ЛЕПІДАЛІ́Т [ад грэч. lepis (lepidos) луска + lithos камень],

мінерал групы слюдаў, падкласа слаістых сілікатаў; фторгідраксільны алюмасілікат калію і літыю, K(Li, Al)2 (Si, Al)4O10(F, OH)2. Мае ў сабе 3,1—6% аксіду літыю LiO2, прымесі жалеза, марганцу, магнію, рубідыю, цэзію. Крышталізуецца ў манаклінальнай, радзей у трыкліннай або рамбічнай сінганіі. Крышталі пласціністыя, лускаватыя, шкарлупістыя; шчыльныя дробназярністыя агрэгаты. Колер светлы, ружова-фіялетавы, розных адценняў. Празрысты. Бляск перламутравы. Цв. 2,5—3,5. Шчыльн. 2,8—2,9 г/см³. Трапляецца ў рэдкаметальных пегматытах і літый-фторыстых гранітах, радзей у грэйзенах. Руда для вытв-сці літыю. Выкарыстоўваецца ў аптычнай, шкляной і керамічнай прам-сці. Радовішчы ў Казахстане, Расіі, Чэхіі, Швецыі, ЗША і інш.

Лепідаліт.

т. 9, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІ́НЧА СУД»,

у ЗША з 18 ст. пазасудовая расправа (самасуд), якая ўчынялася, як правіла, над неграмі. Назва ад прозвішча амер. расіста Ч.​Лінча, які ў гады Вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 камандаваў батальёнам стралкоў у штаце Віргінія, дзе законныя суды фактычна не дзейнічалі. Ён самачынна стварыў суд, які жорстка распраўляўся са злачынцамі і гал. ч. з паліт. праціўнікамі. У кастр. 1782 спец. законам дзеянні Лінча прызнаны незаконнымі, аднак накіраванасць яго дзейнасці не была асуджана. «Л.с.» найб. шырока быў распаўсюджаны з канца 19 ст. да 1930-х г. Сістэма няпісаных правіл лінчавання асабліва правакавалася крайне правымі прафашысцкімі арг-цыямі — ку-клукс-клан, Т-ва Дж.​Бэрча і да т.п.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКДО́НАЛЬД (Macdonald) Браян (н. 14.5.1928, г. Манрэаль, Канада),

канадскі артыст балета, балетмайстар. Скончыў Манрэальскі ун-т. З 1958 балетмайстар у т-рах Канады, ЗША, трупах еўрап. краін. З 1974 маст. кіраўнік калектыву Вял. канадскі балет. Зрабіў вял. ўклад у развіццё канадскага харэаграфічнага мастацтва, паставіў першы нац. балет «Ружа-Лацюліп» Х.​Фрыдмена (1966, Каралеўскі Вініпегскі балет). Інш. пастаноўкі: «Прыцемак» на муз. Б.​Брытэна, «Ці любіце вы Баха?» на муз. І.​С.​Баха, «Актэт» і «Варыяцыі» на муз. Ф.​Шуберта, «Жар-птушка» І.​Стравінскага, «Чатыры апошнія песні» Р.​Штрауса, «На заранку чалавецтва» П.​Крэстана, «Гімн» і «Эпіталама» на муз. Ф.​Дыліуса, «Варыяцыі на простую тэму» на муз. Л.​Бетховена і інш.

т. 9, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАХІ́Т [франц. malaehite ад грэч. malache мальва (ад падабенства з колерам яе лісця)],

мінерал, гідраксілкарбанат медзі, Cu2(OH)2[CO3]. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі (ігольчастыя або прызматычныя) трапляюцца зрэдку, звычайна радыяльна-прамяністыя канцэнтрычна-занальныя «ныркі», сферакрышталі, зямлістыя выдаленні, налёты, псеўдамарфозы і інш. Колер ад травяна- і бірузова-зялёнага да чорна-зялёнага. Бляск шаўкавісты ў агрэгатаў, алмазны ў крышталёў. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,9—4,1 г/см³ (у агрэгатаў). Утвараецца ў зоне акіслення медных або жалезарудных і поліметал. сульфідных радовішчаў, якія маюць у сабе медзь. Медная руда. Каштоўны вырабны камень. Зямлісты М. — сыравіна для фарбаў («малахітавая зелень»).

Радовішчы ў Расіі, Казахстане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Замбіі, ЗША і інш.

Малахіт.

т. 10, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́ГУА (Managua),

горад, сталіца Нікарагуа, на паўд. беразе воз. Манагуа, за 45 км ад Ціхага ак. Утварае самастойную адм. адзінку — нац. акругу Манагуа. 682 тыс. ж. (1997). Буйны трансп. вузел на Панамерыканскай шашы. Гандл. цэнтр краіны. Міжнар. аэрапорт. Чыг. станцыя. Прам-сць: тэкст., харч., хім., гарбарна-абутковая; вытв-сць тавараў шырокага ўжытку; цэментны і нафтаперапр. з-ды. Ун-т, мед. акадэмія, акадэмія геаграфіі і гісторыі Нікарагуа. Нац. музей Нікарагуа. Нац. тэатр.

Засн. іспанцамі ў 16 ст. на месцы індзейскага паселішча. У 1846 атрымала гар. правы. З 1858 сталіца рэспублікі Нікарагуа. У 1912—25 і 1926—33 акупіравана войскамі ЗША Неаднаразова разбуралася, у т. л. ў выніку паводкі (1876), пажараў (1885), землетрасенняў (у 1972 амаль цалкам).

