ІНАНІШВІ́ЛІ (Рэваз Канстанцінавіч) (н. 20.12.1926, в. Хашмі Сагарэджойскага р-на, Грузія),
грузінскі пісьменнік. Скончыў Тбіліскі ун-т (1956). Аўтар вострапсіхал. апавяданняў, аповесцей, прысвечаных надзённым праблемам сучаснасці. У кнігах лірычных навел «З лістоў да сябра» (1958), «Замалёўкі вячэрняй пары» (1971), «Ляціць над далінай сойка» (1974), аповесцей «Перадзімовы сум» і «Дачка Месяца» (абедзве 1987) і інш. графічна дакладная манера пісьма, тонкі псіхалагізм. Піша для дзяцей (кнігі «Дзе жыве казачнік», 1970; «Ваўчаняты», 1973; «Далёкая белая вяршыня», 1976; «Добрая зямля», 1980, і інш.). Дзярж. прэмія Грузіі імя Ш.Руставелі 1977. На бел. мову асобныя творы І. пераклалі Ю.Гаўрук, В.Нікіфаровіч, Т.Цулукідзе.
т. 7, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НБЕР (Вера Міхайлаўна) (10.7.1890, г. Адэса, Украіна — 11.11.1972),
руская пісьменніца. Аўтар паэт. зб-каў «Мэта і шлях» (1925), «Сыну, якога няма» (1927), «Напаўголаса» (1932), «Анкета часу» (1971), аповесці «Месца пад сонцам» (1928), нарысаў. Подзвігу блакаднага Ленінграда прысвяціла зб. вершаў «Душа Ленінграда» (1942), «Амаль тры гады (Ленінградскі дзённік)» (1946) і паэму «Пулкаўскі мерыдыян» (1941—43; Дзярж. прэмія СССР 1946). Выдала кн. «Натхненне і майстэрства» (1957), зб. вершаў «Красавік» (1960), успаміны «Старонкі дзён перабіраючы...» (1967). На бел. мову асобныя вершы І. пераклала Э.Агняцвет.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1-4. М., 1965—66;
Избранное. М., 1981.
т. 7, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́СТАР (англ. investor укладчык ад лац. investio апранаю, надзяваю),
фізічная або юрыд. асоба, якая прымае рашэнне і ажыццяўляе ўкладанні ўласных, пазыковых і інш. прыцягнутых маёмасных і інтэлектуальных каштоўнасцей у інвестыцыі. І. могуць быць: орган, упаўнаважаны кіраваць дзярж. маёмасцю; арг-цыі, прадпрыемствы, прадпрымальніцкія аб’яднанні, грамадскія арг-цыі і інш. юрыд. асобы любой формы ўласнасці; міжнар. арг-цыі, замежныя юрыд. асобы; замежныя і айч. грамадзяне і інш. У якасці І. можа выступаць заказчык — будучы ўладальнік і карыстальнік вынікаў праекта. У інш. выпадках І. заключае дагавор з заказчыкам, кантралюе выкананне кантрактаў і ажыццяўляе разлікі з інш. ўдзельнікамі праекта.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС ПАКУПНО́Й ЗДО́ЛЬНАСЦІ,
паказчык, што характарызуе колькасць тавараў і платных паслуг, якія можна набыць за адну грашовую адзінку пры дадзеным узроўні цэн на тавары і тарыфаў на паслугі. Адваротная велічыня індэкса цэн. Калі індэкс цэн на тавары і тарыфаў на паслугі зніжаецца, то І.п.з. павялічваецца, і наадварот. Ён адлюстроўвае змену намінальнага кошту грашовай адзінкі (кошту, пазначанага на грашах) з улікам змены цэн і тарыфаў. Умовамі павелічэння і замацавання пакупной здольнасці рубля з’яўляюцца ўстанаўленне правільных суадносін паміж попытам і прапановай, вытворчасць тавараў і паслуг, неабходных для задавальнення бягучых патрэб грамадства, эфектыўнае дзярж. рэгуляванне грашовага прапанавання і інш.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИНЖЕНЕ́РНО-ФИЗИ́ЧЕСКИЙ ЖУРНА́Л»,
навукова-тэхнічны часопіс. Засн. ў 1958 у Мінску як усесаюзны штомесячны часопіс Дзярж. к-та СМ СССР па навуцы і тэхніцы і АН БССР. З 1992 часопіс Нац. АН Беларусі. Выдаецца Акадэмічным навук. комплексам «Інстытут цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава Нац. АН Беларусі». Асн. навук. кірункі: цеплафізіка, цепла- і масаабмен, тэорыі цеплаправоднасці і сушкі, тэрмадынаміка неабарачальных працэсаў, буд. цеплафізіка, структурна-мех. характарыстыкі дысперсных сістэм, рэафізіка, нізкатэмпературная плазма. У складзе рэдакцыйнага савета вучоныя Расіі, Украіны, Польшчы, ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі, Японіі, Канады, Індыі і інш. Часопіс перавыдаецца на англ. мове ў ЗША.
