алігафа́гія

(ад аліга- + -фагія)

харчаванне жывёльных арганізмаў толькі некалькімі відамі ежы, напр. пэўнымі відамі насення раслін, некаторымі травяністымі раслінамі, насякомымі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фітале́ймы

(ад фіта- + гр. leimma = рэшткі)

абвугленыя або слаба змененыя рэшткі старажытных раслін у выглядзе лістоў, сцёблаў, пладоў, насення, шышак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БІЯСТРАТЫГРА́ФІЯ (ад бія... + стратыграфія),

галіна стратыграфіі, якая вывучае размеркаванне выкапнёвых рэшткаў арганізмаў у асадкавых пародах. Мэта біястратыграфіі: вызначэнне адноснага ўзросту, паслядоўнасці ўтварэння, пашырэння і карэляцыі слаёў горных парод. Асн. задача біястратыграфіі — распрацоўка стратыграфічных шкал з дапамогай палеанталагічнага метаду. Найб. значэнне для біястратыграфіі маюць арганізмы, якія існавалі нядоўга, але былі шматлікія на вял. тэрыторыях. На Беларусі біястратыграфія — аснова расчлянення адкладаў фанеразою па выкапнёвых рэштках брахіяподаў, фарамініфераў, астракодаў, малюскаў, пазваночных, насякомых, акрытархаў, канадонтаў, водарасцяў, спораў, пылку, насення і інш. Даследаванні вядуцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі, Беларускім н.-д. геолагаразведачным ін-це і Цэнтральнай лабараторыі ВА «Беларусьгеалогія», БДУ.

С.​А.​Кручак.

т. 3, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ЦА (Echinochloa),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных, часткова ва ўмерана цёплых краінах зямнога шара. На Беларусі як пустазелле, таксама каля дарог і па берагах рэк трапляецца брыца звычайная, або курынае проса (E. crusgalli), зрэдку — яе занесеная разнавіднасць брыца асцюковая (E. Crusgalli var. aristata).

Адна-, шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным голым і гладкім простым сцяблом (саломінай) і валасніковістым коранем. Лісце лінейнае або лінейна-ланцэтнае, плоскае. Каласкі з адной двухполай кветкай, звычайна ў густых аднабаковых мяцёлках. Плод — сціснутая з аднаго боку зярняўка. Харч.насення атрымліваюць крупы) і кармавыя расліны, некаторыя віды — пустазелле.

Брыца звычайная.

т. 3, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗО́Н (франц. gazon),

участак зямлі з травяным покрывам, роўна і нізка падстрыжаным. Вылучаюць газоны дэкаратыўныя (паркавыя, або садовыя, партэрныя, лугавыя, маўрытанскія), спартыўныя і спец. прызначэння (на аэрадромах, для замацавання адхонаў і інш.). Ствараюць газон высевам насення шматгадовых траў на выраўнаваную глебу. Для маўрытанскіх (стракатакветных) газонаў выкарыстоўваюць сумесь траў і прыгожа квітучых раслін (календула, васілёк, незабудка, іберыс, мак і інш.). Догляд газонаў: рамонт (падсяванне траў або дзернаванне), падстрыганне або касьба, паліўка, падкормка, барацьба з пустазеллем. На Беларусі для газонаў выкарыстоўваюць травы: райграс пашавы, аўсяніцу лугавую і чырвоную, метлюжок лугавы, мятліцу звычайную і белую, канюшыну чырвоную і белую.

Газон у жылым раёне ў Мінску.

т. 4, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ФА, луфа (Luffa),

род кветкавых раслін сям. гарбузовых. 5—8 відаў. Пашыраны ў тропіках. Культывуюць Л. цыліндрычную, або мачальны гарбуз (L. cylindrica), і Л. граністую, або вострарабрыстую (L. acutangula). Стараж. культура (з 6 ст. да н.э.) Афрыкі, Індыі і Кітая.

Аднагадовыя травы з лазячымі сцёбламі. Лісце пераважна 5—7-лопасцевае. Кветкі аднаполыя, аднадомныя, буйныя, жоўтыя ці белыя; тычынкавыя — у гронках, песцікавыя — адзіночныя. Плод падоўжана-цыліндрычны, даўж. 15—50 см (да 1 м), сухі, валакністы. Маладыя плады спажываюць у ежу, спелыя выкарыстоўваюць як мачалкі, для вырабу туфляў, капелюшоў, кошыкаў, ізаляцыйных матэрыялаў і інш. З насення атрымліваюць тэхн. алей. Харч., лек., тэхн. расліны.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІБДЭ́НАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

мінеральныя рэчывы, якія маюць малібдэн у даступным для раслін выглядзе; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У раслінным арганізме малібдэн стымулюе біясінтэз нуклеінавых кіслот і бялкоў, павышае колькасць хларафілу і вітамінаў. Пры яго недахопе расліны хварэюць на асаблівы від плямістасці, не пладаносяць і гінуць. Найб. распаўсюджаным М.у. з’яўляецца малібдат амонію (NH4)2MoO4 — белая крышт. соль (мае 52% Мо), якая добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць на кіслых дзярнова-падзолістых глебах пераважна пад бабовыя (канюшыну, люцэрну), зернебабовыя (гарох, віку, боб) і тэхн. (цукр. буракі, лён) культуры, пад гародніну (капусту, салату, памідоры), а таксама для перадпасяўной апрацоўкі насення і пазакаранёвай падкормкі.

Р.​У.​Васілюк.

т. 10, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАТРО́ФЫ [ад грэч. mykes грыб + ...троф(ы)],

мікатрофныя расліны, расліны, якія ўтвараюць мікарызу і атрымліваюць пажыўныя рэчывы з глебы з дапамогай гіфаў грыбоў, звязаных з каранямі. Да М. адносіцца большасць відаў раслін — усе голанасенныя, большасць аднадольных (75%) і двухдольных (80—90%), за выключэннем некат. аднагадовых, асакі, дзеразы, хвашчоў і водных раслін. Адрозніваюць 3 групы М.: расліны, якія не развіваюцца з насення без спалучэння з грыбам-сімбіёнтам (архідныя); расліны, якія могуць расці без мікарызы, але лепш развіваюцца пры спалучэнні з грыбам (многія дрэвы, кусты); расліны, што часта маюць мікарызу, але ў спрыяльных умовах жыўлення добра развіваюцца і без спалучэння з грыбам (напр., бяроза, ліпа, многія кусты).

т. 10, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДТЫ́ННІК, чыстацел (Chelidonium),

род кветкавых раслін сям. макавых. 1 від — П. вялікі, або бародаўнік (Ch. majus). Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і як заноснае на ПнУ Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляецца па сырых ярах, у хмызняках, на пустках, каля жылля, у садах і парках. Нар. назвы жоўты малачай, цалідонія, цанцалея.

Шматгадовая травяністая расліна выш. да 80 см. Сцябло прамастойнае, галінастае з ярка-аранжавым млечным сокам. Лісце глыбока перыстарассечанае, зверху зялёнае, знізу шызае, як і сцёблы, укрыта валаскамі. Кветкі жоўтыя, у парасонападобных суквеццях. Плод — стручкападобная каробачка. Ядавіты. Інсектыцыдная, лек., тэхн. расліна (з каранёў атрымліваюць жоўтую фарбу, з насення — тлусты алей).

Падтыннік вялікі.

т. 11, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

алахары́я

(ад ала- + -харыя)

распаўсюджанне пладоў, насення і спор пры дапамозе знешніх фактараў — ветру (анемахарыя), вады (гідрахарыя), жывёл (заахарыя), чалавека (антрапахарыя).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)