АНІСІ́ФАР (прозвішча Пятровіч-Дзевачка; ? — 1592 ці 1594),
мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсея Русі. Паходзіў з галіцкай шляхты. Пасля 1568 архімандрыт Лаўрышаўскага манастыра (каля Навагрудка). З 1579 мітрапаліт. Жыў пераважна ў Навагрудку. Садзейнічаў выданню ў віленскай друкарні Мамонічаў «Службоўніка» (1583). Дамогся ад польскага караля і вял.кн.ВКЛ Стафана Баторыя пацвярджэння незалежнай юрысдыкцыі правасл. царквы (1585) і дазволу спраўляць царк. святы паводле юліянскага календара (1586). У 1589 пазбаўлены сану за парушэнне кананічнага правіла (быў дваяжэнцам). Памёр у Лаўрышаўскім манастыры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА БЕЛАРУ́СКАЙ ФІЛАРМО́НІІ.
Існаваў у 1937—41 у Мінску. Першы на Беларусі прафес. калектыў падобнага тыпу. Маст. кіраўнік І.Любан, хормайстар Н.Сакалоўскі, балетмайстар К.Алексютовіч. Рэпертуар уключаў апрацоўкі бел.нар. песень, арыгінальныя песні пераважнабел. кампазітараў, бел. і інш.нар. танцы, вак.-харэагр. карцінкі. Удзельнік Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940). Адыграў вял. ролю ў прапагандзе традыц. і сучаснага песеннага і танц.бел. фальклору.
Літ.:
Ансамбль Белорусской народной песни и пляски Государственной филармонии БССР. Мн., 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РВАРСКІЯ ПРА́ЎДЫ (лац. Leges barbarorum літар. законы варвараў),
запісы звычаёвага правагерм. плямён, складзеныя паміж 5 і 9 ст. Забяспечвалі парадак жыцця ў варварскіх каралеўствах (гл.Варвары). Мелі форму судзебнікаў, тлумачылі пераважна пытанні суда і пакарання. Вядомыя Вестгоцкая (2-я пал. 5 ст.), Салічная (канец 5 ст.), Бургундская (пач. 6 ст.), Рыпуарская (6—7 ст.), Баварская (сярэдзіна 7 ст.), Алеманская (7—8 ст.) варварскія праўды. Паводле свайго характару да іх набліжаюцца візантыйскі Земляробчы закон (мяжа 7—8 ст.) і Руская праўда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕРАСЫ́»,
вакальна-інструментальны ансамбль. Створаны ў 1974, да 1996 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік нар. артыст Беларусі В.Раінчык. У рэпертуары песенная лірыка, творы бел. (у т. л. У.Будніка, Я.Глебава, Л.Захлеўнага, В.Іванова, І.Лучанка, Раінчыка, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага, Э.Ханка, І.Цвятковай) і зарубежных кампазітараў. З пач. 1980-х г. шырока выкарыстоўвае камп’ютэры і сінтэзатары, выконвае пераважна электронную музыку. Лаўрэат V Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1974). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́РАЧКА (Clinopodium),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца вырачка звычайная (Clinopodium vulgare), расце ў хмызняках, гаях, светлых пераважна лісцевых лясах.
Шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом. Лісце супраціўнае, дробнае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае, па краі пілаватае або гародчатае, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя, ружовыя, пурпуровыя або белыя, двухгубыя, духмяныя, у густых канцавых несапраўдных кальчаках. Плод — чатырохарэшак. Лек. (процізапаленчы сродак), вострапрыпраўныя, меданосныя, фарбавальныя, эфіраалейныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБАШВІ́ЛІ (Георгій) (Гіга) Іванавіч (21.11.1862, Тбілісі — 28.10.1936),
грузінскі жывапісец. Нар. мастак Грузіі (1929). Вучыўся ў Пецярбургскай (1886—88) і Мюнхенскай (1894—97) АМ. Адзін з заснавальнікаў і праф. Тбіліскай АМ (1922—30). Аўтар больш як 200 твораў пераважна бытавога («Трое гараджан», 1893; «Хеўсур у сне», 1898, і інш.) і батальнага («Абарона Ахоты», 1901, і інш.) жанраў, а таксама партрэтаў (І.Чаўчавадзе, Н.Нікаладзе, дэ Роза і інш.), пейзажаў, нацюрмортаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЛЁД,
слой шчыльнага лёду, які намярзае на паверхні зямлі і прадметаў з пераахалоджаных кропляў дажджу, туману або імжы. Утвараецца пераважна з наветранага боку пры т-рах паветра ад 0 да -3 °C, зрэдку да -16 °C. Пры галалёдзе можа ўтварацца скарынка лёду таўшчынёй некалькі сантыметраў, што з’яўляецца прычынай траўматызму і трансп. аварый, пашкоджанняў дрэў і азімых пасеваў, абрыву правадоў электраперадач і тэлеф. сувязі. Галалёд — від абледзянення, асабліва небяспечнага для самалётаў. На тэр. Беларусі галалёд бывае ў сярэднім 7—19 сут за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ДНЫ СТЭП, Паўднёвы Галодны Стэп,
раўніна ў Сярэдняй Азіі, на левабярэжжы р. Сырдар’я, пераважна ва Узбекістане. На Пд абмежаваны перадгор’ямі і адгор’ямі Туркестанскага хр., на Пн і ПнЗ зліваецца з пяскамі Кызылкум. Размешчаны на тэрасах р. Сырдар’я, складзеных з лёсападобных суглінкаў і супескаў. Асваенне Галоднага Стэпу пачалося ў канцы 19 ст., асабліва інтэнсіўнае было ў 1950—60-я г. Большая ч.тэр. арашаецца (Паўночны канал імя С.М.Кірава, Цэнтральны, Паўднёва-Галоднастэпскі канал і інш.). Баваўнаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕААНТЫКЛІНА́ЛЬ (ад геа... + антыкліналь),
узняты ўчастак зямной кары ў межах геасінклінальнай вобласці (гл.Геасінклінальны пояс). Шыр. 50—150 км, даўж. да 2000 км. Бываюць геаантыкліналі унутр. і перыферыйныя. Унутраныя (інтэрніды) — цэнтр. зона геасінклінальнай сістэмы, абмежаваная прагінамі (напр., геаантыкліналь Вял. Каўказа). Характарызуюцца скарочанай магутнасцю асадкаў, пераважна кіслым саставам магматычных парод. Геаантыкліналі перыферыйныя (бордэрленд, кардыльера) — участкі краявых падняццяў, аддзеленыя ад геасінклінальнай сістэмы прагінам (напр., хрыбет Сьера-Невада на Пд Пірэнейскага п-ва аддзелены ад горнай сістэмы Атласа Міжземным м.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛАЦЫЯ́ЛЬНЫЯ (Helotiales),
парадак сумчатых грыбоў з групы парадкаў дыскаміцэтаў. Каля 250 відаў з 60 родаў. Пашыраны ўсюды. Пераважнасапратрофы. На Беларусі каля 110 відаў з 37 родаў: кудонія, ланхелула, корыне, булгарыя, гелоцый і інш. Жывуць на апалым лісці, адмерлых раслінных рэштках. Паразітныя віды выклікаюць хваробы раслін (напр., віды з роду склератынія).
Пладовыя целы (апатэцыі) выш. і дыям. ад 0,02 мм да 2—3 см, кубка-, сподкападобныя, часам на ножцы, мясістыя ці храсткаватыя, скурыстай або рогападобнай кансістэнцыі. Споры шматклетачныя, з гладкай абалонкай, часта афарбаваныя.