КАРАЛЕ́ВЫ ШАРЛО́ТЫ АСТРАВЫ́ (Queen Charlotte Islands),
архіпелаг у Ціхім ак., каля ўзбярэжжа Канады (прав.Брыт. Калумбія). Пл. 10,3 тыс.км². Нас. больш за 3 тыс.чал. Буйныя а-вы — Грэям (выш. да 1250 м) і Морсбі. Належаць да знешняга пояса кан. горнай сістэмы Кардыльераў, часткова затопленага. Зах. берагі гарыстыя, фіёрдавыя. На ПнУ шырокая нізіна з унутр. бухтай Масет. Радовішчы каменнага вугалю. Клімат умераны, вельмі вільготны. Хвойныя лясы. Лесанарыхтоўка, рыбалоўства. Правінцыяльны парк Найкун. Гал. населены пункт — Куін-Шарлот. Адкрыты ў 1774 ісп. экспедыцыяй Х.Перэса. Названы ў гонар англ. каралевы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІКЛА́ДЫ (Kyklades),
архіпелаг у паўд.ч. Эгейскага м.Тэр. Грэцыі. Больш за 200 астравоў, выцягнутых гірляндамі з ПнЗ на ПдУ. Пл. 2,6 тыс.км². Нас. 88,4 тыс.чал. (1981). Найб. астравы: Наксас (выш. да 1008 м), Андрас, Мілас, Тынас, Парас. Астравы мацерыковага паходжання, гарыстыя, складзены з крышт. парод і вапнякоў. А-вы Тыра і Мілас вулканічныя. На в-ве Каймені дзеючы вулкан. Частыя землетрасенні. Радовішчы наждаку і мармуру. Клімат міжземнаморскі. Ападкаў каля 500 мм за год. На схілах хмызнякі (фрыгана), у далінах — вінаграднікі, сады, пасевы пшаніцы, кукурузы. Жывёлагадоўля, рыбалоўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРГІ́ЗСКІ ХРЫБЕ́Т, Кіргізскі Алатау,
горны хрыбет на Пн Цянь-Шаня, у Кыргызстане і Казахстане.
Даўж. 375 км. Цягнецца ад г. Джамбул да Баамскай цясніны р. Чу. Выш. да 4875 м (пік Зах. Аламедзін). Пераважае высакагорны рэльеф. Паўн. схіл больш спадзісты і доўгі, чым паўд., абмяжоўвае з Пд Чуйскую даліну. Складзены з асадкавых і метамарфічных парод, парфірытаў, гранітаў. Радовішчы поліметал. руд, мінер. крыніцы. На схілах да выш. 2500 м — стэпы, лясы (елка, арча), вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. З выш. 3700 м — ледавікі (агульная пл. 223 км²).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЯНІ́Т, дыстэн,
мінерал падкласа ортасілікатаў, сілікат алюмінію Al2[SiO4]O. Прымесі жалеза (да 1%), хрому (1,8%), тытану (0,04%), вальфраму. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі падоўжаныя слупкаватыя, радзей таблітчастыя, снопападобныя, радыяльна-прамяністыя агрэгаты. Колер ад белага да блакітнага і густога сіне-зялёнага. Бляск шкляны. Цв. 5,5—7. Шчыльн. 3,5—3,7 г/см³. Утвараецца пры метамарфізме асадкавых парод, багатых гліназёмам, у зоне высокіх ціскаў, а таксама ў гранітных пегматытах. Сыравіна для вытв-сці вогне- і кіслотатрывалых матэрыялаў, алюмініевая руда. Радовішчы ў ЗША, Індыі (найбуйнейшыя), Бразіліі, Іспаніі, Аўстраліі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТЫЕВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць у сабе літый, або яго злучэнні. Літый знаходзіцца ў рудах пераважна ў форме мінералаў; у невял. колькасці ізаморфных дамешкаў уваходзіць у састаў пародаўтваральных мінералаў (слюд, турмалінаў і інш.). Гал. літыйзмяшчальныя мінералы, якія маюць прамысл. значэнне: спадумен (6—7% LiO2), петаліт (3,5—4,9%), амбліганіт (8—10%), а таксама літыевыя слюды: лепідаліт (4—6% LiO2), цынвальдыт (3—3,5%). Трапляюцца ў гранітах, пегматытах і грэйзенах. Буйнейшыя радовішчы Л. р. ў Канадзе, ЗША, Паўд. Радэзіі, Паўд. -Зах. Афрыцы, Бразіліі, Расіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́НДА (Lunda),
