Каралеўства Нарвегія (Kongeriket Norge), дзяржава на Пн Еўропы, на Скандынаўскім п-ве. Мяжуе на У з Расіяй, на ПдУ з Фінляндыяй і Швецыяй; на Пн абмываецца Баранцавым м., на З і ПнЗ — Нарвежскім м., на Пд — Паўночным м. і пралівам Скагерак. Пл. 324,2 тыс.км². Нас. 4420 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — нарвежская. Сталіца — г.Осла. Краіна падзяляецца на 19 фюльке (абласцей). У склад Н. таксама ўваходзяць: адм. акруга Свальбард (архіпелаг Шпіцберген і в-аў Мядзведжы), а-вы Ян-Маен на Пн і Буве на Пд Атлантычнага ак. Агульная пл. гэтых тэрыторый каля 63 тыс.км², пастаяннага насельніцтва няма. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (17 мая).
Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1814 з пазнейшымі папраўкамі. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы заканад. орган — сторцінг, які складаецца з лагцінга (верхняя палата, 41 дэпутат) і одэльсцінга (ніжняя палата, 124 дэпутаты). Выбіраецца на ўсеагульных выбарах па прапарцыянальнай сістэме тэрмінам на 4 гады. Пасля выбараў на 1-й сесіі сторцінга з яго складу выбіраецца 74 дэпутатаў, якія ўтвараюць лагцінг, астатнія 74 — одэльсцінг. Выканаўчая ўлада належыць каралю, які назначае ўрад (Дзярж. савет) на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Берагавая лінія вельмі звілістая. Многа заліваў (фіёрдаў), якія глыбока ўразаюцца ў сушу. Каля берагоў шмат астравоў. Большую ч. краіны займаюць выцягнутыя з ПнУ на ПдЗСкандынаўскія горы, складзеныя з крышталічных парод. Тэктанічныя даліны падзяляюць горы на асобныя масівы і пласкагор’і. Пераважаюць выш. 700—1000 м, найб. 2469 м (г. Гальхёпіген). Нізіны займаюць невял. плошчы. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (шэльфавая зона Паўночнага м.), жал., ванадыевыя, тытанавыя, медныя, малібдэнавыя, нікелевыя, свінцова-цынкавыя, ніобіевыя, сярэбраныя руды, золата, графіт і інш. На Шпіцбергене значныя запасы каменнага вугалю. Клімат умераны, у прыбярэжнай зоне акіянічны, на крайняй Пн — субарктычны. Сярэдняя т-ра на ўзбярэжжы ў студз. на Пн ад -2 да -4 °C, на Пд да 2 °C, у ліп. ад 10 °C на Пн да 14 °C на Пд. У гарах больш холадна. Ападкаў ад 2000—3000 мм на зах. схілах гор да 300—800 на У і Пн. У гарах ледавікі (пл. 3 тыс.км²). Рэкі кароткія, парожыстыя, паўнаводныя, багатыя гідраэнергіяй. Найб. — р. Глома. Многа ледавіковых азёр. Пад лесам 27% пл. На У і ПдУ — хвойныя лясы (елка, хвоя), на Пд ад 61°паўн. ш. — мяшаныя (хвоя, елка, бяроза, дуб, бук, ліпа). На З пераважаюць верасоўнікі, лугі і балоты. На Пн і на пласкагор’ях — тундра і лесатундра. Важнейшыя прадстаўнікі жывёльнага свету: паўн. і высакародны алень, лось, расамаха, воўк, ліс барсук, вавёрка, лемінг, зайцы. На ўзбярэжжах шмат птушак. У моры прамысл. рыба (траска, селядзец, макрэль і інш.). Нац. паркі: Бёргеф’ель, Паўд.-Шпіцбергенскі, Паўн.-Зах. Шпіцберген, Паўн.-Усх. Шпіцберген, больш за 30 запаведнікаў.
Насельніцтва. Каля 97,5% складаюць нарвежцы. На Пн жывуць саамы (0,7%) і фіны (0,5%), на Пд і ў гарадах — невял. групы шведаў, датчан, немцаў і інш. Каля 87,8% вернікаў лютэране. Ёсць прадстаўнікі інш. адгалінаванняў пратэстанцтва і католікі. Сярэдняя шчыльн. 13,6 чал. на 1 км². Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана на ўзбярэжжы, горныя масівы амаль не заселены. У невял. раёне на Пд вакол Ослафіёрда жыве палавіна насельніцтва, дзе шчыльн. да 50—60 чал. на 1 км². У гарадах 73% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Осла — 500, Берген — 260, Тронхейм — 160, Ставангер — 120, Нарвік — 80. У прам-сці занята 23%, у сельскай гаспадарцы — 6% працаздольнага насельніцтва, астатнія ў абслуговых галінах.
Гісторыя. Тэр. Н. заселена чалавекам прыбл. ў 6-м тыс. да н.э. У 2-м тыс. да н.э.стараж.-герм. плямёны адцяснілі на Пнмясц. карэннае насельніцтва — саамаў. У канцы 1-га тыс.н.э. ўзнікла нарв. народнасць. У эпоху вікінгаў (нарманаў; канец 8 — сярэдзіна 11 ст.) пачалося фарміраванне нарв. дзяржаўнасці, у 872 на прастол уступіў першы конунг (кароль) Харальд I Хорфагер. Продкі нарвежцаў учынялі марскія паходы пераважна ў Зах. Еўропу, каланізавалі Цэнтр. і Паўн. Англію, Шатландыю, Аркнейскія, Шэтлендскія, Гебрыдскія, Фарэрскія а-вы, прыбярэжныя раёны Ірландыі, Ісландыю, Грэнландыю (гл. таксама Вялікія геаграфічныя адкрыцці, Лейф Эйрыксан, Эйрык Раўдзі). Каля 1000 у краіне прынята хрысціянства Значную ч. насельніцтва сярэдневяковай Н. складалі бонды. Перыяд паміж 1130 і 1240 суправаджаўся грамадз. войнамі за ўладу (гл.Біркебейнеры). Пры Хокане IV Хокансане [1217—63] грамадз. войны спыніліся, Н. мела найб. ў сваёй гісторыі тэрыторыю, у т. л. займала сучасныя швед. правінцыі Емтланд і Бохуслен. Кароль Хокан V Магнусан [1299—1319] зрабіў сталіцай краіны г. Осла (раней каралеўскі двор размяшчаўся ў г. Берген). Каля 1300—1500 Н. знаходзілася ў эканам. залежнасці ад ням.Ганзы (яе гал. апорным пунктам прыбл. з 1350 быў Берген), якая кантралявала экспарт нарв. рыбы. Эпідэмія чумы 1347—50 прывяла да працяглага эканам. заняпаду краіны. У 1319 заключана асабістая унія Н. са Швецыяй, у 1380 — з Даніяй, у 1397 — Кальмарская унія трох сканд. каралеўстваў (у 1523 з уніі выйшла Швецыя). Пасля 1500 пачаўся павольны эканам. ўздым. У 1536 у Н. абвешчана Рэфармацыя, у 1537 краіна страціла статус самаст. каралеўства і ператварылася ў дацкую правінцыю (у 1572 уведзена пасада намесніка дацкага караля). У выніку швед.-дацкіх войнаў 17 ст. Н. страціла тэрыторыі Емтланд, Хер’едален (1645), Бохуслен (1658) на карысць Швецыі і апынулася ў сучасных межах. У 1660 дацкія ўлады ўвялі ў Н. абсалютысцкія парадкі. У 17 — пач. 19 ст. актывізаваўся нац.-вызв. рух супраць дацкага панавання, у т. л. паўстанне ў раёне Бергена ў 1765. Пасля далучэння Даніі да напалеонаўскай кантынентальнай блакады (1807) Н. апынулася фактычна ізаляванай ад дацкіх улад. Паводле Кільскіх мірных дагавораў 1814 Данія перадала Н. пад уладу Швецыі. Нарв. ўстаноўчы сход у Эйдсвале (скліканы 10.4.1814) не прызнаў гэтага акта, абвясціў незалежнасць Н. і распрацаваў яе канстытуцыю (гл.Эйдсвальская канстытуцыя 1814). Але Швецыя пры падтрымцы вядучых еўрап. дзяржаў навязала Н. асабістую шведска-нарвежскую унію 1814—1905. Паводле ўмоў уніі Швецыя вызначала знешнюю палітыку Н. пры захаванні яе ўнутр. аўтаноміі. У 19 ст. актывізавалася эканам. развіццё краіны (у 1816 засн. Банк Н., у 1854 уведзена ў эксплуатацыю першая чыгунка), асабліва гандл. флоту (па яго велічыні да пач. 1-й сусв. вайны Н. займала 3-е месца ў свеце). Разам з тым сац.-эканам. цяжкасці прывялі да перасялення каля 1 млн. нарвежцаў у Паўн. Амерыку (найб. хвалі перасяленцаў у 1879, 1882, 1893). У 1859 у сторцінгу (парламенце) аформілася ліберальная апазіцыя праціўнікаў швед.-нарв. уніі, у 1884 яны ўтварылі партыю Венстрэ (Левую), а прыхільнікі уніі заснавалі партыю Хёйрэ (Кансерватыўную); у краіне ўсталяваўся парламентарызм. У час уздыму рабочага руху ў 1870—80-я г. ўзніклі прафсаюзы, у 1887 — Нарв. рабочая партыя (НРП), якая пазней стала вядучай паліт. партыяй Н. У 1898 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1913 — і для жанчын.
