1) суб’ектыўны вобраз аб’ектыўнай рэальнасці, вынік асваення свету чалавекам, прадстаўлены ў формах яго свядомасці, дзейнасці і культуры (у гэтым сэнсе І. звычайна проціпастаўляецца матэрыяльнаму). Сферу І. ўтвараюць пачуццёвыя і мысліцельныя вобразы, спосабы іх пабудовы і аперыравання імі, духоўныя каштоўнасці і арыентацыі і інш. І. — своеасаблівая рэальнасць, звязаная са свядомасцю чалавека і яго псіхікай; адмысловая сутнасная характарыстыка свядомасці. Як і свядомасць, І. мае ўнутраныя (псіхічныя) і знешнія (быційныя) формы выяўлення. Перш за ўсё І. звязана з вобразным адлюстраваннем на ўзроўні пачуццяў і ўражанняў. Наступным этапам з’яўляецца суб’ектыўная ацэнка ўласцівасцей і іх выяўленне ў выглядзе моўных паняццяў. Удасканальванне гэтай сістэмы вядзе да ўдасканальвання мовы (з’яўляюцца пісьменства, кнігадрукаванне). У выніку ўдасканальваецца і сама сфера І. — з’яўляюцца філас. і тэалагічныя сістэмы, узнікае навука, літ. творчасць. З дапамогай мовы І. выходзіць за межы індывід. свядомасці, набывае характар феномена духоўнай культуры, грамадскай свядомасці. Сутыкаючыся з прадметамі культуры, чалавек адчувае іх ідэальны сэнс і да прадметаў прыроды пачынае ставіцца як да чагосьці створанага, вырабленага, што надае ім асаблівы чалавечы сэнс. Так адбываецца перанясенне сэнсаў з прадметаў культуры на прадметы прыроды, іх ажыўленне, адушаўленне і абагаўленне. Прадметы прыроды надзяляюцца ідэальнасцю, а паступова і само І. робіцца аб’ектам рэальнасці. Так з’яўляюцца вера ў самастойнае існаванне душы, у духа, у бога (гл. таксама Абстракцыя, Свядомасць, Псіхіка).
2) Нешта дасканалае, якое адпавядае ідэалу.
3) Вынік працэсу ідэалізацыі — абстрактны аб’ект, які не можа быць дадзены ў доследзе (напр., ідэальны газ, кропка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПРЫЯ́Н (каля 1330—16.9.1406),
царкоўны дзеяч ВКЛ і вял.кн. Маскоўскага, пісьменнік. Верагодна, быў балгарынам, але некаторыя даследчыкі лічаць яго ўраджэнцам ВКЛ. У пач. 1370-х г. жыў у Візантыі. У 1373 наведаў ВКЛ і Цвер, у 1374 выступіў ініцыятарам кананізацыі віленскіх пакутнікаў. У 1375 вял.кн.ВКЛАльгерд з прычыны варожых адносін з Масквой папрасіў канстанцінопальскага патрыярха Філафея прызначыць для ВКЛ асобнага мітрапаліта. Падтрымліваючы Альгерда і не жадаючы канчатковага падзелу Кіеўскай мітраполіі, Філафей прыняў кампраміснае рашэнне: 2.12.1375 пасвяціў К. ў мітрапаліта «кіеўскага, рускага і літоўскага» з тым, каб ён пасля смерці мітрапаліта Аляксея (у Маскве) зноў аб’яднаў абедзве часткі мітраполіі, стаўшы мітрапалітам «кіеўскім і ўсяе Русі». Жыў у ВКЛ. Пасля смерці мітрапаліта Аляксея летам 1378 прыехаў у Маскву, але вял.кн. маскоўскі Дзмітрый Іванавіч Данскі не прыняў К. і выслаў яго. Новы вял.кн.Васіль I Дзмітрыевіч у 1390 прыняў К. ў Маскве як «мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі». У 1404—05 наведаў ВКЛ. Вянчаў Васіля I Дзмітрыевіча з княжной ВКЛ Софіяй Вітаўтаўнай. Быў прыхільнікам збліжэння ВКЛ і вял.кн. Маскоўскага. Лічыцца аўтарам шэрагу твораў, у т. л. «Летапісу аб пачатку зямлі рускай», «Жыція св. мітрапаліта Пятра», «Зводнай кормчай», 4 пасланняў Сергію Раданежскаму і інш. У сваім летапісе паказаў гісторыю Маскоўскага княства з пункту гледжання адзінства гісторыі ўсх. славян, упершыню ў маскоўскай гістарыяграфіі даў звесткі па гісторыі ВКЛ. Кананізаваны правасл. царквой.
