комплекс гідратэхнічных збудаванняў, тэрытарыяльна аб’яднаных для агульнага нар.-гасп. выкарыстання. Будуюцца на рэках, азёрах, каналах, вадасховішчах і сажалках, у прыбярэжных зонах мораў.
Гідравузлы бываюць: энергетычныя (для пераўтварэння воднай энергіі ў электрычную), воднатранспартныя (для паляпшэння ўмоў суднаходства і лесасплаву), водазаборныя (забяспечваюць паступленне вады для арашэння, водазабеспячэння, рыбнай гаспадаркі і інш.), вадасховішчныя (рэгулююць сцёк), комплексныя (напр., транспартна-энергетычна-водазаборныя); напорныя (плацінныя) і безнапорныя (бесплацінныя); нізканапорныя (напор, або рознасць узроўняў вады верхняга і ніжняга б’ефаў, не перавышае 10 м), сярэдненапорныя (напор 10—40 м) і высоканапорныя (больш за 40 м). Для Беларусі характэрныя нізка- і сярэдненапорныя (да 15 м) Гідравузлы — вадасховішчныя плацінныя і рачныя (а таксама на каналах) пераважна бесплацінныя вадазаборныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУМБІ́Я (Columbia),
рака на З Канады і ЗША. Даўж. 2250 км, пл.бас. 670 тыс.км². Пачынаецца ў Канадзе з аднайм. возера ў Скалістых гарах на выш. каля 800 м. Цячэ пераважна ў гарах, утварае парогі. У сярэднім цячэнні перасякае мяжу з ЗША і далей цячэ ў вузкіх глыбокіх каньёнах і цяснінах па Калумбійскім плато. У ніжнім цячэнні прарываецца цераз Каскадныя горы, упадае ў Ціхі ак., утварае эстуарый даўж. каля 50 км і шыр. 5—10 км. Гал. прыток р. Снейк (злева). Вясенне-летняе разводдзе. Сярэдні гадавы расход вады 8470 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Вял. гідраэнергет. рэсурсы. У ЗША на К. плаціны, вадасховішча, ГЭС (Джон-Дэй, Гранд-Кулі, Чыф-Джозеф і інш.). Суднаходная (з абводнымі каналамі) на 450 км ад вусця, акіянскія судны падымаюцца да г. Портленд. У верхнім цячэнні К. (у межах Канады) нац. паркі. Турызм. На К. — гарады Рычленд, Ванкувер, Портленд (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРА́ЎЦАЎ (Барыс Канстанцінавіч) (28.7.1913, г. Разань, Расія — 20.10.1983),
бел. і расійскі акцёр. Засл. арт. Беларусі (1944). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1936). Працаваў у Бел. т-ры рабочай моладзі, з 1937 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. З 1960 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай. Мастацтву К. былі ўласцівы натуральнасць і псіхалагізм. Лепшыя ролі ў т-ры імя Я.Купалы: Левановіч, Паланевіч («Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Піліп («Палешукі» Я.Рамановіча), Корань («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Калеснікаў, Лагута («Цытадэль славы», «На крутым павароце» К.Губарэвіча), Луконін («Хлопец з нашага горада» К.Сіманава), Аляксандр, Анціпа («Апошнія», «Зыкавы» М.Горкага), Тэадора («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.Шылера); у т-ры на Малой Броннай: Сцяпан («Брацкая ГЭС» Я.Еўтушэнкі), Бераст («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Бірук («Алёнушка» Л.Лявонава). Здымаўся ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАСПА́Д,
падзенне вады ў рацэ з аднаго або некалькіх уступаў. Характэрны адрыў воднага патоку ад рэчышча. Уступы ўзнікаюць у месцах, дзе рака перасякае сучляненне ўстойлівых і падатлівых да размыву горных парод. Сіла падаючай вады павольна разбурае ўступ, асабліва каля падэшвы, ён абрушваецца, і вадаспад пастаянна адступае ўверх па цячэнні. Найб. вядомы Ніягарскі вадаспад у Паўн. Амерыцы штогод адступае на 0,7—0,9 м. Пры значным разбурэнні ўступу на месцы вадаспадаў могуць утварыцца парогі. Вадаспады найчасцей трапляюцца на горных рэках, але бываюць і на раўнінных. Самы высокі ў свеце вадаспад Анхель на р. Чурун у Паўд. Амерыцы (1054 м), самы шырокі — Вікторыя на р. Замбезі (шыр. 1800 м, выш. 120 м), найб. каскад вадаспадаў на р. Тугела (933 м) у Афрыцы. Вадаспады перашкаджаюць суднаходству і сплаву лесу. Выкарыстоўваюцца для буд-ваГЭС (напр., вадаспад Ківач на р. Суна ў Карэліі). Штучныя вадаспады ствараюцца плацінамі і інш. гідратэхн. збудаваннямі.