3 канца 19 ст. ўзмацніўся рух за выхад Н. з уніі са Швецыяй. 7.6.1905 сторцінг абвясціў пра скасаванне швед.-нарв. уніі, нар. плебісцыт 13.8.1905 ухваліў разрыў уніі. Пасля заключэння швед.-нарв.Карльстадскіх пагадненняў 1905 і рэферэндуму ў Н. пра форму дзярж. ладу (ліст. 1905) на нарв. прастол 18.11.1905 быў выбраны дацкі прынц Карл (правіў як Хокан VII да 1957). Незалежнасць і тэр. цэласнасць Н. былі гарантаваны Германіяй, Францыяй, Вялікабрытаніяй, Расіяй паводле Хрысціянскіх канвенцый 1907. У пач. 1900-х г. Н. стала краінай найбуйнейшых у Еўропе ГЭС. У 1-ю сусв. вайну Н. прытрымлівалася палітыкі нейтралітэту, але страціла пры гэтым амаль 50% свайго гандл. флоту (820 суднаў). У пасляваен. знешняй палітыцы ўрады Н. цесна супрацоўнічалі з Лігай Нацый. Прадстаўнікі Н. ўдзельнічалі ў арганізацыі міжнар. дапамогі галадаючым Паволжа; вял. аўтарытэт у свеце набыў сваімі гуманітарнымі акцыямі, у т. л. па дапамозе бежанцам з розных краін, нарв. палярны даследчык Ф.Нансен (гл. таксама Нансенаўская міжнародная арганізацыя па справах бежанцаў). Ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33 у Н. ўзнік фаш. рух на чале з В.Квіслінгам. У 1931—33 Н. канфліктавала з Даніяй за Грэнландыю, але Міжнар. суд у Гаазе вырашыў спрэчку на карысць Даніі. На выбарах 1933 НРП атрымала 40% галасоў выбаршчыкаў, а ў сак. 1935 сфарміравала ўрад на чале з Ю.Нюгарсвалам (1935—45, з 1940 у эміграцыі). У 2-ю сусв. вайну, нягледзячы на нейтралітэт, краіну ў ходзе 2-месячнай Нарвежскай аперацыі 1940 акупіравалі ням.-фаш. войскі; нарв. кароль і ўрад эмігрыравалі ў Лондан (вярнуліся ў 1945). У лют. 1942 сфарміраваны нарв. калабарацыянісцкі ўрад на чале з Квіслінгам. Акупацыя краіны выклікала Рух Супраціўлення: у 1943 нарв. патрыёты разгарнулі барацьбу супраць «татальнай прац. мабілізацыі», абвешчанай урадам Квіслінга; узбр. групы Супраціўлення здзейснілі шэраг дыверсійных актаў, у т. л. ўзарвалі з-д па вытв-сці цяжкай вады для ням. атамнай бомбы; у канцы 1943 — пач. 1944 узнік аб’яднаны кіруючы орган Супраціўлення — «Фронт Радзімы». У выніку Петсама-Кіркенескай аперацыі 1944паўн. раёны Н. вызваліла Чырв. Армія. 7.5.1945 у Н. капітулявалі герм. войскі. У вайне краіна страціла 10 тыс.чал., палавіну флоту (паводле танажу). У 1948 абвешчана амністыя квіслінгаўцаў, у 1950 спынена суд. праследаванне ваен. злачынцаў. Пасляваен. аднаўленню эканомікі краіны садзейнічала дапамога паводле Маршала плана. З канца 1940-х г. знешнепаліт. курс Н. вызначаўся адмовай ад нейтралітэту, імкненнем да інтэграцыі краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі. У 1945—65, 1971—72, 1973—76, 1976—81, 1986—89, 1990—97 кіруючай партыяй зноў была НРП (у т. л. ўрады на чале з Г.Х.Брунтланд), якая праводзіла курс на пабудову ў Н. сац. дзяржавы на ўзор Швецыі. На рэферэндуме 25.9.1972 большасць выбаршчыкаў выказалася супраць уступлення Н. ў «Агульны рынак». У 1981—86 і 1989—90 на чале ўлады знаходзіліся кансерватыўныя ўрады. У 1957—91 каралём Н. быў Улаф V, са студз. 1991 — Харальд V. На рэферэндуме ў канцы 1994 большасць выбаршчыкаў прагаласавала супраць членства краіны ў Еўрап. Саюзе. Пасля парламенцкіх выбараў у вер. 1997 утвораны кааліцыйны ўрад на чале з К.М.Бундэвікам (Хрысц.нар. партыя).
Н. — чл.ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Савета Еўропы (з 1949), Паўн. савета (з 1952), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю і Арг-цыі эканам. супрацоўніцтва і развіцця (з 1960), асацыіраваны член Зах.-Еўрап. Саюза (з 1992). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 4.2.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Нарв. рабочая партыя (найбуйнейшая), партыя Цэнтра, партыя Хейрэ (Кансерватыўная), Хрысц.нар. партыя, Сацыяліст. левая партыя, Партыя прагрэсу і інш.Прафс. аб’яднанні — Цэнтр. аб’яднанне прафсаюзаў Н. (найбуйнейшае, засн. ў 1899, аб’ядноўвае каля 30 галіновых прафсаюзаў), Кааператыўнае аб’яднанне Н.
Гаспадарка. Н. — індустр.-агр. краіна з высокім узроўнем жыцця насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. 26,2 тыс.дол. (1996). На прам-сць прыпадае 32,1% валавога ўнутр. прадукту (ВУП), на сельскую і лясную гаспадарку, рыбалоўства і марскія промыслы — 2%, на сферу паслуг — 65,9% (1997). Прамысловасць мае экспартны кірунак. Гал. месца належыць горназдабыўной галіне. Здабываюць (1997) нафту — 152 млн.т і прыродны газ — 46,5 млрд.м³ у Паўночным. м. (цэнтр абслугоўвання здабычы — г. Ставангер), каменны вугаль — 0,4 млн.т на Шпіцбергене, жал., алюмініевыя, тытанавыя, цынкавыя, малібдэнавыя, кобальтавыя, нікелевыя руды, пірыты, буд. матэрыялы. У 1997 атрымана 112 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (99,4% — на ГЭС). Па вытв-сці электраэнергіі на 1 чал. Н. займае 1-е месца ў свеце. Развіты энергаёмістыя галіны — электраметалургія каляровых металаў і электрахімія. Вытв-сць (млн.т, 1997): чыгуну — 0,1, сталі — 0,4, пракату — 0,4. Асн. цэнтр — г. Му-і-Рана, з-д «Норск Ернверк». Значная вытв-сць алюмінію (г. Арэндаль і інш.), нікелю і медзі (г. Крыстыянсан), кобальту (15% сусв. вытв-сці), магнію, ферасплаваў. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю ўгнаенняў — 0,9 млн.т (1997, у пераліку на 100% колькасць карыснага рэчыва), у т. л. 0,6 млн.т азотных і 0,3 млн.т фосфарных, сінт. смол — 425 тыс.т, а таксама карбіду кальцыю, цяжкай вады, інертных газаў (аргон, неон). Асн. цэнтры хім. прам-сці — Осла і Берген, нафтаперапр. і нафтахім. — Берген і Ставангер. Развіта лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Нарыхтоўкі драўніны склалі 7,6 млн.м³, піламатэрыялаў — 2,4 млн.м³, вытв-сць драўнянавалакністых пліт — 18,9 млн.м³, драўнянастружкавых пліт — 420 тыс.м³, паперы і кардону — 2 млн.т (1997); гал. цэнтры Шыен і Тронхейм. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены прадпрыемствамі па буд-ве суднаў, пераважна танкераў і рыбалоўных, платформ для здабычы нафты і газу ў моры, буравога, горнага, металург., хім., лесаперапрацоўчага абсталявання, вырабаў радыёэлектронікі (Осла, Берген, Ставангер). У прам-сці буд. матэрыялаў вылучаецца вытв-сць цэменту — 1,8 млн.т (1997). З галін лёгкай прам-сці найб. развіты швейная і трыкатажная (асабліва вытв-сцьспарт. і рабочага адзення), абутковая (абутак для маракоў і рыбакоў). У харч. прам-сці вылучаецца рыбаперапрацоўчая і рыбакансервавая галіна. Улоў рыбы (1997) — 2,84 млн.т, у т. л. селядцоў — 917 тыс.т, траскі — 401 тыс.т. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі даюць прадпрыемствы 4 найб. гарадоў, у т. л. 25% — Осла. Сельская гаспадарка працуе пераважна на ўнутр. рынак. С.-г. ўгоддзі (1997) займаюць 1,1 млн.га (каля 3,4% тэр.), у т. л. пад ворывам 1 млн.га. Пераважаюць невял. фермы (да 10 га). Многія з дробных фермераў частку даходу атрымліваюць ад рыбалоўства і продажу лесу. Пашырана вытворча-збытавая кааперацыя. Гал. галіна — малочна-мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1, свіней — 0,8, авечак і коз — 2,6, птушкі — 4. На Пн разводзяць паўн. аленяў (каля 100 тыс. галоў). Вытворчасць (тыс.т., 1997): мяса — 276, малака — 1900 (надой на 1 карову 5472 л за год), воўны — 5; атрымана 831 млн. штук яец. Прадукцыя раслінаводства (1997): збожжавыя і зернебабовыя — 1,3 млн.т, бульба — 0,4 млн.т, агародніна — 0,2 млн.т, плады і ягады — 0,1 млн.т. Сярэдняя ўраджайнасць: аўса — 50,4 ц/га, пшаніцы — 45,4 ц/га, бульбы — 222 ц/га. Вырошчваюць фуражныя культуры. Развіта клетачная пушная зверагадоўля (норак і лісоў). Асн. від транспарту — марскі, забяспечвае прыкладна 2/3унутр. і 9/10 знешніх перавозак. Танаж гандл. флоту (судны водазмяшчэннем больш за 100 т) больш за 21 млн. брута-рэг. т, частка флоту плавае пад замежнымі флагамі. Больш за 90% танажу занята на міжнар. перавозках па замежных фрахтах. Гал. парты: Осла, Берген, Ставангер, Нарвік. Працягласць чыгунак (больш за 60% электрыфікаваныя) — 4 тыс.км, аўтадарог — 90 тыс.км. Н. знаходзіцца на адным з першых месцаў у свеце па ўнутр.авіяц. перавозках пасажыраў у разліку на душу насельніцтва. Міжнар. аэрапорты каля Осла, Ставангера, Будзё, густая сетка мясц. аэрапортаў. У 1997 экспарт склаў 47,7 млрд.дол., імпарт — 35,5 млрд.дол.Асн. тавары экспарту: нафта і прыродны газ (каля 50% па кошце), каляровыя металы, судны, рыба. Імпарт: машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, харч. і спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Германія, Швецыя, Нідэрланды, Францыя. Імпарт у Беларусь (1997) — 553 тыс.дол., пераважна рыба. Значны даход прыносіць турызм, колькасць замежных турыстаў 2,7 млн., чал., даход ад турызму — 2,5 млрд.дол. (1997). Грашовая адзінка — нарвежская крона.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск (15,8 тыс.чал.), ВПС (7,9 тыс.чал.), ВМС (9 тыс.чал.). Агульная колькасць 32,7 тыс.чал. (1999). Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Камплектаванне паводле прызыву. На ўзбраенні 170 танкаў, 214 бронетранспарцёраў, 57 баявых машын пяхоты, 252 гарматы, 454 мінамёты, 300 пераносных зенітных ракетных комплексаў, у ВМС 12 падводных лодак, 4 фрэгаты, 14 тральшчыкаў, 53 катэры і інш., у ВПС 79 баявых самалётаў.
Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне платнае, але 80% расходаў на ўрачэбную дапамогу і набыццё некат. лекаў фінансуецца з фондаў сац. страхавання. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,4, жанчын 81,2 года. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс.чал. Смяротнасць 10 на 1 тыс.чал., натуральны прырост 0,27% (1999). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 197 чал., урачамі — 1 на 299 чал. (1998). Дзіцячая смяротнасць 5 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Асвета. Сістэма адукацыі Н. дзярж., бясплатная, існуе невял. колькасць прыватных школ, якім аказваецца дзярж.фін. падтрымка. Паводле рэформы 1994 у сістэме адукацыі, дзеці вучацца ў школе з 6-гадовага ўзросту. Тэрмін усеагульнага абавязковага навучання 10 гадоў: складаецца з пач. ступені (1—4-ы кл.), прамежкавай (5—7-ы кл.) і ніжэйшай сярэдняй ступені (8—10-ы кл.), дзе вучні могуць выбіраць прадметы дадаткова да абавязковых. Пасля атрымання абавязковай сярэдняй адукацыі 95% вучняў працягваюць вучобу на старшай ступені сярэдняй школы (3 гады навучання) і атрымліваюць поўную сярэднюю адукацыю, што дае права паступаць ва ун-т. Старшая ступень складаецца з базавых курсаў (1-ы год навучання), наступных спецыялізаваных і (або) курсаў прафесійна-тэхн. адукацыі. 40% выпускнікоў старшай ступені сярэдняй школы паступаюць у ВНУ. Выпускнікі каледжаў пасля выканання праграм, разлічаных на 2—3 гады, атрымліваюць дыплом. Першая акадэмічная ступень (кандыдат-магістр) прысвойваецца ун-тамі, універсітэцкімі і рэгіянальнымі каледжамі пасля выканання 4-гадовай праграмы навучання; дадатковае навучанне (1,5—3 гады), правядзенне даследавання і напісанне дысертацыі дазваляе атрымаць ступені — канд. філасофіі (гуманіт. навукі), канд. навук (прыродазнаўчыя дысцыпліны) і т.зв. ступень «Sivilingenior» (тэхн. навукі). Паслядыпломную адукацыю можна прадоўжыць у дактарантуры (3—4 гады) і атрымаць ступень д-ра навук у розных галінах ведаў. Існуе і агульная доктарская ступень — д-р філасофіі, якая не патрабуе абавязковага навучання, але прад’яўляе больш высокія патрабаванні да дысертацыі. Усе ВНУ падпарадкоўваюцца Мін-ву адукацыі, даследаванняў і рэлігіі. У 1999/2000 навуч.г. ў Н. — 160 тыс. студэнтаў, у т. л. 80 тыс. ва ун-тах; 4 ун-ты: у Осла (1811), Бергене (1948), Тронхейме (1968), Тромса (1972); 6 спецыялізаваных універсітэцкіх каледжаў. З мэтай развіцця супрацоўніцтва паміж ВНУ 95 рэгіянальных каледжаў у 1994 рэарганізаваны ў 26 і створана «нарвежская сетка», у якую ўвайшоў і універсітэцкі сектар. Найбуйнейшыя б-кі — універсітэцкія і б-ка ў Осла. Музеі: заалагічны (1820), Універсітэцкі нац. старажытнасцей (1828), прыкладнога мастацтва (1876), Нарв. народны (1894), Нац. галерэя (1837); музеі Вігелана (1947), Мунка (1963), музеі, дзе захоўваюцца судны нарв. вікінгаў, карабель Р.Амундсена і Ф.Нансена, плыт Т.Хеердала «Кон-Цікі» і інш. (усе ў Осла). Навук. даследаванні праводзяцца пераважна ва ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у Н. каля 2160 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты: «Aftenposten» («Вячэрняя газета», з 1860), «Dagbladet» («Штодзённая газета», з 1869), «Arbeiderbladet» («Рабочая газета», з 1884), «Nationen» («Нацыя», з 1896), «Verdens Gang» («Свет у руху», з 1945), «Vaart Land» («Наша краіна», з 1945), «Ny Tid» («Новы час», з 1975). Інфарм. агенцтва — Нарв.тэлегр. бюро (НТБ, з 1867). Дзейнічаюць больш за 70 радыёстанцый. Тэлебачанне з 1960. Трансліруюцца 2 агульнанац. і 17 мясц. праграм. Радыё і тэлебачанне кантралюе ўрадавая карпарацыя Нарв.дзярж. вяшчанне (з 1933).
Літаратура. Ад раннесярэдневяковай л-ры Н. захавалася няшмат помнікаў. У цесным узаемадзеянні з нарвежскай развівалася стараж.-ісландская л-ра, вядомая сваёй паэзіяй міфалагічнага і гераічнага зместу, а таксама творчасцю скальдаў (нарвежцы Брагі Бодасан, Торб’ёрн Хорнклаві, Эйвінд Фінсан; 9—11 ст.) і інш. У 13 ст. з’явілася ананімная рэліг.-філас. (паэма «Сонны прывід») і рэліг.-дыдактычная (дыялог «Каралеўскае люстра») л-ра. Страта краінай незалежнасці выклікала заняпад нарв. л-ры. Літ. мовай стала дацкая. Гуманіст. рух у Н. ў сярэдзіне 16 ст. быў цесна звязаны з Рэфармацыяй (лацінамоўныя творы Х.Хунарсана, Е.Нільсана). Патрыят. духам прасякнута гісторыка-геагр.кн. «Пра нарвежскае каралеўства» (1567) А.Педэрсена Беера. У 17 ст. значныя маст. творы стварылі П.Дас (паэма «Голас Нурлана»), Д.Энгельбрэтсдатэр (рэліг. лірыка). Станаўленне свецкай л-ры Н. прыпадае на 18 ст. (паэзія К.Б.Туліна, проза і драматургія дацка-нарв. пісьменніка Л.Хольберга). Даніну класіцызму аддалі ў сваёй творчасці Ю.Н.Брун (аўтар першай нарв.гіст. трагедыі «Эйнер Тамбешэльвер», 1772), К.Фастынг, сентыменталізму — П.Х.Фрыман. Супраць адмоўных бакоў класіцызму скіраваны сатыр. і гумарыстычна-парадыйныя творы Ю.Г.Веселя, Ю.Вібе. У 1-й пал. 19 ст. на фоне барацьбы Н. за незалежнасць вылучылася самаст.нарв.нац.л-ра. У гэтым рэчышчы развівалася паэзія Х.Вергелана. Пачынальнік л-ры на нарв. мове (лансмоле) — І.Осен. Пануючым літ. кірункам 1840—50-х г. быў «нацыянальны рамантызм» (літ. апрацоўкі нарв. фальклору П.К.Асб’ёрнсена, Ё.Му, М.Б.Ланстада, паэзія Ю.С.Вельхавена, А.Мунка, драм. творы Х.Б’ерэгара, Бруна, Мунка, проза М.К.Хансена, Вергелана). У творах П.Ботэн-Хансена, О.У.Вінье, ранняга Г.Ібсена разгарнулася палеміка з прадстаўнікамі гэтага кірунку. У 2-й пал. 19 ст.л-ра Н. ў шэрагу вядучых л-р свету, найперш дзякуючы драм. творам Ібсена і Б.М.Б’ёрнсана, для якіх характэрна арган. спалучэнне рамантычна-сімвалістычных і рэаліст.рыс. Росквіт рэаліст. рамана пачаўся з твораў К.Эльстэра Старэйшага («Небяспечныя людзі»), Ю.Лі («Лоцман і яго жонка», «Пажыццёва засуджаны», «Дочкі камандора»), А.Л.Х’елана («Шкіпер Воршэ», трылогія «Атрута», «Фартуна», «На Івана»), А.Гарбарга («Вальнадумец», «Сяляне-студэнты»), Натуралістычныя і эратычныя матывы ўласцівы прозе А.Скрам. Моцныя ўплывы імпрэсіянізму адчувальныя ў раманах Х.Егера, неарамант. вершах, малой прозе і п’есах С.Обстфелера, Т.Крага, паэзіі Н.К.Вогт, В.Крага. У канцы 19—пач. 20 ст.сусв. вядомасць набыла псіхал. проза К.Гамсуна. Гуманіст. традыцыі развіваліся ў творчасці Ю.Боера, Г.Скота, Х.Кінка, П.Эге. Мноствам плыняў і кірункаў вызначалася нарв.л-ра паміж сусв. войнамі. У манеры псіхал. рэалізму напісана эпапея «Жыхары Ювіка» У.Дуўна (т. 1—6, 1918—23), у рэчышчы «новага рэалізму» і неарамантызму — гіст. раманы С.Унсет. Прыкметнай з’явай у л-ры Н. сталі псіхал. раманы С.Хуля. Сац. тэматыкай адметная проза К.Упдаля, Ю.Фалькбергета, О.Бротэна, паэзія Р.Нільсена. Стваральнік нарв.сял. эпасу — Т.Весас (раманы «Вялікая гульня» і «Жанчынам патрэбны дом»), Уплывы фрэйдызму адчувальныя ў раманах А.Санемусе, паэзіі А.Эверлана, драмах Х.Крога. Выкарыстанне традыц. форм у спалучэнні з паэт. навацыямі ўласціва творам Г.Вільдэнвея, У.Аўкруста, С.Мерэна, У.Буля. Вылучылася творчасць хрысц. празаікаў С.Крысціянсена, Р.Фангена, драматурга-сімваліста Г.Хейберга. У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыгрывала паэзія Ю.Н.Грыга, І.Хагеруп, проза Хуля, Ю.Боргена і інш. У пасляваен. час вылучылася проза аналіт. (Борген, А.Омрэ), псіхал. і фрэйдысцкая (Хуль, Т.Недрэас, Н.Ю.Руд), рэаліст. (Боер, Весас), паэзія традыцыяналісцкая (Г.Рэйс-Андэрсен, І.Хагеруп, Т.Стыген, Т.Юнсан) і мадэрнісцкая (Мерэн, Р.Якабсен, Э.Оклан, Я.Э.Вол), драматургія рэаліст. (Х.Хагеруп, Е.Б’ёрнебу, Т.Скагестад, А.Во, Н.Р.Крыстэнсен) і мадэрнісцкая (Ф.Хаўрэвал, Т.Эр’ясетэр, С.Крыстаў). У л-ры 1980—90-х г.цэнтр. месца займаюць мадэрнісцкая паэзія і драматургія (Э.Хоэм), проза псіхал. (К.Фальбакен), фемінісцкая (Б.Вік), эксперым. (К.Флёгстад, С.Лёвейд), рэліг. (А.Ронінг), футурысцкая (А.Енсен), паліт. і сац. (К.Хольт). Сярод перакладчыкаў і прапагандыстаў бел. л-ры ў Н. — паэт і літ.-знавец М.Наг. На бел. мову творы нарв. пісьменнікаў перакладалі С.Міхальчук, В.Сёмуха, Л.Баршчэўскі.
