ВЯРНІГАРА́, Вярнігор,
Гара-Гаравік, Гарыня, Гаравы, персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, памочнік героя-асілка (Кацігарошка, Івашкі — Мядзведжага Вушка, Ваські Папялышкі і інш.). Мае вял. сілу; можа пераносіць горы, руйнаваць іх і раўняць зямлю. Сустрэўшы героя-асілка, Вярнігара разам з інш. волатамі памагае яму перамагчы страшных крыважэрных істот, пакараць зло і ліквідаваць несправядлівасць, хоць часам перараджаецца маральна і здраджвае герою. Сустракаецца таксама ў рус. і ўкр. фальклоры.
Літ.:
Новиков Н.В. Образы восточнославянской волшебной сказки. Л., 1974. С. 146—152;
Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 258—260;
Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969.
А.С.Фядосік.
т. 4, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРНІДУ́Б, Дубавік,
Дуб-Дубавік, Дубіна, персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, памочнік гал. героя-асілка (Кацігарошка, Івашкі — Мядзведжага Вушка, Ваські Папялышкі і інш.). Здольны выварочваць стогадовыя дубы і перакідваць іх на вял. адлегласць. Герой-асілак выпрабоўвае моц Вярнідуба, залічвае яго ў таварышы, і яны разам з інш. волатамі змагаюцца супраць магутных фантаст. істот (Змея, Кашчэя Бессмяротнага), у якіх увасоблены злыя сілы. Як і інш. волаты, Вярнідуб значна саступае па сіле гал. герою. У некаторых казках здраджвае асілку, які карае яго, а часам даруе яму. Сустракаецца ў рус. і ўкр. фальклоры.
Літ.:
Гл. пры арт. Вярнігара.
А.С.Фядосік.
т. 4, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЫ́ГА Аляксандр Андрэевіч
(5.12.1837, каля Віцебска — 26.3.1905),
расійскі хімік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1860). З 1861 у Міхайлаўскай артыл. акадэміі, з 1862 у Цюбінгенскім і Цюрыхскім ун-тах. З 1865 у Новарасійскім ун-це ў Адэсе (з 1871 праф.), адначасова ў 1880 арганізаваў першую ў Расіі лабараторыю па даследаванні харч. прадуктаў і кіраваў ёй да 1896. Навук. працы па хіміі араматычных азазлучэнняў. Атрымаў бензідзін (1864), азабензол і яго гамолагі (1865), азаталуал і інш. Даследаваў рачныя і артэзіянскія воды Пд Расіі, гаючыя крыніцы і гразі.
Літ.:
Волков В.А. Вонский Е.В., Кузнецов Г.Н. Выдающиеся химики мира. М., 1991. С. 92.
т. 4, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБЭ́Н (Gabin) Жан [сапр. Манкаржэ
(Moncorgé) Жан Алексі; 17.5.1904, Мер’ель, каля Парыжа — 15.11.1976], французскі кінаакцёр. З 1923 выступаў у муз. рэвю і аперэтах, з 1930 — у кіно. Прынёс на экран дух дэмакратызму, які спалучаўся з валявым, дзейсным пачаткам і павагай да асобы. Стварыў на экране вобраз чалавека, вернага сваім уяўленням пра абавязак і справядлівасць, які адстойвае сваю незалежнасць: «Вялікая ілюзія» (1937),
«Набярэжная туманаў» (1938), «Каля сцен Малапагі» (1948), «Ноч — маё панаванне» (1951), «Уладары гэтага свету» і «Адвержаныя» (1958), «Вуліца Прэры» (1959), «Божы гром» (1965), «Кот» (1971) і інш.
Літ.:
Божович В. Жан Габен. М., 1982.
т. 4, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАДО́ЎСКІ Марк Канстанцінавіч
(18.12.1888, г. Іркуцк — 24.11.1954),
рус. фалькларыст, этнограф, літ.-знавец. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913). Даследаваў праблемы казказнаўства, асобныя жанры фальклору («Ленскія галашэнні», 1922; «Верхняленскія казкі», 1938), сувязь вуснай нар. творчасці і л-ры («Руская казка», т. 1—2, 1932; «Артыкулы па літаратуры і фальклоры», 1960, і інш.). Найб. значная праца «Гісторыя рускай фалькларыстыкі» (т. 1—2, 1958—63) змяшчае факты з гісторыі збірання і вывучэння бел. нар. творчасці. Бел. фальклорны матэрыял выкарыстаў у каментарыях да складзенага ім зб. «Народныя казкі пра бога, святых і папоў: Рускія, беларускія і ўкраінскія» (1963).
