— Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь, які замацоўвае яе грамадскі і дзярж. лад, прававое становішча асобы, выбарчую сістэму, парадак фарміравання і кампетэнцыю органаў дзярж. улады, прынцыпы яе ўзаемаадносін з грамадствам і грамадзянамі; юрыдычная база ўсяго дзейнага заканадаўства. Яна валодае вяршэнствам у адносінах да ўсіх іншых прававых актаў. Усе законы і падзаконныя акты дзярж. органаў павінны выдавацца на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. У выпадку разыходжання якога-небудзь нарматыўнага акта з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 праведзены рэферэндум, на які былі вынесены 2 праекты абноўленай Канстытуцыі. За праект, прапанаваны Прэзідэнтам, прагаласавала 5 175 664 чал., або 70,5%, за праект Вярх. Савета — 582 437 чал., або 7,9% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. На падставе вынікаў усенар. галасавання ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні (замацаванне прынцыпу вяршэнства права, разнастайнасці форм уласнасці, паліт. плюралізму, пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж Прэзідэнтам, Парламентам і Урадам, суд. абарона грамадзянінам сваіх правоў і свабод, прызнанне прыярытэту прынцыпаў і норм міжнар. права і інш.). Канстытуцыя складаецца з прэамбулы і 9 раздзелаў, якія змяшчаюць 8 глаў і 146 артыкулаў.
У прэамбуле ў канцэнтраванай форме сфармуляваны асн. ідэі і прынцыпы, якімі павінны кіравацца народ і ўлада ў працэсе дзярж. будаўніцтва і грамадскага развіцця: адказнасць за цяперашні стан і будучыню Беларусі, усведамленне сябе паўнапраўным суб’ектам сусв. супольніцтва, неад’емнае права на самавызначэнне, апора на шматвяковую гісторыю развіцця бел. дзяржаўнасці, зацвярджэнне правоў і свабод кожнага грамадзяніна, забеспячэнне грамадз. згоды і непахісных устояў народаўладдзя і прававой дзяржавы.
Раздзел I «Асновы канстытуцыйнага ладу» абвяшчае, што адзінай крыніцай дзярж. улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ, а чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю, мэтай дзяржавы і грамадства. Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр.сац. прававая дзяржава, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі. Замацоўвае прынцыпы раўнапраўнага існавання дзярж. і прыватнай уласнасці; ажыццяўлення дэмакратыі на аснове разнастайнасці паліт. інстытутаў, ідэалогій і поглядаў, дзейнасці паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў, падзелу дзярж. улады на заканад., выканаўчую і судовую; роўнасці перад законам усіх сац., нац. і іншых супольнасцей, рэлігій і веравызнанняў, дзяржаўнасці бел. і рус. моў.
Раздзел II «Асоба, грамадства, дзяржава» замацоўвае асабістыя, паліт., сац.-эканам. і культ. правы і свабоды грамадзян. права на годны ўзровень жыцця, на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў; права на жыццё, свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы; права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё, свабоду перамяшчэння і выбару месца жыхарства; права на самаст. вызначэнне сваіх адносін да рэлігіі, раўнапраўе жанчын і мужчын ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства; свабоду поглядаў і перакананняў, сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў і дэманстрацый; свабоду аб’яднанняў, права ўласнасці, на ўдзел у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы, на працу, на адпачынак, на ахову здароўя, сац. забеспячэнне, на жыллё, на адукацыю, на захаванне сваёй нац. прыналежнасці і карыстанне роднай мовай, на ўдзел у культ. жыцці, на суд. абарону, юрыд. дапамогу. Вызначае абавязкі грамадзян і кожнага чалавека: выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, законы і паважаць нац. традыцыі, годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых асоб, берагчы гісторыка-культ., духоўную спадчыну і інш.нац. каштоўнасці; ахоўваць прыроднае асяроддзе, абараняць Айчыну, праходзіць вайсковую службу. Вызначае адказнасць дзяржавы перад грамадствам і асобай; яе абавязак забяспечыць матэрыяльныя гарантыі і магчымасці для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян.
Раздзел III «Выбарчая сістэма. Рэферэндум» замацоўвае асн. прынцыпы выбарчай сістэмы: усеагульнае, свабоднае, роўнае і прамое выбарчае права пры тайным галасаванні; забяспечвае права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты за грамадскімі аб’яднаннямі, прац. калектывамі і грамадзянамі; вызначае падставы і парадак адклікання дэпутатаў, парадак правядзення рэсп. і мясц. рэферэндумаў, адмены або змены прынятых імі рашэнняў.
Раздзел IV «Прэзідэнт, Парламент, Урад, суд» вызначае статус і паўнамоцтвы Прэзідэнта; парадак фарміравання, склад, кампетэнцыю, формы і метады дзейнасці органаў дзярж. улады і кіравання. Устанаўлівае, што Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Прадстаўнічым і заканад. органам з’яўляецца Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца цэнтр. органам дзярж. кіравання. Устанаўлівае структуру суд. улады і прынцыпы ажыццяўлення правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь, кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве, парадак фарміравання і дзейнасці Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь.
