палі́тыка
[гр. politike (techne) = уменне кіраваць дзяржавай]
1) дзейнасць органаў дзяржаўнай улады, партый, грамадскіх груп у галіне ўнутрыдзяржаўнага кіравання і міжнародных адносін, адпаведная іх інтарэсам і мэтам (напр. п. мірнага суіснавання);
2) сукупнасць пытанняў і падзей унутранага і міжнароднага грамадскага жыцця;
3) характар чыіх-н. паводзін, накіраваны на дасягненне пэўнай мэты (напр. мне твая п. вядома).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
пра́ктыка
(лац. practica, ад гр. praktikos = дзейны, актыўны)
1) дзейнасць людзей, якая накіравана на пераўтварэнне матэрыяльнага свету;
2) жыццё, рэчаіснасць як галіна праверкі вывадаў тэорыі;
3) замацаванне тэарэтычных ведаў на вытворчасці (напр. педагагічная п. студэнтаў);
4) набыты вопыт у якой-н. галіне дзейнасці (напр. п. выхавання дзяцей);
5) дзейнасць урача або юрыста (напр. адвакат са шматгадовай практыкай).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
мадэрні́зм
(фр. modernisme, ад moderne = навейшы, сучасны)
агульная назва шматлікіх супярэчлівых кірункаў у літаратуры і мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. (кубізм, дадаізм, сюррэалізм, футурызм, экспрэсіянізм і інш.), якія ў канчатковым выніку адмовіліся ад традыцый папярэдняй мастацкай культуры, выявілі тэндэнцыю да ірацыяналізму, суб’ектывізму, схільнасць да авангардызму і фармалізму ў галіне мастацкай формы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
фізі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да фізікі (у 1 знач.). Фізічныя законы. Дасягненні фізічнай навукі. Фізічныя доследы. // Прызначаны для вывучэння фізікі, для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне фізікі. Фізічная лабараторыя. Фізічны гурток. □ А рэастат мы можам зрабіць самі ў сваім фізічным кабінеце, — дадаў.. [настаўнік], — Гэта не бяда. Якімовіч.
2. Уласцівы галіне з’яў, якімі займаецца фізіка. Фізічныя працэсы. □ Калі для механічнага і хімічнага даследавання парод трэба мець іх у руках, то фізічныя іх уласцівасці можна вызначыць з паверхні. Чаркасаў.
3. Які мае адносіны да прадметаў і з’яў матэрыяльнага свету; матэрыяльны. Фізічны знос машын. Фізічны аб’ём закупак.
4. Які мае адносіны да чалавечага арганізма, будовы чалавека, яго знешняга аблічча. Чым больш.. [Галена] вырастала, тым больш магла б быць увасабленнем дзявочага здароўя і сілы. Разам з тым яна рабілася ўвасабленнем і дзявочай прыгажосці. Гэта была прыгажосць фізічная, пышная і заўсёды прывабная. Чорны. // Звязаны са станам арганізма, яго адчуваннямі. Фізічны страх. □ Цяпер.. [Люба] чытала.. Таксама як лёгкасць чыстай бялізны поўніла яе цела фізічнай асалодай, так і тут была своеасаблівая асалода. Чорны. Вязня з туга скутымі мазольнымі рукамі Займаюць фізічныя і душэўныя пакуты. Бугаёў. Стук колаў, які аддаляўся, цішэў, біў Алаізу па сэрцы. Яна адчувала проста фізічны боль ад гэтых удараў. Арабей. // Які датычыцца сілы і працы мышцаў; не разумовы. Фізічнае выхаванне вучняў. Фізічная падрыхтоўка спартсменаў. □ Аўтаматычнае выключэнне і ўключэнне вызваляе рабочых ад фізічнай працы.. Яны толькі пазіраюць за работай агрэгатаў. «Беларусь». // Звязаны з якім‑н. уздзеяннем на цела, арганізм. Фізічная расправа. Фізічнае пакаранне. Фізічнае знішчэнне.
5. Які адносіцца да палавых узаемаадносін; сексуальны. Фізічная блізкасць.
•••
Фізічная зарадка — комплекс фізічных практыкаванняў, якія выконваюць з мэтай аздараўлення арганізма.
Фізічная культура гл. культура.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ву́зкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае невялікую працягласць у папярочніку; проціл. шырокі. Між палёў шырокіх, Як змяя якая, Цягнецца дарога, Вузкая, крывая. Колас. // З меншай шырынёй, чым патрэбна, цесны. Вузкі праход. Вузкія дзверы. □ Прайшоўшы праз вузкае горла маста,.. паток пяхоты разыходзіцца ад Нёмана егерам. Брыль. // Які аблягае, нешырокі (пра адзежу, абутак). Вузкі світэр.
2. перан. Які ахоплівае нямногае, нямногіх; нешматлікі. Вузкае кола спецыялістаў. Вузкая нарада. Вузкі асартымент. // Звязаны з якой‑н. абмежаванай сферай дзейнасці. Вузкі спецыяліст. □ [Камандзір:] — Працуйце ўрачом. Набывайце практычныя навыкі ў якой-небудзь вузкай галіне. Алешка.
3. перан. З абмежаванымі поглядамі, інтарэсамі; недалёкі. Вузкі кругагляд. Вузкі практыцызм. □ Калі ж сказаць праўду, то.. [Міхаль] ведаў работу толькі свайго аддзела і быў чалавек вузкі. Скрыган.
4. Які вымаўляецца пры нешырокім раскрыцці рота (пра галосныя гукі).
