АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, значэнне якой у кожным пункце яе вобласці вызначэння роўнае суме ступеннага шэрага, які збягаецца ў некаторым наваколлі гэтага пункта. Да аналітычнай функцыі адносяцца: рацыянальная функцыя, паказнікавая функцыя, лагарыфмічная функцыя, трыганаметрычныя функцыі, адваротныя трыганаметрычныя функцыі, іх разнастайныя кампазіцыі, а таксама функцыі, адваротныя да гэтых кампазіцый. Існуюць аналітычныя функцыі аднаго або некалькіх рэчаісных ці камплексных пераменных. Функцыя f(z) аднаго комплекснага пераменнага z=x+iy наз. аналітычнай функцыяй у пункце z0, калі ў некаторым наваколлі h гэтага пункта існуе канечная вытворная f′(z) = lim h 0 f(z + h) f(z) h (дыферэнцыравальнасць функцыі), што мае месца ў тым і толькі ў тым выпадку, калі выконваецца ўмова Кашы—Рымана dt dz̅ = 0 , дзе = x + y. Асновы тэорыі аналітычнай функцыі былі закладзены А.Кашы, Б.Рыманам і К.Веерштрасам, С.В.Кавалеўскай і інш. На Беларусі даследаванні па тэорыі аналітычнай фунцыі пачаліся ў 1930-я г. ў БДУ (М.В.Ламбін, М.Л.Лукомская), з 1960-х г. праводзяцца ў АН, БДУ і інш. ВНУ рэспублікі (Ф.Дз.Гахаў, Э.І.Звяровіч і інш.). Аналітычныя функцыі маюць шматлікія дастасаванні ў матэм. аналізе (вылічэнне вызначаных інтэгралаў), у геаметрыі (канформныя адлюстраванні), у тэорыі пругкасці, гідрадынаміцы, электрадынаміцы і інш. навуках. Гл. таксама Кашы інтэграл, Кашы тэарэма.

Літ.:

Маркушевич А.И. Теория аналитических функций. Т. 1—2. М., 1967—68;

Шабат Б.В. Введение в комплексный анализ. Ч. 1—2. 3 изд. М., 1985;

Гахов Ф.Д. Краевые задачи. 3 изд. М., 1977.

Э.І.Звяровіч.

т. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКАЯ Галіна Ануфрыеўна

(н. 15.1.1927, г.п. Клічаў Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1950). Працавала на Бел. радыё, у час. «Сельская гаспадарка Беларусі», «Работніца і сялянка», «Полымя». У 1982—88 дырэктар Бюро прапаганды маст. л-ры СП Беларусі. Друкуецца з 1953. Аўтар твораў для дзяцей і юнацтва: дакумент. аповесцей пра юную партызанку Рыму Кунько («Маланка ўначы», 1963) і юнага партыз. разведчыка Ціхана Барана («Малюнак на снезе», 1969), аповесці-хронікі «Бывай, Грушаўка» (1978) пра барацьбу падлеткаў у акупіраваным Мінску, аповесці «Я еду на вярблюдзе» (1970).

Тв.:

Выбранае. Мн., 1986;

Юныя назаўсёды. Мн., 1983;

Крылы, альбо Адзін год з жыцця Віталя Пятроўскага: Аповесць. Мн., 1987.

т. 4, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДА́К Алесь

(Аляксандр Мікалаевіч; нарадзіўся 28.2.1966, в. Туркі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1990). З 1991 у час. «Бярозка». Друкуецца з 1979. У зб-ках вершаў «Будзень» (1989), «За ценем самотнага сонца» (1995) — лірычныя перажыванні, трывожны роздум над жыццём сучасніка, экалагічнымі праблемамі, фалькл. матывы. У кн. для бацькоў і выхавацеляў «Маленькі чалавек у вялікім свеце» (1995) праз вершы, казкі, апавяданні вядзе з малымі даходлівую гаворку пра агульначалавечыя каштоўнасці — любоў да Радзімы, дабрыню, пашану да ўсяго жывога. Выдаў зб. вершаў для дашкольнікаў «Мы купілі кракадзіла» (1995, з В.Шніпам). На многія яго вершы напісалі песні кампазітары Э.Ханок, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў і інш.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКЛА́НАЎ Міхаіл Іванавіч

(12.2.1914, с. Іванаўка Валнавахскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 23.1.1990),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969).Вучыўся ў Харкаўскім інж.-буд. ін-це (1936—41). З 1944 працаваў у ін-це «Белдзяржпраект». Асн. работы: рэканструкцыя будынка Дзярж. рус. драм. тэатра Беларусі (1950), арх.-буд. тэхнікум (1954), Дзярж. маст. музей Беларусі, жылыя дамы па вул. К.Маркса (1954), на рагу вуліц Захарава і Першамайскай (1958), будынкі Бел. аграрнага тэхн. ун-та (1960, 1979), мед. ін-та (1966), корпус ф-та радыёфізікі БДУ (1966, у сааўт.) у Мінску; гал. корпус турысцкай базы (1968) і комплекс дома адпачынку «Сосны» (1975) на воз. Нарач (Мядзельскі р-н).