Раздзел V «Мясцовае кіраванне і самакіраванне» вызначае кампетэнцыю, парадак стварэння і дзейнасці органаў мясц. кіравання і самакіравання (мясц. Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў, органаў мясц. грамадскага самакіравання і інш.), назначэння кіраўнікоў мясц. выканаўчых і распарадчых органаў.
Раздзел VI «Пракуратура. Камітэт дзяржаўнага кантролю» змяшчае нормы, якія рэгламентуюць дзейнасць органаў пракурорскага нагляду і дзярж. кантролю, устанаўлівае парадак назначэння Ген. пракурора і ніжэйстаячых пракурораў, утварэння Камітэта дзярж. кантролю.
Раздзел VII «Фінансава-крэдытная сістэма Рэспублікі Беларусь» устанаўлівае, што на тэр. Беларусі праводзіцца адзіная бюджэтна-фін., падатковая, грашова-крэдытная і валютная палітыка. Фін.-крэдытная сістэма ўключае бюджэтную сістэму (рэсп. і мясц. бюджэты), банкаўскую сістэму (Нац. банк і інш. банкі), а таксама фін. сродкі пазабюджэтных фондаў, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадзян. Вызначае парадак фарміравання даходаў бюджэту, ажыццяўлення агульнадзярж. расходаў, складання, зацвярджэння і выканання бюджэтаў і дзярж. пазабюджэтных фондаў.
Раздзел VIII «Дзеянне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і парадак яе змянення» вызначае, што Канстытуцыя можа быць зменена рашэннем, прынятым большасцю не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат Парламента. Змяненні і дапаўненні Канстытуцыі могуць быць праведзены праз рэферэндум, калі за іх прагаласавала большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання. Раздзелы I, II, IV, VIII Канстытуцыі могуць быць зменены толькі шляхам рэферэндуму.
Раздзел IX «Заключныя і пераходныя палажэнні» вызначае парадак уступлення ў сілу Канстытуцыі, утварэння і фарміравання прадугледжаных у ёй дзярж. органаў. Устанаўлівае, што законы, указы і інш. акты, што дзейнічалі на тэр. Рэспублікі Беларусь да ўвядзення ў дзеянне гэтай Канстытуцыі, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі.
Кр.:
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь: 1994 г.: (са змяненнямі і дапаўненнямі): Прынята на рэсп. рэферэндуме 24 лістап. 1996 г.Мн., 1997.
Літ.:
Богданович П.Л., Подупейка А.А. Республика Беларусь — унитарное демократическое социальное правовое государство. Мн., 1998;
Василевич Г.А. Конституция Республики Беларусь: (Научно-практ. коммент.). Мн., 2000;
Яго ж. Конституционное право Республики Беларусь. Мн., 2002;
Круглов В.А. Основы права Республики Беларусь. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
адзі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Рмн. ‑нак; ж.
1. Першы, найменшы цэлы лік, а таксама яго лічбавы знак «1». //толькімн. (адзі́нкі, ‑нак). Апошняя лічба ў мнагазначных ліках. Двухзначны лік складаецца з адзінак і дзесяткаў.
2. Самая нізкая адзнака паспяховасці ў пяцібальнай сістэме, якая азначае: «вельмі дрэнна».
3. У спалучэнні з назоўнікамі або прыметнікамі азначае велічыню, якая прынята для вымярэння аднародных велічынь. Адзінка вымярэння. Грашовая адзінка. Адзінка даўжыні. Кармавая адзінка. Адзінка паскарэння. Сістэма адзінак.
4. Кожная асобная істота, прадмет, паасобнік. Аддзел рукапісаў сабраў каля 2000 адзінак рукапісных твораў.«Беларусь».// Службовае месца ў штатным раскладзе якой‑н. установы, арганізацыі. Штатная адзінка. Вакантная адзінка.//толькімн. (адзі́нкі, ‑нак). Мала хто; паасобныя. З вялікай групы экскурсантаў толькі адзінкі дасягнулі вяршыні гары.
5.звычайназазначэннем. Самастойная частка нечага цэлага. Адміністрацыйная адзінка. Гаспадарчая адзінка. Баявая адзінка.
6. Асобны чалавек; асоба, індывідуум. Гераізм савецкіх людзей — не якасць выключных адзінак, а масавая з’ява, уласцівасць усяго народу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хадавы́, ‑ая, ‑ое.
1.Спец. Які мае адносіны да ходу (у 1 знач.); звязаны з рухам, перамяшчэннем. Хадавая сістэма аўтамабіля. □ Такую машыну Дзмітрый вёў упершыню. І ўжо на першых кіламетрах ацаніў яе хадавыя якасці.Беразняк.// Патрэбны для праходжання якой‑н. адлегласці (пра час). Хадавыя гадзіны карабля.// Звязаны з кіраваннем судна ў час яго руху. Хадавая рубка. Хадавы мосцік.
2. Які знаходзіцца на хаду, у эксплуатацыі. Хадавы транспарт. Хадавыя машыны.
