пераход у прыслоўі словаформаў інш. часцін мовы, які абумоўлены іх сінтаксічнымі функцыямі і зменамі лексічнага і грамат. значэнняў Адвербіялізуюцца: назоўнікі ўскосных склонаў («прыехаць раніцай»), прыметнікі («прыбіраць збольшага»), лічэбнікі («працаваць удваіх»), займеннікі («адбылося па-нашаму»), дзеепрыметнікі («сказаць адкрыта»), дзеепрыслоўі («глядзець седзячы»), часціцы («плесціся абы-абы»), У выніку адвербіялізацыі канчаткі зменных часцін мовы ператварыліся ў прыслоўныя суфіксы, а прыназоўнікі, што ўжываюцца з рознымі склонавымі формамі, сталі прыстаўкамі прыслоўяў: «З боку вёскі даносіліся галасы» (І.Мележ), «Збоку, ля самай дарогі, ляжаў вялікі камень» (К.Чорны). Адвербіялізаваныя словаформы становяцца нязменнымі, набываюць новыя сінтаксічныя функцыі і сувязі, часам змяняюць месца націску («бе́гам — бяго́м», «кру́гам — круго́м») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКБА́Р (Джэлаль-ад-дзін) (1542—1605),
правіцель Магольскай імперыі ў Індыі [1556—1605]. Пры ім дзяржава Вялікіх Маголаў дасягнула найб. магутнасці. Значна пашырыў яе межы, заваяваўшы тэр. ад Балха на Пн да р. Гадавары на Пд (у т. л.Кашмір і тэр. сучаснага Афганістана) і ад мора на З да мора на У. Вёў барацьбу з сепаратызмам феадалаў, у 1574 імкнуўся ліквідаваць сістэму джагіраў, што выклікала супраціўленне мусульм. джагірдараў. Упершыню стаў прызначаць індусаў на важныя дзярж. пасты, дынастычнымі шлюбамі ўмацаваў сувязі з раджпуцкімі княствамі, конніца раджпутаў стала асновай арміі. Увёў новую рэлігію «дзін-і ілахі» («божая вера») з элементамі ісламу, індуізму, парсізму і джайнізму.
Акбар са сваім сынам Джахангірам і ўнукам Шахам-Джаханам. Мініяцюра. Каля 1630.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ (Эміль Абрамавіч) (ліп. 1864, Гродна — 4.4.1922),
адзін з першых прапагандыстаў марксізму на Беларусі. Скончыў Гродзенскую гімназію (1882), вучыўся на мед. ф-тах Парыжскага (1882—84) і Дэрпцкага (Тартускага, 1884—88) ун-таў. У 1884 арганізаваў у Мінску гурток друкарскіх рабочых с.-д. кірунку. У 1886—87 вёў прапаганду ў Вільні, меў сувязі з народнікамі. У 1889 стварыў с.-д. гурток у Кіеве, дзе арыштаваны і высланы ў Сібір. У 1896 у Мінску, неўзабаве выехаў на Ленскія прыіскі. У 1912 за артыкул для «Правды» пра Ленскі расстрэл сасланы ў Табольскую губ. У 1914—15 служыў урачом у арміі. З 1917 працаваў у Саратаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАМА́Н,
1) кіраўнік нерэгулярнага, незалежнага ад дзярж. улады вайск. атрада (часам шайкі разбойнікаў).
2) Вышэйшы начальнік казацкага войска — камандзір (вайсковы, наказны, паходны, кашавы атаман), начальнік казацкай адм.-тэр. адзінкі (аддзела, акружны, станічны, хутарскі атаман) або камандзір падраздзялення (куранны атаман). У Запарожскім казацкім войску існавалі кашавыя і куранныя атаманы, у Данскім — вайсковыя. На пач. 18 ст. атаман у Данскім войску назначаўся ўрадам, з 1723 ён наз. вайсковым наказным атаманам, з 1866 меў правы ген.-губернатара і камандуючага вайсковай акругай. Званне атамана адменена пасля Кастр.рэв. 1917. Адноўлена ў Расіі на пач. 1990-х г. у сувязі з адраджэннем казацкага руху.
3) У грамадз. вайну 1918—20 камандзір у часцях белай гвардыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКОЕ Э́ХО»,
штотыднёвая грамадска-паліт., літ. і эканам. газета. Выдавалася 30.5—1.11.1918 у Кіеве на рус. мове, частку матэрыялаў друкавала па-беларуску. Асн. задача — гуртаванне беларусаў, якія жылі на Украіне, забеспячэнне іх сувязі з радзімай. Праводзіла ідэю нац. аб’яднання бел. сіл на Украіне і Беларусі ў цэлым. Выступала за адбудову, умацаванне і незалежнасць бел. дзяржавы, яе свабоднае нац. і эканам. развіццё, нац. адраджэнне, аб’яднанне ўсіх грамадскіх сіл бел. народа дзеля рэалізацыі нац. інтарэсаў, прызнанне суверэннасці Беларусі з боку суседніх дзяржаў. Пісала пра мінулае, сучаснае і перспектывы бел. адраджэнскага руху, асвятляла дзейнасць урада БНР, пытанні дзярж.буд-ва і культ. жыцця на Беларусі і інш. Выйшла 9 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ВЕ́ЖА.