Літ.:
Казбярук У. Пошукі духоўнай і палітычнай гармоніі: Мітрапаліт Кіпрыян // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАІ́ЗМ,
адна з плыняў будызму. Узнік у 7 ст. ў Тыбеце, куды будызм пранік з Індыі ў форме махаяны. Да канца 8 ст. будызм стаў дзярж. рэлігіяй Тыбета. Тут пабудаваны першы манастыр Сам’е, з’явіліся манахі-тыбетцы, узнікла манастырскае землеўладанне; у пач. 9 ст. склалася духоўная іерархія. У перыяд т. зв. позняга распаўсюджвання будызму ў Тыбеце (10—14 ст.) узнікла мноства ламаісцкіх сект, сярод якіх найб. значнымі былі Кадампа, Сак’япа, Каджупа, Кармапа; у канцы 14 — пач. 15 ст. утварылася найб. буйная ламаісцкая секта Гэлуг-ба, заснаваная Цзанкабам (1357—1419). З 16 ст. кіраўнікі гэтай секты сталі насіць тытул Далайламы. Да сярэдзіны 17 ст. 5-му далай-ламе Агван Лабзан Джамцо (1617—82) удалося падпарадкаваць сваёй уладзе (духоўнай і свецкай) усе асн. раёны Тыбета, які т. ч. ператварыўся ў тэакратычную дзяржаву; узнік ін-т панчэн-лам — другіх (пасля далай-лам) іерархаў ламаісцкай царквы. У 16—17 ст. Л. стаў пануючай рэлігіяй у Манголіі, атрымаў пашырэнне ў Тыве, Бураціі, сярод калмыкаў Паволжа. Асн. ідэі Л. выкладзены ў свяшчэнных тэкстах «Ганджур» (пераклад адкравенняў, 108 тамоў), «Танджур» (пераклад тлумачэнняў, 225 тамоў). Важнае месца ў Л. займаюць магія, вера ў шматлікія мясц. божаствы, развіты рытуальнасць і поўнае падпарадкаванне вучня настаўніку—ламе. Састаўной часткай Л. з’яўляецца тэорыя ўвасабленняў буд, бадхісатваў, божастваў у пэўных асоб — «трулку», якія лічацца зямнымі вобразамі Буды і Бадхісатвы. Цэнтрамі культавай дзейнасці прыхільнікаў Л. з’яўляюцца манастыры (дацаны), дзе адбываюцца богаслужэнні, якія складаюцца з малітваў, ахвярапрынашэнняў, музыкі (выконваецца на традыц. інструментах). Пры манастырах існавалі ламаісцкія школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́СЦЕРАЎ (Міхаіл Васілевіч) (31.5.1862, г. Уфа, Башкортастан — 18.10.1942),
расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1942). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1877—81 і 1884—86) і Пецярбургскай АМ (1881—84; з 1910 яе правадз. член). З 1889 экспанент, з 1896 член Т-ва перасоўных маст. выставак. Жыў у Маскве, у 1890—1910 у Кіеве. Раннія жанравыя карціны («Знаток», 1884), гіст. кампазіцыі («Да гасудара чалабітнікі», 1886), партрэты, ілюстрацыі ствараў у духу перасоўнікаў. Пазней звярнуўся да духоўна-рэліг. праблем, пошукаў прасветленай і чыстай духоўнай прыгажосці чалавека, які адрокся ад марнага свету. Для твораў характэрны лірычнасць вобразаў на фоне бляклай паўн. прыроды, серабрысты каларыт, спакойны настрой: «Пустэльнік» (1888—89), «Праява отраку Варфаламею» (1889—90) і інш. Цікавасць да псіхалогіі веруючых, да прасвятлення і азарэння набыла ў яго творах своеасаблівы драматызм: «Пад звон» (1895), «Вялікі пострыг» (1897—98), «Святая Русь» (1901—06), «На Русі» (1916). Творам гэтага часу ўласцівы рысы стылю мадэрн, якія ў манум. работах набылі характар халоднай стылізацыі: размалёўкі Уладзімірскага сабора ў Кіеве (1890—95), Марфа-Марыінскага манастыра ў Маскве (1908—11), мазаікі царквы Спаса «на крыві» ў Пецярбургу (1894—97). Майстар псіхал. партрэтаў: П. і А. Корыных (1930), А.Северцава, І.Шадра (абодва 1934), С.Юдзіна, І.Паўлава (абодва 1935), В.Мухінай (1940) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Давние дни: Встречи и воспоминания. [2 изд.] М., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦІЕ́, агіяграфія,
від рэліг. л-ры, апавяданне пра жыццё духоўнай ці свецкай асобы, кананізаванай хрысціянскай царквой.