3.Спец. Рухомы, не замацаваны ў пэўным месцы. Хадавы вал. Хадавое крыло невада.
4.Разм. Які мае вялікі попыт. Хадавы тавар. Хадавыя размеры абутку.// Шырока вядомы, пашыраны; які часта выкарыстоўваецца. Хадавая тэма. Хадавыя выразы. □ У крытыцы ёсць некалькі хадавых схем, якія лёгка прыкладаюцца да пейзажу любога твора.Шкраба.
5.Разм. Які многа дзе бываў, ведае справу. [Андрэй:] — Агапа жанчына хадавая, трэба ў яе запытаць.Чарнышэвіч.
6.Спец. Звязаны з перамяшчэннем у пэўны перыяд у пэўным кірунку. Хадавая рыба. Хадавы алень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МАНГО́ЛА-ТАТА́РСКАЯ НЯВО́ЛЯ НА РУСІ́,
сістэма панавання манг.-тат. ханаў на землях паўн.-ўсх. і паўд.-зах. Русі ў 13—15 ст. Устаноўлена ў выніку заваявання гэтых зямель манг. ханам Батыем у 1237—40 (гл.Мангольскія заваяванні). Да пач. 1260-х г. Русь знаходзілася пад уладай вял.манг. ханаў, потым — ханаў Залатой Арды. Рус. княствы не ўваходзілі непасрэдна ў склад Мангольскай імперыі, захоўвалі мясц. княжацкую адміністрацыю, на тэр. княстваў не было пастаяннага манг. войска. У падпарадкаванні яны трымаліся пры дапамозе манг. пасланнікаў і рус. князёў, якія атрымлівалі ярлыкі на ўладанне (за выключэннем Кіева і некаторых інш. зямель паўд.-зах. Русі, дзе да сярэдзіны 14 ст. ўлада непасрэдна належала манг.баскакам і мясц. адміністрацыі). Баскакі і інш.спец. паслы з войскамі і вял. паўнамоцтвамі праводзілі збор даніны, у т. л. надзвычайныя зборы. Вядома 14 відаў ардынскіх павіннасцей, з якіх гал. былі «выхад», або «царская даніна» — падатак непасрэдна для манг. хана, гандл. зборы («мыт», «тамха»), фурманачныя павіннасці, утрыманне ханскіх паслоў, розныя «дары» хану, яго родзічам і г.д. Штогадовы «маскоўскі выхад» складаў 5—7 тыс.руб. серабром, «наўгародскі выхад» — 1,5 тыс. Перыядычна збіраліся вял. «запыты» на ваен. і інш. патрэбы. Для вызначэння колькасці плацельшчыкаў даніны ў 1245, 1257—59 і ў 1270-я г. мангола-татары праводзілі перапісы насельніцтва Русі. Ад даніны было вызвалена духавенства. Рус. князі абавязваліся паводле загаду хана пасылаць воінаў для ўдзелу ў ваен. паходах. Каб трымаць насельніцтва рус. зямель у пакорнасці, мангола-татары рабілі шматлікія карныя паходы, якія суправаджаліся масавымі забойствамі і забраннем тысяч людзей у няволю. У 1262 абавязак збору даніны даручаны самім мясц. князям, што паспрыяла ўмацаванню іх паліт. і ваен. ўлады. Маскоўскі кн.Іван I Данілавіч Каліта [1325—40] дамогся права збіраць «выхад» з усіх зямель паўн.-ўсх. Русі. Гасп. аднаўленне гэтых і інш. зямель Русі і заняпад Залатой Арды (з 2-й пал. 14 ст.) спрыялі актывізацыі барацьбы супраць манг.-тат. няволі. У паўд.-зах. частцы Русі з сярэдзіны 14 ст. паступова ўмацоўвалася ўлада ВКЛ. Бітва каля Сініх Вод 1362 стала гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на землі, падпарадкаваныя мангола-татарам, і іх вызваленні ад ардынскага прыгнёту (пра адносіны паміж ВКЛ і мангола-татарамі гл. ў арт.Залатая Арда). Кулікоўская бітва 1380 значна аслабіла панаванне манг.-тат. ханаў у паўн.-ўсх. Русі, аднак у 1382 яно было адноўлена пасля спусташальнага паходу на Маскву хана Тахтамыша. Маскоўскі кн.Васіль I Дзмітрыевіч [1389—1425] упершыню атрымаў вял. княжанне без ханскага ярлыка як сваю «вотчыну». Пры ім манг.-тат. няволя мела фармальны характар: даніна выплачвалася нерэгулярна, рус. князі праводзілі ў значнай ступені самаст. палітыку. У 1476 вял. маскоўскі кн.Іван III Васілевіч [1462—1505] адмовіўся плаціць даніну, у 1480 спыніў на р. Угра карны паход на Маскву хана Ахмеда; у выніку рус. землі канчаткова вызваліліся ад манг.-тат. няволі.