Архітэктура. Сярэдневяковае дойлідства Н. выпрацавала своеасаблівы ў канстр. і маст. адносінах тып драўлянай царквы «стаўкірка», якая ўзводзілася з верт. пастаўленых бярвён і брусоў (цэрквы ва Урнесе, 1060—1130; Боргуне, каля 1150; Голі, канец 12 ст., цяпер у Нарвежскім нар. музеі на п-ве Бюгдзё ў Осла). Мураваная архітэктура фарміравалася ў 12—14 ст. пад уплывам англ. пабудоў раманскага стылю (сабор у Ставангеры, 1130—1300) і готыкі (сабор у Тронхейме, каля 1140—1320, рэстаўрыраваны ў 19—20 ст.; каралеўская зала Хокансхален у Бергене, 1246—61). З 16 ст. пашыраны агульнаеўрап. маст. стылі: пабудовам 2-й пал. 16—17 ст. ўласцівы элементы архітэктуры Адраджэння, у 18 ст. пераважалі рысы барока і ракако, у канцы 18—1-й пал. 19 ст. з’явіліся пабудовы ў стылі класіцызму (каралеўскі палац, 1824—48, арх. Х.Д.Ф.Лінстаў; ун-т, 1838—52, арх. К.Х.Грош). У архітэктуры сядзібных і гар. дамоў захоўваліся традыц. высокія чарапічныя дахі з заломам, лёгкія драўляныя галерэі і лоджыі. У 2-й пал. 19 ст. на змену класіцызму прыйшла эклектыка (псеўдараманскія формы, англ. неаготыка); нац.-рамант. рысы выявіліся ў т.зв. драконаўскім стылі з дэкар. элементамі айч. драўлянага дойлідства (арх. Х.Мунтэ і інш.). У 1920—30-я г. развіваўся функцыяналізм. Пасля 2-й сусв. вайны вырашаліся праблемы пашырэння і рэканструкцыі гарадоў (праект Вял. Осла, 1948—50), масавага жыллёвага буд-ва. У пошуках самабытных форм архітэктары звярталіся да нар. дойлідства (турыстычныя гасцініцы, вілы, асабнякі). У 1960-я г. ў Н. пашырыўся арх. кірунак бруталізм: ратуша ў Аксеры каля Осла (1963, арх. Х.Лунд, Н.Слету), музей у Ховікодэне (1964—68, арх. І.Эйквар, С.Е.Энгебрэтсен). У 1910 створаны Саюз нарв. архітэктараў.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад неаліту і бронз. веку на тэр. Н. захаваліся наскальныя размалёўкі з выявамі аленяў, схематычных фігур людзей, сонечнага дыска і інш. У сярэдзіне 1-га тыс.н.э. ад мастацтва герм. плямён, якія засялялі Пд Н., пашырыўся звярыны стыль. У канцы 8—9 ст. у рэчышчы культуры вікінгаў пачало фарміравацца сярэдневяковае мастацтва Н. Развіваўся звярыны стыль, у які ўключаліся геам. ўзоры («пляцёнка») і фігуры людзей (разьба на пахавальных караблях, павозках, санях і інш.), пазней — расл. ўзоры і жанравыя сцэны. У 13—14 й. развівалася гатычнае мастацтва (размалёўкі храмаў, скульптура, мініяцюра). З канца 14 ст. развіццё маст. культуры Н. заняпала. У 17 — пач. 19 ст.нарв. мастацтва развівалася ў рэчышчы агульнаеўрап. стыляў барока і ракако (працавалі пераважна замежныя майстры). У дэкар.-прыкладным мастацтве пашырыліся разьба і размалёўка па дрэве, разьба па слановай косці. У пач. 19 ст. з’явіліся нац.прафес. мастакі (жывапісец і графік Ю.К.К.Даль, О.Вергеланд і інш.). З сярэдзіны 19 ст. павялічылася цікавасць да тэм нар. жыцця (А.Тыдэман), нац. пейзажа (Х.Гудэ, Ф.Колет). У 1870—80-я г. пад уплывам франц. мастацтва большасць нарв. мастакоў аддавалі ўвагу вырашэнню спецыфічных жывапісных праблем, асабліва перадачы асвятлення і святлопаветр. асяроддзя (Х.Бакер, Э.Петэрсен, Ф.Таўлаў, Х.Хеердал і інш.). У скульптуры дамінавалі рысы класіцызму ў духу дацкага скульпт. Б.Торвальдсена (Б.Бергсліен, Ю.Мідэльтун, Х.Мікельсен, М.Шэйбрак і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. у мастацтве склалася нац.рэаліст. школа (К.Крог, Э.Верэншэль, Т.Кігэльсен, Г.Мунтэ і інш.). У рэчышчы сімвалізму працаваў скульпт. А.Т.Вігелан. У гэты перыяд склалася творчасць аднаго з заснавальнікаў экспрэсіянізму Э.Мунка. У выяўл. мастацтве 1-й пал. 20 ст. дамінавала манум.-дэкар. мастацтва (Р.Аўлі, П.Крог, А.Рэваль, А.Рольфсен і інш.). У 2-й пал. 20 ст. пашырыліся мадэрнісцкія кірункі (Я.Вейдэман, Г.С.Гундэрсен, К.Румар, І.Сітэр і інш.). Традыцыі рэаліст. школы працягвалі жывапісец Х.Фіне, графікі П.Гаген, В.Тветэрас і інш. У скульптуры развіваліся неакласіцыстычныя тэндэнцыі (Э.Баст, Р.Луне, В.Расмусен, Г.Янсан і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве (мэбля, кераміка, тэкстыль, драўляны посуд, вырабы з металу, карункапляценне, вышыўка) пераважаюць простыя рацыянальныя формы, у дэкоры выкарыстоўваюцца перапрацаваныя элементы нац. фальклору.
Музыка. Пра стараж. паходжанне нарв. музыкі сведчаць помнікі матэрыяльнай культуры (бронзавыя муз. інструменты 2 ст. да н.э.), сагі ісландска-нарв. эпасу («Эда Старэйшая», канец 11 ст.). Захаваліся стараж.вак.-інстр. і танц. жанры — пастухоўскія песні-клічы лок, хювінг, лалінг; балады, культавыя, гіст. і інш. песні, танцы халінг, спрынгданс. У аснове рытмічнай арганізацыі раўнамерная метрыка пры мностве сінкоп, пункцірных рытмаў і трыёлей. Сярод традыц. інструментаў: струнна-смычковыя фідла, лангелейк, хардынгфеле; духавыя флейта селье, лур; варган мюнхарпе. З пашырэннем хрысціянства (10 ст.) развіваюцца культавыя спевы, блізкія да грыгарыянскіх, з 14 ст. — арганная музыка. У 14—19 ст. музыка Н. была пад уплывам дацкай музыкі. З прыняццем лютэранства (1536) узнік пратэстанцкі харал. Сярод помнікаў перыяду Рэфармацыі — «Dansk salmebog» Х.Томісёна (1569), «Graduale» Н.Есперсена (1573). З канца 16 ст.муз. цэнтрамі сталі Хрысціянія, Берген, Тронхейм. У 2-й пал. 18 ст. ўзніклі аматарскія і праф. аркестры, паўпрафес. муз. т-вы ў Бергене («Гармонія», 1765, існуе і цяпер), Тронхейме, Хрысціяніі. Сярод нарв. кампазітараў эпохі барока Г. фон Бертух, Ю.Д.Берлін (аўтар і першага нарв. падручніка па тэорыі музыкі, 1744), Ю.Фрэйтхаф. У сярэдзіне 19 ст. паявіліся першыя зб-кі запісаў нар. песень і танцаў (1841). У 1825 напісаны першы нарв. зінгшпіль (кампазітар В.Тране, паэт Х.Б’ерэгар). Стваральнікі нац. кампазітарскай школы — Х.Х’ерульф і Р.Нурдрак (аўтар нарв.нац. гімна, 1864). Найб. адметная з’ява музыкі Н. — творчасць і дзейнасць Э.Грыга. Сярод яго паслядоўнікаў: К.Сіндынг, Ю.Сельмер, Ю.Хальварсен, у 20 ст. — А.Эген, Э.Альнес, Ю.Хорклаў, С.Юрдан. Вял. ўклад у нарв. музыку зрабіў Ю.Свенсен. У музыцы Н. прасочваюцца ўплывы і прынцыпы розных стыляў і школ, у т. л.муз. імпрэсіянізму (А.Хурум), новай венскай школы (Ф.Вален), неакласіцызму (Л.І.Енсен), франц. музыкі пач. 20 ст. (Д.М.Юхансен, П.Хал, А.Клевен, Б.Брустад). Буйнейшыя сімфаністы Н. — К.Эге і Х.Северуд. Стараж. фальклор Н. выкарыстоўваюць у сваіх творах Э.Грувен, С.Ульсен, Е.Твейт; серыйную тэхніку і алеаторыку — Ф.Мортэнсен, Э.Ф.Брэйн, Э.Сомерфельт, А.Бібала, Э.Хоўлан і інш. У галіне электроннай музыкі працуе А.Нурхейм. Сярод інш. сучасных кампазітараў: К.Нюстэт, М.Ом, Ю.Квандал, А.Янсан, эстрадныя Б.Амдал, Р.Даніельсен, В.Санбек. Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Андэрсен, О.Р.Грунер-Хеге, Э.Ф’ельстад, Ю.Хальварсен, спевакі Э.Гульбрансан, К.Флагстад, О.Нурму-Лёўберг, Э.Талаўг, К.Скрам, У.Эрыксен, піяністы І.Братлі, Х.М.Бекелун, Р.Левін, Т.Тэлефсен, скрыпачы У.Буль, А.Тэлефсен і інш. У Н. працуюць: Оперны т-р (з 1958) і аркестр Філармоніі ў Осла, аркестр філарманічнага т-ва «Гармонія» ў Бергене, стр. Хіндар-квартэт, Нац. канцэртнае т-ва (з 1968); кансерваторыі ў Осла (з 1883), Бергене (1905), Ставангеры (1945), вышэйшыя муз. школы ў Тронхейме (1911), Вейтвеце (1959) і інш. З 1953 у Бергене праводзяцца Міжнар.муз. фестывалі.
Тэатр. Вытокі нац.нарв.т-ра ў рэліг. і быт. абрадах. У 16—17 ст. у школьных т-рах ставілі містэрыі і маралітэ на лац. і нарв. мовах. У сярэдзіне 18 ст. ў Хрысціяніі (сучасны г. Осла) і Бергене ўзніклі аматарскія тэатр. трупы на нарв. мове (найб. буйная — хрысціянійскае Драм.т-ва, засн. ў 1780). У 1794 засн.праф.т-р у Бергене, у 1827 — Хрысціянійскі т-р, у якіх ставіліся п’есы на дацкай мове і выступалі пераважна дацкія акцёры. У 1850 у Бергене адкрыўся Нарв.т-р (з 1876 «Нац. сцэна»), які ўзначальвалі драматургі Г.Ібсен, пазней Б.Б’ёрнсан. З яго дзейнасці пачалося развіццё нарв.нац.тэатр. мастацтва. У 1852 адкрыта Нарв.драм. школа ў Хрысціяніі (з 1854 «Нарв.т-р»). З пач. 20 ст. буйнейшым цэнтрам тэатр. жыцця Н. стаў Нац. т-р. У яго рэпертуары вял. месца належала драматургіі Ібсена і Б’ёрнсана, ставіліся творы У.Шэкспіра, Ф.Шылера, Ю.А.Стрындберга, Б.Шоу і інш., у трупу ўваходзілі лепшыя нарв. акцёры (Р.Ветэргрэн, Г.Грыг, Ю.Дзюбвад, Д.Кнудсен, А.Маўрстад, А.Мувінкель, Х.Обель, А.Одвар, Ю. і С.Рэймерс, Т.Сегельке, Ю.Фальстрэм і інш.). Створаны і новыя т-ры ў Хрысціяніі, Бергене, Тронхейме, Ставангеры. У 1920—30-я г. ставіліся нац. і сусв. класіка, п’есы К.Абеля, Ю.Боргена, Ф.Вольфа, Х.Крога, Н.Грыга, К.Чапека, П.Лагерквіста і інш. У 2-ю сусв. вайну тэатр. мастацтва зведала востры ідэйна-маст. крызіс, многія акцёры эмігрыравалі ў Швецыю. У сучасным рэпертуары т-раў разам з творамі нац. і сусв. класікі пашырылася драматургія сучасных замежных аўтараў. Працуюць Нац.т-р, Малая сцэна Нац.т-ра (ставіць толькі аднаактовыя п’есы), Нарвежскі т-р, Нар.т-р (з 1913), Новы т-р (з 1929) у Осла, Дзярж. вандроўны т-р (з 1949) і інш.; дзейнічаюць шматлікія т-ры тыпу рэвю. Акцёраў і рэжысёраў рыхтуе Дзярж.тэатр. школа ў Осла (з 1953).
