ПШЧО́ЛКА (Аляксандр Раманавіч) (1869, в. Чарсцвяды Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 1943),

бел. пісьменнік, этнограф, фалькларыст. Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1890), юрыд. ф-т Юр’еўскага (Тартускага) ун-та (1907). Настаўнічаў, працаваў адвакатам. Друкаваўся з 1898 у «Витебских губернских ведомостях», пазней у газ. «Сельский вестник», «Минское слово», «Белорусская жизнь» і інш. Пісаў на бел. і рус. мовах. Выдаў больш за 10 кніг апавяданняў і нарысаў («Нарысы з жыцця беларускай вёскі», 1899; «Беларускія апавяданні», 1901; і інш.), дзе паказаў жыццё і побыт бел. сялян канца 19 ст. Для літ. дзейнасці П. характэрны маралізатарства, натуралізм, супярэчлівасць і неакрэсленасць аўтарскай пазіцыі (цыкл нарысаў «Пісьмы з вёскі», 1907). У этнагр. нарысах апісваў звычаі, абрады і побыт Лепельшчыны («Дзяды», «Мікітавы хаўтуры», «Зажынкі і абжынкі», «Талака», «Беларускія святы»), У Полацку стварыў хор, які выконваў бел. нар. песні, у Вільні арганізаваў вечар бел. нар. музыкі. Пад яго рэдакцыяй у Віцебску выдадзена паэма «Тарас на Парнасе» (3-е выд., 1910).

Тв.:

Пилипово веселье: (Бел. очерк). Витебск, 1901;

Очерки и рассказы из белорусской жизни. Вып. 2. Витебск, 1903;

Очерки и рассказы из жизни белорусской деревни. 2 изд. Вильна, 1906;

Очерки и рассказы из жизни Белоруссии. Сб. 2. 2 изд. Витебск, 1910.

Літ.:

Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.

У.​А.​Васілевіч.

т. 13, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНО́ВІ́Ч (Яўген Сцяпанавіч) (21.1.1905, Мінск — 25.2.1979),

бел. драматург, празаік, тэатр. дзеяч. Засл. арт. Беларусі (1944). Вучыўся ў БДУ (1922—24). У 1922—48 акцёр, рэжысёр, заг. літ. часткі Бел. т-ра імя Я.​Купалы, у 1949—63 працаваў у Мін-ве культуры Беларусі. Друкаваўся з 1923. Аўтар п’ес «Кантракт, альбо Усё добра будзе» («Усё добра будзе», паст. 1924), «Вір» (паст. 1926), «Крывая аблона», «Мост» (абедзве паст. 1929), «Камяні на дарозе» (паст. 1931), «Палешукі», «Таварыш Андрэй» (абедзве паст. 1944; усе ў т-ры імя Я.​Купалы). Творы вызначаюцца напружанасцю дзеяння, драматызмам. Аўтар оперных і балетных лібрэта «У пушчах Палесся» (паводле аповесці Я.​Коласа «Дрыгва», паст. 1939), «Алеся» (з П.​Броўкам, паст. 1944), «Дзяўчына з Палесся» (паст. 1953), «Падстаўная нявеста» (паст. 1958), «Мара» (паст. 1961; усе ў Бел. т-ры оперы і балета). Даследаваў гісторыю бел. т-ра: кн. «Першы тэатр» (1946), «Народны артыст СССР Б.​В.​Платонаў» (1954), «Рэкі цякуць з ручаёў» (1969), «Людзі і маскі» (1977). Выдаў зб-кі апавяд. і аповесцей «Галіна Званцова» (1958), «Знаёмыя сілуэты» (успаміны пра бел. пісьменнікаў, 1974). Перакладаў на бел. мову п’есы Л.​Талстога, А.​Астроўскага, А.​Чэхава, М.​Горкага і інш.

Тв.:

Па пройдзеных сцежках // Вытокі песні. Мн., 1973.

Літ.:

Уладамірская Г. Мастацтва — яго стыхія, тэатр — ягоны дом // Полымя. 1975. № 1.

М.​Ф.​Шаўлоўская.