Ж. ўзніклі ў Рымскай імперыі ў першыя стагоддзі хрысціянства. Складваліся па пэўнай схеме, вызначаліся ўмоўнасцю, дыдактыкай, царк.-рэліг. фантастыкай (прывіды, цуды). Услаўлялі аскетызм, цярплівасць, рэліг. фанатызм і былі сродкам царк. і паліт. прапаганды. Некаторыя ўвабралі сюжэты дахрысц. міфаў, сярэдневяковых навел, анекдотаў і самі сталі крыніцай легенд, духоўных вершаў, народных драм. У Кіеўскую Русь перайшлі ў 10—11 ст. з Візантыі (гл. ў арт.Візантыя, раздз. Літаратура) і шырока бытавалі на землях усх. славян у зб-ках Мінеі-чэцці (пашыраныя), пралогі (кароткія) і пацерыкі (у іх аснове займальныя эпізоды з жыцця манахаў). Арыгінальныя Ж. ў Кіеўскай Русі з’явіліся ў 11 ст.: княжацкія з паліт. тэндэнцыяй (такі від Ж. невядомы ў Візантыі) — Ж. Барыса і Глеба (11 ст.), Вольгі, Уладзіміра (12 ст.), Аляксандра Неўскага (13 ст.), Дзмітрыя Данскога (14 ст.); царкоўныя — «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Жыціе Аўрамія Смеленскага», «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш.
Арыгінальныя бел. Ж. вядомы з канца 12—13 ст. — «Жыціе Ефрасінні Полацкай», «Сказанне пра віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія, Яўстафія». Іх аўтары не прытрымліваліся візант. схемы, звярталіся да гіст. фактаў, уключалі эмац.-псіхал. маналогі, бытавыя замалёўкі. З перакладных папулярных на Беларусі былі «Жыціе Аляксея, чалавека божага» і зб.«Жыціі святых». Вядомы таксама Чэцці камянецкая і жыровіцкая (15 ст.), слуцкая (16 ст.), супрасльскія рукапісная і друкаваная «Мінея агульная» (17 ст.), пралогі і пацерыкі (віленскія, супрасльскія і інш. 15—17 ст.). У Ж. шмат каштоўнага гіст. матэрыялу, яны маюць вял. пазнавальнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РБІС (Аляксандр Лаўрэнавіч) (псеўд.Стары Піліп; 20.10.1885, Вільня — 20.3.1922),
дзеяч бел.нац.-вызв. руху. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), чл. яе ЦК. У ліст.—снеж. 1905 пад яго кіраўніцтвам ў Мейшагольскай вобл. Віленскага пав. ўзнікла «Мейшагольская рэспубліка». З пач. 1906 у Мінску вёў агітацыю і арганізоўваў забастоўкі рабочых-сталяроў Мінска і с.-г. рабочых Навагрудскага пав. У жн. 1906 арыштаваны і да 1909 зняволены ў турме. Пасля працаваў у Віленскім т-ве сельскай гаспадаркі, з 1915 — у Нар. банку ў Маскве. У 1917 узначальваў Маскоўскую арг-цыю БСГ. У 1918 консул Бел.Нар. Рэспублікі ў Маскве. З лют. 1919 у ВСНГ РСФСР, з мая 1919 у Наркамземе Літ.-Бел. ССР. У 1920 удзельнічаў у выданні газ. «Савецкая Беларусь». У 1921 уступіў у Камуніст. партыю. З ліп. 1921 нам. наркома замежных спраў БССР, адзін з арганізатараў Т-ваЧырв. Крыжа БССР. Чл.ЦВКБССР у 1921—22. Выступаў у абарону самастойнасці Сав. Беларусі, яе тэр. цэласнасці, культ.-духоўнай самастойнасці. Прапагандаваў неабходнасць кансалідацыі ўсіх плыняў бел.нац. руху, у т. л. на эміграцыі. Яго ідэі, погляды і дзейнасць паўплывалі на фарміраванне дзярж. палітыкі БССР у 1920-я г., спрыялі ўзбуйненню тэр.БССР. Аўтар навук. працы «Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі» (1920, апубл. ў 1922), арт. «Кароткі агляд беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху» (апубл. 