форма кантролю за паводзінамі вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. Праводзіцца з мэтай папярэджання з іх боку злачынстваў і аказання на іх неабходнага прафілактычнага ўздзеяння. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца судом паводле прадстаўлення адміністрацыі папраўчай установы і ажыццяўляецца крымін.-выканаўчай інспекцыяй па месцы жыхарства асуджанага. П.н. за асобай, якая дапусціла асабліва небяспечны рэцыдыў, устанаўліваецца да зняцця судзімасці. П.н. можа быць устаноўлены таксама за раней судзімымі за цяжкія ці асабліва цяжкія злачынствы або судзімымі 2 і больш разоў да пазбаўлення волі за любыя наўмысныя злачынствы, калі іх паводзіны ў час адбыцця пакарання і пасля вызвалення сведчаць пра нежаданне станавіцца на шлях выпраўлення. П.н. і звязаныя з ім абмежаванні ўстанаўліваюцца і спыняюцца судом у парадку, прадугледжаным заканадаўствам. Ажыццяўленне П.н. не павінна мець на мэце знявагу чалавечай годнасці і кампраметацыю паднагляднага па месцы яго работы і жыхарства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БО́ІНГ»
(The Boeing Company),
адна з вядучых авіяракетных кампаній ЗША. Засн. У.Э.Боінгам у 1916 у штаце Дэлавэр як «Боінг эрплейн компані», з 1961 сучасная назва. Штаб-кватэра ў г. Сіэтл (штат Вашынгтон). Асн. пастаўшчык на сусв. рынак рэактыўных трансп. самалётаў пераважна серыі «Боінг», верталётаў, бамбардзіроўшчыкаў, самалётаў-запраўшчыкаў. Выпускаў цяжкія бамбардзіроўшчыкі B-17 («Лятаючая крэпасць», з 1935) і іх мадыфікацыю B-29 («Суперкрэпасць», з 1942). З самалёта гэтага тыпу ў 1945 скінута атамная бомба на Хірасіму. Стварае беспілотныя і верт. ўзлёту самалёты, гідрасамалёты, авіяц. і наземныя сістэмы апавяшчэння і кантролю, электронныя сістэмы і інш. 1-е месца ў свеце па вытв-сці пасажырскіх самалётаў (першы звышгукавы B-707, 1959), найб. B-747 (выпускаецца з 1983). Вядучая кампанія ў распрацоўцы міжкантынент. балістычных ракет «Мінітмен» і ракетаносьбіта «Сатурн». Галаўная фірма па вытв-сці самалётаў, абсталяваных сістэмай АВАКС. Удзельнічае ў стварэнні крылатых, супрацьлодачных і супрацьспадарожнікавых ракет і ў касм. праграме «Шатл». Будуе аб’екты энергетыкі і аховы прыроды, распрацоўвае абсталяванне для абагачэння урану.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАЯ ЗО́НАядзернага рэактара,
прастора ядзернага рэактара, дзе ў выніку ланцуговай ядзернай рэакцыі выдзяляецца энергія (пераважна ў выглядзе цяпла). Актыўная зона мае: рэчыва, якое дзеліцца (часцей за ўсё ў выглядзе блокаў ці стрыжняў); запавольнік, калі рэакцыя ідзе на павольных нейтронах; цепланосьбіт для адводу цяпла; прылады і прыстасаванні сістэм кіравання, кантролю і аховы рэактара. Як запавольнік выкарыстоўваюцца вада, цяжкая вада, графіт, берылій і інш., як цепланосьбіт — вада, вадзяная пара, цяжкая вада, арган. вадкасці, гелій, вуглякіслы газ, вадкія металы (пераважна натрый). Для памяншэння ўцечкі нейтронаў актыўная зона акружаецца адбівальнікам нейтронаў (з тых жа рэчываў, што і запавольнік). Форма актыўнай зоны цыліндрычная.
Літ.:
Петросьянц А.М. Ядерная энергетика. 2 изд. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКО́РМЛІВАННЕдзіцяці.