Кіно. Вытворчасць фільмаў у Н. пачалася ў 1908 (кароткаметражны ігравы фільм «Небяспечнасці рыбацкага жыцця»). У 1916 створана фірма «Хрысціянія-фільм», у 1919 — кампанія «Муніцыпальны кінацэнтр», у 1935 — кінастудыя ў Яры. У 1910-я г. здымалі пераважна фільмы забаўляльнага характару, з 1920-х г. — экранізацыі літ. твораў, якія пераважна ідэалізавалі нац. традыцыі: «Ганна-падкідыш» (1920, рэж. Р.Брэйстэйн), «Горная казка» (рэж. Л.Сіндынг), «Лось-велікан» (рэж. В.Фюрст, абодва 1927), першы гукавы фільм «Вялікія хрэсьбіны» (1931, рэж. Т.Ібсен), «Добрыя людзі» (1937, рэж. Сіндынг), «Дзіця» (1938, рэж. Брэйстэйн), «Слаўная Марэн» (1940, рэж. К.Хергель) і інш. У 1930-я г. з’явіліся фільмы з сац. і этычнай праблематыкай: «Валацуга» (1934), «Двое жывых і адзін памерлы» (1937, абодва рэж. Ібсен) і інш. Пасля 2-й сусв. вайны пашырыліся фільмы, прысвечаныя Руху Супраціўлення: «Мы хочам жыць» (рэж. У.Дальгар), «Уцекачы» (рэж. Т.Санё, абодва 1946), «Бітва за цяжкую ваду» (1948, рэж. Т.Вібе-Мюлер, Ж.Дрэвіль), «Уцёкі з Дакара» (1951, рэж. Вібе-Мюлер), «Вымушаная пасадка» (1952), «Дзевяць жыццяў» (1957), «Акружэнне» (1960, усе рэж. А.Скоўэн) і інш. З канца 1940-х г. здымалі лялечныя фільмы (рэж. І.Капрына), у 1950 зняты першы ігравы фільм для дзяцей «Марыяна ў бальніцы» (рэж. Вібе-Мюлер). У 1950 засн.Дзярж. цэнтр кіно, у 1955 — Нарв.ін-т кіно і Дзярж. музей фільмаў. Пачало развівацца дакумент. і навук.-папулярнае кіно (рэж. А.Берг, Я.Вікбарг, Т.Хеердал, П.Хест і інш.). У 1960-я г. фільмы сац. і ваен. тэматыкі здымалі рэж. К.Андэрсен, Н.Мюлер, Н.Р.Крыстэнсен і інш., кінакамедыі — рэж. Андэрсен, Вібе-Мюлер, Э.Бенерэд і інш. У 1968 створаны сав.-нарв. фільм «Усяго адно жыццё» (рэж. С.Мікаэлян). У 1970—80-я г. ў кіно прыйшлі маладыя рэжысёры П.Банг-Хансен («Канарэйка», 1973; «Кронпрынц», 1979), Берг («Закрытае аддзяленне», 1972; «Вайна Бобі», 1974), П.Блум («Антон», 1973; «Дом маці», 1974), А.Брэен («Гвалтаванне», 1971; «Жонкі», 1975; «Спадчына», 1978; «Паляванне на ведзьмаў», 1981), В.Лёкеберг («Адкрыццё», 1977; «Дзяўчынка на пабягушках», 1981), Л.Мікельсен («Мы», 1976; «Маленькая Іда», 1981) і інш. Вылучаюцца фільмы рэж. С.Вама і П.Венерэда («Ласе і Гейр», 1976; «Маўклівая большасць», 1977; «Чарней за ноч», 1979; «Жыццё і смерць», 1980; «Юлія — Юлія», 1981; «Жыць сваім жыццём», 1982), Я.Дзюрынга («Люсі», 1979), Э.Сульбакена («Кроў падзёншчыка», 1978), С.Уднеса («Фру Інгер з Эстрата», 1975; «Імгненне», 1975) і інш. Развіваецца кіно для дзяцей: «Падарожжа на калядную зорку» (1976, рэж. О.Солум), «Бабуля і восем дзяцей у горадзе» (1977), «Бабуля і восем дзяцей у лесе» (1979, рэж. абодвух Э.Торстэнсан), «Цэпелін» (1981, рэж. Л.Глом), «Залатавуст» (1982, рэж. Блум) і інш. Сярод акцёраў І.Бардун, Б.Бёрсум, Х.Кольстад, А.Малан, А. і Т.Маўрстад, К.Медбе, А.Опсаль, А.М.Отэрсен, Б.Скатэста, С.Стурла Хугнес, Я.Ф’ельстад, К.Хусебё і інш. У Н. дзейнічаюць Саюз муніцыпальных кінематаграфістаў. Нарв. саюз фільмаў, арг-цыі нарв. вытворцаў кіно і відэапраграм, нарв. кінакрытыкаў, Саюз нарв. кінаклубаў. Кадры для кіно рыхтуюцца на базе Тронхеймскага ун-та.
Літ.:
История Норвегии. М., 1980;
Гуревич А.Я. Норвежское общество в раннее средневековье: Пробл. социал. строя и культуры. М., 1977;
Носков А.М. Норвегия во второй мировой войне 1940—1945. М., 1973;
Кюнле С. Государство всеобщего благосостояния: Норвежская модель: Пер. с норв. М., 1994;
Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980;
Сакалоўскі У. Скандынаўскія літаратуры ў Беларусі // Сакалоўскі У. Пара станаўлення. Мн., 1986;
Ланге К., Эствед А. Норвежская музыка: Пер. с англ.М., 1967;
Левашева О.Е. Музыка // История Норвегии. М., 1980;
Гриндэ Н. История норвежской музыки: Пер. с норв. Л., 1982.
Герб і сцяг Нарвегіі.Да арт.Нарвегія. 1 — горнае возера на поўдні краіны; 2 — старая частка горада Берген.Да арт.Нарвегія. Царква «стаўкірка» ў Голі, канец 12 ст. (злева); сабор у Тронхейме, каля 1140—1320.Да арт.Нарвегія. Х.Гудэ. Марскі пейзаж. 1876.Да арт.Нарвегія. Э.Мунк. Крык. 1893.Да арт.Нарвегія. О.Вергеланд. Эйдсвальд. 1814.Да арт.Нарвегія. Ю.К.К.Даль. Стальхейм. Пейзаж з вясёлкай. 1842.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
на1, прыназ.зВіМ.
Спалучэнне з прыназоўнікам «на» выражае:
Прасторавыя адносіны
1.зВ. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, на паверхню якога накіраваны рух або дзеянне. Выйсці на вуліцу. Пакласці на стол. □ Я выходзіў з лесу на палянку, каб дабрацца да абгарэлага дуба.Скрыган.Скора вузкая вясковая дарога выйшла на шлях.Галавач.На журавіну на залатую Скаціўся буйнай слязы крышталь.Хадыка.І хіліць так утульны беражок, Так добра там, прылёгшы на пясок, Папесціцца ружовым летнім ранкам!Колас.// Ужываецца пры ўказанні на прадметы ці жывыя істоты, якія служаць сродкам перамяшчэння (з дзеясловамі «сесці», «пасадзіць» і пад.). Сесці на поезд. □ Пасаджу свайго сына я На жывога, На баявога Каня.Куляшоў.// Ужываецца пры ўказанні на жывую істоту, асобу або на частку цела як на прадмет, на які накіравана дзеянне. Начапіць ашыйнік на сабаку. Валасы выбіваюцца на лоб. □ З драцяных галін роўна абстрыжаных прысад падаюць уніз — на коней і людзей — лёгкія, кволыя сняжынкі.Бядуля.Кабета ражком хусткі выцірае слязінкі, што набеглі на вочы.Грахоўскі.// Ужываецца пры абазначэнні прадмета, паверхня якога служыць месцам выяўлення чаго‑н., выканання чаго‑н. Перанесці абрысы на паперу. Пакласці апошнія штрыхі на малюнак. Няхай бы кожны ведаў, як цяжка трапіць на Дошку гонару, на газетную старонку, як нялёгка заслужыць працоўную славу.Грахоўскі.// Ужываецца пры ўказанні на прадмет, на якім замацоўваецца або на які надзяваецца іншы прадмет. Усцягнуць боты на ногі. Тут .. [Стафанковіч] устаў вельмі раптоўна, удала надзеў на галаву шапку, развітаўся і шпаркім крокам рушыў да дзвярэй.Чорны.//перан. Ужываецца пры абазначэнні прадмета ці паняцця, якія ўсведамляюцца месцам, дзе засяроджваюцца якія‑н. пачуцці, уласцівасці, стан і пад. Не ідзе на думку. Прыйшло на памяць. Прыкідваць на вока. □ Вярнулася стома на вочы, мякка, уладна асела на душу...Брыль.[Стафанковіч] не браў на ўвагу нікога і нічога.Чорны.[Дзед:] — І прыкінь на розум, хлопча, Што парубак там няма.Колас.
2.зВ. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета або асобы, у бок якіх накіравана дзеянне ці якія з’яўляюцца канцавым пунктам руху. Ехаць на Палессе. Падняць руку на ўзровень вачэй. Падняцца на пяты паверх. □ Болей дзесятка дывізій сабралі [белапалякі] правей Палесся і рушылі іх на Кіеў.Колас.Едзе хлопец на граніцу.Броўка.Адну за другой запальвае [Лаўрэн] семафорныя лямпы і ўсцягвае іх на самы верх мачтаў.Лынькоў.// Ужываецца пры абазначэнні пачатковага і канцавога пунктаў дзеяння, руху. З галінкі на галінку. З месца на месца. □ Праз непраходнае балота Уладзік спрытна ступае з купінкі на купінку.Бядуля.// Ужываецца пры абазначэнні кірунку. Дарога на Маскву. Сонца хілілася на захад. Дом вокнамі на поўдзень. □ Дзень добры, Масква! Як жа ясна ты свеціш На ўсе чыста свету староны.Купала.// Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, у межы якіх накіраваны рух, дзеянне (з назвамі ўстаноў, прадпрыемстваў і пад.). Несці на пошту. Накіраваць на фабрыку. Ісці на кухню. □ [Полька:] — І так мне ўсё агоркла, так абрыдла, што пасля дзевятага класа кінуў усё і пайшоў на льнозавод сушыльшчыкам.Грахоўскі.// Ужываецца пры абазначэнні сферы дзейнасці як месца, куды накіравана якое‑н. дзеянне, рух. Адправіцца на канцэрт. Сабрацца на з’езд. Паступіць на курсы. Ехаць на начлег. Выйсці на дэманстрацыю. □ Сыноў бацька сваіх кліча На нараду ў хату.Купала.Раніцаю я ішоў на дзяжурства.Шынклер.На фронт адсюль накіроўваліся салдаты пеша.Чорны.// Ужываецца пры абазначэнні прадмета як прылады ці сродку дзеяння. Сесці на вёслы.// Ужываецца пры ўказанні на прадмет або з’яву, якія служаць арыенцірам руху. Ісці на агеньчык. Бегчы на крык.
