помнік стараж.-рус. дойлідства ў г. Пскоў. Узведзены ў 13—16 ст. у цэнтры стараж.ч. горада на мысе пры зліцці рэк Вялікая і Пскава. Асн.буд. матэрыял — мясц. камень-плітняк. У плане — няправільны шматграннік, выцягнуты з Пн на Пд. Ад магутнай цыліндрычнай вежы ў ніжняй ч. Крома крапасная сцяна ўступамі злучана з высокай паўн. вуглавой вежай Куцякрома (1400) і цягнецца да паўд. Смердзяй вежы (перабудавана ў 19 ст.). У сярэдзіне 13 ст. ўзведзена паўд.ч. сцяны, т.зв. Першы, ці Персі (перабудавана ў 1337, 1393—94, 1400, 1425, рэстаўрыравана ў 1886). Крапасная сцяна 13 ст., што выходзіць да р. Вялікая, працягваецца ўмацаваннямі Даўмонтава і Сярэдняга гарадоў. Фартыфікацыйныя збудаванні П.к. належаць да Пскоўскай школы дойлідства. На тэр. П.к. захаваліся 4-стоўпны 5-купальны Троіцкі сабор (1682—99, перабудаваны ў 18—19 ст.), 7-гранная вежападобная званіца (канец 17 ст., верхні ярус і шпіль — пач. 19 ст.). У стараж. планіроўцы горада вылучаліся радыяльныя вуліцы, што былі працягам важных шляхоў, якія сыходзіліся да Крома.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЦКАЕ МО́РА,
паўзамкнёнае мора Ціхага акіяна, каля ўсх. берагоў Азіі. Пл. 1603 тыс.км², найб.глыб. 3521 м. Узбярэжжа належыць Расіі і Японіі. Ад Ціхага акіяна аддзелена п-вам Камчатка, градой Курыльскіх а-воў і в-вам Хакайда; а-вамі Сахалін і Хакайда аддзелена ад Японскага м., з якім на З і ПдЗзлучана пралівамі Невяльскога і Лаперуза. Берагі пераважна скалістыя. Залівы Шэліхава, Аніва, Цярпення, Сахалінскі і інш. Самыя вял. астравы — Шантарскія. Упадаюць найб. рэкі Амур, Уда, Ахота, Гіжыга, Пенжына. Клімат мусонны, умераных шырот. Зімой пануюць моцныя халодныя вятры, якія дзьмуць з мацерыка, летам — слабыя, цёплыя, паўд.-ўсх. вятры. Т-ра вады летам 1,5—15 °C, зімой -1,8—2 °C. З кастр. да чэрв. амаль усё мора ўкрыта лёдам. Салёнасць 32,8—33,8‰. Прылівы пераважна няправільныя, сутачныя (да 12.9 м). Для Ахоцкага мора характэрна з’ява свячэння вады і лёду. Рыбалоўства (ласасёвыя, селядзец, мінтай, камбала, траска, навага, мойва), лоўля крабаў. Па моры праходзяць важныя марскія шляхі, якія злучаюць Уладзівасток з паўн. раёнамі Д. Усходу і Курыльскімі а-вамі. Гал. парты: на мацерыку Магадан, Ахоцк, на в-ве Сахалін Карсакаў, на Курыльскіх а-вах Паўночна-Курыльск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ЎСКАЕ МО́РА (стараж.-рус. Суражскае мора),
унутранае мора Атлантычнага ак. на ПдУсх.-Еўрап. раўніны; самае мелкае на Зямлі. Пл. 39 тыс.км², аб’ём 0,29 тыс.км³, сярэдняя глыб. 7 м, найб. — 15 м. Узбярэжжа належыць Украіне і Рас. Федэрацыі. Керчанскім пралівам злучана з Чорным м.