АЛАБЯ́Н (Каро Сямёнавіч) (26.7.1897, г. Пяндж, Таджыкістан — 5.1.1959),

сав. архітэктар. Скончыў Маскоўскі вышэйшы дзярж. маст.-тэхн. ін-т (1929). Заснавальнік Усерас. т-ва пралет. архітэктараў, адказны сакратар Саюза архітэктараў СССР (1932—50), віцэ-прэзідэнт Акадэміі архітэктуры СССР (1949—53). Асн. работы: Тэатр Сав. Арміі (1934—40) і павільён Арм. ССР на ВДНГ (1939 і 1954) у Маскве; ген. план аднаўлення Валгаграда (1945, у сааўт.), павільён СССР на Сусветнай выстаўцы ў Нью-Йорку (1939, з Б.​Іафанам).

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКА́ФІСТ (грэч. akathistos ад а... + kathizō саджуся),

хрысціянскае хвалебнае царк. песнапенне. Выконваецца абавязкова стоячы. Кожны Акафіст складаецца з 25 асобных песнапенняў. Найб. вядомыя і стараж. Акафісты: Божай Маці (7 ст.) і Ісусу Найсаладзейшаму (9 ст.), свяціцелю Мікалаю Цудатворцу (14 ст.). Створаны таксама акафісты святым, абразам, царк. святам. Кніга, дзе сабраны ўсе акафісты, наз. акафіснік. Першы на Беларусі акафіснік выдадзены Ф.​Скарынай у 1525. Шматтомны акафіснік з 1991 друкуецца ў Маскве (ім карыстаюцца і праваслаўныя на Беларусі).

Г.​М.​Шэйкін.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІГНА́ЦЫІ (польск. asygnacja ад лац. assignatio прызначэнне),

расійскія папяровыя грошы, заменнікі медных і сярэбраных манет. Упершыню выпушчаны ў 1769 пры Кацярыне II на суму 1 млн. руб. Эмісію ажыццяўлялі спец. банкі ў Пецярбургу і Маскве (у 1786 яны аб’яднаны ў адзіны банк). Білеты асігнацыі свабодна абменьваліся на медныя і сярэбраныя манеты. Аднак з-за празмернага выпуску асігнацый для пакрыцця ваенных расходаў (войны з Турцыяй, Францыяй, Крымская) яны абясцэніліся і з усталяваннем сярэбранага монаметалізму пасля грашовай рэформы з 1.1.1849 ануляваны.

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЖАСТО́ЎСКІ (Ігнацы) (1823—75),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. З роду Бжастоўскіх. Вучыўся ў Мінску і Маскве, атрымаў юрыд. адукацыю. Працаваў старшынёй палаты крымінальнага суда ў Магілёве. У маі 1862 удзельнічаў у з’ездзе «белых» у Вільні як прадстаўнік Магілёўскай губ. У час паўстання чл. грамадз. камісіі ў Сенненскім пав., магілёўскі паўстанцкі ваявода. Распаўсюджваў сярод сялян нелегальную л-ру на бел. і польск. мовах. У канцы 1863 арыштаваны, пасля следства сасланы ў Енісейскую губ., там і памёр.

т. 3, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́Р’ЕЎ (Афанасій Рыгоравіч) (21.1.1782, слабада Васільеўская, Тамбоўская вобл., Расія — 13.5.1868),

рускі архітэктар, прадстаўнік маст. ампіру. Да 1804 прыгонны. Вучыўся ў І.​Дз.Жылярдзі, у Крамлёўскай арх. школе. З 1808 да 1840-х г. гал. архітэктар маск. Выхаваўчага дома. Сярод работ у Маскве: дамы Селязнёвай (цяпер Музей А.​С.​Пушкіна, 1814), Лапухіна — Станіцкай (цяпер Музей Л.​М.​Талстога), царква Вял. Ушэсця каля Нікіцкіх варот (1820-я г.); шэраг сядзібных дамоў у Маскоўскай вобл. У апошнія гады працаваў у духу эклектычнай архітэктуры.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́МЛЕР (Сяргей Аўгуставіч) (13.6.1906, г. Саратаў, Расія — 24.11.1972),