3.зМ. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, на якім (на паверхні якога) знаходзіцца хто- або што‑н., адбываецца якое‑н. дзеянне. Яснела неба, віднела на зямлі.Чорны.На скрыжаванні палявых дарог Здаўна стаіць сяло Чырвоны Лог.Танк.Ліпень выткаў слуцкі ўзор На палях пшанічных.А. Александровіч.Блізка на выпасе фыркалі коні...Броўка.Цені ўсюды: на пнях, на вадзе і на дыме.Куляшоў.На падлозе ў цэбрыку рос лапушысты фікус.Грахоўскі.На стале дымяцца стравы.Звонак.// Ужываецца пры ўказанні на жывую істоту, асобу ці на частку цела як на прадмет, на якім (на паверхні якога) знаходзіцца хто- або што‑н., адбываецца якое‑н. дзеянне. Сядзець вярхом на кані. □ Несціхана шумяць на дзяўчатах шаўкі.Броўка.На вусатым хутаранцы даўнейшы пыльнік пацёрся, змяўся, пазелянеў.Чорны.Ты не цураешся ні поту, Ні на далоні мазаля...А. Александровіч.Пыліць пад армейскімі ботамі шлях, Медалі звіняць на грудзях.Зарыцкі.// Ужываецца пры ўказанні на прадмет, паверхня якога з’яўляецца месцам выканання, выяўлення, знаходжання чаго‑н. Эскіз на чарцёжнай кальцы. Нарысы на старонках газет і часопісаў. □ Маці золатам ніткуе Каласы на палатне.А. Александровіч.На карце вялікіх жывых пяцігодак Мы творчыя справы акрэслім мяжой.Куляшоў.// Ужываецца пры ўказанні на прадмет, на якім замацаваны або на які надзеты іншы прадмет. На цвічках віселі авоські з полуднем.Грахоўскі.Хлявух з аполкаў і пунька са скрыўленымі сценамі яшчэ трымалася на старым шуллі.Чорны.//перан. Ужываецца пры ўказанні на прадмет ці паняцце, якія ўсведамляюцца месцам, дзе засяроджваюцца якія‑н. пачуцці, уласцівасці, стан і пад. Уся.. бяда [Пракопа] была ў тым, што ён меркаваў замацавацца ў жыцці на сваіх старых поглядах і на старым грунце.Колас.Што ж, жывым на ўме жывое — Тут няма чаму дзівіцца.Крапіва.
4.зМ. Ужываецца пры абазначэнні прасторы або прадмета, у межах якіх адбываецца якое‑н. дзеянне. На беларускім Палессі цякуць поўныя рэкі і густа стаяць лясы.Чорны.Праз некалькі дзён ледзь не палавіна атрада Сакольнага была на аэрадроме.Кулакоўскі.На бліжэйшай ад гарадка станцыі размясціўся і штаб экспедыцыі.Лынькоў.Ганарліва адбываем вахту На вялікім Нашым караблі.Лявонны.// Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, унутры якіх адбываецца якое‑н. дзеянне (з назвамі ўстаноў, прадпрыемстваў і пад.). Ён [волат] молатам біў на заводзе, з сярпом завіхаўся ў полі, Каб вораг у новым паходзе не здужаў яго ніколі.Куляшоў.Сціхнуў шум на калідоры, Не чутно гаворкі.Колас.// Ужываецца пры адначасовыя абазначэнні і сферы месца дзеяння, і непасрэднага дачынення да гэтага дзеяння, удзелу ў якой‑н. дзейнасці. Абмяркоўваць праграму на з’ездзе. Вучыцца на курсах. Быць на канцэрце. Прысутнічаць на прыёмах. □ Хоць пасівеў стары зашмат, Але на працы, як салдат.Броўка.Лес гамоніць, Як на сходзе дзе народ.Колас.Задымелі агні на начлезе, Зашумеў кучаравы бярэзнік.Купала.
Часавыя адносіны
5.зВ. Ужываецца пры абазначэнні часу, да якога накіравана што‑н. Пасяджэнне пераносіцца на вечар. Збіраліся прыехаць на свята. Не адкладвай работы на потым. □ [Красікаў] запісваў у свой распухлы блакнот заданне на другую палову дня.Грахоўскі.// Ужываецца для ўказання на тэрмін, які непасрэдна ідзе за чым‑н. (пры словах, якія абазначаюць час, у спалучэнні з прыметнікамі «наступны», «другі», парадкавым лічэбнікам ці займеннікам «той»). На другі дзень, папаўдні, выязджаў Максімка з горада.Чорны.Сяляне вельмі сардэчна праводзілі .. [Сцёпку] і прасілі прыехаць да іх на другое лета.Колас.Нарада старшынь калгаса перанесена на наступны тыдзень.Пянкрат.// Ужываецца ў выразах «з дня на дзень», «з мінуты на мінуту» і пад. са значэннем «вельмі хутка», «у бліжэйшы з названых прамежкаў часу». // У спалучэнні з прыназоўнікам «з» (з — на) ужываецца для абазначэння часу, які непасрэдна папярэднічае якому‑н. дню, даце. У ноч з 19 на 20 красавіка мы непрыкметна паглыбіліся далёка ў тыл немцаў.Кірэенка.
6.зВ. Ужываецца для абазначэння часу, калі адбываецца дзеянне. На дзесятыя ўгодкі Варма вараць мёд салодкі.Купала.На гэты дзень і сама хата Была прыбрана зухавата.Колас.
7.зВ. Ужываецца пры абазначэнні тэрміну, да наступлення якога адбываецца, выяўляецца што‑н. Запасацца на зіму. Стан даходаў і расходаў на першае студзеня. □ У галавах, як горы, высіліся ёмкія падушкі, зложаныя на дзень суконныя коўдры ў клетку, посцілкі і прасцірадлы хатняга вырабу.Колас.
8.зВ. Ужываецца пры абазначэнні тэрміну, на які распаўсюджваецца пэўны стан або вынікі дзеяння. На нейкую гадзіну дождж быў перастаў, а потым зноў пачало ліць.Мележ.— Мы з твайго пакалення, З кагорты байцоў, Ні на хвілю не можам Мы вешаць галоў.Куляшоў.[Надзя:] — Падарыць трэба такое, каб на ўсё жыццё памяць была.Грахоўскі.
9.зМ. Ужываецца пры абазначэнні часу, у межах якога што‑н. адбываецца. Дождж і дождж. І гэта на пачатку верасня.Караткевіч.Шмат чаго бачылі на сваім вяку старыя бярэзіны.Галавач.Многа ўсякіх падзей, змен адбылося на .. [дзедавай] памяці.Колас.
10.зМ. Ужываецца пры адначасовым абазначэнні і часу, і сферы якога‑н. дзеяння або выяўлення якой‑н. уласцівасці. Аднойчы на змене, Прайшоўшы забой, Шахцёры спачыць там Прыселі на камень.Броўка.Боты ўсюды спатрэбяцца мне — І ў баях, і на маршы.Куляшоў.
Аб’ектныя адносіны
11.зВ. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або яго часткі, а таксама часткі цела, якія з’яўляюцца апорай чаго‑н. Паставіць на падпоркі. Падняць на рукі. □ Цётка паставіла Юрку на калені.Колас.Найгорш дакучаюць ногі. На разбітыя пяты [Дарма] адразу не мог нават босы ступіць, а яму загадалі абуцца.Брыль.
12.зВ. Ужываецца для абазначэння прадмета, які з’яўляецца прыладай, інструментам, сродкам для якога‑н. дзеяння. Узяць на буксір. Падзяліць на агульны множнік. □ Белым пылам даль закрыта, Ходзяць віхры вірам, Прасяваюць снег на сіта У бясконцай шыры.Колас.За разбітай шыбай плача вецер суха, Рвуцца пражы ніткі, ўюцца на калкі...Танк.Лаўрэн пацягвае пляч[а]мі ад вячэрняга холаду, заплікае на ўсе гузікі ватоўку і, дастаўшы з-пад куста вясло і ліхтар, спускаецца да самай вады.Лынькоў.// Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з’яўляецца мерай падзелу, адзінкай вымярэння. Мераць жыта на асьміны. □ На шклянкі вада вымяраецца, Яна даражэй за віно.Астрэйка.
13.зВ. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы або калектыву, на якія што‑н. залічваецца, якім што‑н. прыпісваецца, даручаецца. У складаць віну на чалавека. Даць даверанасць на таварыша. Застаецца ўсё на мае рукі. □ [Аржанец:] — Ты, Клімёнак, і на сябе вазьмі з гэтай ношкі хоць трошкі.Брыль.
14.зВ. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета або з’явы, у бок якіх накіравана дзеянне. Паўстаць на ворагаў. Адгукнуцца на заклік. Падпісацца на газеты і часопісы. Паказаць на малюнак. Раўняцца на перадавых. □ Кіну яшчэ разок вокам На лясочак, на палетак.Цётка.На нас паглядала Радзіма, Як маці на верных сыноў.Хведаровіч.Таму і сумна мне часамі, Што з дому звестак не чуваць, Што на лісты мае лістамі Не хочаце вы адказаць.Танк.// Ужываецца пры ўказанні на прадмет або асобу, да якіх набліжаюцца, з якімі сутыкаюцца. Разведка трапіла на засаду. □ І дзе .. [Паўлюк] ні павернецца, то ўсюды так ці іначай натыкаецца на праклятае палена.Колас.Хтосьці ў цёмным кутку наляцеў на мяне нечакана, Ледзь не збіў мяне з ног.Куляшоў.
15.зВ. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета або з’явы, у адносінах да якіх выяўляецца пэўнае пачуццё, стан, на якія разлічваюць, спадзяюцца. Спадзявацца на ўдачу. Надзея на выратаванне. Разлічваць на сябра. □ І толькі на сына надзея адна...Глебка.Заварожым мы на росы І на шолах ціхіх траў, Ці сапраўды мой прыгожы, Ці надоўга пакахаў?Машара.// Ужываецца пры ўказанні на тое, што выбіраюць, да чаго прыходзяць у сваіх дзеяннях (звычайна з дзеясловамі «згадзіцца», «адважыцца», «асмеліцца» і пад.). Згадзіцца на перасяленне. Адважыцца на рызыкоўны палёт. □ Каб хто прыйшоў і сказаў, што трэба рабіць, дык на ўсё пайшлі б гэтыя людзі.Чорны.У юнацтве я сніў мора. Як мне хацелася на яго хвалях Паказаць, што на ўсё я, на ўсё здатны!Кірэенка.//Абл. Ужываецца пры абазначэнні аб’екта, пра які забыліся ці якога чакаюць. Дзе вы, брацці-ўдальцы, дзе вы, хлопцы-касцы? Гэй, дакуль на вас трэба чакаць?Купала.Забыўся, здаецца, Андрэй на ўсё, стоячы пад паважным, раўнамерным шумам сосен.Пестрак.