Паўн. і паўд. берагі ўзгорыстыя і абрывістыя, зах. і ўсх. — пераважна нізінныя. Шмат пясчаных косаў (Бярдзянская, Арабацкая Стрэлка і інш.). Залівы Таганрогскі, Цемрукскі, Сіваш. Упадаюць Дон, Кубань, Міус, Кальміус і інш. Клімат пераважна кантынентальны. Укрыта лёдам 2—3 месяцы. Летам т-ра вады на паверхні да 25—30 °C. Цячэнні няўстойлівыя. У канцы 20 ст. выкарыстанне водных рэсурсаў рэк у бас. Азоўскага мора садзейнічае памяншэнню аб’ёму і змене рэжыму паступлення ў мора рачнога сцёку, павелічэнню прытоку больш салёнай вады з Чорнага мора, што ўплывае на склад флоры і фауны мора. Салёнасць 10—13%, у малаводныя гады да 15—17%; памяншаецца ўлоў рыбы (судак, лешч, таран, сяўруга, хамса, цюлька і інш.). Транспартнае значэнне павялічылася пасля буд-ва Волга-Данскога канала. Порты: Марыупаль, Таганрог, Ейск, Бярдзянск, у вусці Дона — Растоў. Шмат курортаў і зон адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РВА (Narva),
горад у Эстоніі, на левым беразе р. Нарва, за 14 км ад яе ўпадзення ў Фінскі зал. 83 тыс.ж. (1991). Чыг. станцыя. Прам-сць: баваўняная, дрэваапр., маш.-буд. і металаапр., харч. і інш. 2 ГРЭС, ГЭС. Н. злучана мостам цераз р. Нарва з г. Івангорад (Расія). Гіст. музей. Замак (13—15 ст.), гар. ўмацаванні (14 ст.), ратуша (17 ст.).
У рускіх летапісах згадваецца з 1171 пад назвай Ругодивъ. У пач. 13 ст. вядома як в. Нарвія. У 1220—1346 належала Даніі, у 1346—58 — Лівонскаму ордэну. У Лівонскую вайну 1558—83 заваявана войскамі Івана Грознага (1558), апорны пункт Расіі на Балтыйскім м. У 1581 захоплена Швецыяй. У Паўночную вайну 1700—21 каля Н. шведы разграмілі рус. войскі. У 1704 Пётр I узяў горад штурмам і далучыў да Расіі. Да 1722 пав. (пазней заштатны) горад Пецярбургскай губ. У сярэдзіне 19 ст. буйны цэнтр тэкст. прам-сці. У 1857 тут засн. Крэнгольмская мануфактура. У 1918 Н. ўвайшла ў Эстляндскую працоўную камуну. У 1919—40 і з 1991 у Эстонскай Рэспубліцы, у 1940—91 у Эст. ССР. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (1941—44).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАЗЕ́Р’Е, Паўазер’е,
возера ва Ушацкім р-не на мяжы з Бешанковіцкім р-нам Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 28 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 8 км², даўж. 4,8 км, найб.шыр. 1,9 км, найб.глыб. 17 м, даўж. берагавой лініі 17,9 км. Пл. вадазбору 30,9 км². Катлавіна складаецца з паўн. глыбакаводнага (17 м) і паўд. мелкаводнага (да 9 м) плёсаў. Схілы выш. 2—8 м, часткова разараныя, на Пн і ПнЗ — 20—25 м, параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, участкамі зліваюцца са схіламі. Шматлікія залівы. На З і У пойма шыр. да 100—150 м. Дно роўнае, у паўн. плёсе лейкападобнай формы, да глыб. 1 м пясчанае, да 2—3 м укрыта апясчаненымі адкладамі, глыбей сапрапелістае, на макс. глыбінях ілістае. 2 невял. астравы. Мінералізацыя вады 140—150 мг/л, празрыстасць 2,6 м. Эўтрофнае. Расліннасць да глыб. 3—4 м: рдзесты, харавыя водарасці, рагаліснік. Возера зарыблялася сазанам, карпам. Упадаюць ручаі з азёр Любжынскае, Калесіна і возера без назвы, выцякае ручай у воз. Крывое, злучана канавай з воз. Мугірына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТКА,
горад, цэнтр Веткаўскага раёна Гомельскай вобл., прыстань на р. Сож. За 22 км ад Гомеля. Аўтадарогамі злучана з Гомелем і Добрушам. 6,3 тыс.ж. (1995).