т. 13, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНСА́Р ((Ronsard) П’ер дэ) (11.9.1524, замак Ла-Пасаньер; Францыя — 27.12.1585),

французскі паэт; прадстаўнік эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Наварскім калежы ў Парыжы (1533—34). Быў прыбліжаны да каралеўскага двара. Узначальваў літ. групу «Плеяда», што адыграла значную ролю ў фарміраванні франц. нац. мовы і паэзіі. У першай кн. «Оды» (кн. 1—5, 1550—52) паспяхова здзейсніў праграму «ўзвышэння» франц. паэзіі. Пісаў любоўныя вершы: зб. санетаў «Любоўныя вершы да Касандры» (1552, нап. пад уплывам Ф.​Петраркі і італьян. паэтаў-неапетраркістаў), цыклы санетаў «Працяг любоўных вершаў» (1555), «Новы працяг любоўных вершаў» (1556), «Санеты да Алены» (1578). У зб-ках «Кніжка свавольстваў» (1553) і «Гай» (1554) звяртаўся да «нізкага» стылю, натуральнасці і прастаты. Філас. лірыка (зб. «Гімны», кн. 1—2, 1555—56) прысвечана Сусвету і Космасу, апявае навуку, законы чалавечага быцця і ідэальнага грамадскага ладу. У цыкле «Развагі пра няшчасці гэтага часу» (1560—62) адстойваў права паэта ўмешвацца ў грамадскае жыццё. У празаічным трактаце «Кароткі выклад паэтычнага мастацтва» (1565) сфармуляваў эстэт. прынцыпы, блізкія паэтыцы класіцызму. На бел. мову асобныя яго вершы пераклала Н.​Мацяш.

Тв.:

Бел. пер. — [Вершы] // Далягляды, 1989. Мн., 1989;

Рус. пер. — Лирика. М., 1963;

Избр. поэзия. М., 1985;

О вечном: Избр. лирика. М., 1996;

У кн.: Поэзия Плеяды. М., 1984.

Літ.:

Виппер Ю.Б. Поэзия «Плеяды»: Становление лит. школы. М., 1976.

А.​В.​Хадановіч.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́НІ ((Rossini) Джаакіна Антоніо) (29.2.1792, г. Пезара, Італія — 13.11.1868),

італьянскі кампазітар. Скончыў Балонскі муз. ліцэй (1810). З 1815 кампазітар т-ра «Сан-Карла» ў Неапалі, дырэктар Італьян. т-ра ў Парыжы, з 1826 каралеўскі кампазітар і гал. інспектар спеваў. У мастацтве Р. арганічна ўвасоблены традыцыі італьян. нар.-песеннай культуры. З яго імем звязаны росквіт італьян. нац. оперы. Найб. поўна талент Р. раскрыўся ў операх-буф, якія вылучаюцца дасціпнасцю, яскравасцю муз. характарыстык, тэмпераментнасцю і дэмакратычнасцю музыкі, адзінствам драм. і муз. развіцця: «Шаўковая лесвіца» (паст. 1812), «Італьянка ў Алжыры» (паст. 1813), «Севільскі цырульнік» (паст. 1816; ставілася ў Нац. акад. т-ры оперы Беларусі). У шэрагу опер-серыя, у т. л. «Майсей у Егіпце» (паст. 1818), «Магамет II» (паст. 1820), узмацніў ролю масавых хар. сцэн і ансамбляў, спрасціў вак. партыі, узбагаціў функцыі аркестра. Уздым патрыят. руху ў Італіі найб. выразна адлюстраваны ў героіка-рамант. оперы «Вільгельм Тэль» (паст. 1829). Сярод інш. твораў опера-серыя «Сарока-зладзейка», муз. камедыя «Папялушка» (абедзве паст. ў 1817) і інш. Пісаў таксама царк. музыку, кантаты, гімны, камерна-вак. і інстр. творы.

Літ. тв.: Рус. пер. — Избранные письма. Высказывания. Воспоминания. Л., 1968.

Літ.:

Синявер Л.С. Джоаккино Россини М.,1964;

Бронфин Е.Ф. Джоаккино Россини. 2 изд. Л., 1986.

Г.​С.​Глушчанка.

Дж.Расіні.