плато ў Цэнтр. Афрыцы, на тэр.Дэмакр. Рэспублікі Конга і Анголы. Складзена з палеагенавых і неагенавых пясчанікаў і пяскоў, якія гарызантальна залягаюць на дакембрыйскім крышт. фундаменце. Цэнтр.ч. — плоская, месцамі забалочаная раўніна выш. 1300—1600 м, водападзел паміж рэкамі Касаі і Замбезі. Плато ступеньчата зніжаецца на Пн, да ўпадзіны Конга і паката — на Пд, да ўпадзіны Калахары. У басейне р. Касаі багатыя радовішчы алмазаў, марганцавай руды. Клімат субэкватарыяльны, гарачы, вільготны летам. Сухія лістападныя трапічныя рэдкалессі, на паўн. схіле — высакатраўныя саванны. Па далінах рэк — галерэйныя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯАСІ́, Жэхэ,
нагор’е на ПнУ Кітая. Пл. каля 120 тыс.км². На ПнЗ — сістэма хвалістых плато і невысокіх масіваў выш. 500—1300 м, на ПдУ — скалістыя горы выш. 1000—1600 м, найб. — 2050 м (г. Улуншань). Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў, гранітаў, пясчанікаў, вапнякоў. Радовішчы каменнага вугалю. Перадгор’і глыбока расчлянёныя далінамі рэк бас. Луаньхэ, Ляахэ і інш. У даліне р. Жэхэ (прыток Луаньхэ) гарачыя мінер. крыніцы. Стэп, месцамі зараснікі хмызнякоў і гаі з дубу, клёну, арэху. Даліны густа населены і апрацаваны (палі чумізы, гааляну; сады).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́ ХІНГА́Н,
горы на Д. Усходзе. Размешчаны пераважна на ПнУ Кітая, іх паўн.-ўсх. край на тэр. Хабараўскага краю і Амурскай вобл. Расіі ад асн.ч. аддзелены скразной цяснінай р. Амур. Даўж. каля 500 км, выш. да 1150 м (г. Дуймяньшань). Складзены з гнейсаў, гранітаў, крышт. сланцаў, базальтаў. Радовішчы вугалю, графіту, золата, волава, жал. руд. Плоскія вяршыні, спадзістыя схілы, каменныя россыпы. Каля зах. падножжа — група вулканаў Удалянчы. На схілах — горныя лясы: на Пд — шыракалістыя, на Пн — ялова-бярозавая і лістоўнічная тайга. Хінганскі запаведнік (Расія), рэзерват Фынлінь (Кітай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГЫШЛА́К,
паўвостраў на ўсх. узбярэжжы Каспійскага м., у Казахстане. Удаецца ў мора прыблізна на 250 км. Асн.ч. — горы Мангістау (выш. да 556 м, г. Бесшокы); на Пд плато Мангышлак (выш. 200—275 м) з асобнымі саланчаковымі ўпадзінамі, днішчы якіх ляжаць ніжэй узр. мора (Карагіе, -132 м, і Каунды, -57 м); на Пн нізкая акумулятыўная раўніна п-ва Бузачы. Пераважаюць гліністыя, палыновыя, саланчаковыя, месцамі пясчаныя і камяністыя пустыні. Клімат кантынентальны, сухі. Ападкаў каля 160 мм за год. Расліннасць пустынная. Радовішчы нафты, газу, марганцу і фасфарытаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУГАДЖА́РЫ,
горы ў Акцюбінскай вобл., у Казахстане, паўд. працяг Урала. Даўж. з Пн на Пд 200 км. Выш. да 657 м (г.Вял. Бактыбай). Пачынаюцца на Пн як вузкі горны краж, што падзяляецца на 2 амаль паралельныя хрыбты, паміж якімі размяшчаецца слабахвалістая Алабаская катлавіна шыр. 15—20 км. Хрыбты ў некат. месцах злучаюцца невял. кражамі. Паўд. частка Зах. хрыбта найб. высокая, моцна расчлянёная. Усх. хрыбет — ланцуг згладжаных сопак, расчлянёных прытокамі р. Іргіз. Складзены з кварцытаў, крышт. сланцаў, гнейсаў, гранітаў, пясчанікаў. Радовішчы хрому, медзі, фасфарытаў. Дзярнова-злакавыя, злакава-палыновыя стэпы і паўпустыні.