Засн. ў 1685 (паводле інш. звестак у 1682) стараверамі — бежанцамі з цэнтр. Расіі (гл.Стараверства). У 17—18 ст Ветка з навакольнымі слабодамі, манастырамі і скітамі з’яўлялася цэнтрам расколу, у 1730-я г. тут жыло каля 40 тыс.чал. У 18 ст. ў Ветцы сфарміраваліся мясц. асаблівасці іканапісу і афармлення рукапіснай кнігі, склалася самабытная школа веткаўскай разьбы. Карныя войскі царскага ўрада двойчы (у 1735 і 1764) палілі Ветку, большасць жыхароў прымусова выселена ва ўсх. губерні Расіі. З 1772 у Рас. імперыі, з 1784 мястэчка Беліцкага, з 1852 Гомельскага пав. Належала Станевічам. У 1868 адкрыта жаночае, у 1874 мужчынскае нар. вучылішчы. У 1897 — 7,2 тыс.ж. З 1919 у Гомельскім пав. РСФСР, з 1925 горад, з 1926 у БССР, з 8.12.1926 цэнтр раёна. У 1939 — 6 тыс ж. З 18.8.1941 да 28.9.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ветцы і раёне 656 чал. У 1969 — 6,2 тыс. жыхароў. Знаходзіцца ў зоне радыеактыўнай забруджанасці.
Прадпрыемствы лёгкай (Веткаўская бавоўнапрадзільная фабрыка), буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Веткаўскі музей народнай творчасці. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕ́ЖСКАЕ ВО́ЗЕРА, Анега,
возера на ПнЗ Еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі, у Карэліі, Ленінградскай і Валагодскай абласцях. Пл. 9,7 тыс.км² (без а-воў). Даўж. 256 км, шыр. каля 91,6 км, глыб. да 127 м. Пасля пабудовы Верхнясвірскай ГЭС стала вадасховішчам (9950 км²). Катлавіна ледавікова-тэктанічнага паходжання. Паўн. берагі высокія, скалістыя, расчлянёныя вузкімі залівамі-губамі — Петразаводскай, Кондапажскай, Ліжэмскай і інш. і Павянецкім зал., паўднёвыя — пераважна нізкія, часта забалочаныя. 1369 а-воў агульнай пл. 250 км²; найбольшыя — Вял. Клімецкі і Вял. Лелікаўскі. Т-ра паверхневых слаёў вады ў жн. ў адкрытай частцы да 20—24 °C, у залівах да 24—27 °C. Замярзае ў ліст., крыгалом у маі. Цэнтр.ч. ў асобныя гады не замярзае. На возеры назіраюцца сейшы. Празрыстасць вады да 8—9 м, каля берагоў 1—4 м. Вада прэсная, з мінералізацыяй 35 мг/л. Упадаюць 58 рэк, найб. Выцегра, Водла, Суна, Шуя; выцякае р. Свір. Каля 50 відаў рыб, 17 маюць прамысл. значэнне (сіг, рапушка, корушка, мянтуз, лешч, акунь, шчупак, ласось і інш.). Рыбалоўства. Суднаходства. Возера злучана Беламорска-Балтыйскім каналам з Белым м., Волга-Балтыйскім водным шляхам — з бас. Волгі. Уздоўж паўд. берага Анежскі суднаходны канал. На Анежскім возеры музей Кіжы (на аднайм. в-ве). На берагах гарады Петразаводск, Кондапага, Мядэведжагорск, Павянец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СЛА (Wisła),
самая вялікая рака Польшчы. Даўж. 1068 км, пл.бас. 198,5 тыс.км². Пачынаецца ў Зах. Карпатах, упадае ў Гданьскі і Віслінскі залівы Балтыйскага м.Гал. прытокі: Дунаец, Віслока, Сан, Вепш, Буг (справа), Піліца, Брда (злева). У вярхоўях Віслы — бурны горны паток; ніжэй за г. Кракаў, прыняўшы шэраг прытокаў з Карпат, становіцца мнагаводнай (шырыня русла каля ўпадзення Дунайца 200 м, ніжэй Сана 600—1000 м). У сярэднім і ніжнім цячэнні — тыповая раўнінная рака, цячэ па шырокай, месцамі тэрасаванай даліне. Рэчышча на значным працягу звілістае, месцамі падзяляецца на рукавы і пратокі, характарызуецца няўстойлівасцю, шматлікімі мелямі і перакатамі. Ад г. Торунь берагі штучна замацаваныя ад размываў. За 50 км ад мора Вісла падзяляецца на рукавы (Ногат, Мёртвая Вісла і інш.), утвараючы вялізную дэльту (Жулавы). Частка дэльты, якая ляжыць ніжэй узр. м., засцерагаецца дамбамі. Жыўленне мяшанае. Разліў вясной ад раставання снегу, летнія паводкі ад дажджоў у Карпатах. Сярэднегадавы расход вады каля Варшавы 600 м³/с, у нізоўях — 1090 м³/с. Каля г. Улацлавак ГЭС. Суднаходная ў сярэднім і ніжнім цячэнні. Злучана прытокамі і каналамі з рэкамі Дняпро, Одра, Нёман. На Вісле — гарады Кракаў, Варшава, Плоцк, Улацлавак, Торунь, Тчэў, у дэльце — Гданьск. У 1918—26 і 1939 на рацэ дзейнічала Віслінская флатылія ВМФ Польшчы (базіравалася ў г. Торунь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́КТАРНАЯ МАШЫ́НА,
электрычная машына пастаяннага або пераменнага току (генератар, рухавік), у якой абмотка ротаразлучана з калектарам. Калектарнымі з’яўляюцца ўсе пастаяннага току машыны (акрамя вентыльных і уніпалярных) і некаторыя пераменнага току машыны.