т. 2, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСУМА́ТРАВА Святлана Міхайлаўна

(н. 22.11.1946, г. Мазыр),

бел. паэтэса. Вучылася ў БДУ (1965—66), Літ. ін-це імя Горкага ў Маскве (1966—69), скончыла Маскоўскі літ. ін-т (1986). З 1972 у Бабруйску. Настаўнічала, працавала ў саўгасе, на радыё, у прэсе. Друкуецца з 1960. Аўтар зб-каў паэзіі «Белая Бярэзіна» (1981), «Кветкі палявыя» (1985), «Званы чалавечнасці» (1988), «Далеч-далячынь» (1991). Паэма «Незабудкі памяці» пра трагічны час культу асобы, рэпрэсіі супраць нявінных людзей навеяна лёсам дзеда. Любоў да роднай зямлі і яе людзей, памяць пра тых, хто аддаў жыццё за Радзіму, клопаты і трывогі сучасніка, вернасць высокім ідэалам, шчырасць і непасрэднасць пачуццяў — гал. ў лірыцы паэтэсы.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТВІ́ННІК Марат Барысавіч

(н. 22.12.1928, Мінск),

бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1970). Скончыў БДУ (1951). Працаваў ва ўстановах нар. асветы, у 1977—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе гістарыяграфію эпохі феадалізму, гісторыю культуры і асветы Беларусі, ролю спадчыны Ф.Скарыны ў дзейнасці бел. друкароў і выдаўцоў 16—17 ст., гісторыю бел. л-ры, славістыку. Аўтар кніг і артыкулаў пра жыццё і дзейнасць бел. вучоных (М.М.Нікольскага, У.М.Перцава, Г.М.Ліўшыца), адзін з аўтараў кн. «Беларускі асветнік Францыск Скарына і пачатак кнігадрукавання на Беларусі і ў Літве» (1979), «Іван Фёдараў і ўсходнеславянскае кнігадрукаванне» (1984), аўтар кн. «Адкуль ёсць пайшоў буквар» (1983) і інш.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРО́НЫ

(ад грэч. adros вялікі, значны),

элементарныя часціцы, якім уласцівыя моцныя ўзаемадзеянні. Складаныя аб’екта, што нагадваюць ядры атамаў, дзе ролю пратонаў і нейтронаў адыгрываюць кваркі. Да адронаў належаць барыёны, мезоны і ўсе рэзанансы. Існаванне вял. колькасці адронаў (каля 200) робіць вельмі важнай праблему іх класіфікацыі, якая праводзіцца на аснове мадэлі кваркаў. Пры сутыкненнях адронаў і анігіляцыі электрона і пазітрона з ператварэннем у адроны ўзнікаюць т.зв. адронныя струмені, якія сведчаць пра паходжанне ад кваркаў. На Беларусі даследаванні ўласцівасцяў адронаў вядуцца ў Ін-це фізікі АН (з 1950-х г.), БДУ і Гомельскім ун-це. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц, Ядзерныя сілы.

І.С.Сацункевіч.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСЮТО́ВІЧ Ларыса Канстанцінаўна

(н. 20.1.1913, Мінск),

бел. танцоўшчыца, балетмайстар. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Дачка К.А.Алексютовіча. Вучылася ў балетнай студыі пры БДТ-1 (1921—28), адначасова працавала ў балетнай трупе т-ра. З 1928 артыстка Бел. аб’яднання муз., эстрадных і цыркавых работнікаў, у 1937—41 — Ансамбля бел. нар. песні і танца Бел. філармоніі. У 1950—73 балетмайстар ансамбля танца БДУ, выкладчык Бел. харэагр. вучылішча. Ставіла танцы ў драм. спектаклях. Стварыла шэраг сцэнічных танцаў на традыц. аснове («Ручнікі», «Вязанка», «Кола» і інш.). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Беларускія народныя танцы, карагоды, гульні» (1978), кнігі пра бацьку «Балетмайстар Канстанцін Алексютовіч. Жыццё і творчы шлях» (1984).

т. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯХНО́ВІЧ Мікола

(Мікалай Мікалаевіч; 21.4.1903, г. Барысаў — 9.4.1959),

бел. крытык. Вучыўся на мед. ф-це (1921—24), скончыў пед. ф-т БДУ (1930). У 1930—36 выкладчык Бел. вышэйшага пед. ін-та, адначасова ў 1932—34 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У ліст. 1936 арыштаваны, асуджаны на 12 гадоў і сасланы на Калыму. Працаваў урачом у лагерным медпункце. З 1945 у г. Тайшэт Іркуцкай вобл., з 1956 у Карагандзінскай вобл. Рэабілітаваны ў 1957. Жыў у Ленінградзе. Друкаваўся з 1919. У 1925—27 кіраўнік Барысаўскай філіі «Маладняка». Даследаваў творчасць М.Багдановіча, А.Александровіча, П.Труса, Я.Скрыгана і інш. Аддаў даніну вульгарнаму сацыялагізму.

І.У.Саламевіч.

т. 1, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНЮ́К Любоў Адамаўна

(н. 28.4.1949, в. Ломыш Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1992). Скончыла Мазырскі пед. ін-т (1970). З 1974 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1991 у БДУ. Даследуе граматыку бел. мовы: «Станавыя значэнні сумеснасці і ўзаемнасці ў сучаснай беларускай літаратурнай мове» (1981), «Беларуская граматыка» (ч. 2, 1986; у сааўт.); станаўленне, развіццё і функцыянаванне бел. тэрміналогіі: «Беларуская навуковая тэрміналогія» (1987). Сааўтар «Руска-беларускага слоўніка лінгвістычных тэрмінаў» (1988), «Слоўніка лінгвістычных тэрмінаў» (1990). Вучоны сакратар Рэсп. тэрміналагічнай камісіі (з 1980), член Міжнар. арг-цыі па уніфікацыі тэрміналагічных неалагізмаў (МАУТН), віцэ-прэзідэнт Міжнар. федэрацыі тэрміналагічных банкаў (МФТБ).

т. 1, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)