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬЦЭР Давыд Барысавіч (н. 16.2.1925, г. Мазыр Гомельскай вобл.),

бел. гісторык-славіст. Д-р гіст. н. (1975), праф. (1977). Скончыў БДУ (1948). З 1951 выкладаў у Мінскай школе прафс. руху ВЦСПС. У 1954—92 дацэнт, праф. гіст. ф-та БДУ. У 1972, 1974, 1978 чытаў спец. курс у Сафійскім ун-це (Балгарыя). З 1992 жыве ў ЗША. Аўтар прац пераважна па гісторыі Балгарыі, сав.-балг. і бел.-балг. адносін у 19—20 ст.

Тв.:

Социалистической Болгарии — 20 лет. Мн., 1964;

Советско-болгарские отношения (1917—1935 гг.). Мн., 1975;

Национальной свободе Болгарии 100 лет. Мн., 1978 (разам з Й.​Тончавым);

Белоруссия и Болгария: Дружба вечная, нерушимая, 681—1981. Мн., 1981.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 10, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЛКО́Ў-КАНЧАЛО́ЎСКІ Андрэй (Андрон) Сяргеевіч (н. 20.8.1937, Масква),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. Расіі (1980). Сын С.У.Міхалкова, брат М.С.Міхалкова. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1965). У фільмах «Першы настаўнік» (1965), «Гісторыя Асі Клячынай, якая кахала, але не выйшла замуж» (1967), «Дваранскае гняздо» (1969), «Дзядзька Ваня» (1971), «Раманс пра закаханых» (1974), «Сібірыяда» (1979) па-дакументалісцку жорсткая стылістыка спалучаецца з жывапіснай манерай. З пач. 1980-х г. працуе ў ЗША: «Любыя Марыі» (1984), «Цягнік-уцякач» (1985), «Блізкі круг» (1992), тэлефільм «Адысея» (1997). З пач. 1990-х здымае фільмы і ў Расіі: «Курачка Раба» (1994), мемуары «Нізкія ісціны» (1998). Ў Марыінскім т-ры паставіў оперу «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (2000).

т. 10, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ХАЙ-НАДЗЬ (Moholy-Nagy) Ласла (20.7.1895, Бачбаршад, Венгрыя — 24.11.1946),

венгерскі скульптар, дызайнер, фотамастак. Працаваў пераважна ў Германіі (1920—33) і ЗША (з 1937). У 1923—28 праф. «Баўгауза», у 1937 заснаваў т.зв. Новы «Баўгауз» у Чыкага. Зазнаў уплывы К.​Малевіча і Л.​Лісіцкага. У канцы 1910 — пач. 1920-х г. ствараў графічныя работы ў духу супрэматызму («На белым фоне», 1923, і інш.) і прасторавыя абстрактныя кампазіцыі («Пластыка ў нікелі», 1922, і інш.) У 1920-я г. займаўся фотамастацтвам у галіне мантажу («Мілітарызм» і інш.) і партрэта («У.​Маякоўскі» і інш.). Пазней даследаваў працэс формастварэння, выразныя магчымасці святла ў празрыстых і паўпразрыстых прасторавых канструкцыях, што знайшло практычнае выкарыстанне ў дызайне і светлавой рэкламе.

т. 10, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ГАЛЕРЭ́Я МАСТА́ЦТВАЎ у Вашынгтоне,

адзін з буйнейшых у ЗША збораў твораў мастацтва. Засн. ў 1937 у структуры Смітсанаўскага ін-та на аснове буйных прыватных калекцый, адкрыта ў 1941. У галерэі захоўваюцца шэдэўры зах.-еўрап. жывапісу і скульптуры розных часоў (творы Л.​Берніні, Я.​Вермера, Т.​Гейнсбара, Данатэла, Джарджоне, Э.​Дэга, Ф.​Клуэ, Э.​Манэ, Рафаэля, П.​П.​Рубенса, Рэмбранта, Тыцыяна, Эль Грэка і інш.), творы амер. мастакоў (Дж.​Коплі, Г.​Сцюарта і інш.), калекцыі графікі і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Гал. будынак галерэі пабудаваны ў 1939—40 у формах неакласіцызму (арх. Дж.​Р.​Поўп, О.​Р.​Эгерс, Д.​П.​Хігінс), усх. корпус — у 1978 (арх. І.​М.​Пей).

т. 11, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ВЕЛ VI [Paulus; у свеце Манціні (Montini) Джавані Батыста; 26.9.1897, Канцэзіо, каля г. Брэшыя, Італія — 6.8.1978],

папа рымскі з 1963. Скончыў папскі і дзярж. ун-ты ў Рыме. У 1923—54 на дыпламат. службе Ватыкана (з 1937 пам., з 1952 нам. дзярж. сакратара). З 1955 архіепіскап Мілана, з 1958 кардынал. П. VI — першы з рым. пап, які парушыў традыцыю затворніцтва рым. пап у Ватыкане, наведаў шэраг краін (Палесціна, ЗША, Калумбія, Уганда, Філіпіны, Аўстралія і інш.). Рэарганізаваў рым. курыю, скасаваў Кангрэгацыю свяшчэннай канцылярыі (б. інквізіцыю), у 1966 адмяніў «Індэкс забароненых кніг», што фактычна азначала скасаванне царк. цэнзуры. Увёў узроставы цэнз у калегіі кардыналаў. Выступаў за збліжэнне цэркваў і захаванне міру паміж народамі.

т. 11, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)