Электрамашынны калектар складаецца з ізаляваных медных пласцін, кожная з якіх далучана да аднаго або некалькіх віткоў абмоткі якара. Абмотка падключаецца да эл. сеткі праз кантактныя шчоткі, якія пры вярчэнні якара пачаргова кантактуюць з пласцінамі калектара. У эл. генератарах пастаяннага току калектар выконвае функцыю выпрамніка. Эл. калектарныя рухавікі пастаяннага току пашыраны ў сілавым прыводзе, на транспарце (іх магутнасць да некалькіх кілават, напружанне да 1,5 кВ). Калектарны генератар пераменнага току выкарыстоўваецца пераважна як крыніца трохфазнага току, якая мае магчымасць рэгуляваць частату току незалежна ад скорасці вярчэння ротара. Калектарныя рухавікі пераменнага току маюць гібкія рэгуліровачныя і мех. характарыстыкі. Аднафазныя рухавікі малой магутнасці пашыраны ў электрааўтаматыцы і быт. прыладах, трохфазныя магутнасцю да некалькіх кілават — у электрапрыводах з шырокім дыяпазонам рэгулявання скорасці. У К.м. пераменнага току калектар з’яўляецца пераўтваральнікам частаты і фазы. Калектарныя пераўтваральнікі частаты выкарыстоўваюцца ў электрамашынных каскадах (замяняюцца статычнымі паўправадніковымі пераўтваральнікамі — інвертарамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́Р’ІНА ГО́РКА,
горад, цэнтр Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., на р. Цітаўка. За 63 км ад Мінска. Чыг. ст. Пухавічы на лініі Мінск—Асіповічы, аўтадарогамі злучана з Мінскам, Бабруйскам, Чэрвенем, Уздой. 23,1 тыс.ж. (1998).
Вядома з 16 ст. Належала Радзівілам, Бужынскім, Ратынскім, Крупскім, пасля 1863 — міністру ўнутр. спраў Расіі Л.С.Макаву. Паводле падання назва паходзіць ад горкі, на якой стаяў язычніцкі храм, дзе ў Мар’ін дзень адбываліся святкаванні; пазней там пабудавана царква. З 1793 у Рас. імперыі, вёска Ігуменскага пав. Мінскай губ. Развіццю М.Г. паспрыяла пабудова ў 1873 Лібава-Роменскай чыгункі. У 1876 заснавана с.-г. школа (у 1921 ператворана ў с.-г. тэхнікум). У 1897 у вёсцы 2 тыс.ж., 2 царквы, паштовая станцыя. З 29.7.1925 цэнтр Пухавіцкага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М.Г. і раёне загубілі 3145 жыхароў; дзейнічала Мар’інагорскае маладзёжнае падполле. Вызвалена 3.7.1944 у ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 22.7.1955 горад. У 1970—11,3 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы металургічнай, пачатковай апрацоўкі лёну, прам-сці. Абутковая ф-ка. Брацкая магіла сав. воінаў; помнікі: воінам-вызваліцелям; сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам, удзельніцы Мінскага падполля Л.Г.Гайдучонак. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (1876).