т. 1, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАНХО́,
якуцкі гераічны эпас. Складаецца з многіх сказанняў, блізкіх паводле сюжэта, вобразаў і стылю, памерам 10—15 тыс. вершаваных радкоў. Частка тэксту — рытмізаваная проза і кароткія празаічныя ўстаўкі. Словы персанажаў спяваюцца, астатні тэкст выконваецца рэчытатывам, часта без інструмент. суправаджэння. Аланхо адлюстроўваюць рысы патрыярхальна-радавога ладу, міжрадавыя і міжплемянныя адносіны якутаў. У аснове сюжэтаў — барацьба асілкаў з племені айыы аймага са злоснымі аднарукімі ці аднаногімі пачварамі, абарона справядлівасці і мірнага жыцця. У аланхо паяднаны фантастыка і гіпербалізацыя ў паказе асілкаў з рэаліст. апісаннямі побыту, шматлікія міфы стараж. паходжання.
Літ.:
Пухов И.В. Якутский героический эпос олонхо. М., 1962.
т. 1, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСІЕ́ВІЧ Святлана Аляксандраўна
(н. 31.5.1948, г. Івана-Франкоўск),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1972). З 1966 на пед. рабоце, пасля журналістка. Літ. дзейнасць пачала ў 1975 як празаік-дакументаліст. У кн. «У вайны — не жаночы твар...» (1985) расказала пра подзвіг жанчын-франтавічак, партызанак, падпольшчыц. Дзецям, што перажылі ням.-фаш. акупацыю, прысвяціла кн. «Апошнія сведкі» (1985). Амаральнасць і злачыннасць вайны ў Афганістане паказала ў кн. «Цынкавыя хлопчыкі» (1991). Па сцэнарыях Алексіевіч пастаўлены спектаклі і дакумент. фільм «У вайны — не жаночы твар...» (1980, 1983; Дзярж. прэмія СССР 1985). Аўтар п’есы «Марутка» (1987). Прэмія Ленінскага камсамола 1986.
Тв.:
Зачараваныя смерцю. Мн., 1993.
І.У.Саламевіч.
т. 1, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСЮТО́ВІЧ Мікалай Астапавіч
(5.2.1921, в. Бахаравічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 27.4.1967),
бел. філосаф. Скончыў БДУ (1952). Канд. філас. н. (1955). З 1952 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1963 у Бел. тэхнал. ін-це. Даследаваў гісторыю грамадска-паліт. і філас. думкі, гісторыю рэлігіі і атэізму на Беларусі эпохі сярэднявечча, асветніцкую дзейнасць, літ. творчасць і светапогляды Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, Л.Зізанія і інш. Аўтар прац «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» (1958), «Святло ў цемры» (1960) і інш. Адзін з аўтараў і складальнікаў кн. «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962).
т. 1, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́ЕВА Фазу Гамзатаўна
(н. 5.12.1932, с. Гінічутль Хунзахскага р-на, Дагестан),
аварская паэтэса. Нар. паэтэса Дагестана (1969). Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1961). Піша на аварскай і рус. мовах. Лірыка Аліевай тэматычна і вобразна звязана з рэчаіснасцю, метафарычна перадае шматграннасць жыцця (зб-кі «Роднае сяло», 1959; «Вясёлку раздаю», 1963; «Васемнаццатая вясна», 1968; «Вочы дабра», 1983). Раманы «Камяк зямлі вецер не знясе» (1967), «Радавы герб» (1970), «Арол вострыць дзюбу аб камень» (1974), «Восьмы панядзелак» (1978) і інш. пра сучаснае жыццё Дагестана.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—3. М., 1990.
т. 1, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛТА́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
макрасям’я моў, што аб’ядноўвае цюркскія, мангольскія, тунгуса-маньчжурскія, а таксама ізаляваныя карэйскую і японскую мовы (гл. адпаведныя арт.). Збліжаюцца агульнасцю рысаў: фанетычных (заканамернасць палатальнага і лабіяльнага сінгарманізму зычных і галосных, асіміляцыі зычных; корань 1-складовы, 3-гукавы, найчасцей утварае закрыты склад), марфалагічных (словаўтварэнне і словазмяненне з дапамогай аглюцінатыўных афіксаў, адсутнасць роду, наяўнасць катэгорыі прыналежнасці) і сінтаксічных (паясняльныя словы ў сказе абавязкова стаяць перад паяснёнымі, слабае развіццё складаназалежных сказаў). Найб. сувязь алтайскай мовы у лексіцы, што тлумачыцца іх генетычнай блізкасцю.
Літ.:
Баскаков Н.А. Алтайская семья языков и её изучение. М., 1981.
т. 1, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)