ДЫФЕРЭНЦЫРО́ЎКА,

працэс узнікнення адрозненняў паміж часткамі арганізма і іх спецыялізацыі ў час развіцця; адно з асн. паняццяў тэорыі антагенезу. Праяўляецца ў марфал., фізіял. і біяхім. змяненнях клетак (цыталагічная Д.), тканак (гісталагічная Д.) або асобных органаў і арганізма ў цэлым. Адбываецца пераважна ў перыяд зародкавага развіцця (атыпічная, бластамерная, зачаткавая і тканкавая стадыі). Ажыццяўляецца на аснове рэалізацыі выбіральнай актыўнасці спецыфічных для кожнай тканкі генаў, што прыводзіць да сінтэзу спецыфічных РНК, бялкоў, глікапратэідаў, якія вызначаюць узаемадзеянні клетак. Пасля нараджэння арганізма назіраецца Д. ў эпітэліяльных тканках, крыві, гладкіх мышцах і інш. З Д. звязана пераважна ўзнікненне новых органаў або іх уласцівасцей у час метамарфозу. Ва ўмовах шкодных фактараў уздзеяння або пры злаякасным перараджэнні клетак магчыма частковая дэдыферэнцыроўка і набыццё здольнасці да Д. ў іншым кірунку (метаплазія).

А.​С.​Леанцюк.

т. 6, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАГЕ́ННЫЯ МІКРО́БЫ,

віды мікраарганізмаў, якія выклікаюць хваробы чалавека, жывёл і раслін. Паводле характару жыўлення — паразіты і сапратрофы. Бываюць унутрыклетачныя паразіты (напр., узбуджальнікі сыпнога тыфу), пастэрэлы развіваюцца ў крыві, халерны вібрыён і сальманелы пасяляюцца ў кішэчніку, узбуджальнікі пнеўманіі (некат. кокі) выклікаюць пашкоджанне клапанаў сэрца і інш. Паводле функцыян. значэння адрозніваюць 3 групы фактараў, якія садзейнічаюць інфіцыраванню арганізма: інвазіўныя (напр., з дапамогай варсінак бактэрыі прыліпаюць да эпітэліяльных клетак слізістых абалонак); асаблівасці будовы, што надаюць устойлівасць да ахоўных сістэм арганізма (напр., утварэнне капсул); таксічныя (напр., узбуджальнікі батулізму ці слупняку маюць экзатаксіны, якія выклікаюць інтаксікацыю арганізма з выбіральным пашкоджаннем ц. н. с. без наяўнасці адпаведных бактэрый). Умоўна П.м., якія звычайна з’яўляюцца нармальнай мікрафлорай, становяцца патагеннымі пры зніжэнні агульнай рэзістэнтнасці макраарганізма і інш. зменах яго імуналагічнага статуса. Гл. таксама Патагенез, Патагеннасць.

А.​І.​Ерашоў.

т. 12, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ ЧАЛАВЕ́КА,

функцыянальныя і марфалагічныя асаблівасці арганізма, абумоўленыя спадчыннымі і набытымі ўласцівасцямі. Вызначае рэакцыю арганізма на ўздзеянне знешніх, у т. л. хваробатворных, фактараў навакольнага асяроддзя. Тыпы К.ч. вызначаюць: паводле складу цела (рост, маса, развіццё мышцаў, падскурнага слоя тлушчу) — астэнічны, нормастэнічны і гіперстэнічны; паводле тэмпераменту — халерык, сангвінік, флегматык, меланхолік; па суадносінах 1-й і 2-й сігнальных сістэм — мастацкі і мысліцельны; паводле стану ўсіх аддзелаў нерв. сістэмы, эндакрынных залоз і інш. Мае значэнне ў мед. практыцы.

т. 7, с. 600

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

акамада́цыя, -і, ж. (кніжн.).

1. Прыстасаванне (арганізма).

2. У мовазнаўстве: фанетычны працэс прыстасавання вымаўлення сумежных зычных і галосных гукаў, у выніку чаго ўласцівасць аднаго гука часткова пашыраецца на іншы.

○

Акамадацыя вока — здольнасць вока прыстасоўвацца да разгляду прадметаў на розных адлегласцях.

|| прым. акамадацы́йны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

фізіяло́гія, -і, ж.