Аб уплыве манг.-тат. панавання на гісторыю рус. і інш. народаў Усх. Еўропы існуюць розныя погляды. Адны гісторыкі адводзілі яму вырашальную ролю ва ўтварэнні Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (М.М.Карамзін, М.І.Кастамараў), другія (С.М.Салаўёў, В.В.Ключэўскі) адстойвалі канцэпцыю ўзнікнення дзяржаўнасці на Русі ў выніку «ўнутранага развіцця» і адмаўлялі колькі-небудзь значны ўплыў мангола-татар на рас. дзяржаўнасць. Асаблівасці манг.-тат. няволі на землях паўд.-зах. Русі, а таксама ўзаемаадносіны ВКЛ і мангола-татар даследавалі ўкр. гісторыкі У.Б.Антановіч, А.С. і М.С. Грушэўскія і інш.Сістэмаманг.-тат. панавання на Русі вывучалася ў сав. гістарыяграфіі. М.М.Ціхаміраў раскрыў ролю Масквы ў аб’яднанні рус. народа і барацьбе з мангола-татарамі. Л.У.Чарапнін паказаў, што Рус. цэнтралізаваная дзяржава ўтварылася ў працэсе барацьбы з манг.-тат. заваёўнікамі. Л.М.Гумілёў і М.Ф.Фларынскі даказвалі прагрэс. значэнне манг.-тат. панавання на Русі. А.М.Насонаў даследаваў гісторыю Тураўскай і Берасцейскай зямель у час ардынскага прыгнёту. Значная ўвага пытанню аб узаемаадносінах ВКЛ з мангола-татарамі аддадзена ў працах бел. гісторыкаў М.В.Доўнара-Запольскага, В.Л.Насевіча і інш.
Літ.:
Алексеев Ю.Г. Освобождение Руси от ордынского ига. Л., 1989;
Егоров В.Л. Золотая Орда: мифы и реальность. М., 1990;
Грушевський М.С. Нарис історії Київської землі від смерті Ярослава до кінця XIV сторіччя. Київ, 1991;
Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 5—6. М., 1993;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАЗНАЎСТВА
Першыя спробы абагульніць вопыт бел. кінамастацтва зроблены ў пач. 1930-х г. у бел.перыяд. друку. Мэтанакіраванае даследаванне праблем кіно пачалося пасля арганізацыі ў 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі сектара тэатра, кіно і музыкі (з 1977 сектар кіна- і тэлемастацтва). У 1960-я г. ў «Весцях АНБССР» і зб-ках «Беларускае мастацтва» (1957, 1962) апублікаваны артыкулы, прысвечаныя кінадраматургіі, аналізу экранізацый твораў бел. літаратуры. Розныя аспекты адлюстравання ў кіно мінулага і сучаснасці асвятляліся ў зб. артыкулаў «Праблемы сучаснага беларускага мастацтва» (1968). Першая абагульняльная праца па гісторыі нац. кінамастацтва — «Беларускае кіно» А.Красінскага, В.Смаля, Г.Тарасевіча (1962). Асн. этапы развіцця і станаўлення кінамастацтва Беларусі асветлены ў калектыўнай працы «Гісторыя беларускага кіно» (ч. 1—2, 1969—70; аўтары А.Красінскі, В.Нячай, Г.Падбярэзскі, Г.Ратнікаў, В.Смаль), раздзелах пра бел. кінематаграфію ў «Гісторыі савецкага кіно» (т. 1—4, 1969—78; аўтары А.Красінскі, В.Смаль, Г.Тарасевіч), 4-томнай «Гісторыі кінамастацтва Беларусі» (т. 1—3, 2001—04; аўтары А.Красінскі, В.Нячай, Н.Агафонава, А.Карпілава, В.Мядзведзева, Г.Ратнікаў). Асаблівасці экраннай публіцыстыкі даследаваліся ў кнігах «Нарыс на экране» Е.Бондаравай і Л.Шылавай (1969), «Тэлебачанне: Хроніка, дакумент, вобраз» Н.Фральцовай (1977), «Актыўны экран» С.Міхайлавай (1979), «Кінадакумент і вобраз часу» А.Красінскага (1980). З пач. 1970-х г. выдаюцца манаграфіі, прысвечаныя дзеячам бел. кіно: «Юрый Тарыч» (1971), «Беларускія акцёры ў кіно» (1973) А.Красінскага, «Кінастужка даўжынёю з жыццё» (1980, пра У.Корш-Сабліна), «Ад сэрца — да сэрца» (2001, пра В.Турава) Е.Бондаравай, «Ад споведзі да эпаса» Л.Паўлючыка (1985, пра В.Турава) і інш. Творчасць рэжысёраў, аператараў, акцёраў і мастакоў, здабыткі і праблемы кінамастацтва і кінакрытыкі асэнсоўваліся ў калектыўных зб-ках «Кіно Савецкай Беларусі» (1975), «Сучаснае беларускае кіно» (1985), манаграфіях «У кадры і за кадрам» (1973), «Час, экран, крытыка» (1975), «Экран у розных вымярэннях» (1983) Е.