16.зВ. Ужываецца пры ўказанні на аб’ект увагі, тэму размовы і пад. Мне здавалася, што ўся ўвага застыўшых ваколіц звернута на мяне.Бядуля.І толькі адзін дзяцел рытмічна і заўзята тукаў па галіне звонкага дрэва, не зважаючы ні на якія дзедавы трывогі.Колас.Падводчыкі ішлі па двое, па трое і .. вялі гутаркі на звычайныя .. тэмы.Гартны.
17.зВ. Ужываецца пры абазначэнні аб’екта, які хочуць захапіць, падпарадкаваць сабе. Пайсці на ваўкоў. Кінуцца на канвой. □ Калі нарадзіўся волат, не знаў ён ні хвілі спакою: Варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною.Куляшоў.Адзін раз уночы бандыты напалі на горад.Чорны.
18.зВ. Ужываецца для ўказання на аб’ект, які з’яўляецца характарыстычным прызнакам асобы ці прадмета. Майстар на ўсе рукі. Мастак на выдумкі. □ А за сталом на верашчаку Падгатаўлялі ўжо атаку, — На гэта хлопцы былі хваты.Колас.// Ужываецца пры ўказанні на вобласць ці сферу, у якіх праяўляецца які‑н. прызнак. Востры на язык. Рака, багатая на рыбу. Урадлівы на жыта. Прыемны на смак. □ Вялікі паход скупы на адпачынак.Чорны.Сухое узбекскае неба, Скупое на дождж і на гром.Колас.У той час нават у багатым на сады Прыдняпроўі пры кожнай сялянскай хаце было не больш як тры-чатыры дрэвы.Караткевіч.//(сасловамі «хворы», «хварэць», «захварэць» і пад.). Ужываецца для ўказання на назву хваробы. Хворы на сухоты. Хварэць на тыф.
19.зВ. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, прыгнечанага для абмену на што‑н., для замяшчэння чаго‑н. Выменьваць жыта на пшаніцу. □ «Мая зямля», «мой поплаў», «паша», «Мой луг», «мой конь», «мае каровы» — Злінялыя, старыя словы! Пара, пара даць сэнс ім новы: Змяніць іх час на «наш» і «наша»!Колас.
20.зВ. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета або з’явы, з якімі адзначаецца падабенства, з якімі хто- ці што‑н. параўноўваецца. Майстэрня падобна на цэх завода. Птушка, падобная на вераб’я. □ [Надзя] бачыла твары, падобныя на тыя, што былі на газетных здымках, але хлопцы тут, на рабоце, выглядалі прасцей.Грахоўскі.
21.зМ. Ужываецца пры ўказанні на прадмет або на яго частку, а таксама на частку цела, якія з’яўляюцца апорай чаго‑н. Столь трымалася на падпорках. Трымаць на руках. □ Недалёка ад печы стаяла чорная дошка на трох нагах.Колас.Лаўрэн ляжыць на спіне, узіраецца ў нябесныя глыбіні, прыслухоўваецца да начных гукаў.Лынькоў.Калі, ачнуўшыся, .. [Ніна] паднялася на руках і села, падлога перад вачыма хісталася, хілілася набок, станавілася потырч, як сцяна.Мележ.
22.зМ. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу або калектыў, на якіх што‑н. лічыцца, якія валодаюць чым‑н., якія з’яўляюцца аб’ектам выяўлення пэўнага дзеяння, стану. На ім трымаецца гаспадарка. Засяродзіць клопаты на дзецях. □ Дзіця пабегла мацней, адчуваючы на сабе позірк незвычайнага чалавека.Чорны.Але памятайце — на вашым сумленні Не сплачаны доўг векавы.Колас.//(сасловамі «жаніцца», «жанаты» і пад.). Ужываецца для ўказання на асобу жаночага полу, якая ўступае ў шлюб. Жаніцца на дачцы інжынера. Жанаты на настаўніцы.
23.зМ. Ужываецца для абазначэння прадмета, пры дапамозе якога ўтвараецца дзеянне. Шыць на машыне. Весці на повадзе. Лічыць на пальцах. Паліць на агні. Пячы сала на ражончыках. □ За адзін пастаў на варштаце выраблялася звыш сарака сурвэт.Чорны.Дзень іграе на жалейцы, На трубе ды на ражку, На зялёным лазняку.Танк.// Ужываецца для абазначэння сродку перамяшчэння, а таксама прадмета або часткі цела, на якіх ці з дапамогай якіх адбываецца перамяшчэнне. Ехаць на машыне. Ляцець на самалёце. Імчацца на лыжах. □ Едзе восень на рабым кані, Тут дажджы ліюць, а тут ясна.Астрэйка.— На чужым добры доўга не паездзіш.Чорны.На палоззях ліповых І зіма прыляцела.Броўка.І на хвалях вады ружаватай Човен твой пераплыў ужо мель.Чарот.
24.зМ. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, з дапамогай якога вырабляецца ці гатуецца што‑н., на прадмет, паняцце, якія з’яўляюцца сродкам, матэрыялам ці асновай для чаго‑н. Гатаваць на масле. Засноўвацца на вопыце. Рухавік працуе на бензіне. □ Вежа тая ўвачавідкі Так расце, як на дражджах.Крапіва.На тарфяным апале, на штучных рачных вадаспадах і на нафтавых рухавіках пускаюцца электрастанцыі.Чорны.// Ужываецца пры абазначэнні мовы як сродку зносін. Гаварыць на англійскай мове. Размаўляць на эсперанта. □ А там дыпламаты гамоняць тактычна На мове выключна дыпламатычнай.Панчанка.
25.зМ. Ужываецца пры ўказанні на што‑н. як на мяжу якога‑н. дзеяння, стану, уласцівасці. Твор свой, напісаны вершам, На гэтым канчаю.Куляшоў.І вось на словах «Хлопцы, настаў наш час...» маўклівы, ужо даволі немалады рэзервіст, які чамусьці не спяваў, зусім нечакана апаў грудзьмі ў нацельнай кашулі на замазучаную сталь «максіма».Брыль.
26.зМ. Ужываецца для ўказання на сферу ці вобласць выяўлення прызнака. Горад расце на вачах. Уважлівы на занятках.
27.зМ. Ужываецца пры ўказанні на аб’ект, на якім канцэнтруецца ўвага, гутарка і пад. Уся .. ўвага [хлапца] была засяроджана на возе.Лынькоў.У заключэнне мы хочам спыніцца на правапісе.Крапіва.
Адносіны пераўтварэння
28.зВ. Ужываецца для ўказання на прадмет, у які пераходзіць або ператвараецца ранейшы прадмет. Разбіць луг на агароды. Пілаваць бервяно на дошкі. Спаліць на попел. □ «Каб свет не захлынуўся больш у крыві, Увесь расшматаны на рызманы, Давайце раззброімся: я і вы, — Начыстую і без маны».Крапіва.Ужо ў пачатку лістапада станавіўся сухі холад, а пад сярэдзіну таго ж месяца нападаў змёрзлы і сцёрты ветрам на муку снег.Чорны.// Ужываецца пры ўказанні на пераход з аднаго стану ў другі. Займацца на дзень. Ісці на папраўку. □ Узняўся вецер. Збіралася к н[о]чы на дождж.Чорны.
Адносіны меры і ступені
29.зВ. Ужываецца для абазначэння паўнаты выяўлення якога‑н. дзеяння або прызнака. Праславіцца на ўсю рэспубліку. Пець на ўвесь голас. Закрычаць на ўсю хату. □ Мала каму верылася, што толькі год таму, як.. [Піліпчык] яшчэ на поўную сваю сілу цяслярыў.Чорны.Мы з вольнае краіны, Адной на цэлы свет.Глебка.// Ужываецца ў прыслоўных выразах: «на здзіўленне», «на дзіва», «на рэдкасць» і пад. Жыта там родзіцца на дзіва.Колас.Такароўцы спахмурнелі не на жарт.Бядуля.
Колькасныя адносіны
30.зВ. Ужываецца пры абазначэнні колькасці, меры, якія вызначаюць межы чаго‑н. Работы на адну гадзіну. Наваколле відаць на пяць кіламетраў. Купіць на два рублі. □ Абоз расцягнуўся больш як на вярсту.Колас.На сажань у глыб заплялося карэнне.Панчанка.// Ужываецца пры абазначэнні становішча ці месца прадмета або з’явы ў радзе да іх падобных. На першы раз дарую. На гэты раз нашы лыжнікі прыйшлі першымі.
31.зВ. Ужываецца пры абазначэнні колькаснай прыметы, якой вызначаецца ўнутраны змест ці прызначэнне чаго‑н. Купэ на чатырох пасажыраў. Абед на шэсць чалавек. □ Калгаснік, які будуецца цяпер, мала каторы ставіць хату менш як на тры, а то і чатыры чыстыя пакоі.Чорны.
32.зВ. Ужываецца пры ўказанні на колькасную розніцу. Брат на шэсць гадоў маладзей за сястру. З’явіцца на тыдзень пазней. Пастарэць на дзесяць гадоў. Цяжэйшы на тры кілаграмы. □ Назаўтра ў саўгасе выехалі араць на гадзіну раней.Чорны.[Гудовіч:] Сапраўды — ізноў пахарашэла. [Броня:] Сур’ёзна? [Гудовіч:] Досыць сур’ёзна. Працэнтаў на пяцьдзесят.Крапіва.
Размеркавальныя адносіны
33.зВ. Ужываецца пры ўказанні на колькасны паказчык раздрабнення, падзелу. Разламаць бульбіну на дзве часткі. Класавае грамадства падзелена на эксплуататараў і эксплуатуемых. □ [Дэсані] рэзка дзяліліся на два самастойныя гатункі — «просты» і «павучковы».Чорны.Я сам быў адзін — як лісток скамечаны, Я сам гарэў і разрываўся на часткі.Кірэенка.
Азначальныя адносіны
34.зВ. Ужываецца пры ўказанні на прызнак прадмета. Казка на стары лад. □ Калыхнуў паўднёвы вецер настыўшыя галіны, атрос засеўшыя на іх белыя снежныя покрывы, з песняю на веснавы лад прайшоўся над акачанелымі хмызнякамі і весцю аб вясне шаргануўся па саламяных стрэхах сялянскіх хат.Колас.
35.зМ. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, наяўнасць якога характарызуе, вызначае іншы прадмет або асобу. Ганак на слупах. Туфлі на высокіх абцасах. Пірог на мёдзе. □ Вазкі на рысорах Ныраюць за ўзгоркі.Куляшоў.Гэтак адзяецца Анэта. Падрапаная за доўгі час скураная жакетка на футры, чорны шаль.Чорны.
