2. Які доўга захоўваўся ў адпаведных умовах; вылежалы. Ляжалы лён. □ Пепінкі сапраўды былі цудоўныя, ляжалыя. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́яны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сеяць.

2. у знач. прым. Прасеяны праз сіта. Сеяная мука. // Выпечаны з прасеянай мукі. Сеяны хлеб.

3. у знач. прым. Пасеяны чалавекам (у адрозненне ад дзікарослага). Сеяныя травы. // З пасеянай расліннасцю. Сеяныя лугі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Му́чанік ’той, хто перанёс ці пераносіць якія-небудзь мукі’ (ТСБМ, Др.-Падб.), му́чальнік, му́чань ’тс’ (Гарэц., Яруш., Шат., Др.-Падб.). Да му́чыць < му́ка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пруме́няц ’прыбудоўка да хаты, у якой захоўваецца збожжа, мука, апрацаваны лён, соль’ (лях., Янк. Мат.). З *пругмен(ец), гл. пругмень, або да прымен (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЖО́РНЫ,

прыстасаванне для ручнога памолу зерня; ручны млын. На Беларусі Ж. былі каменныя і драўляныя. Каменныя складаліся з 2 дыскаў дыяметрам 35—50 см, таўшчынёю 10—15 м, пастаўленых у скрынку ці станок. Ніжні нерухомы камень звычайна быў таўсцейшы, верхні — больш лёгкі, з адтулінай пасярэдзіне для засыпання зерня, мацаваўся пры дапамозе паўпрыцы (жалезнай крыжавіны або пласціны), якая круцілася на шпяні, замацаваным у ніжнім камені. Каб мука лепш ссыпалася, паверхню ніжняга каменя рабілі крыху выпуклай, верхняга — увагнутай. Ж. круцілі пры дапамозе доўгага кія (млёна), верхні канец якога ўстаўляўся ў бэльку ці адтуліну спец. планкі. Часам жарнавыя паставы рабілі з дубовых калодак, на рабочую ч. якіх веерападобна набівалі пласцінкі чыгуну або жалеза. Такія Ж. трапляліся пераважна на Палессі. Яшчэ ў пач. 20 ст. Ж. былі амаль у кожнай сял. сям’і, у некаторых месцах ва ўжытку захаваліся да 1950-х г.

Л.​І.​Мінько.

Жорны драўляныя і каменныя.

т. 6, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЫ́ТАРСКІЯ ВЫ́РАБЫ,

харчовыя прадукты звычайна са значнай колькасцю цукру, прыемным смакам і пахам. Вызначаюцца высокай каларыйнасцю і засваяльнасцю. Падзяляюцца на цукрыстыя (цукеркі, шакалад, зефір, какава-парашок, пасціла-мармеладныя вырабы, халва і інш.) і мучныя (пячэнне, пернікі, тарты, пірожныя, кексы, вафлі, крэкеры, галеты і інш.).

Сыравінай для К.в. з’яўляюцца цукар, патака, мёд, мука, тлушч, малако, масла, арэхі, яйкі, харч. канцэнтраты, садавіна, ягады, жэліруючыя і араматызуючыя рэчывы, прыправы і інш. Сыравіна праходзіць тэрмічную (уварванне, абсмажванне, выпяканне) і мех. (здрабненне, перамешванне, замешванне, качанне, збіванне і інш.) апрацоўку. Выкарыстоўваюцца ўварвальныя вакуум-апараты, памада-збівальныя, мясільныя, катальныя, цукеркаадлівачныя, фармовачныя, загортачныя машыны і аўтаматы, ахаладжальныя і сушыльныя шафы і інш. Многія К.в. вітамінізуюцца; выпускаюцца дыетычныя і лячэбныя гатункі. Напр., у К.в. для хворых на цукр. дыябет цукар замяняюць сарбітам або ксілітам, для хворых анеміяй дадаюць гематаген, у вырабах для дзяцей не выкарыстоўваюць каву, зводзяць да мінімуму какаву. Гл. таксама Кандытарская прамысловасць.

т. 7, с. 581

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКУРУ́ЗА, маіс (Zea mays),

кветкавая расліна сям. метлюжковых. Радзіма — Цэнтр. і Паўд. Амерыка. Уведзена ў культуру на тэр. сучаснай Мексікі каля 5200 да н.э., у Еўропе — з канца 15 ст. Вырошчваецца ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Паўд. і Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. і Усх. Афрыцы.

Аднагадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом выш. да 6 м. Каранёвая сістэма валасніковістая. Лісце шырокае, лінейна-ланцэтнае, хвалістае па краях. Кветкі аднаполыя. Мужчынскія суквецці — мяцёлкі на верхавінцы сцябла, жаночыя — катахі ў лісцепадобных абгортках у пазухах лісця. Плод — зярняўка. Па будове і марфалогіі насення К. падзяляецца на 9 бат. груп. Зерне, сцёблы, лісце, катахі выкарыстоўваюцца ў вытворчасці прадуктаў і вырабаў (напр., алей, кансервы, крупы, крухмал, кукурузныя шматкі, мёд, мука, папера, пластмаса і інш.). Кармавая і харч. расліна.

Літ.:

Грушка Я. Монография о кукурузе: Пер. с чеш. М., 1965;

Шмараев Г.В. Кукуруза: (Филогения, классификация, селекция). М., 1975.

У.​П.​Пярэднеў.

Кукуруза.

т. 8, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІ́ННЫЯ КАРМЫ́,

прадукты расліннага паходжання, якія выкарыстоўваюць для кармлення с.-г. жывёл. Паводле паходжання і спосабу прыгатавання падзяляюцца на: зялёныя (сеяныя зялёныя культуры, кармавыя травы натуральных угоддзяў, бацвінне); зялёныя кансерваваныя (сілас, сянаж); сушаныя травяністыя (сена, сенная мука, травяныя гранулы і брыкеты); коранеклубняплоды, сакаўныя плады (бурак, бручка, морква, бульба, кавун, кабачок) і прадукты іх перапрацоўкі (жамерыны, мелес, брага, мязга); зерне (суцэльнае, драблёнае, плюшчанае) і прадукты яго перапрацоўкі (вотруб’е, піўная шраіна, шрот, макуха); адходы паляводства (салома, мякіна, стрыжні кукурузных пачаткаў, кошыкі сланечніку); драўняныя (галіны, лісце, кармавая цэлюлоза) і інш. Адрозніваюцца высокай колькасцю цукру (у цукр. бураках да 20%), крухмалу (у пладах, клубнях да 70%), цэлюлозы (у сене да 30%, саломе да 70%), пратэіну (у зернебабовых да 30%, у макусе да 40%), вітамінаў A і групы B; менш тлушчаў (у зерні да 6%, зялёнай масе да 1%, найб. у насенні алейных культур — да 40%).

т. 13, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)