Бондаравай, «Экран зямлі беларускай» (1973), «Фільмы, героі, час» (1975), «Кіно: ігравое плюс дакументальнае» (1987) А.Красінскага. Фактаграфічны матэрыял прадстаўлены ў кнігах В.Смаля «На экране — герой і народ» (1974, пра гісторыка-рэвалюцыйныя кінатворы), «Чалавек. Вайна. Подзвіг» (1979, тэма Вял.Айч. вайны), «Скрозь прызму дзесяцігоддзяў» (1980, палітыка кампартыі Беларусі ў галіне кіно ў 1920—30-я г.) і інш. Спецыфіцы тэлекіно, праблемам яго мастацкага развіцця прысвечаны даследаванні В.Нячай: «Экран і мы» (1971), «Фільм у нас дома» (1974), «Станаўленне мастацкага тэлефільма» (1976), «Вялікі свет малога экрана» (1979), «Тэлебачанне як мастацкая сістэма» (1981), «Ракурсы. Аб тэлевізійнай камунікацыі і эстэтыцы» (1990) і інш. У манаграфіі «Жанравая прырода фільма» Г.Ратнікава (1990) прааналізавана сістэма жанраў кінематографа ў сувязі з яго спецыфікай і псіхал. зместам. Гісторыка-тэарэтычныя праблемы эстэтыкі кіно раскрыты ў манаграфіях «Асновы кінамастацтва» В.Нячай і Г.Ратнікава (3-е выд., 1985), «Асновы кінамастацтва» В.Нячай (1989), «Мастацтва кіно: этапы, стылі, майстры» Н.Агафонавай (2001). Пытанні ментальнасці беларусаў, адлюстраванай у экраннай культуры, даследаваны В.Нячай і Г.Ратнікавым (зб. «Славянскія культуры пасля другой сусветнай вайны», 1996). Цесныя ўзаемасувязі бел. кіно з літаратурай асветлены ў манаграфіі Е.Бондаравай «Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране» (1993), публікацыях В.Нячай і Г.Ратнікава ў зб-ках «Пушкін — Беларуская культура — Сучаснасць» (1999), «Янка Купала і Якуб Колас у кантэксце славянскіх літаратур» (2002). Мемуары кінарэжысёраў асвятляюць этапы кінапрацэсу: «Жыццё і праца артыста» У.Гардзіна (1960), «Закадравыя гісторыі фільма «Уся каралеўская раць» У.Арлова (2002), «Міхаіл Пташук: Споведзь кінарэжысёра. Сцэнарый мастацкага фільма. Публікацыі. Успаміны» (2004). Выдадзены даведнікі-каталогі «Усе беларускія фільмы (ігравое кіно)» (т. 1—2, 1996—2000, склад. І.Аўдзееў, Л.Зайцава), «Беларуская культура і кіно: Тэматычны каталог беларускіх дакументальных фільмаў» (2002, навук.рэд. В.Нячай), «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотадакументаў: Даведнік. Ч. 1. Кінадакументы» (2002, аўтар-склад. С.Жумар). Актуальныя праблемы кіно асвятляюцца ў час. «На экранах», «Мастацтва», «Роднае слова», у артыкулах Е.Бондаравай, А.Красінскага, В.Нячай, Н.Агафонавай, І.Аўдзеева, А.Бабковай, Л.Зайцавай, А.Карпілавай, В.Мядзведзевай, Г.Ратнікава, Л.Саянковай, І.Смірновай, Н.Сцяжко і інш.
Літ.:
Экран і культура: Беларускае кіно і тэлебачанне ў сістэме маст. культуры. Мн., 1988;
Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка. Мн., 1998;
Беларускае дакументальнае кіно і культура Беларусі. Мн., 1999;
Белорусское кино: Молодые режиссеры. Мн., 1999;
Белорусское игровое кино на пороге XXI в. Мн., 2000;
Концепция развития белорусского кино: Сб. ст. науч.-практ. конф. Мн., 2001;
Сучасныя тэндэнцыі літаратурна-мастацкай крытыкі: Тэорыя, практ. вопыт. Мн., 2002;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА КАНГРЭ́СА (The Library of Congress) у Вашынгтоне, нацыянальная бібліятэка ЗША. Адна з буйнейшых б-к свету. Засн. 24.4.1800 як даведачная для патрэб кангрэса, паступова ператварылася ў нац.ін-т. Пасля 2-й сусв. вайны буйная універсальная бібліятэчна-інфарм.сістэма, у складзе якой: заканад.б-ка і гал. даследчы цэнтр кангрэса ЗША; публічная б-ка; урадавая для абслугоўвання выканаўчых і суд. органаў; агенцтва па аўтарскім праве; цэнтр нац. бібліяграфіі; міжнар.ін-т (збірае даследчыя матэрыялы на больш як 400 мовах, мае 7 замежных агенцтваў); нац. цэнтр бібліятэчнага абслугоўвання сляпых і інвалідаў (выдала больш за 2 млн. кніг па сістэме Брайля і гуказапісаў для сляпых). Агульны фонд (на 1.1.1992) 90 млн.