т. 13, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТАРГУЕ́Ў (Павел Андрэевіч) (30.6.1881, г. Старадуб Бранскай вобл., Расія — 21.3.1959),

расійскі і бел. мовазнавец і педагог. Правадз. чл. Інбелкульта (1924). Д-р філал. н. (1941), праф. (1923). Скончыў Маскоўскі ун-т (1908), працаваў у ім у 1917—23. У 1918 чытаў курс лекцый па бел. мове ў Бел. нар. ун-це ў Маскве («Беларуская мова ў яе сучасным і мінулым стане» у кн. «Курс беларусазнаўства», 1918—20). У 1938—51 заг. кафедры рус. мовы Навазыбкаўскага пед. ін-та, адначасова ў 1947—48 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. Склаў праект «Праграмы па вывучэнні беларускіх гаворак і збіранні звестак для складання Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы». Вывучаў бел. гаворкі ў іх гіст. і сучасным стане, гаворкі рус.-бел.-ўкр. памежжа ў іх узаемадзеянні: «Гаворкі ўсходніх паветаў Гомельскай губерні ў іх сучасным стане», «Северска-беларуская гаворка. Даследаванне ў галіне дыялекталогіі і гісторыі беларускіх гаворак» (Залаты медаль Рус. геагр. т-ва; абедзве 1927), «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» (1973). Даследаваў праблемы бел. літ. мовы: артыкулы «Беларуская мова ў святле яе навуковага пазнання» (1922), «Да пытання аб ляшскіх рысах у беларускай фанетыцы» (1927), «Беларускае мовазнаўства ў 1917—1927 гг.» (1930).

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 3. Мн., 1978.

Я.​М.​Рамановіч.

т. 13, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІНШТЭ́ЙН (Антон Рыгоравіч) (28.11.1829, с. Выхвацінец, Малдова — 20.11.1894),

рускі піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог і муз. дзеяч. Брат М.​Р.​Рубінштэйна. Чл. Ін-та Францыі (1874). Адзін з буйнейшых піяністаў 2-й пал. 19 ст., які паклаў пачатак сусв. славы рус. піяністычнага мастацтва. З 1839 вёў канцэртную дзейнасць у Маскве і за мяжой. Заснавальнік Рускага музычнага таварыства (1859) і першай рас. кансерваторыі (1862, С.-Пецярбург; адначасова яе дырэктар, у 1862—67 і 1887—91 праф.). Выкананне Р. вылучалася імправіз. свабодай, драм. сілай. Аўтар твораў розных жанраў: 14 опер (у т. л. «Дэман», паст. ў 1875; у Мінску ў 1892, на сцэне Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі ў 1951; «Макавеі», паст. 1875, ставілася ў Мінску ў 1890—91), 6 сімфоній, 5 фп. канцэртаў (найб. вядомы 4-ы), 10 стр. квартэтаў, фп. мініяцюр, рамансаў і песень, у т. л. цыкла «Персідскія песні» (1854), і інш. Яго музыка адметная лірыка-рамант. накіраванасцю, шырокім меладычным подыхам, тонкім увасабленнем арыентальных матываў. Сярод вучняў І.​Гофман, П.​Чайкоўскі і інш.

Літ. тв.: Лит. наследие. Т. 1—3. М., 1983—86; Избр. письма. М., 1954.

Літ.:

Баренбойм Л.А. А.​Г.​Рубинштейн. Т. 1—2. Л., 1957—62;

Хопрова Т. А.​Г.​Рубинштейн. 2 изд. Л., 1987.

І.​Дз.​Назіна.

А.Р.Рубінштэйн.

т. 13, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вуго́р1 ’рыба, Anguilla’ (БРС). Рус. у́горь, ц.-слав. ѫгорищь (позняе), польск. węgorz, каш. wangorz, чэш. úhoř, славац. úhor, в.-луж., н.-луж. hugoŕ, серб.-харв. у̏гор, славен. ogór. Прасл. ǫgorь. Роднасныя: ст.-прус. angurgis ’вугор’, літ. ungurỹs ’тс’ (з *angurỹs). Лічаць, што вугор роднаснае вуж (гл.) і іншым словам таго ж кораня; параўн. літ. angìs ’вуж, змяя’, лац. anguis ’змяя’, anguilla ’вугор’, ст.-в.-ням. uns ’вуж’, ст.-ірл. esc‑ung ’вугор’ (літаральна ’вадзяная змяя’). У гэтым выпадку значэнне *ǫgorь ’падобны на змяю’ (Траўтман, 8; Шпехт, 31; Фасмер, 4, 146; Махэк₂, 667; Фрэнкель, 10). Адносна суфіксацыі параўн. ст.-в.-ням. angar, ням. Engerling, са грэч. ἴμβηρις (гл. Тапароў, Прус., 88).