•••
Вузкае месца гл. месца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маста́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мастацтва (у 1 знач.). Мастацкая літаратура. Мастацкі фільм.
2. Які мае адносіны да дзейнасці ў галіне мастацтва. Мастацкі кіраўнік тэатра. // Звязаны з мастацтвам (у 1 знач.). Мастацкая студыя. Мастацкая прамысловасць.
3. Які мае дачыненне да твораў мастацтва. Мастацкая выстаўка. Мастацкі музей. □ [Кіра, Лёдзя і Пракоп] усёй брыгадай наведалі мастацкую галерэю. Карпаў.
4. Уласцівы творам мастацтва. Мастацкі стыль. Мастацкі вобраз. // Які мае адносіны да формы мастацкіх твораў, сістэмы эстэтычных сродкаў і прыёмаў. Мастацкая дасканаласць твора. Мастацкая палітра. Мастацкая дэталь. // Які ўключае ў сябе элементы мастацтва, артыстычнасці. Мастацкая гімнастыка.
5. Які адпавядае патрабаванням мастацтва; эстэтычны. Мастацкі густ.
6. Прыгожы, выкананы з густам. Мастацкая вышыўка.
7. Які мае адносіны да мастака (у 1, 2 знач.). Мастацкія здольнасці.
•••
Мастацкая літаратура гл. літаратура.
Мастацкая самадзейнасць гл. самадзейнасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паліты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які звязаны з палітыкай (у 1 знач.); заснаваны на палітыцы. Палітычная барацьба. Палітычная актыўнасць мае. Палітычная партыя. □ Замест абразоў на сценах вісела некалькі плакатаў і партрэтаў выдатных палітычных дзеячоў. Колас. Камісар пакінуў упраўленне палітычнай прапаганды фронту, каб прасачыць за пераправай. Лынькоў. // Дзяржаўны, грамадзянска-прававы. Палітычная ўлада. □ Прыгонныя сяляне ў галіне ўсякіх палітычных правоў былі выключаны абсалютна. Ленін.
2. Які мае адносіны да палітыкі (у 3 знач.). Палітычны зняволены. Палітычная ссылка. / у знач. наз. паліты́чны, ‑ага, м.; паліты́чная, ‑ай, ж.
3. Уст. Дыпламатычны, прадбачлівы. Васіль .. уголас не выказаў свае думкі, бо .. быў чалавек палітычны і спрытны. Колас. // Умела разлічаны (аб учынках, паводзінах і пад.). Палітычнае абыходжанне.
•••
Палітычная смерць гл. смерць.
Палітычная эканомія гл. эканомія.
Палітычны крызіс гл. крызіс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спрактыкава́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае вопыт, практычныя веды ў якой‑н. галіне. Гэта быў стары спрактыкаваны паравознік, адзін з тых, пра каго кажуць: «Ну, гэты сабаку з’еў у сваёй справе!» Васілёнак. [Кляпнёў:] — Прашу! — і рухам спрактыкаванага падавальшчыка кінуў паднос на столік, паставіў пляшку. Шамякін. На чале груп стаялі спрактыкаваныя ў ваенных справах людзі. Колас. // Бывалы, умудроны жыццём. Драпеза быў ужо спакойны, і ў апошніх словах чуліся нават павучальныя ноткі чалавека бывалага і спрактыкаванага. Паслядовіч. Але спрактыкаваныя бацькі, як ні шкода было дзяцей, не згадзіліся ляцець наўздагон за імі. Пальчэўскі. // Пра рукі, вочы і пад. чалавека, які мае вялікі працоўны або жыццёвы вопыт. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнкі і пачала забаўляць. Даніленка. Скрыгануўшы каўшом аб нешта цвёрдае, Грыша спрактыкаваным вокам вызначыў, што гэта стары падмурак. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
туз 1, ‑а; мн. тузы, ‑оў; м.
1. Старшая ў сваёй масці ігральная карта з адным ачком пасярэдзіне. Піковы туз. □ Шаірка паклаў перад Бандарэнкам карту, сказаўшы: — Табе, як начальніку, туга. Асіпенка.
2. перан.; чаго або які. Разм. Багаты чалавек, высокапастаўленая, уплывовая асоба. Фінансавыя тузы Амерыкі. □ Нью-Йорк не знаў такіх падзей. Тузы глядзяць з пагардай: ідуць натоўпы цэлы дзень у Мэдзісан Сквер-Гардэн. Вялюгін. У зале было паўнютка. На пярэдніх радах сядзелі гарадскія тузы, афіцэры з жонкамі, настаўнікі. С. Александровіч. // Пра вядомага, праслаўленага ў якой‑н. галіне дзейнасці чалавека. Літаратурныя тузы. Тэатральныя тузы. // Таўстун, накормлены, напоены да адвалу. Наеўся, як туз. П’янюсенек — туз тузам.
[Польск. tuz ад ням. Daus.]
туз 2, ‑а, м.
Невялікая лёгкая двухвёславая шлюпка для аднаго весляра.
[Ад англ. two — два.]
туз 3, ‑а, м.
У выразе: даць туза каму — моцна ўдарыць кулаком.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фізі́чны
(гр. physikos)
1) які мае адносіны да фізікі, уласцівы галіне з’яў, якімі займаецца фізіка (напр. ф-ыя законы, ф-ыя працэсы);
2) прызначаны для вывучэння фізікі (напр. ф-ая лабараторыя);
3) звязаны са станам чалавечага арганізма, працай мышцаў (напр. ф-ае выхаванне);
4) звязаны з уздзеяннем на цела, арганізм (напр. ф-ае пакаранне).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)