паслядоўны працэс развіцця жаночай гаметы ад першаснай палавой клеткі да спелага яйца. Ахоплівае стадыі: размнажэння (павелічэнне колькасці дыплоідных палавых клетак — аагоніяў), росту аацытаў (павольны ў першай фазе, якая ў чалавека і жывёл можа працягвацца гадамі, у другой фазе — хуткі, з інтэнсіўным павелічэннем аб’ёмаў клетак) і іх выспявання (меятычнае дзяленне з утварэннем гаплоідных яйцаклетак, здольных да апладнення). У губак, некаторых кішачнаполасцевых і чарвей аагенез адбываецца ў любой частцы цела, у астатніх жывёл і чалавека лакалізаваны ў яечніках, у раслін — у аагоніях, архегоніях або зародкавым мяшку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНЕ́ЦКІ (Восіп Васілевіч) (1843, Гродзенская вобласць — 20.4.1905),
расійскі батанік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1897), праф. (1873). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1867). Удасканальваў веды ў Германіі ў А. дэ Бары і Ю.Сакса (1870—72). У 1873—98 у Кіеўскім ун-це. Навук. працы па фізіялогіі і анатоміі раслін. Сумесна з А.С.Фамінцыным вылучыў з лішайнікаў ганідын (1867), даказаў іх здольнасць да самаст. жыцця і тоеснасць з некаторымі водарасцямі, упершыню выявіў спіральную будову храмасом у ядрах мацярынскіх клетак пылку ў традэсканцыі (1880). Вынайшаў і ўдасканаліў шэраг прылад для фізіял. даследаванняў (асмаметр, аўксанаметр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАКУ́ДРАНІК (Ballota),
род кветкавых раслінсям. ясноткавых. Больш за 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і Азіі. На Беларусі ў садах і парках, каля жылля і дарог, на засмечаных мясцінах і берагавых схілах трапляецца белакудранік чорны (Ballota nigra).
Шматгадовая травяністая расліна выш. 20—125 см з кароткім карэнішчам. Сцябло простае або галінастае, шурпатаапушанае. Лісце круглавата-яйцападобнае, пілаватае, на чаранках. Кветкі дробныя, брудна-ружовыя, з непрыемным пахам, сядзяць на кароткіх кветаносах у шматлікіх пазушных паўпарасоніках (дыхазіях). Плод — чатырохарэшак. Лек. (выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне) і меданосная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАТРО́ФЫ [ад аўта... + ...троф(ы)],
аўтатрофныя арганізмы, арганізмы, якія сінтэзуюць неабходныя для жыццядзейнасці складаныя арган. злучэнні з неарган. рэчываў (пераважна вады, вуглекіслаты, неарган. злучэнняў азоту). Выкарыстоўваюць энергію Сонца (фотасінтэз) або энергію, што вызваляецца пры хім. рэакцыях (хемасінтэз). Да аўтатрофаў належыць большасць вышэйшых раслін, водарасці і некаторыя бактэрыі. Фотасінтэзавальныя аўтатрофы (фотатрофы — усе зялёныя расліны, водарасці) маюць хларафіл і здольныя выкарыстоўваць энергію святла. Хемасінтэзавальныя аўтатрофы (хематрофы, напрыклад, нітрыфікавальныя бактэрыі) сінтэзуюць арган. рэчывы за кошт энергіі акіслення мінер. злучэнняў. Аўтатрофы — асн. прадуцэнты арган. рэчыва ў біясферы, забяспечваюць існаванне ўсіх іншых арганізмаў. Гл. таксама Гетэратрофы.
бел. вучоны ў галіне лесаводства. Д-рс.-г.н. (1986). Скончыў Бел. лесатэхнічны ін-т (1960). З 1967 у Ін-це лесу АН Беларусі. Навук. працы па лесаўпарадкаванні, лясной таксацыі, колькаснай экалогіі раслін, арганізацыі лясной гаспадаркі.
Тв.:
Повышение продуктивности лесов. Мн., 1984;
Нормативные материалы для таксации леса Белорусской ССР. М., 1984 (у сааўт.);
Принципы организации и ведения лесного хозяйства на загрязненных радионуклидами территориях // Лес и Чернобыль: Лесные экосистемы после аварии на Чернобыльской АЭС, 1986—1994. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКА́С (Gallinago gallinago),
птушка сямейства бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўропе і паўн. частках Азіі. На Беларусі звычайны пералётны від. Жыве каля вады, на балотах і прырэчных лугах, забалочаных узлесках.