Адрозніваюць выкормліванне натуральнае, штучнае і змешанае. Натуральнае,
або грудное выкормліванне малаком маці — найлепшы і самы бяспечны спосаб выкормлівання. Арганізм дзіцяці забяспечваецца неабходнымі пажыўнымі рэчывамі, змяншаецца рызыка захворванняў, умацоўваецца і здароўе жанчыны-маці. Натуральнае выкормліванне не выключае з харчавання дзіцяці 1-га месяца жыцця харч. дабавак (адвары садавіны, гародніны), а пазней і прыкорму (сокі, працёртыя яблыкі, пюрэ, жаўток, тварог, мясныя булёны, кашы і інш.). Склад і тэрміны ўвядзення прыкорму ўзгадняюцца з педыятрам. Доўжыцца грудное выкормліванне 1—1,5 года (па апошніх звестках, 2 гады і больш). Штучнае выкормліванне выкарыстоўваецца пры адсутнасці малака ў маці або калі лактацыя забяспечвае не болей як 20% патрэбы дзіцяці ў малацэ, пры хваробах маці, прыроджаных дэфектах ротавага апарату ў дзіцяці і інш. Грунтуецца пераважна на спажыванні штучных заменнікаў малака — салодкіх і кіслых малочных сумесей, патрабуе рэгулярнага мед.кантролю і назірання за фіз. развіццём дзіцяці. Пры змешаным выкормліванні аб’ём заменнікаў жаночага малака ў агульным рацыёне дзіцяці складае не больш за 20% сутачнай колькасці ежы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА ((Gama) Васка да) (1469, г. Сініш, Партугалія — 24.12.1524),
партугальскі мараплавец, які ўпершыню праклаў марскі шлях з Еўропы ў Індыю. Адмірал (1502). Граф Відыгейра (1519). На чале экспедыцыі з 4 караблёў (выйшла з Лісабона ў ліп. 1497) абагнуў з Пд Афрыку і з дапамогай араб. лоцмана Ахмеда ібн Маджыда ў маі 1498 дасягнуў інд. порта Калікут. Са 168 маракоў у Партугалію жывымі вярнуліся 55 (вер. 1499). У час экспедыцыі 1502—03 на чале армады (20 караблёў з дэсантам пяхоты і артылерыі) разбурыў Калікут, стварыў крэпасць у порце Кочын, заснаваў шэраг апорных баз-факторый на Малабарскім беразе, усх. узбярэжжы Афрыкі і інш. У 1524 прызначаны віцэ-каралём Індыі і здзейсніў туды апошняе плаванне. Памёр у крэпасці Кочын. Экспедыцыі Гамы садзейнічалі каланізацыі Індыі партугальцамі і ўстанаўленню іх кантролю за міжнар. гандлем у Індыйскім акіяне.
Літ.:
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. 3 изд. М., 1983. Т. 2. С. 39—44, 84—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ГО́МЕЛЬСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.
Засн. ў Гомелі ў 1923 як губ. архівасховішча, з 1927 Гомельскі акр.дзярж. архіў, з 1930 Гомельскае аддзяленне Цэнтр. архіўнага ўпраўлення БССР, з 1933 Паўд.-Бел. аддзяленне Цэнтр. архіўнага ўпраўлення БССР, з 1936 Гомельскае аддзяленне Цэнтр.дзярж. архіваў БССР, з 1938 Гомельскі абл. архіў, з 1941 Дзярж. архіў Гомельскай вобл. На 1.1.1997 у архіве 2766 фондаў, 450 тыс. спраў з 1917. Зберагае дакументы губ., пав., валасных, акруговых, абл., гар., раённых і сельскіх арг-цый, устаноў і прадпрыемстваў, якія дзейнічалі і дзейнічаюць на тэр. вобласці. Сярод іх фонды органаў улады і кіравання, устаноў фінансавання, планавання і кантролю, аховы здароўя, культуры і інш., матэрыялы пра эканам. стан вобласці, развіццё сельскай гаспадаркі, адм.-тэр. падзел. Дакументы на бел., рус., польск. і яўр. мовах.
Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; уліку і забеспячэння захаванасці дакументаў; інфарм.-пошукавых сістэм і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́БКАЯ АЎТАМАТЫЗАВА́НАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ (ГАВ),
вытворчы комплекс для выпуску аднароднай па асноўных канструкцыйных і тэхнал. параметрах прадукцыі, здольны безынерцыйна пераходзіць на выпуск новых вырабаў. Вызначаецца комплекснай аўтаматызацыяй тэхнал. аперацый, праграмнай пераналадкай абсталявання, аператыўнай канструктарска-тэхнал. і арганізацыйна-эканам. падрыхтоўкай вытв-сці, аўтаматызацыяй кіравання вытв.-тэхнал. працэсамі і аператыўнага планавання, групавой тэхналогіяй апрацоўкі дэталей.
У ГАВ вылучаюцца і функцыянуюць пад адзіным кіраваннем: гібкія вытворчыя модулі, гібкія аўтаматычныя лініі, гібкія аўтаматызаваныя ўчасткі і цэхі, заводы-аўтаматы. ГАВ ахопліваецца двума контурамі аператыўнага кіравання, якія функцыянуюць сінхронна: арганізацыйна-аператыўнага і аператыўна-тэхнал. кіравання. Патокі загатовак, дэталей, вырабаў замыкаюцца паміж аўтаматызаванымі складамі, апрацоўчымі комплексамі, зборачным комплексам, пастом фінішнага кантролю. Модулі ГАВ функцыянуюць ва ўзаемадзеянні з аўтаматызаванымі сістэмамі праектавання, тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці, кіравання тэхнал. працэсамі і кіравання вытв-сцю. Гл. таксама Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызаваная сістэма кіравання.