Адносіны характару і спосабу дзеяння
36.зВ. Ужываецца пры абазначэнні характару ці спосабу дзеяння, асаблівасцей выяўлення працэсу. Загаманіць на ўсе лады. Зрабіць на свой густ. Дыхаць на поўныя грудзі. □ Нам варта толькі з хаты выйсці — І ўсё на лад свой перайначым.Хадыка.І цягам доўгія часіны, Дзявочыя забыўшы сны, Свае шырокія тканіны На лад персідскі ткуць яны.Багдановіч.Нават не спяваў, а проста... выгаворваў [бацька] гэтую песню, ціха, невыразна, на нескладаны матыў.Чорны.// Ужываецца пры ўказанні на спосаб звароту да субяседніка. [Кадравік] ужо да.. [дзяўчыны] звяртаўся на «ты».Грахоўскі./ Ва ўстойлівых зваротах; «на выгляд», «на погляд» («на першы погляд»), «на смак», «на слых» і пад. Алесю нецікавымі здаваліся французы: неспадзявана вялыя і вельмі ж многа іх, на першы погляд .. аднолькавых.Брыль.Сёння паспрабаваў прымаць [тэлеграфную перадачу] на слых.Шынклер.
37.зВ. Ужываецца пры ўказанні на ўмовы, абставіны, пры якіх адбываецца якое‑н. дзеянне. Працаваць на свежую галаву. Класціся спаць на галодны жывот. □ Неўзабаве, каля той усё школы, пачынаюць збірацца [сяляне]. Хто ў лапцях, хто ў ботах, хто ў кажушыне. Хто на скорую руку, а хто як мае быць — нават папругай падпёразаўшыся.Скрыган.Мікола наклаў воз на борздую руку.Колас.// Ужываецца пры ўказанні на ўмовы, абставіны ці акалічнасці, куды (у якія) накіравана што‑н. Вынесці на мароз. Клікаць на волю. □ [Якуб Якубоўскі:] Дзе ты быў? І што ты бачыў?! Прасядзеў увесь век свой у запечку, баючыся носа на людзі выткнуць.Чорны.
38.зВ. Ужываецца пры ўказанні на пераход да іншага спосабу ці характару дзеяння. Мы едзем, гаворыш; Шум ветру ў вушах. Дзе-недзе прышпорым Ды зноўку на шаг.Крапіва.Коні, узмакрэлыя ад далёкай дарогі і хуткай язды, як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць, рупліва тупаючы па глыбокім, пяску.Брыль./ Пры абазначэнні мовы як сродку зносін. Перакласці на англійскую мову.
39.зВ. Ужываецца пры абазначэнні ацэнкі якога‑н. дзеяння, стану, якасці прадмета. Вучыцца на пяць. □ — І ты, Юрка, гэты экзамен вытрымаў на выдатна.Пестрак.— Давайце, давайце, я згодзен. Вучыце. На чацвёрку выцягну, а пяцёрак не абяцаю.Грахоўскі.
40.зМ. Ужываецца пры абазначэнні спосабу ўтварэння дзеяння або характару выяўлення працэсу. Малатарня працавала на халастым хаду. Поўзаць на карачках. □ Як толькі падымалася сонца, .. [Наташа] зноў была на нагах.Шамякін./ У прыслоўных выразах (з адценнем часавага значэння): «на хаду», «на ляту», «на скаку», «на бягу». Стары с[ч]эпшчык, ён прывык усё рабіць на хаду: на хаду прычапляць, на хаду выскакваць з-пад вагонаў, на хаду хапацца за вагонныя ці паравозныя прыступкі, на хаду скакаць каля стрэлак. Усё на хаду. Але не ўвесь жа дзень на хаду.Лынькоў.
41.зМ. Ужываецца пры абазначэнні ўмоў, абставін, пры якіх адбываецца дзеянне ці выяўляецца які‑н. прызнак. Жыць на адзіноце. Сарамлівы на людзях. Не спыняцца на дасягнутым. □ Дзе-нідзе ў полі на межах стаялі адзінокія ігрушы і сіратліва махалі сваімі голымі галінамі.. на холадзе.Колас.Дарога ў лесе была дзе-нідзе завалена галлём, а дзе і ляжала ўпоперак верхавіна сасны або елкі з неабсечанымі галінамі, якія растапырана тырчалі на фоне дарогі.Пестрак.Безупынна шуміць калаўротак, і на шуме яго кладзецца старэчы голас бабулі.Брыль.
42.зМ. Ужываецца пры ўказанні на становішча або стан, у якім хто- ці што‑н. знаходзіцца, а таксама на дзейнасць, якой хто‑н. займаецца. Стаяць на вахце. Знаходзіцца на службе. Быць на ўтрыманні. □ Мы мужна стаялі на варце Вялікіх і цяжкіх спраў.Хведаровіч.
Прычынныя адносіны
43.зВ. Ужываецца для ўказання на падставу, абгрунтаванне якога‑н. дзеяння. Падзякаваць у адказ на віншаванне. Зрабіць скідку на маладосць.
44.зМ. Ужываецца пры ўказанні на тое, што з’яўляецца асновай, прычынай ці крыніцай якога‑н. дзеяння, стану. Дзякую вам на добрым слове. □ Гарачун не супроць быў часам, каб зарабіць на чым-небудзь.Шахавец.
Мэтавыя адносіны
45.зВ. Ужываецца пры ўказанні на мэту, прызначэнне якога‑н. дзеяння. Паставіць на абмеркаванне. Падаць руку на развітанне. Спяшацца на дапамогу. Выклікаць на спаборніцтва. Пайсці на спачын. □ На спатканне песням волі Дух мой рвецца і ляціць.Колас.Прамчаць над борам самалёты, На бойку рушацца палкі.Броўка.Сюды збіраецца на абед уся іх брыгада.Грахоўскі.// Ужываецца пры ўказанні на прадмет ці стан як мэту, на дасягненне якой накіравана дзеянне. Патраціць грошы на дарогу. Ірваць кветкі на вянкі. □ Тарас купіў на дарогу пачак папярос за тры капейкі.Колас.Цемнавата здалося з двара і дыхнула водарам сушаных траў, што тырчалі пучкамі з-пад бэлькі, сабраныя на чай і лекі.Брыль.// Ужываецца пры ўказанні на мэту (з адценнем акалічнасных адносін) у выразах, блізкіх да прыслоўяў. Даць на памяць. □ Куторга, як і трэба было чакаць, быў выстаўлены на пасмешышча.Майхровіч.// Ужываецца пры ўказанні на прызначэнне прадмета. Сродкі на ўтрыманне дзіцячых садоў. Шоўк на сукенку.// Ужываецца пры ўказанні на занятак, дзеля якога прызначаецца які‑н. адрэзак часу. — Найшлі час на размовы.Лынькоў.[Адам:] — Раскажацца ўсё. Будзе на гэта час.Чорны.// Ужываецца пры ўказанні на выпадак, нагоду. Верш Янкі Купалы «На смерць Сцяпана Булата».// Ужываецца пры ўказанні на эмацыянальную ацэнку якога‑н. дзеяння, падзеі. Жыві нам на радасць. Ешце на здароўе. Зрабіць на зло ворагу.// Ужываецца пры абазначэнні матыву, падставы якога‑н. дзеяння. Падараваць на беднасць. Берагчы на ўсякі выпадак.
46.зВ. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, асобу, калектыў, для якога ці ў інтарэсах якога што‑н. адбываецца. На ўсіх не дагодзіш. □ Сцёпка некалі на пана Працаваў, як чорны вол.Крапіва.Відаць, спецыяльна на .. [жанчыну] пашыты кажушок.Колас.Стары Наздрэйка захацеў каня падкарміць, каб лепш плуг цягнуў, як паедзе на жыта араць.Крапіва.
47.зВ. Ужываецца пры ўказанні на званне, спецыяльнасць, прафесію, з мэтай дасягнення ці авалодання якімі адбываецца дзеянне. Вучыцца на ўрача. □ Лепшай, чым Шаройка, кандыдатуры на старшыню калгаса знайсці было нельга.Шамякін.
на2, часціца.
1. Вазьмі, бяры; атрымліваў. Марыля адышла, пакорпалася ў скрыні. — На табе нагавіцы чыстыя, надзень. — Хацела кінуць ношаную пару палатнянай бялізны на лаву, ды назад палажыла: — Дам я табе ўжо новыя.. Насі здароў.Лобан.На табе, божа, што мне нягожа.Прыказка.
2. Ужываецца для падзывання сабакі. — Галаска, цюцік! На, цю, на! На, цю, на! — пазваў я.. [сабаку].Колас.
•••
Вось табе і на!гл. вось.
На табе — вокліч здзіўлення, расчаравання, выкліканага нечаканасцю, неспадзяванасцю чаго‑н. [Марыля:] Жалоба па бацьку яшчэ не адышла, .. а ён — на табе! На скрыпцы выігрывае.Купала.[Аканом:] — Ты павінен падганяць лайдакоў, а ён — на табе — у іх дудку іграе.С. Александровіч.
на3, прыстаўка.
I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў з наступнымі значэннямі: 1) накіраванасць дзеяння на паверхню прадмета, сутыкненне з прадметам, напрыклад: наехаць, набегчы, наляцець, наскочыць, наплыць; 2) накладванне, змяшчэнне на прадмет, напрыклад: насадзіць (вілкі на ражон), нака́паць, наклеіць, наляціць, пакінуць (паліто на плечы); 3) ажыццяўленне дзеяння на паверхні прадмета (утварэнне на паверхні прадмета налёту, наросту, накіпу і г. д.), напрыклад: нагарэць, накіпець, намерзнуць, насохнуць; 4) паўната, дастатковасць дзеяння — а) пашырэнне дзеяння на вялікую колькасць прадметаў, напрыклад: набудаваць, накапа́ць, насеяць, наскубці; б) напаўненне чаго‑н. чым‑н., напрыклад: напхаць (сяннік), наліць (шклянку чаю); в) вычарпальнасць дзеяння, напрыклад: начысціць (гузікі да бляску), нашараваць (падлогу); 5) задаволенасць дзеяннем самога суб’екта (са зваротнымі дзеясловамі), напрыклад: наесціся, наляжацца, нагаварыцца, насмяяцца, нагуляцца, нагушкацца.
II. Утварае дзеясловы закончанага трывання, не ўносячы якіх‑н. іншых істотных значэнняў, напрыклад: напісаць, нагадзіць.// Утварае дзеясловы закончанага трывання ад дзеясловаў незакончанага трывання, якія маюць прыстаўку [а, аб, ад, вы, з (с), пад, пра, пры, раз (рас), уз, у], са значэннем вялікай колькасці, празмернасці дзеяння, напрыклад: наабіраць, наабломваць, наадбіраць, навыдумляць, наздзіраць, нападвязваць, напракопваць, напрыклейваць, наразбіваць, наўкопваць.
III. Ужываецца пры ўтварэнні прыметнікаў і назоўнікаў са значэннем «знаходзіцца на паверхні чаго‑н., на чым‑н.», напрыклад: наземны, нацельны, накаленны, накаленнікі, нарукаўны, нарукаўнікі, наручны, наручнікі.
IV. Ужываецца для ўтварэння прыслоўяў са значэннем «на які‑н. тэрмін, у якім‑н. напрамку, у якой‑н. меры, ступені», напрыклад: назаўсёды, напроці, напоперак, настолькі, наколькі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)