Даўж. цела 27—29 см, маса 100—125 г. Апярэнне карычнявата-бурае з вохрыстымі стракацінамі, брушка белае. Дзюба доўгая, прамая. У час такавання самец выдае гукі, падобныя да бляяння барана (адсюль нар. назва баранчык, козка). Гнёзды на купінах высцілае сухімі сцяблінкамі. Нясе 3—5 стракатых яец. Корміцца чарвямі, слімакамі, жукамі, лічынкамі насякомых, карэньчыкамі травяністых раслін. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЭ́ЦЫЯ (Godetia),
род кветкавых раслінсям. скрыпнёвых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, асабліва ў Каліфорніі. На Беларусі культывуюць гадэцыю буйнакветную (Godetia grandiflora) і прывабную (Godetia amoena). Найб. пашыраны сарты: Вайсер Шван, Сібіл Шэрвуд, Метэор.
Аднагадовыя травяністыя апушаныя расліны з галінастым сцяблом выш. 20—40 см. Кветкі простыя або махровыя, лейкападобныя, дыям. 3—5 см, разнастайнай афарбоўкі. Плод — каробачка. Каштоўныя дэкар. святлалюбныя і холадаўстойлівыя расліны (выкарыстоўваюцца для рабатак, бардзюраў, пасадак групамі на газонах). Цвітуць з ліп. да восені. Размнажаюцца насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕ́ТЫ (ад грэч. gametē жонка, gametēs муж),
палавыя клеткі, рэпрадукцыйныя клеткі жывёл і раслін. Забяспечваюць перадачу спадчыннай інфармацыі ад бацькоў патомкам. Ва ўсіх шматклетачных арганізмаў спелыя гаметы (сперматазоіды і яйцаклеткі) развіваюцца ў палавых залозах — ганадах (мужч. — семянніках і жан. — яечніках). Адрозніваюцца паміж сабой марфалагічнай будовай і паходжаннем. Гаметы аднолькавай велічыні наз. ізагаметамі, неаднолькавай — анізагаметамі, больш вял. — макрагаметамі, дробныя — мікрагаметамі. Гаметы маюць адзінарны (гаплоідны) набор храмасом, які фарміруецца ў працэсе гаметагенезу. Пры зліцці разнаполых гамет утвараецца зігота з дыплоідным наборам храмасом, якая дае пачатак новаму арганізму. Развіццё арганізма з неаплодненай гаметы — партэнагенез.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕВЯ́ТАЎ (Аркадзь Сяргеевіч) (н. 11.3.1923, г. Харанор Чыцінскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне пладаводства. Д-рс.-г.н. (1962), праф. (1965). Скончыў Новасібірскі с.-г.ін-т (1946). З 1957 у Бел.НДІ садоўніцтва. Навук. працы па біялогіі і агратэхніцы пладовых раслін, вывучэнні архітэктонікі каранёвай сістэмы, рэсурсу плоданашэння высакашчыльных садоў, праектаванні і арганізацыі прамысл. пладаводства. Чл. Нью-Йоркскай АН (1994).
Тв.:
Проектирование плодоводства. Мн., 1967;
Повышение качества плодовых деревьев и урожайности садов. 2 изд. Мн., 1985;
Как правильно формировать и обрезать плодовые деревья и ягодные кусты. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯВО́ЧЫ ВІНАГРА́Д (Parthenocissus),
род кветкавых раслінсям. вінаградавых. 15 відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах Паўн. Амерыкі, ва Усх. Азіі і на Гімалаях. На Беларусі інтрадукаваны 3 віды: Дз.в. пяцілісточкавы (P. quinquefolia), прымацаваны (P. inserta), трохвостраны (P. tricuspidata).
Дрэвавыя лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя ліяны з лазячымі сцябламі. Лісце зубчастае, цёмна-зялёнае, на доўгіх чаранках, увосень набывае пурпуровы колер. Кветкі дробныя, зеленаватыя, двухполыя або толькі мужчынскія, з недаразвітай завяззю, сабраныя ў паўпарасонікі ці шчыткі. Плод — дробная шарападобная цёмна-шызая ягада. Дэкар. расліны. Размнажаюцца атожылкамі, чаранкамі, насеннем.