МА́РЧАНКА (Яўхім Цімафеевіч) (1.1.1913, в. Мікалаеўка Магілёўскага р-на — 24.1.1980),

генерал-лейтэнант (1959). Скончыў ВНУ начсаставу НКУС (1936), Ваен. акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1939. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўд.-Зах., 3-м Укр. і 1-м Бел. франтах. Удзельнік абарончых баёў на Беларусі, Смаленшчыне, пад Масквой, вызвалення Данбаса, Адэсы, Варшаўска-Пазнанскай і Берлінскай аперацый. З 1945 на адказных пасадах у Сав. Арміі, з 1966 1-ы нам. камандуючага войскамі ваен. акругі, з 1969 1-ы нам. начальніка Вышэйшых афіцэрскіх курсаў «Выстрал».

т. 10, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1382.

Адбылося ў жн. пры набліжэнні да Масквы войска хана Залатой Арды Тахтамыша. Вял. кн. Дзмітрый Іванавіч Данскі накіраваўся ў Кастраму для збору апалчэння, пачаліся ўцёкі з Масквы знаці і асоб княжацкай адміністрацыі. Гараджане і сяляне навакольных вёсак сабраліся на веча, якое забараніла выезд з Масквы і арганізавала абарону Крамля (яе ўзначаліў літоўскі кн. Асцей). 23 жн. пачалася аблога Крамля войскамі Тахтамыша. Масквічы адбілі першы штурм (упершыню на Русі выкарысталі агнястрэльную зброю), але 26 жн. Тахтамыш падманам авалодаў Масквой. Горад быў спалены і разбураны, 24 тыс. чал. забіты або загінулі ў агні.

т. 10, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЕ́ВІЦКІ БОЙ 1943,

бой падраздзяленняў партыз. палкоў 208-га імя Сталіна, 277-га, брыгад 130-й «Помста», 120-й, 345-га атрада з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Мацевічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. 18 жн. ў Вял. Айч. вайну. 15 жн. батальён 700-га ахоўнага палка гітлераўцаў заняў вёску дзеля набыцця с.-г. прадукцыі. Ноччу 18 жн. партызаны акружылі вёску і раптоўным нападам знішчылі некалькі аўтамашын, шмат жывой сілы ворага; за 1 гадз бою захапілі зброю і амуніцыю акупантаў, 2 перасоўныя радыёстанцыі, каля 60 коней, боепрыпасы, нарабаванае ў насельніцтва харчаванне.

У.​С.​Пасэ.

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕА́НДРЫ (ад грэч. Maiandros Меандр, стараж. назва вельмі звілістай ракі Вял. Мендэрэс у М. Азіі),

лукавіны, выгіны рэчышча ракі. Характэрны пераважна для раўнінных рэк. Утвараюцца ў выніку бакавой эрозіі пры размыванні берагоў водным патокам. Увагнуты, звычайна стромкі, бераг размываецца, а выпуклы нарошчваецца за кошт наносаў і ўтварэння водмелі. У выніку ў плане рака прымае звілістую петлепадобную форму. Часам вадацёк прарывае сабе новы больш кароткі шлях, а М. ператвараюцца ў старыцы. У горных і перадгорных абласцях, якія зазнаюць тэктанічныя падняцці, трапляюцца ўрэзаныя (рэліктавыя) М., абмежаваныя выступамі карэнных парод.

Меандры на рацэ Авача ў Камчацкай вобл. Расіі.

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГАЛО́ПАЛІС [ад грэч. megas (megalu) вялікі + polis горад; паходзіць ад назвы стараж.-грэч. горада Мегалопаль, які ўзнік ад зліцця больш як 35 паселішчаў Аркадыі],

найбуйнейшая форма рассялення, якая ўтвараецца ў выніку зліцця суседніх гарадскіх агламерацый. Звычайна М. выцягнуты ўздоўж трансп. магістралей, але суцэльнай гар. забудовы не мае; прыкладна ​9/10 яго плошчы займаюць адкрытыя прасторы. Найбольшыя М.: на Атлантычным узбярэжжы ЗША паміж Бостанам і Вашынгтонам, у Каліфорніі; на Ціхаакіянскім узбярэжжы в-ва Хонсю — ад Токіо да Осакі (Японія), у раёне ніжняга і сярэдняга Рэйна (Нідэрланды — Германія), ад Лондана да Ліверпуля (Вялікабрытанія), у раёне Вял. азёр (ЗША — Канада).