бел. эканаміст. Д-р эканам. н. (1972). Скончыў Саратаўскі ун-т (1931). Працаваў выкладчыкам, інжынерам у Маскве, Чэлябінску, Свярдлоўску. З 1962 нам. дырэктара Цэнтр. н.-д. і праектна-тэхнал. ін-та арганізацыі і тэхнікі кіравання, з 1972 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. Распрацоўваў метады выкарыстання выліч. тэхнікі ў планаванні і эканам. аналізе.

Тв.:

Автоматизированные системы управления промышленным предприятием. М., 1966;

Управление производством и кибернетика. М., 1969.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБО́ВІЧ (Леанід Міхайлавіч) (н. 12.8.1950, в. Вароніна Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1989). Працаваў электрыкам на прадпрыемствах Слуцка, Жабінкі, Клецка. У 1990—94 рэдактар гал. рэдакцыі літ.-драм. праграм Бел. тэлебачання. З 1994 — у час. «Крыніца». Друкуецца з 1967. Першы паэт. зб. «Таемнасць агню» (1984). Яднанне пошуку і адкрыцця характэрна для гэтага і інш. зб-каў Галубовіча («Споведзь бяссоннай душы», 1989, «Таемнасць споведзі», 1993, «Заложнік цемры», 1994).

І.​Д.​Сіпакоў.

т. 4, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РТМАН (Віктар Аляксандравіч) (5.5.1834, С.-Пецярбург — 4.8.1873),

рускі архітэктар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1852—61). Адзін з заснавальнікаў «рускага стылю». Аўтар шэрагу выставачных павільёнаў (з выкарыстаннем зборных драўляных канструкцый), «Студыі» ў маёнтку Абрамцава Маскоўскай вобл. (1872). У яго работах ідэя развіцця нац. дойлідства ўвасаблялася ў багатым аздабленні будынкаў узорамі, запазычанымі з нар. вышывак і разьбы па дрэве (друкарня Мамантава ў Маскве, 1872). Вядомы і як рысавальшчык, акварэліст. Акварэлі Гартмана паслужылі тэмай фп. цыкла «Карцінкі з выстаўкі» М.​П.​Мусаргскага.

т. 5, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАШЫ́НСКІ (Аркадзь Яўгенавіч) (29.7.1920, г. Мелітопаль, Украіна),

украінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1945). У 1945—48 ва Укр. драм. т-ры, з 1948 ва Укр. драм. т-ры імя І.​Франко (абодва ў Кіеве). Сярод роляў: Лаўрын Запарожац («Незабыўнае» паводле твораў А.​Даўжэнкі), Граза («Старонка дзённіка» А.​Карнейчука), Мастакоў («Стары» М.​Горкага), Дэрвіш («У ноч зацьмення месяца» М.​Карыма), Крэонт («Антыгона» Сафокла), Макбет, Глостэр («Макбет», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра).

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМЕ́ШКА (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 24.4.1947, г. Брэст),

бел. эстрадны артыст, выканаўца на ўдарных інструментах. Засл. арт. Беларусі (1979). Вучыўся ў Брэсцкім муз. вучылішчы (1964—66). У 1969—88 ударнік вак.-інстр. ансамбля «Песняры», выконваў адказныя сола як ударнік (у т. л. ў нар. песнях «Забалела ты, мая галованька», «Чарачка мая», «Галава — два вухі») і як вакаліст. З 1989 у Маскве ў артыстычных кааператывах (у т. л. «Песня»), з 1997 нам. начальніка канцэртнага аддзела акц. т-ва «Лужнікі».

т. 6, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)