ВАДАНО́САЎ (Мікола) (Мікалай Міхайлавіч; н. 4.1.1923, Мінск),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1959). Працаваў тэхнікам на Бел. радыёцэнтры, у выд-вах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1948. Займальны сюжэт, элементы прыгодніцтва ў кн. для дзяцей «Першае знаёмства» (1954), «Апошні вадзянік» (1964), «Хатабыч-малодшы» (1965), «Лясныя прыгоды» (1976), «Скарб Загорскай камяніцы» (1985) і інш. У кнігах апавяданняў і аповесцяў «У Баркоўскай пушчы» (1956), «Надзеі і здзяйсненні» (1963), «Пад чужым паролем» (1971), «Дзень — і ўсё жыццё» (1988) і інш. закранае маральна-этычныя праблемы, паказвае гераізм народа ў час вайны. Выступае і як гумарыст (зб. «Левыя ногі», 1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́НАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку (3-е тыс. — 9 ст. да нашай эры) у басейне Сярэдняй Волгі. Назва ад могільніка каля в. Баланава ў Чувашыі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, магчыма, земляробствам, мела ўласную металургію медзі, колавы транспарт. Жыло пераважна ў зрубных дамах на ўмацаваных паселішчах. Пахавальны абрад — адзіночныя і парныя трупапалажэнні ў грунтавых магілах (ранні этап), калектыўныя трупапалажэнні пад курганамі. Нябожчыкаў хавалі ў драўляных скрынях ці кашолках, у скурчаным стане. У кераміцы пераважаў шарападобны посуд, упрыгожаны геам. арнаментам, адбіткамі штампаў. Сярод вырабаў з каменю — свідраваныя і клінападобныя сякеры, матыкі, цёслы, наканечнікі стрэл; пашыраны медныя наканечнікі коп’яў, сякеры, упрыгожанні. Некаторыя вучоныя адносяць Баланаўскую культуру да шнуравой керамікі культур, іншыя лічаць лакальнай групай фацьянаўскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДА́РЧЫК (Васіль Кірылавіч) (н. 1.8.1920, в. Кірава Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. этнограф. Чл.-кар.АН Беларусі (1972), д-ргіст.н. (1965), праф. (1978). Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1952). З 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (у 1969—76 дырэктар). У манаграфіях «Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.» (1964), «Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст.» (1970), «Гісторыя беларускай савецкай этнаграфіі» (1972) даследуе асн. тэндэнцыі, кірункі і навук. плыні ў бел. этнаграфіі. Вывучае сучасныя культ.-побытавыя працэсы, гісторыю матэрыяльнай і духоўнай культуры, вераванні беларусаў, вусна-паэт. творчасць. Адзін з аўтараў кн. «Этнаграфія беларусаў» (1985), у якой разглядаецца этнагенез і этнічная гісторыя беларусаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАБУДУ́Р (Borobudur),
будыйскае свяцілішча, помнік інданезійскай архітэктуры і культуры сярэднявечча. На Пд в-ва Ява. Пабудаваны ў канцы 8 — пач. 9 ст. з каменных блокаў (андэзіту) на схілах узгорка ў выглядзе ступеньчатай 10-яруснай піраміды (выш. 31,5 м, даўж. ў аснове 123 м): дарога працэсій, 5 ніжніх квадратных і 3 верхнія круглыя тэрасы (са шматлікімі звонападобнымі ступамі — сховішчамі рэліквій), увянчаныя вял. ступай. У нішах тэрас і ажурных верхніх ступах — 504 статуі Буды і 1460 рэльефаў на тэмы з жыцця Буды. Барабудур з яго багаццем кампазіц. аспектаў, арх. гармоніяй скульпт. элементаў і арнаментальнага дэкору быў задуманы як грандыёзны сімвал Сусвету.
Літ.:
Forman B. Borobudur: Das buddistische Heiligtum. Prag, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАЎКАзвычайная,
старадаўні рускі зімовы сорт яблыні нар. селекцыі. Пашыраны ў многіх абласцях Расіі, на Украіне, у Прыбалтыцы, Казахстане, Кыргызстане, а таксама ў Польшчы. На Беларусі раянаваны ва ўсіх зонах.