1. Навука аб жыццядзейнасці арганізма, яго клетак, органаў, функцыянальных сістэм.

Ф. чалавека.

Ф. раслін.

2. Сукупнасць жыццёвых працэсаў, што адбываюцца ў арганізме і яго частках.

Ф. вышэйшай нервовай дзейнасці.

Ф. дыхання.

3. перан. Грубая пачуццёвасць, секс (разм.).

|| прым. фізіялагі́чны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гімна́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Сістэма фізічных практыкаванняў, якія садзейнічаюць агульнаму развіццю арганізма і ўмацаванню здароўя. Вытворчая гімнастыка. Ранішняя гімнастыка. // Від спорту. Спартыўная гімнастыка. Мастацкая гімнастыка.

[Грэч. gymnastikē.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкі́ды, ‑аў; адз. няма.

Непрыгодныя рэшткі чаго‑н., адходы; смецце; нечыстоты. Адкіды вытворчасці. Адкіды арганізма. // перан. Падонкі чалавечага грамадства, маральна апусцелыя людзі, злачынныя антыграмадскія элементы. Адкіды грамадства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

латэра́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які знаходзіцца збоку; бакавы (анатамічны тэрмін, які паказвае на размяшчэнне якога‑н. органа, часткі цела арганізма збоку ад сярэдняй плоскасці цела). Латэральныя зубы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАМПЕНСА́ЦЫЯ (ад лац. compensatio ураўнаважванне, замена) у біялогіі, 1) рэакцыя арганізма на парушэнне яго жыццядзейнасці, пры якой здаровыя органы і сістэмы бяруць на сябе функцыю пашкоджаных структур. Напр., замяшчальная гіперфункцыя здаровай ныркі пасля выдалення ці выключэння хворай — вырашальны фактар выдзялення прадуктаў абмену з арганізма; кампенсатарная гіперфункцыя сэрца пры яго пароках ці пры гіпертаніі забяспечвае нармальнае паступленне крыві да тканак. Працяглая замяшчальная гіперфункцыя суправаджаецца гіпертрафіяй органа, які працуе інтэнсіўна, і можа выклікаць яго знясіленне. К. функцый — адзін з механізмаў гамеастазу.

2) Аднаўленне нармальнага развіцця арганізма пасля яго парушэння на адной з папярэдніх стадый. Напр., пры недастатковым харчаванні маладых лічынак насякомых зніжаецца іх рост, што можа кампенсавацца ўзмоцненым харчаваннем і паскарэннем росту на наступных стадыях іх развіцця. К. наз. таксама працэсы ў філагенезе, звязаныя з функцыян. замяшчэннем аднаго органа (яго часткі) інш. органам (яго часткай).

т. 7, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЫ́РАЧНАЯ НЕДАСТАТКО́ВАСЦЬ,

паталагічны стан, пры якім ныркі часткова ці цалкам страчваюць здольнасць падтрымліваць пастаянства хім. саставу ўнутр. асяроддзя арганізма. У выніку парушаюцца водна-электралітны баланс, кіслотна-шчолачная раўнавага, затрымліваецца выдаленне з арганізма прадуктаў азоцістага абмену. Устойлівая Н.н. (на 70% і больш) вядзе да самаатручэння. Бывае вострая і хранічная. Прычыны вострай Н.н. — шок, цяжкае абязводжванне арганізма і страта солей, атручэнне ртуццю, некат. лек. прэпаратамі і інш. Пры вострай Н.н. рэзка скарачаецца выдаленне мачы, узнікае смага, задышка, ірвота, мышачныя сутаргі. Хранічная Н.н. абумоўлена хранічнымі захворваннямі нырак і іх пашкоджаннямі пры хваробах абмену рэчываў (напр., цукр. дыябеце), некат. хваробах крыві і інш. У хворых на хранічную Н.н. скура шэра-жоўтага колеру, павышаны артэрыяльны ціск, у цяжкіх выпадках вял. ацёкі, кома. Лячэнне: дыета, тэрапеўт., ачышчэнне крыві (напр., гемадыяліз), у канчатковай стадыі хранічнай Н.н. — перасадка ныркі.

В.​С.​Пілатовіч.

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)