АРЦЫМО́ВІЧ (Леў Андрэевіч) (25.2.1909, Масква — 1.3.1973),
сав. фізік. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. з 1946), праф. (1947). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў БДУ (1928). З 1930 у фізіка-тэхн. ін-це, з 1944 у Ін-це атамнай энергіі, з 1957 акад.-сакратар Аддз. агульнай фізікі і астраноміі АНСССР. Навук. працы ў галіне атамнай і ядз. фізікі, электроннай оптыкі, фізікі плазмы. Даказаў выкананне закону захавання імпульсу пры анігіляцыі электрона і пазітрона, распрацаваў эл.-магн. метад раздзялення ізатопаў, упершыню атрымаў тэрмаядз. рэакцыю ва ўстойлівай квазістацыянарнай плазме (у сааўт.). Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэміі СССР 1953, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎСКІ (Арсен Георгіевіч) (21.5.1897, г. Шаўляй, Літва — 5.9.1989),
рускі перакладчык, літ.-знавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1973). Скончыў Вышэйшыя курсы пры Дзярж. ін-це гісторыі мастацтваў у Ленінградзе (1927). Друкаваўся з 1927. Пераклаў на рус. мову паэму П.Труса «Дзесяты падмурак» (1947), аповесці Я.Брыля «У Забалоцці днее» (1951), «На Быстранцы» (1956), «Сірочы хлеб» (1957), «У сям’і» (1958), раман «Птушкі і гнёзды» (1964), раманы І.Шамякіна «У добры час» (1953), «Крыніцы» (1959), «Сэрца на далоні» (1964), «Снежныя зімы» (1970), «Атланты і карыятыды» (1974) і цыкл аповесцяў «Трывожнае шчасце» (1960—70, з П.Кабзарэўскім), апавяданні Я.Коласа, Ц.Гартнага, п’есы К.Крапівы, творы інш. бел.пісьменнікаў.
Літ.:
Лиокумович Т. Переводчик с белорусского // Неман. 1977. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАМА́Н,
1) кіраўнік нерэгулярнага, незалежнага ад дзярж. улады вайск. атрада (часам шайкі разбойнікаў).
2) Вышэйшы начальнік казацкага войска — камандзір (вайсковы, наказны, паходны, кашавы атаман), начальнік казацкай адм.-тэр. адзінкі (аддзела, акружны, станічны, хутарскі атаман) або камандзір падраздзялення (куранны атаман). У Запарожскім казацкім войску існавалі кашавыя і куранныя атаманы, у Данскім — вайсковыя. На пач. 18 ст. атаман у Данскім войску назначаўся ўрадам, з 1723 ён наз. вайсковым наказным атаманам, з 1866 меў правы ген.-губернатара і камандуючага вайсковай акругай. Званне атамана адменена пасля Кастр.рэв. 1917. Адноўлена ў Расіі на пач. 1990-х г. у сувязі з адраджэннем казацкага руху.
3) У грамадз. вайну 1918—20 камандзір у часцях белай гвардыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НСКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма выхавання хлопчыкаў і юнакоў (дзяцей свабодных грамадзян) у Стараж. Афінах у 7—5 ст. да нашай эры. Мэта афінскага выхавання — дасягненне «гармоніі душы і цела» (інтэлектуальнага, маральнага, эстэт. і фіз. развіцця). Прадугледжвала выхаванне да 7 гадоў у сям’і пад кіраўніцтвам маці або мамкі, пазней — педагога; з 7 да 16 гадоў — навучанне ў прыватных мусічных школах чытанню, пісьму, лічэнню (школа граматыста), музыцы, спевам, дэкламацыі (школа кіфарыста), з 12 гадоў дадаткова — гімнастыцы (палестра); з 16 да 18 юнакі са знатных сем’яў вывучалі філасофію, л-ру, палітыку, фіз. ўдасканаленне праходзіла ў дзярж. гімназіі; з 18 да 20 праводзілася ваеннае навучанне і набывалася паліт. адукацыя ў эфебіі. Фізічная праца выключалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БАЧКІН (Барыс Андрэевіч) (18.1.1904, г. Саратаў — 17.7.1975),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1963). Герой Сац. Працы (1974). Праф. (1966). Вучыўся ў маскоўскай студыі «Маладыя майстры» (1920—21). У 1948—75 (з перапынкам) у Малым т-ры ў Маскве. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Яго творчасць вызначалі разнастайнасць фарбаў, тонкі, лірычны настрой. Сярод роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Самазванец («Барыс Гадуноў» А.Пушкіна), Улас («Дачнікі» М.Горкага) і Іванаў (аднайм. п’еса А.Чэхава, рэжысёр абодвух). Здымаўся ў кіно: Чапаеў (аднайм. фільм), Андрэй («Сяброўкі»), у т. л. на кінастудыі «Савецкая Беларусь»: Мікуліч («Вяртанне Нейтана Бекера»), Дубовік («Двойчы народжаны»), Макар Бобрык («Першы ўзвод»). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1951, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕ́ЛАЯ РУСЬ»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 19.2(4.3) да 20.6(3.7).1906 у Вільні на рус. мове. Выступала за пануючае становішча ў Паўн.-Зах. краі «рускага насельніцтва», да якога адносіла таксама беларусаў і ўкраінцаў, адмаўляла іх нац. і культ. самастойнасць. Агітавала за выданне «тайных газет на мясцовай гаворцы» і ўвядзенне бел. мовы ў праграму пач. школы для «барацьбы з паланізацыяй краю». З мэтай выхавання вялікадзярж. «патрыятычных пачуццяў» спрабавала выкарыстоўваць спадчыну Ф.Скарыны, В.Цяпінскага і інш. дзеячаў бел. культуры, адмаўляючы пры гэтым іх бел. самабытнасць. З правых пазіцый ацэньвала дзейнасць урада і Дзярж. думы, выступала супраць рэв. і нац.-вызв. руху. Змяшчала агляды маст. жыцця Вільні і губерні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛДЗІПРАДА́Р», Дзяржаўнае праектнае прадпрыемства «Белдзіпрадар» Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1932 у Мінску як Ін-т «Дзіпрадар». З 1957 Бел.дзярж.ін-т па вышуканні і праектаванні аўтамаб. дарог («Белдзіпрадар»). Са жн. 1995 сучасная назва. Галаўная арг-цыянавук.-вытв. аб’яднання «Дзяржбудтэхніка». Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне аўтамагістраляў і аўтадарог, трансп. развязак, сістэм аўтадарожных мастоў і пуцеправодаў, падземных пераходаў; прадпрыемстваў дарожна-буд. індустрыі (асфальта- і цэментна-бетонныя з-ды, кар’еры дарожна-буд. матэрыялаў), аўтазаправачных станцый, адм. і жылых будынкаў; інж. вышуканні; тэхн. нагляд за падраднымі работамі пры буд-ве дарог і збудаванняў на іх; дыягностыка стану дарог, мастоў, пуцеправодаў; інж. разлікі трансп. збудаванняў; кансультацыйныя паслугі па праблемах дарожна-маставога будавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛІГА́Н ((Beligan) Раду) (н. 14.12.1918),
румынскі акцёр тэатра і кіно. Нар.арт. Румыніі (1962). Скончыў Бухарэсцкую кансерваторыю. Стварыў Т-р камедыі ў Бухарэсце, кіраваў ім. З 1968 маст. кіраўнік Нац.т-ра імя І.Л.Караджале. Лірыка-камедыйны акцёр. У 1940—50-я г. ў камедыях Караджале выконваў ролі: Вентурыяна («Бурная ноч»), Данданаке («Згубленае пісьмо»; абедзве і ў кіно), Кандыдат («У дні карнавалу»); стварыў глыбока псіхал. вобразы Мірою («Безыменная зорка» М.Себасцьяна), Кавафу («Узвар’яванае ягня» А.Барангі), Тузенбаха («Тры сястры» А.Чэхава, Дзярж. прэмія Румыніі 1950), Хлестакова («Рэвізор» М.Гогаля). Выступае і як тэатр. рэжысёр. Здымаўся таксама ў кінафільмах «Звініць даліна», «Афера Протар», «Узрыў», «Гняздо саламандраў», «Партрэт пакалення» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКОЕ Э́ХО»,
штотыднёвая грамадска-паліт., літ. і эканам. газета. Выдавалася 30.5—1.11.1918 у Кіеве на рус. мове, частку матэрыялаў друкавала па-беларуску. Асн. задача — гуртаванне беларусаў, якія жылі на Украіне, забеспячэнне іх сувязі з радзімай. Праводзіла ідэю нац. аб’яднання бел. сіл на Украіне і Беларусі ў цэлым. Выступала за адбудову, умацаванне і незалежнасць бел. дзяржавы, яе свабоднае нац. і эканам. развіццё, нац. адраджэнне, аб’яднанне ўсіх грамадскіх сіл бел. народа дзеля рэалізацыі нац. інтарэсаў, прызнанне суверэннасці Беларусі з боку суседніх дзяржаў. Пісала пра мінулае, сучаснае і перспектывы бел. адраджэнскага руху, асвятляла дзейнасць урада БНР, пытанні дзярж.буд-ва і культ. жыцця на Беларусі і інш. Выйшла 9 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ (Аляксей Уладзіміравіч) (н. 15.5.1950, г. Растоў-на-Доне, Расія),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-ртэхн.н. (1990), праф. (1995). Сын У.А.Белага. Скончыў Маскоўскі ун-т імя М.В.Ламаносава (1973). З 1973 у Фізіка-тэхн. ін-це, з 1992 у Прэзідыуме АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы ўзаемадзеяння канцэнтраваных патокаў зараджаных часціц з кандэнсаванымі асяроддзямі, трыбатэхніцы. Развіў фіз. асновы іонна-прамянёвай апрацоўкі матэрыялаў і пакрыццяў, метады мадыфікавання паверхневых слаёў зносаўстойлівых матэрыялаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Тв.:
Поверхностная упрочняющая обработка с применением концентрированных потоков энергии. Мн., 1990 (разам з Я.М.Макушком, І.Л.Побалем);
Структура и методы формирования износостойких поверхностных слоев. М., 1991 (разам з Г.Дз.Карпенкам, М.К.Мышкіным).