Да арт. Вадаспад. Схематычны профіль Ніягарскага вадаспада.Вадаспад у гарах Паўночнага Каўказа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЮ́Й,
рака на ЗУсх. Сібіры, левы прыток Лены, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 2650 км, пл.бас. 454 тыс.км². Цячэ па Сярэднесібірскім пласкагор’і і Цэнтральнаякуцкай раўніне. У вярхоўях перасякае балоціста-азёрную раўніну, ніжэй цячэ ў вобласці развіцця трапаў, мае даліну горнага характару з каньёнападобнымі (да 160 м) звужэннямі. Ніжэй с. Сунтар даліна расшыраецца. Ад г. Вілюйска да вусця цячэ ў межах Цэнтральнаякуцкай раўніны, мае нізкія берагі, рэчышча разбіваецца на шматлікія пратокі. Асн. прытокі: Чона, Улахан-Батуобуя, Ачугуй-Батуобуя (справа), Марха, Цюнг (злева). Жыўленне снегавое і дажджавое. Ледастаў з сярэдзіны кастр. да сярэдзіны мая. Сярэдні расход вады каля пас. Хатырык-Хом 1190 м³/с. Каля пас. Чарнышэўскі ГЭС і вадасховішча. Суднаходная на 1317 км ад вусця, пры попусках з вадасховішча да Чарнышэўскага. Рыбалоўства (асетр, таймень, лянок, нельма і інш.). У бас. Вілюя радовішчы алмазаў (Мірны і інш.), вугалю, газу і інш.Гал. прыстані: Сунтар, Нюрба, Вілюйск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЗО́НА (Arizona),
штат на ПдЗ ЗША. Мяжуе з Мексікай. Плошча 295,3 тысяч км², насельніцтва 3936 тысяч чалавек (1993). Адм. ц. — горад Фінікс. Буйныя гарады Тусон, Меса. Заняты гарамі ў цэнтральнай частцы, пустыннымі плато Каларада (з каньёнамі) на ПнУ (гара Хамфрыс-Пік 3851 метраў) і Хіла на ПдЗ.
Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі (самыя гарачыя ў ЗША пустыні). Сярэдняя тэмпература студзеня каля 0—4 °C, ліпеня 21—30 °C, ападкаў 75—380 мм за год. Рэкі Каларада, Літл-Каларада, Хіла і іншыя. У аснове эканомікі апрацоўчая і здабыўная прамысловасць, земляробства, турызм. Прамысловасць: электронная, авіякасмічная, каляровая металургія (выплаўка медзі і вытворчасць алюмінію), паліграфічная, харчовая, швейная і іншыя. Найбольшая ў ЗША здабыча медных Рудаў, значная — малібдэнавых, поліметалічных, золата. На рацэ Каларада ГЭС Боўлдэр-Дам. Земляробства на арашальных землях. Вырошчваюць бавоўнік, цукровыя буракі, ячмень, кукурузу, пшаніцу, гародніну, цытрусавыя. Гадуюць буйную рагатую жывёлу, свіней, авечак, свойскую птушку. Турызм. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, авіяцыйны, трубаправодны. Міжнародныя авіяпарты Фінікс, Тусон, Юма. У Арызоне нацыянальны парк Вялікі Каньён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Беларусі, у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл., на р. Свіслач (за 43,6 км ад вусця) у бас. Дняпра. Створана ў 1953. Пл. 11,9 км², даўж. 23,7 км, найб.Шыр. 1,2 км, найб.глыб. 8,5 м. Чаша — затопленыя рэчышча і пойма Свіслачы, ложа са шматлікімі мелкаводдзямі, ёсць невял. астравы агульнай пл. 15 га. Дно выслана глеем (60% пл.), каля берагоў — пяском. Катлавіна выцягнутая па даліне ракі, са стромкімі, радзей спадзістымі схіламі, укрытымі лесам (часткова пад ворывам). Берагі пераважна высокія, месцамі да 6—8 м.