Існавала ў 13 — 1-й пал. 19 ст. ў Брэсце (Берасці). Пабудавана ў 1276—88 на дзядзінцы стараж. Берасця валынскім кн. Уладзімірам Васількавічам, які валодаў горадам у 2-й пал. 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе як «столп высотою яко Каменецкий». Адносілася да тыпу манум. абарончых вежаў, прызначаных для адбіцця атак з выкарыстаннем каменямётных машын. Пазней уваходзіла ў абарончую сістэму Берасцейскага замка. На планах 18—19 ст. прамавугольная (5,9×6,3 м), таўшчыня сцен каля 1,3 м, вышыня каля 20 м. Была складзена з брусковай цэглы на вапнавай рошчыне. Верагодна, выява Берасцейскай вежы змешчана на гар. гербе 1554. Разабрана ў 1831 у сувязі з буд-вам Брэсцкай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЕ САМААЧЫШЧЭ́ННЕ,
здольнасць біяцэнозаў нейтралізаваць шкоднае ўздзеянне тэхнагенных, быт. і інш. антрапагенных рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Адбываецца бесперапынна з удзелам жывых арганізмаў у цеснай сувязі з кругаваротам рэчываў у прыродзе. Засн. пераважна на паглынанні і раскладанні забруджвальнікаў мікраарганізмамі-рэдуцэнтамі і залежыць ад іх колькасці і фізіял. актыўнасці. Поўнае ачышчэнне навакольнага прыроднага асяроддзя ад арган. забруджвальнікаў настае пасля іх мінералізацыі, ад шэрагу неарган. рэчываў — у выніку хім. рэакцый. Здольнасць асяроддзя да біялагічнага самаачышчэння залежыць ад колькасці ультрафіялетавай радыяцыі, сумы актыўных т-р паветра і глебы, наяўнасці ў асяроддзі акісляльнікаў. У адносінах да стойкіх забруджвальнікаў біялагічнае самаачышчэнне блізкае да нуля. З’ява біялагічнага самаачышчэння шырока выкарыстоўваецца пры ачыстцы сцёкавых і пітных водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРАМАДЗЯ́НІН»,
газета левай фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Выдавалася 14.1—25.3.1919 у Вільні на бел. мове (з № 5 — лацінкай) 2 разы на тыдзень. Выступала ў абарону інтарэсаў сялян і рабочых Беларусі і Літвы, за самавызначэнне народаў, за стварэнне рэальнага народаўладдзя. Рэзка пратэставала супраць падзелу Беларусі (захавання ў РСФСР Віцебскай, Магілёўскай і зах. паветаў Смаленскай губ.). Падтрымлівала ідэю стварэння сусв. федэрацыі радавых (савецкіх) рэспублік з умовай, што Беларусь увойдзе ў яе як раўнапраўная адзінка з усімі сваімі этнічнымі землямі. Друкавала творы Я.Купалы, Я.Коласа, Ф.Аляхновіча, тэксты рэв. песень у перакладзе на бел. мову. Выйшла 20 нумароў. Закрыта ў сувязі з наступленнем польскіх легіёнаў і пераездам асн. аўтара (Т.Грыба) у Гродна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́НА ФО́РМУЛЫ,
формулы інтэгральнага злічэння, якія звязваюць паміж сабой інтэгралы розных тыпаў. Самая простая з іх, вядомая яшчэ Л.Эйлеру (1771), звязвае падвойны інтэграл па плоскай паверхні S з крывалінейным інтэгралам па яе мяжы L:
; яе фіз. сэнс: паток вадкасці, якая цячэ па плоскасці са скорасцю V(Q, -P) праз мяжу L, роўны інтэгралу ад інтэнсіўнасці (дывергенцыі) крыніц і сцёкаў, размеркаваных па паверхні S. Дзве інш. формулы, што звязваюць інтэгралы па аб’ёме і па паверхні, якая яго абмяжоўвае, апублікаваны Дж.Грынам у 1828 у сувязі з даследаваннямі па тэорыі патэнцыялу. Гл. таксама Астраградскага формула, Стокса формула.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ БОР,
вёска ў Велікаборскім с/с Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 25 км ад г. Хойнікі, 120 ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Партызанская. 1239 ж., 418 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз.сувязі. Магіла ахвяр фашызму.
Вядома з 16 ст., вёска ў Кіеўскім ваяв. Каралеўства Польскага. Знаходзілася ва ўладанні Парышэвічаў, Шуйскіх, Прозараў і інш. З 1793 у Рас. імперыі, сяло Хойніцкай вол. Рэчыцкага пав. У 1866 адкрыта нар. вучылішча. У 1886 — 527 ж., 58 двароў, царква, млын. З 1919 у РСФСР, з 1926 у БССР. У Вял.Айч. вайну 3.6.1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, расстралялі і спалілі 36 яе жыхароў. У 1970 — 1120 жыхароў.