Вуго́р2 ’прышч (на скуры, целе)’ (БРС). Рус. у́горь, укр. вуго́р, род. скл. вугра́ ’тс’, польск. wągr, чэш. uher, славац. uhor, в.-луж. wuhra, н.-луж. hager, серб.-харв. у́грк ’чарвяк, лічынка’, балг. въгарец ’тс’, славен. ogŕc ’чарвяк, вугор, лічынка’. Прасл. *ǫgrъ роднаснае літ. ánkštara, усх.-літ. inkštìras ’фіна, лічынка’, ст.-в.-ням. angar ’хлебны чарвяк’, н.-в.-ням. Engerling ’лічынка’ хрушча’ (Траўтман, 8; Фасмер, 4, 146; Махэк₂, 666). Магчыма, што вугор1, вугор2 і вуж маюць агульнае паходжанне. Падрабязна гл. Фасмер, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клю́шня1 ’канечная частка ножкі ракападобных’ (ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах., Яруш.). Мабыць, вынік кантамінацыі клешня (гл.) і клюка (гл.), ключка (гл.). Дублет клешня/клюшня адзначае Сл. паўн.-зах., 475, 486. Магчыма, таксама ўплыў літоўскіх форм, сярод іх у першую чаргу літ. klìšes ’клюшні’. Аддзяліць бел. клешня і клюшня ад літ. klìšes немагчыма (семантычная тоеснасць і фармальная блізкасць). Спробы рэканструяваць балта-славянскія формы kliša/kleša беспадстаўныя (Слаўскі, 2, 228), паколькі рэальна існуюць толькі ўсходнеславянскія формы, арэальна арыентаваныя на балтыйскую тэрыторыю. У значэнні ’клюшня рака’ або ’нага, сцягно’ рускія формы зафіксаваны толькі ў Смаленскім, Бранскім арэалах (не лічачы тэрыторыі новага засялення). Таксама нельга прызнаць верагоднай гіпотэзу аб паходжанні клешня ад kleščьna (гл. клешчы) (Бернекер, 1, 517; Фасмер, 2, 249; ЕСУМ 2, 463; Трубачоў, Эт. сл., 10, 23). Паколькі частка гэтых форм мае значэнне ’клешчы’, не выключана кантамінацыя клешня і клешчы (гл.).

Клю́шня2 ’тазасцегнавы сустаў’ (Сл. паўн.-зах.). Верагодны балтызм. Параўн. літ. kùlšnis ’шчыкалатка’ (там жа, 486). Больш надзейная крыніца літ. klíšė ’нага’ або іншая балтыйская, блізкая да яе. Параўн. таксама клюшня1.

Клю́шня3 ’палкі, да якіх прымацаваны крыллі сеці’ (Мат. АС). Гл. клюшня1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́сці ’прылада для палявання на рыб’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк., Мядзв., КЭС, Янк. Мат.), восць ’тс’ (З жыцця); ’асцюкі’ (БРС, КТС), вось ’тс’ (Шатал.). Рус. ость ’тс’, польск. ość, чэш., славац. osť, н.-луж. wósć ’вастрыё, калючка, косць рыбы’, славен. ȏst ’тс’. Параўн. літ. akštís, akstìs ’драўляны ражон; палачка, на якую насаджваюць рыбу пры вэнджанні’, усх.-літ. akstyns ’калючка’, лат. aksts, грэч. ἀκοστή ’ячмень’, гоц. ahs ’колас’, лац. acus ’асцюкі, мякіна’ (Траўтман, 5; Буга, РФВ, 65, 305; Фасмер, 3, 167). Для параўнання гл. яшчэ асцюк.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лаўжо1 ’брудная ’бялізна’, ’лахманы’ (паст., Сл. паўн.-зах.). Да лоўж, якое кантамінавала з лайно (гл.).

Лаўжо2 ’ваўчынае логава’ (глыб.), лаўжышна ’тс’ (паст.), ’лежыва’ (глыб., Сл. паўн.-зах.) генетычна звязаны з папярэднім лаўж; семантыка развівалася наступным чынам: ’куча галля’ → ’вялікая колькасць чаго-небудзь’ (раг. лоўж) → ’беспарадак’ (лаг. лоўжышча) → ’логава’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. таксама літ. laužymas ’бярлога’.

Лаўжо ’вузкая прадаўгаватая дошка, якой закрывалі бакавую адтуліну ў калодачным вуллі’ (барыс., Сл. паўн.-зах.). Генетычна звязана з літ. laužti ’ламаць’, laužymas ’ломка’ (першапачаткова ’ўломак, кавалак адламанай галіны’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)