1921). Вядомы як акцёр, чытальнік і рэжысёр, адзін са стваральнікаў бел.прафес. тэатра. Удзельнічаў у рабоце Першай бел. трупы І.Буйніцкага, Бел.муз.-драм. гуртка ў Вільні. Паставіў спектаклі «Па рэвізіі» (1906) і «Пашыліся ў дурні» (1910) М.Крапіўніцкага, «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1915).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБЮР ВЯДОМОСЬЦІ ДО АНТРОПОЛЁГІІ КРАЁВЭЙ»
(«Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej», «Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі»),
ілюстраваны штогоднік, першае польскае навук.этнагр. выданне. Орган Антрапалаг. камісіі Польскай акадэміі ведаў. Выдаваўся ў 1877—95 у г. Кракаў на польскай мове.
Меў раздзелы: археалагічна-антрапалагічны, антрапалагічны, этналагічны. Публікаваў навук. працы і матэрыялы па духоўнай і матэрыяльнай культуры польскага, бел., літ., укр., лат. і інш. народаў, этнічных і этнагр. груп, змяшчаў бібліяграфію па гэтых дысцыплінах. Беларусі і яе сумежжу прысвечаны працы З.Глогера «Забабоны і ўяўленні люду Панароўя пра птушак, паўзуноў і насякомых, сабраныя ў 1865—1875 гг.» і «Вясельныя назвы, выказванні і прадметы, якія ўжываліся на вясельных абрадах люду на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай» (1877, т. 1), П.Быкоўскага «Абрадавыя песні рускага насельніцтва з ваколіц Пінска» (1878, т. 2), У.Дыбоўскага «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета» (1881, т. 5) і «Беларускія загадкі з Мінскай губерні» (1886, т. 10), Я.Карловіча «Народныя паданні і казкі, сабраныя на Літве» (1887—88, т. 11—12), Т.Саподзькі «Археалагічныя пошукі ў Ігуменскім павеце Мінскай губ., учыненыя ў 1875 і 1883 г.», О.Кольберга «Вясельныя звычаі і абрады з Палесся» і «Казкі з Палесся», У.Вярыгі «Беларускія думкі з вёскі Глыбокае, запісаныя ў 1885 у Лідскім павеце Віленскай губерні» (усе 1889, т. 13), І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ «Беларуска-польскія песні з Сакольскага пав. Гродзенскай губ.» (1892, т. 16) і «Дадатак да беларуска-польскіх песень з Сакольскага павета Гродзенскай губерні» (1895, т. 18), А.Гурыновіча «Зборнік беларускіх твораў...» (1893, т. 17), А.Чэрнага «Беларускія песні з Дзісенскага павета Віленскай губерні» (1895, т. 18). Выйшла 18 тамоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РАЧКІН (Аляксей Антонавіч) (н. 10.3.1940, в. Новая Слабада Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1962), Бел.-тэатр.маст.ін-т (1972). З 1975 (з перапынкам) выкладае ў Бел.АМ (у 1990—96 заг. кафедры). У 1982—86 гал. мастак Маст. фонду Беларусі. Тэматыка яго твораў прысвечана гіст. падзеям мінулага і сучаснасці, раскрывае багацце духоўнай культуры бел. народа. Для ранніх твораў характэрны рэаліст. манера адлюстравання ў спалучэнні з аб’ёмна-пластычным, рэльефным пісьмом і сімволіка-алегарычнымі матывамі. З 1990 творы набываюць характар фармалістычных кампазіцый з камбінаванай манерай выканання і ўмоўнай перадачай аб’ёму. Стварыў партрэты выдатных дзеячаў бел. гісторыі і культуры: «Цётка» (1976), «Пачатак. Францыск Скарына» (1978), «М.