Замярзае ў пач.снеж., лёд трымаецца да пач. красавіка. Летам вада праграваецца да 21 °C (у паверхневым слоі). Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 81 см. Праточнасць вялікая, аб’ём воднай масы аднаўляецца за 7—8 сутак. Сярэднегадавы сцёк у створы плаціны 790 млн.м³. Каля 35% плошчы зарастае. Выкарыстоўваецца ў энергет. мэтах (Асіповіцкая ГЭС), на водазабеспячэнне сажалак рыбгаса «Свіслач» і Асіповіцкага кардонна-руберойдавага з-да. Зона адпачынку «Асіповічы», санаторый «Вяззе». Курганны могільнік, каля в. Лапічы — гарадзішча жал. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГСБУРГ (Augsburg),
горад у ФРГ, у зямлі Баварыя, у перадгор’ях Альпаў, у сутоках рэк Лех і Вертах (бас. Дуная). 264,8 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел на шляхах да альпійскіх перавалаў. Старажытны цэнтр тэкст., пераважна баваўнянай, прам-сці. Машынабудаванне (авіяцыйныя з-ды Месершміта, выпуск аўтамабіляў, рухавікоў, друкарскіх і канторскіх машын, рэактарнага абсталявання), металаапрацоўка, чыгуна- і сталеліцейная вытв-сць. У ваколіцах ГЭС, прадпрыемствы штучнага валакна, атамнага паліва і інш.Ун-т. Музеі. Абсерваторыя.
Аўгсбург узнік на месцы рым.ваен. лагера (лац. Augusta Vindelicorum, засн. ў 15 да нашай эры), цэнтр рым. правінцыі Рэцыя. Каля 6 ст.засн. Аўгсбургскае епіскапства. У 9—10 ст. набыў статус горада, у 1276 — правы вольнага імперскага горада. У 15—16 ст. адзін з гандл. і фін. цэнтраў Еўропы, важны цэнтр герм. Адраджэння. У Аўгсбургу заключаны Аўгсбургскі рэлігійны мір 1555. Арх. помнікі: раманска-гатычны сабор (11—15 ст), ратуша (пач. 17 ст.), пасёлак рамеснікаў «Фугерай» (16 ст.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРЫВА́ЦЫЯ (ад лац. derivatio адвядзенне, адхіленне),
1) у гідратэхніцы — сукупнасць абходных вадаводаў, па якіх вада з ракі, вадасховішча ці інш. вадаёма падводзіцца да станцыйнага вузла ГЭС, помпавай станцыі (пры ірыгацыі), інш. аб’ектаў, а таксама адводзіцца ад іх. Бывае безнапорная (каналы, безнапорныя тунэлі, латакі) і напорная (трубаправоды, напорныя тунэлі). Д. энергетычная будуецца з нахілам, значна меншым за нахіл ракі, — каб рознасць гідраўлічных нахілаў вадавода і ракі стварыла напор, неабходны для работы гідратурбін (гл.Гідраэлектрычная станцыя).
2) У балістыцы — сістэматычнае бакавое адхіленне снарадаў і куль ад плоскасці стральбы (праходзіць вертыкальна праз вось канала ствала) пад уплывам уласнага вярчэння, супраціўлення паветра і сілы цяжару. Большае з павелічэннем далёкасці стральбы, стромкасці траекторыі і скорасці вярчэння снарада (кулі). Улічваецца пры падрыхтоўцы да стральбы з дапамогай спец. табліц.
Дэрывацыя снарада: 1, 2, 1′, 2′ — траекторыя і яе праекцыі; 3, 4 — дэрывацыя на траекторыі і ў пункце падзення; O, C — пункты вылету і падзення снарада; δ — вугал атакі; ω — вуглавая скорасць вярчэння снарада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,
у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Дрысвята (цячэ праз возера), за 24 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 1,87 км², даўж. 3,5 км, найб.шыр. 1,3 км, найб.глыб. 31 м, даўж. берагавой лініі 13,3 км. Пл. вадазбору 83,3 км². Схілы катлавіны выш. 7—10 м (на ПдЗ да 5 м, спадзістыя), параслі хваёвым і мяшаным лесам, на Пд разараныя. Берагі пераважна абразійныя, абрывістыя, на асобных участках зліваюцца са схіламі, у паўн. заліве сплавінныя, пад хмызняком і лесам. Дно складанай будовы (плоскія ўчасткі глыб. да 5 м чаргуюцца з глыбокімі ўпадзінамі і мелямі). 6 астравоў агульнай пл. 6,3 га. Прыбярэжная ч. дна да глыб. 3—4 м (месцамі да 5 м) пясчаная, глыбей глеі і сапрапелі. Пры вытоку на р. Дрысвята пабудавана ГЭС, у выніку чаго ўзровень возера падняўся да 5 м, аднавіліся працэсы перапрацоўкі берагоў. Адзначаецца сутачнае ваганне ўзроўню 0,2 м. Поўнасцю зарастаюць залівы.