экз. кніжных выданняў, у т. л. 36 млн. рукапісаў, 4 млн. картаў і атласаў, 7 млн. адзінак муз. матэрыялаў, 10 млн. гравюр і фотакартак, 500 тыс. гукавых запісаў, больш за 400 тыс. бабін кінаплёнкі і каля 3 млн. мікрафільмаў. У яе фондах захоўваюцца матэрыялы на 470 мовах народаў свету; каштоўная калекцыя інкунабулаў, кніжныя зборы некаторых прэзідэнтаў ЗША, калекцыі кіт., яп., араб. л-ры, збор рус. л-ры на аснове б-кі краснаярскага купца Г.Юдзіна (прададзена ім у ЗША у 1907; 80 тыс. тамоў); больш за 1700 мініяцюрных выданняў і спец. калекцый, у т. л. самая малая кніга ў свеце «Мураш» (1,4 мм²), «Біблія» І.Гутэнберга, 5 скрыпак Страдывары і інш. У штаце б-кі 5 тыс.чал. Працуюць 22 залы, размешчаныя ў 3 спец. будынках побач з Капітоліем ЗША. Штогод абслугоўвае каля 2,5 млн. чытачоў. Пошук матэрыялаў ажыццяўляецца ў камп’ютэрным рэжыме, захаваны і гал. традыцыйны картачны каталог. У сярэдзіне 1960-х г. створаны фармат МАРК для падачы бібліягр. звестак у машыначытальнай форме. Выдае «Нацыянальны зводны каталог» кніг і інш. зводныя каталогі з указаннем месцазнаходжання кніг на славянскіх, яп. і кіт. мовах, іўрыце.
Літ.:
Библиотека и библиотечное дело США: комплексный подход. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛГЕБРА ЛО́ГІКІ,
раздзел матэматычнай логікі, які вывучае логікавыя аперацыі над выказваннямі. Заснавальнік — англ. матэматык Дж.Буль (1815—64). Алгебра логікі разглядае выказванні толькі з пункту гледжання іх праўдзівасці (пазначаюць лічбамі 1 — праўдзівасць і 0 — ілжывасць). Логікавыя аперацыі над выказваннямі даюць магчымасць будаваць новыя выказванні. Праўдзіваснае значэнне такога выказвання A (a1, ..., an), атрыманага пры дапамозе логікавых аперацый з прасцейшых выказванняў a1, ..., an, адназначна выяўляецца праўдзіваснымі значэннямі зыходных выказванняў a1, ..., an. Таму кожнаму такому выказванню A (a1, ..., an) адпавядае n-ме́сцавая функцыя, якая прымае значэнні 0,1, аргументы яе таксама прымаюць гэтыя значэнні. Такія функцыі наз. функцыямі алгебры логікі, ці булевымі, функцыямі. Яны могуць быць зададзеныя з дапамогай праўдзівасных табліц, якія маюць 2n радкоў.
Логікавыя аперацыі: кан’юнкцыя &, дыз’юнкцыя ⋁, адмаўленне ¬, імплікацыя ⇒, эквіваленцыя ⇔ — могуць быць зададзеныя з дапамогай праўдзівасных табліц. Замест ¬x часам пішуць . Ужываецца заданне функцый алгебры логікі і з дапамогай формул у мове, у якой ёсць пераменныя x, y, z... і сімвалы некаторых канкрэтных функцый. Найбольш ужывальная мова, якая мае логікавыя сімвалы &, ⋁, ¬, ⇒, ⇔. Кожнай формуле гэтай мовы адпавядае нейкая функцыя алгебры логікі, значэнне (0,1) якой пры дадзеных значэннях пераменных (0,1) знаходзіцца ў адпаведнасці з аперацыямі, з якіх пабудавана дадзеная формула. Такая функцыя рэалізуе дадзеную формулу. Формулы A і B наз. роўнымі (раўназначнымі), калі адпаведныя ім функцыі роўныя, г.зн. калі супадаюць іх праўдзівасныя табліцы. Азначэнне A=B ці A≡B, A~B, калі кажуць пра іх раўназначнасць. Важную ролю ў алгебры логікі маюць роўнасці, якія задаюць булеву алгебру.
Кожная функцыя алгебры логікі можа быць рэалізаваная нейкай формулай мовы з логікавымі сімваламі &, ⋁, ¬. Асаблівую ролю ў алгебры логікі адыгрываюць дыз’юнктыўныя і кан’юнктыўныя нармальныя формы, якія маюць вял. прыкладное значэнне. Сістэма функцый Ф. наз. функцыянальна поўнай, калі адвольная функцыя алгебры логікі можа быць рэалізаваная формулай, якая мае толькі сімвалы функцый з Ф. Напр., сістэмы функцый {&, ⋁, ¬}, {&, ¬}, {⋁, ¬}, {⇒, ¬}, {x | y}, {x ↓ y} функцыянальна поўныя (тут
,
, якія наз. штрыхам Шэфера і стрэлкай Пірса адпаведна).