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІЦКІ АКТ 1501,

акт дзярж. уній паміж Польшчай і ВКЛ. Падпісаны 23.10.1501 у г. Мельнік (Падляшскае ваяв. ВКЛ, цяпер у Польшчы) пры абранні вял. князя ВКЛ Аляксандра на каралеўскі трон Полыпчы. М.а. прадугледжваў у будучым выбары агульнага манарха для абедзвюх дзяржаў (зафіксаваны таксама ў Мельніцкім прывілеі 1501), устанаўленне агульнай грашовай сістэмы, правядзенне агульнай унутранай і знешняй палітыкі. Фактычна М.а. вёў да ліквідацыі дзярж. самастойнасці ВКЛ. У выніку шырокай апазіцыі сейм ВКЛ у 1505 не зацвердзіў М.а. і ён не набыў сілы. Планы польскіх магнатаў і шляхты здзейсніліся ў выніку заключэння Люблінскай уніі 1569.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 10, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НАК,

адзіны жаночы кляштар ордэна дамініканцаў на Беларусі. Існаваў у 17—19 ст. у Навагрудку. Засн. ў 1654 М.​Дамброўскім (паводле інш. звестак — у 1678 А.​Пратасевічавай, жонкай навагрудскага земскага натарыуса). У 1690 пабудаваны мураваны касцёл Дзевы Марыі. У канцы 18 — пач. 19 ст. кляштару. належала частка в. Каменка ў Навагрудскім пав. У 1864 скасаваны, 20 яго манашак накіраваны ў Гродзенскі кляштар брыгітак і Мінскі кляштар бенедыкцінак. Каля 1900 касцёл разабраны на цэглу. У жылым будынку кляштара ў 1920-я г. размяшчалася ваяводская ўправа, у час Вял. Айч. вайны разбураны.

М.​П.​Гайба.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНЕШВІ́ЛІ (Іосіф Эліёзавіч) (6.4.1918, с. Карданахі Гурджаанскага р-на, Грузія — 7.10.1980),

грузінскі паэт. Скончыў Тбіліскі ун-т (1942). Друкаваўся з 1938. У цэнтры паэмы «Аповесць пра адну дзяўчыну» (1952) вобраз гераіні Вял. Айч. вайны Зоі Рухадзе. Аўтар цыклаў вершаў пра Арменію, Казахстан, Грузію: «На зямлі Казахстана» (1955), «Стварэнне Грузіі» (1971) і інш., зб-ка публіцыстычнай і інтымнай лірыкі «Гады і вершы» (1977). Пісаў для дзяцей (зб. «Вясна Грузіі», 1964). На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі В.​Вітка, Ю.​Свірка і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1982;

Горы и сердце. М., 1960;

Стихотворения. М., 1967.

т. 11, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСО́Ў у геалогіі,

разрыўное парушэнне ў заляганні горных парод, пры якім адны масы горных парод насунуты на другія па паката нахіленай (45—60°) паверхні тэктанічнага разрыву. Утвараецца ў працэсе тэктанічных рухаў, ва ўмовах гарызантальнага сціскання, з пластычным пераразмеркаваннем горных парод. Мае вісячы (узняты і насунуты) і ляжачы блокі, паверхню зрушэння. У залежнасці ад вугла нахілу паверхні Н. падзяляюць на пакатыя і стромкія. Н. з амаль гарызантальнай паверхняй змяшчэння і вял. адлегласцю перамяшчэння парод утвараюць тэктанічныя покрывы або шар’яжы. Н. са стромкай паверхняй разрыву (вугал большы за 60°) наз. ўскідам.

І.​В.​Клімовіч.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЧЫГАН (Michigan, на мове мясц. індзейцаў — вял. возера),

возера ў ЗША, у сістэме Вялікіх азёр. Пл. 58 тыс. км², даўж. 494 км, шыр. да 190 км, глыб. да 281 м. Выш. ўзроўню 177 м. Берагі б.ч. узгорыстыя, слаба расчлянёныя, акаймаваныя тэрасамі; на Пд і ПдУ на берагах дзюны (выш. 10—20 м). Прылівы паўсутачныя (да 4 см). Паўн. ч. возера замярзае са снеж. да красавіка. М. злучаны з воз. Гурон прал. Макіна (шыр. каля 3 км), з сістэмай р. Місісіпі — суднаходным каналам Чыкага — Локларт. Буйныя парты і прамысл. цэнтры — Чыкага і Мілуокі.

т. 10, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)