Гусоўскі» (1980), «Вераніка і Максім» (1981), «Рагнеда» (1982), «Кірыла Тураўскі» (1987), «Сымон Будны» (1989), «Канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега» (1994) і інш., серыю партрэтаў «Мае сучаснікі» (1980); філасофска-алегарычныя трыпціх «Размова аб вечнасці. Скарына і Парацэльс» (1989—90), цыкл твораў «Народныя легенды і паданні» (1990—91). Сярод тэматычных кампазіцый: «Мара пра палёт» (1974), «Жанчына з бульбай» (1975), «Гуканне вясны» (1976), «Чаканне» (1979), «Чароўныя арэлі» (1980), «Суладдзе» (1983), «Хто з вас без граху?» (1989), «Цяжар» (1991). Аўтар шматлікіх пейзажаў: «Адліга» (1974), «Дарога» (1976), «Абуджэнне» (1978), «Імкненне» (1979), «Рэчка Мнюта. Па мясцінах Я.Драздовіча» (1978) і інш. Чарнобыльская тэма адлюстравана ў творах «Планета Палын» (1987), «Хадора» (1989), «Маці Божая ахвяраў Чарнобыля» (1990), «Палеская мадонна» (1991) і інш. Да тэм бел. фальклору звярнуўся ў творах «Прывіды зімы», «Святаяннік» (абодва 1991), «Жывы куст», «Кароль птушак», «Начны прывід» (усе 1992). Эксперыментуе ў матэрыяле. Аўтар шматлікіх маляваных дываноў.
Л.Ф.Салавей.
А.Марачкін Канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега. 1994.
Створаны ў 1952 пераважна з удзельнікаў хору в.Вял. Падлессе Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. і фалькл. гурткоў. Арганізатар і маст. кіраўнік у 1952—74 Г.Цітовіч, з 1975 маст. кіраўнік і гал. дырыжор М.Дрынеўскі. У 1959—64 Бел.дзярж. ансамбль песні і танца, з 1965 Дзярж.нар. хор БССР, з 1983 акадэмічны, з 1988 імя Цітовіча, з 1992 сучасная назва. Уключае хар., танц. і аркестравую групы, якія выступаюць у сумесных канцэртных праграмах і самастойна. Хор складаецца з 5 вак. груп — 4 асноўных і групы падгалоскаў. У складзе жаночай групы ў розны час працавалі актэт (існаваў да 1959), квартэт «Купалінка», трыо «Рабіначка». У рэпертуары апрацоўкі бел.нар. песень, бел.нар. танцы і найгрышы, песні інш. народаў, апрацоўкі і арыгінальныя творы бел. кампазітараў, у т. л. У.Алоўнікава, У.Будніка, Дрынеўскага, Л.Захлеўнага, У.Карызны, І.Кузняцова, В.Кузняцова, І.Лучанка, Э.Наско, С.Палонскага, Ю.Семянякі, М.Сіраты і інш., творы духоўнайхар. музыкі класікаў і сучасных бел. кампазітараў. Творчая дзейнасць калектыву мае 3 асн. кірункі: этнагр. (песня, крыху адрэдагаваная для сцэны, раскрываецца ў сваім першародным гучанні); тэатралізавана-сінт. (у выглядзе разгорнутай вак.-інстр.-харэаграфічнай кампазіцыі); уласна хар. майстэрства спеваў а капэла. У калектыве працуюць (1997): гал. хормайстар І.Абразевіч, гал. балетмайстар В.Варановіч, кіраўнік аркестравай групы М.Сірата; сярод салістаў В.Крыловіч, Н.Раманская, А.Рамашкевіч, Н.Чараднічэнка, Ю.Паўлішын. У розны час у ім працавалі: хормайстры К.Паплаўскі, А.Бальцэвіч, балетмайстры П.Акулёнак, І.Цюрын, салісты хору М.Адамейка, В.Антонава, Г.Аўдзеенка, У.Кавальчук, В.Марозава, П.Навасад, танцоўшчык Ю.Сляпнёў, баяністы М.Ліпчык, С.Суседчык. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968 (жаночая група і Цітовіч).