Алгебра логікі мае шмат дадаткаў, асабліва ў тэорыі эл. схем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІ́ЙСКІ РУХ,
міжнародны грамадскі рух, накіраваны на прапаганду і развіццё спорту праз падрыхтоўку і арганізацыю Алімпійскіх гульняў. Аб’ядноўвае мільёны людзей незалежна ад паліт. і рэліг. перакананняў, расавай прыналежнасці на прынцыпах раўнапраўя, дэмакратыі і ўзаемнай павагі. Асн. мэты і прынцыпы алімпійскага руху выкладзены ў Алімпійскай хартыі. Арганізац. аснова алімпійскага руху — Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), Нацыянальныя алімпійскія камітэты (НАК) і іх кантынентальныя аб’яднанні (Асацыяцыя нац. алімпійскіх к-таў, Алімпійскі Савет Азіі, Асацыяцыя еўрап.нац. алімпійскіх к-таў і інш.), арганізац. к-ты Алімпійскіх гульняў, міжнар. і нац. федэрацыі па алімпійскіх відах спорту. Важную ролю ў развіцці алімпійскага руху адыгрываюць алімпійскія кангрэсы, сесіі МАК, дзейнасць яго спецыялізаваных камісій і інстытутаў, а таксама розных міжнар.спарт. арг-цый (Трыбунал спарт. арбітражу, Вярх. Саветміжнар.спарт. арбітражу, Міжнар. алімпійская асацыяцыя даследаванняў у спарт. медыцыне і інш.). Алімпійскі рух мае свае традыцыі, рытуалы, алімпійскую сімволіку.
Гісторыя сучаснага алімпійскага руху пачынаецца з канца 19 ст. Па ініцыятыве франц. педагога, гісторыка і грамадскага дзеяча П. дэ Кубертэна ў 1894 у Парыжы адбыўся I Міжнар.спарт. (алімпійскі) кангрэс, які прыняў рашэнне аднавіць на сучаснай аснове Алімпійскія гульні. Праграмныя і арганізац. асновы алімпійскага руху, распрацаваныя Кубертэнам і яго паплечнікамі, удасканальваліся на працягу наступных дзесяцігоддзяў.
Розныя праграмы МАК па каардынацыі дзейнасці нац. алімпійскіх к-таў прадугледжваюць дапамогу ім у развіцці алімпійскага руху ў сваіх краінах (асн. з іх — праграма «Алімпійская салідарнасць»). Дзейнічаюць Міжнар. алімпійская акадэмія (засн. ў 1961 у Алімпіі, рыхтуе спецыялістаў вышэйшага класа ў розных галінах спорту), Алімпійскі музей (засн. ў 1993 у Лазане, Швейцарыя), Міжнар. алімпійская федэрацыя філатэлістаў (з 1982). Існуе сістэма алімпійскіх узнагарод — медалі для пераможцаў і прызёраў гульняў, Алімпійскі кубак і Алімпійскі ордэн (прысуджаюцца за асаблівыя заслугі ў развіцці алімпійскага руху) і інш. У сістэме алімпійскага руху вылучаюцца рэгіянальныя спарт. спаборніцтвы пад патранажам МАК (Азіяцкія, Афрыканскія, Панамерыканскія і інш. гульні), спаборніцтвы, што наладжваюцца пасля Алімпійскіх гульняў у алімпійскім горадзе для спартсменаў-інвалідаў (гл.Параалімпійскія гульні). На Беларусі алімпійскім рухам кіруе Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.
Літ.:
Le mouvement olympique = The olympie movement. Lausanne, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЭ́НА (ад лац. antenna рэя),
прыстасаванне для выпрамянення і прыёму электрамагнітных хваляў, адзін з асн. элементаў ліній радыёсувязі. Перадавальная антэна пераўтварае энергію эл.-магн. ваганняў, засяроджаную ў выхадных вагальных ланцугах радыёперадатчыка, у энергію радыёхваляў. Прыёмная антэна выконвае адваротнае пераўтварэнне энергіі радыёхваляў у энергію ВЧ-ваганняў і аддзяляе карысны сігнал ад перашкод. У большасці перадавальных антэн інтэнсіўнасць выпрамянення залежыць ад напрамку (накіраванасць выпрамянення), што павышае напружанасць эл.-магн. хвалі ў бок найб. выпрамянення (раўназначная эфекту, выкліканаму павышэннем выпрамяняльнай магутнасці); вызначаецца каэфіцыентам накіраванага дзеяння (КНДз). Залежнасць напружанасці эл. поля ад напрамку назірання графічна адлюстроўваецца дыяграмай накіраванасці (ДН). Звычайна ДН мае многапялёсткавы характар (вынік інтэрферэнцыі выпрамянення ад асобных элементаў антэны); адрозніваюць гал. пялёстак і бакавыя. Чым большыя памеры антэны ў параўнанні з даўжынёй хвалі, тым вузейшы гал. пялёстак, большы яго КНДз і большая колькасць бакавых пялёсткаў. Асн. характарыстыкі антэны (ДН, КНДз і ўваходнае супраціўленне, што характарызуе ўзгадненне антэны з лініяй перадачы) аднолькавыя ў рэжымах перадачы і прыёму. Паводле канструкцыі і прынцыпу работы антэны бываюць: бягучай хвалі антэна, дыяпазонная антэна, рамачная антэна, хваляводна-рупарная антэна, люстраная антэна, вібратарная, шчылінная, лінзавая, антэнная рашотка і інш.