т. 7, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАКРА́Т (436 да н.э., Афіны — 338 да н.э.),
старажытнагрэчаскі прамоўца, настаўнік рыторыкі і публіцыст. Стваральнік тэорыі класічнай антычнай прозы, увёў падзел на мовы паэтычную і празаічную. Каля 390 да н.э. заснаваў у Афінах школу рыторыкі — прататып агульнаадук. школы; яе праграму выклаў у прамовах супраць сафістаў. Прыхільнік прамакедонскай партыі і прапагандыст яе праграмы («Панегірык», 386; «Арэапагітык», 355; «Панафінейская прамова», 342—339). Лічыў манархію лепшай формай дзярж. кіравання. Пасля разгрому грэкаў у 338 да н.э. каля Херанеі македонцамі на чале з Філіпам II І. скончыў самагубствам. Захавалася 21 яго прамова (у т. л. 6 судовых) і 9 лістоў.
т. 7, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́ВІЧ (Эдуард Вікенцьевіч) (н. 26.8.1936, в. Вербавічы Нараўлянскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. матэматык-праграміст. Скончыў БДУ (1959). З 1959 у Ін-це матэматыкі і выліч. тэхнікі АН Беларусі, з 1961 у НДІ ЭВМ. Навук. працы па выліч. тэхніцы і праграмаванні, стварэнні і ўкараненні аперацыйных сістэм Адзінай сістэмы ЭВМ. Дзярж. прэмія СССР 1978. Прэмія Ленінскага камсамола 1970.
Тв.:
Система разделения времени ЕС ЭВМ. М., 1982 (у сааўт.);
Система виртуальных машин для ЕС ЭВМ. М., 1985 (у сааўт.);
Программирование на языке ассемблера ЕС ЭВМ. 2 изд. М., 1986 (у сааўт.).
М.П.Савік.
т. 7, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́НКА (Эдуард Пятровіч) (н. 18.9.1930, Мінск),
бел. вучоны ў галіне гідратэхнікі і воднай гаспадаркі. Д-р тэхн. н. (1989). Скончыў БПІ (1954) і БДУ (1965). З 1961 у Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (Мінск), у 1978—92 нам. дырэктара гэтага НДІ. У 1971—78 супрацоўнік Сакратарыята ААН (г. Нью-Йорк, ЗША). Навук. працы па метадах разліку і комплекснага выкарыстання воднага патоку, аднаўляльных крыніцах энергіі і іх выкарыстанні, нарматыўным забеспячэнні дзярж. разліку выкарыстання вод.
Тв.:
Вода. Природа Человек. Мн., 1986 (разам з Б.У.Фашчэўскім);
Возобновляемые источники энергии и возможности их использования в Беларуси. Мн., 1995.
Л.В.Лоўчая.
т. 7, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗУБО́ЎСКІ (Валянцін Міхайлавіч) (н. 1.9.1937, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),
бел. псіхолаг. Д-р псіхал. н. (1991), праф. (1992). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча проціпаветранай абароны (1961) і выкладаў у ім (1964—93; з 1965 Вышэйшае інж.-зенітнае ракетнае вучылішча проціпаветранай абароны). З 1993 у Рэсп. ін-це прафес. адукацыі, з 1995 у Акад. кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З 1997 у Беларускім дзярж. агр. тэхн. ун-це (заг. кафедры кіравання с.-г. вытв-сцю). Даследуе праблемы інж. псіхалогіі, псіхалогіі кіравання.
Тв.:
Моделирование в практической психологии. Ч. 1—2. Мн., 1995;
Управленческий риск: ситуативные и личностные аспекты. Мн., 1997.
т. 7, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАКАТРО́НІС ((Kolokotronēs) Тэадорас) (14.4.1770, п-аў Пелапанес, Грэцыя — 15.2.1843),
дзеяч грэчаскага нац.-вызв. руху, военачальнік. З 1818 член падп. арг-цыі «Філікі Этэрыя». У грэчаскую нацыянальна-вызваленчую рэвалюцыю 1821—29 паўстанцы на чале з К. 8.10.1821 авалодалі г. Трыпаліс, летам 1822 разбілі тур. армію Махмудапашы Драмалі (30 тыс. чал.), якая ўварвалася на п-аў Пелапанес, у 1825—27 на чале грэч. атрадаў Пелапанеса вёў партыз. вайну супраць сіл егіп. палкаводца Ібрахіма-пашы. З 1827 прыхільнік І.Кападыстрыі, з 1831 лідэр прарасійскай паліт. групоўкі. У 1835—43 чл. Дзярж. савета пры грэч. каралю Атоне I. Аўтар мемуараў.
т. 7, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)