Літ.:
Мухаринская Л.С. Белорусский государственный народный ансамбль песни и танца. Мн., 1959;
Можейко 3., Хвисюк Н. Песня давняя — песня новая // Неман. 1982. № 3;
Дзяржаўнаму акадэмічнаму народнаму хору БССР — 30 гадоў // Мастацтва Беларусі. 1983. № 4.
З.Я.Мажэйка.
Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСТ ЭСТЭТЫ́ЧНЫ,
здольнасць чалавека ўспрымаць і ацэньваць эстэт. ўласцівасці з’яў і прадметаў, адрозніваць прыгожае і агіднае. У выпадках ацэнкі твораў мастацтва густ эстэтычны называецца маст. густам. Праяўляецца пераважна як сістэма асобасных прыхільнасцей, якія арыентуюцца на агульнапрынятыя эстэт. ацэнкі. Уяўляе сабой эмацыянальна-рацыянальнае засваенне рэчаіснасці, выступае як адзінства эстэт. пачуцця і эстэт. ідэалу (найвышэйшага крытэрыя эстэт. ацэнкі). Праблема густу эстэтычнага атрымала асаблівае развіццё ў эстэтыцы 17—18 ст. (Б.Грасіян-і-Маралес). Франц. філосафы-асветнікі і эстэтыкі класіцызму (Н.Буало, Ш.Бацё, Ш.Л.Мантэск’ё, Вальтэр і інш.) трактавалі густ эстэтычны з пазіцый рацыяналізму і нарматывізму. У англ. сенсуалістычнай эстэтыцы (А.Шэфтсберы, Г.Хом і інш.) густ эстэтычны звязвалі з характарам чалавечых адчуванняў і этычнымі нормамі. Суб’ектыўнасць густу эстэтычнага акцэнтавалася Д.Юмам. Густ эстэтычны І.Кант абгрунтоўваў як прынцыповы суб’ектывізм і прыроджаны характар, лічыў з’явай адначасова грамадскай і індывідуальнай. Марксісцка-ленінская эстэтыка разглядала густ эстэтычны перш за ўсё як сац.-гіст. з’яву. У аналізе густу эстэтычнага рус.рэв.-дэмакр. эстэтыкі акцэнт рабіўся на сац.-гіст. ўмовы фарміравання асобы.
У бел. культуры цікавасць да праблемы густу эстэтычнага пачынаецца з эпохі Адраджэння (М.Гусоўскі, Ф.Скарына). У спасціжэнні прыроды густу эстэтычнага Сімяон Полацкі і М.Сарбеўскі абапіраліся на эстэтыку класіцызму і барока, Я.Чачот, В.Каратынскі зыходзілі з узвышанага эстэт. ідэалу, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына — з сац. рэальнасці. М.Багдановіч імкнуўся выявіць сутнасць густу эстэтычнага на аб’ектыўнай аснове, шукаў эстэт. магчымасці для выключэння суб’ектывізму, густаўшчыны, З.Бядуля зыходзіў з паняцця прыгожага, як агульначалавечай каштоўнасці. За ацэнкамі густу эстэтычнага заўсёды стаіць асоба ва ўсёй сваёй духоўнай непаўторнасці. Таму фарміраванне густу эстэтычнага выступае як адна з цэнтр. задач эстэт. выхавання і развіцця асобы.
Літ.:
Эстетическое воспитание на современном этапе: Теория, методология, практика. М., 1990;
Салееў В.А. Этнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы. Мн., 1994.