Вібратарная антэна — праваднік даўжынёй L = 0,5λ, дзе λ — даўж. хвалі; КНДз=1,64, для яго павелічэння звычайна выкарыстоўваюць многавібратарныя антэны (гл.Тэлевізійная антэна), выкарыстоўваюць ва ўсіх дыяпазонах радыёхваляў. Шчылінная антэна — метал. экран з прамавугольнымі адтулінамі; выкарыстоўваюць у дыяпазоне ЗВЧ. Лінзавая антэна складаецца з абпрамяняльніка (вібратарная, шчылінная або інш. антэны) і дыэлектрычнай лінзы, якая факусіруе хвалю ў вузкі прамень; КНДз да 104; выкарыстоўваецца ў радыёлакацыйных і вымяральных устаноўках. Антэнная рашотка — сістэма слабанакіраваных антэн, якія ў рэжыме перадачы далучаюцца да агульнага генератара праз сістэму размеркавання магутнасці, у рэжыме прыёму — да агульнага прыёмніка; КНДз прыблізна роўны здабытку КНДз асобнага выпрамяняльніка і іх колькасці. Асаблівасць — магчымасць павароту ДН адносна самой рашоткі (эл. сканіраванне), што дасягаецца зменай рознасці фазаў паміж суседнімі выпрамяняльнікамі з дапамогай спец. фазавярчальнікаў па камандах ЭВМ.
А.А.Юрцаў.
Антэна лінзавая і яе дыяграмы накіраванасці (ДН).Антэна вібратарная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГА́Н (ад грэч. organon прылада, інструмент),
клавішна-духавы муз. інструмент.
Складаецца з мноства трубаў (металічных і драўляных, лабіяльных і язычковых, адкрытых і закрытых) розных памераў і формаў, кожная з якіх дае гук пэўнай вышыні і тэмбру, паветранагнятальнага механізма (мяхі, паветраправоды), апарата кіравання — кафедры, дзе размешчаны клавіятуры для рук (2—7 мануалаў) і ног (1—2 педалі), дапаможныя прыстасаванні (кнопкі, рычагі, рэгістравыя ручкі); сістэма перадачы (трактура) — электрамеханічная (пры ёй кафедра можа перамяшчацца на эстрадзе). Групы трубаў аднаго тэмбру, але рознай вышыні гучання ўтвараюць рэгістры. З-за вял. памераў, шырокага гукавога дыяпазону, багацця тэмбраў і іх спалучэнняў арган наз. «каралём інструментаў».
Вадзяны арган (гідраўлас) вядомы з 3 ст. да н. э. З 4 ст. ў Візантыі выкарыстоўваўся як свецкі інструмент, з 8 ст. паявіўся ў Зах. Еўропе, дзе ўведзены ў каталіцкія храмы. Росквіт арганнага мастацтва (16—18 ст.) звязаны з развіццём арганабудаўніцтва (сярод вядомых майстроў А.Шнітгер, сем’і Каспарыні, Зільберманаў), узнікненнем арганных школ у Італіі, Францыі, Іспаніі, Нідэрландах, Германіі, дзейнасцю кампазітараў і выканаўцаў (А. і Дж.Габрыелі, Дж.Фрэскабальдзі, Ф.Куперэн, І.Пахельбель, І.С.Бах). У 19—20 ст. для аргана пісалі Ф.Ліст, М.Рэгер, П.Хіндэміт, А.Месіян, у Расіі С.Танееў, Ф. і А.Гедыке, Р.Шчадрын і інш. На Беларусі паяўленне аргана, дакументальна засведчанае ў пач. 16 ст., абумоўлена распаўсюджаннем каталіцкага веравызнання, буд-вам касцёлаў, правядзеннем службаў. Захаваліся арганы, багата дэкарыраваныя ў барочным і класіцыстычным стылях у касцёлах езуітаў і францысканцаў у Гродне, у в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на. Мясц. музыканты атрымлівалі адукацыю ў Варшаве, Вільні, Мінску (у 1871—97 існавала Мінскае вучылішча арганістаў). У 2-й пал. 20 ст. арган і выканальніцтва на ім сталі прыкметнай з’явай свецкай муз. культуры рэспублікі. Арганы ўстаноўлены ў Бел. філармоніі (1963), у зале камернай музыкі Бел. філармоніі ў Троіцкім Залатагорскім касцёле (1983), у Полацкім Сафійскім саборы (1985). Сярод бел. арганістаў А.Янчанка, К.Шараў. Музыку для аргана пішуць бел. кампазітары А.Залётнеў, А.Навахрост, Л.Шлег і інш.
І.Дз.Назіма.
Арган у зале Беларускай філармоніі.Арган Праабражэнскага касцёла ў в. Новая Мыш Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл. 1762.