Дрэвы выш. 6—8 м, крона паўшарападобная. Плады масаю 80—140 г, розныя па форме, жаўтавата-зялёныя. Мякаць белая, сакаўная, вінна-салодкая з характэрным моцным пахам. Дрэвы зімаўстойлівыя, жывуць да 60—70 гадоў, непатрабавальныя да глебы. Пладаносяць на 6—7-ы год пасля пасадкі. Плады выспяваюць у канцы верасня. Антонаўка ўстойлівая да хвароб, у дажджлівыя гады пашкоджваецца паршой. У культуры вядомы таксама антонаўка камянічка, антонаўка шасцісотграмовая і інш. (адрозніваюцца асобнымі марфалагічнымі прыкметамі, лёжкасцю пладоў і смакам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАКЧЭ́ЕЎШЧЫНА,
палітычны рэжым у Расіі ў 1815—25 (назва ад прозвішча А.А.Аракчэева). Устаноўлены для ўмацавання абсалютызму ва ўмовах пашырэння грамадскага руху пасля вайны 1812. У дзяржаве панавалі самавольства, паліцэйскі дэспатызм і дэспатычны парадак у арміі, жорстка каралася любая праява незадаволенасці. Для прадухілення рэв. руху ў гарадах размяшчаліся вайсковыя каманды. Узмацнілася памешчыцкая эксплуатацыя сялян, жорстка душыліся выступленні сялян, у т. л. ў Брэсцкім і Пружанскім пав., Мазырскім старостве. Узмацнілася рэакцыя ў галіне асветы і культуры: праследаваліся прагрэс, матэрыяліст. думка, прагрэс. навукоўцы, забаронена дзейнасць масонаў (1822), пачаліся ганенні на т-вы філаматаў і філарэтаў (1823). Метады аракчэеўшчыны захаваліся і ў перыяд царавання Мікалая I. Слова «аракчэеўшчына» стала сінонімам самавольства і паліцэйскіх метадаў кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́НЫ,
вёска ў Беларусі, у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Баруны». За 21 км на ПдУ ад Ашмян, 222 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Багданаў. 524 ж., 178 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, касцёл.
У мінулым мястэчка Ашмянскага пав., адзін з цэнтраў уніяцтва. У 18 ст. ў Барунах пабудаваны Барунскі манастыр базыльян, пры якім у 1793 адкрыта школа. З 1795 у Рас. імперыі. У 1905 — 229 ж., 294 дзес. зямлі. Дзейнічала Барунская настаўніцкая семінарыя. З 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, дзейнічала антыфаш. група. Летам 1944 спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТВІ́ННІК (Марат Барысавіч) (н. 22.12.1928, Мінск),
бел. гісторык. Канд.гіст.н. (1970). Скончыў БДУ (1951). Працаваў ва ўстановах нар. асветы, у 1977—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе гістарыяграфію эпохі феадалізму, гісторыю культуры і асветы Беларусі, ролю спадчыны Ф.Скарыны ў дзейнасці бел. друкароў і выдаўцоў 16—17 ст., гісторыю бел. л-ры, славістыку. Аўтар кніг і артыкулаў пра жыццё і дзейнасць бел. вучоных (М.М.Нікольскага, У.М.Перцава, Г.М.Ліўшыца), адзін з аўтараў кн. «Беларускі асветнік Францыск Скарына і пачатак кнігадрукавання на Беларусі і ў Літве» (1979), «Іван Фёдараў і ўсходнеславянскае кнігадрукаванне» (1984), аўтар кн. «Адкуль ёсць пайшоў буквар» (1983) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХА́Й, Чжэнь,
дзяржава на Д.Усходзе ў 698—926. Засн. правадыром тунгускага племяннога аб’яднання махэ Да Цзажунам (правіў у 698—719). Уключала землі рас. Прымор’я, Паўн.-Усх. Кітая і Паўн. Карэі. На чале дзяржавы стаяў ван (кароль), якіх змянілася 15. З 720—730-х г. паміж Бахаем, Японіяй і Кітаем існавалі саюзніцкія адносіны. Выканаўчую ўладу ажыццяўлялі Левае (распрацоўвала праекты і абмяркоўвала бягучыя справы) і Правае (кіравала запісамі каралеўскіх указаў, гіст. падзей, скаргаў і інш.) мін-вы і мясц. чыноўнікі. Вярх. ўласнік зямлі — дзяржава. Гасп. дзейнасць Бахая — земляробства, жывёлагадоўля, рыбалоўства і інш. Заваявана манг. плямёнамі кіданяў.
Літ.:
Шавкунов Э.В. Государство Бохай и памятники его культуры в Приморье. Л., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ КУЛЬТУ́РНАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ (БКЗ),
культурна-асветная арг-цыя, якая дзейнічала на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Створана ў студз. 1944 у Мінску кіраўніцтвам Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) са згоды герм.акупац. улад. Кіраўнік А.Калубовіч. Мела 4 аддзелы: музыкі — узначальваў М.Шчаглоў (М.Куліковіч), прапаганды і бел.культуры — У.Дудзіцкі (У.Гуцька), л-ры — Н.Арсеннева, музеяў і краязнаўства — А.Шукелайць. Мела на мэце аб’яднаць усе існуючыя на той час на Беларусі культ.-асв. ўстановы (тэатры, нар. дамы, б-кі, музеі і інш.). Пры дапамозе БКЗ кіраўніцтва БЦР спадзявалася ўздзейнічаць на бел. насельніцтва з мэтай прапаганды афіц. палітыкі і ідэалогіі акупантаў, барацьбы супраць камуніст. ідэалогіі і інш.