Літ.:
Лищинский Л.Ю. Структурнай и параметрический синтез гибких производственных систем. М., 1990;
Римский Г.В. Теория систем автоматизированного проектирования: Интеллектуальные САПР на базе вычисл. комплексов и сетей. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́БКІ ВЫТВО́РЧЫ МО́ДУЛЬ (ГВМ),
структурны элемент гібкай аўтаматызаванай вытворчасці, які функцыянуе ў яе контуры аператыўна-тэхнал. кіравання. Бываюць апрацоўчыя і зборачныя. Апрацоўчыя ГВМ уключаюць станок з лікавым праграмным кіраваннем і прыстасаванне аўтам. загрузкі-выгрузкі. У зборачныя ГВМ уваходзяць прамысловы робат для маніпуліравання дэталямі пры зборцы, зборачная галоўка для злучэння дэталей у сістэму і блок лікавага праграмнага кіравання, часам і транспартна-назапашвальная сістэма. ГВМ для зборкі буйных вырабаў складаецца са зборачнага паста, падлогавых і падвесных робатаў для выгрузкі дэталей і інш. ГВМ уласціва хуткая пераналаджвальнасць і універсальнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЕРЫЯЛІ́ЗМ (франц. impérialisme ад лац. imperium улада),
1) гістарычны перыяд, які адзначаецца сусв. дамінаваннем некалькіх вял. дзяржаў. Пачаўся ў апошняй чвэрці 19 ст. Тэрмін асабліва стаў пашыраны пасля выхаду працы англ. эканаміста Дж.Хобсана «Імперыялізм» (1902).
2) У марксізме вызначэнне вышэйшай стадыі развіцця капіталізму [працы О.Баўэра (Аўстрыя), Р.Гільфердынга, Р.Люксембург (Германія), У.І.Леніна, М.І.Бухарына (Расія)]. Паводле марксісцкай канцэпцыі, з усталяваннем манаполіі над вытв-сцю адбыўся падзел рынкаў збыту, павялічыўся вываз капіталу, узмацніліся барацьба за авалоданне сусв. рэсурсамі і каланіяльная экспансія (гл.Каланіялізм), абвастрыліся супярэчнасці паміж грамадскім характарам вытв-сці і прыватным спосабам прысваення яе вынікаў. Каб пазбегнуць узнікнення сур’ёзных крызісных сітуацый у грамадстве, рэгуляваць дзейнасць манаполій і стрымліваць забастовачную барацьбу працоўных, у эканам. і грамадскае жыццё пачала актыўна ўмешвацца дзяржава, якая адстойвала інтарэсы манаполій. Так узнікла новая форма І. — дзяржаўна-манапалістычны капіталізм, для якога характэрны колькасны рост дзярж. апарата, мілітарызацыя знешняй палітыкі і яе падпарадкаванне асн. мэтам дзейнасці шматнацыянальных карпарацый.
3) У шырокім сэнсе І. — дзярж. палітыка, накіраваная на заваяванне тэрыторый, калоній, устанаўленне паліт. або эканам.кантролю над інш. дзяржавамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТА́Ж (франц. carottage ад carotte буравы керн, літар. морква),
комплекс геафіз. і геахім. метадаў, якія выкарыстоўваюцца ў свідравінах для вывучэння геал. разрэзу, кантролю за тэхн. станам свідравіны і распрацоўкай нафтавых і газавых радовішчаў. Метады заснаваны на даследаванні прыродных і штучна ўтвораных фіз. палёў, фіз. уласцівасцях горных парод, пластавых флюідаў (вада, расол, нафта), колькасці і саставу розных газаў у буравым растворы. Праводзіцца з дапамогай каратажных станцый з прыёмнымі і рэгістравальнымі прыстасаваннямі. Вынікі вымярэнняў падаюцца ў выглядзе каратажных дыяграм.
Для вывучэння геал. разрэзу выкарыстоўваюцца віды К.: электрычны (метады супраціўлення, бакавога каратажнага зандзіравання, самаадвольнай палярызацыі); магнітны (вымярэнне магн. успрымальнасці горных парод або зямнога магн. поля); тэрмічны (па цеплавым супраціўленні, тэмператураправоднасці; эфекце ахаладжэння); сейсмічны (запісваецца час прабегу пругкіх ваганняў ад датчыка ў свідравіне да рэгістравальніка); радыеактыўны (гама-К., нейтронны гама-К., нейтронны К., гама-гама-К.); газавы (вывучае залежнасць наяўнасці сумы гаручых газаў і іх цяжкай фракцыі ад глыбіні) і інш.геафіз. і геахім. метады і іх мадыфікацыі.