ВАЛАСНЫ́ СХОД,

распарадчы орган саслоўнага сял. кіравання воласцю ў Рас. імперыі. Уведзены ў 1797 для дзярж. сялян. У сувязі са скасаваннем валасцей на Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве пасля рэформы дзярж. вёскі 1830—50-х г. валасныя сходы тут не склікаліся. Пасля сялянскай рэформы 1861 уведзены ў еўрап. частцы імперыі для б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. адноўлены для б. дзярж. сялян.

Складаўся са службовых асоб і сялян, выбраных на сельскіх сходах па 1 ад 10 двароў; у зах. губернях удзельнічалі і парабкі. Вырашаў адм.-гасп. справы воласці, выбіраў службовых асоб, валасное праўленне, у пач. 20 ст. — упаўнаважаных сялян на выбарах у Дзярж. думу і інш. 3.6.1917 скасаваны Часовым урадам у сувязі са стварэннем валасных земстваў.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБНА́Я РЭФО́РМА,

рэформа мясц. кіравання ў Расіі ў 16 ст. У ходзе яе на тэр. губы створаны органы самакіравання — губныя ўстановы, арганізацыю і кампетэнцыю якіх вызначалі губныя граматы (вядомы з 1539) і наказы. Складаліся з губных хат, на чале стаялі 2 губныя старосты, якім дапамагалі губныя цалавальнікі і паліцэйскія чыны, справаводства вялі дзячкі. Падпарадкоўваліся Разбойнаму прыказу. Губныя ўстановы вялі расследаванне асабліва небяспечных крымінальных злачынстваў, практыкавалі павальныя вобыскі і допыты, часта ўжывалі катаванні, а ў адносінах да вінаватых — смяротную кару і жорсткія пакаранні. З 2-й пал. 16 ст. губныя старосты выконвалі і адм. абавязкі (адвядзенне зямель, межаванне і інш.). Пасля ўвядзення ў пач. 17 ст. ваяводскага кіравання, губныя ўстановы паступова пераходзілі пад кантроль ваявод. У 1669—84 скасаваны часова, у 1702 — канчаткова.

т. 5, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДАЎ, Давідаў Карл Юльевіч (15.3.1838, г. Кулдыга, Латвія — 26.2.1889), расійскі віяланчэліст, кампазітар, дырыжор, педагог; заснавальнік рус. класічнай віяланчэльнай школы 2-й пал. 19 ст. Скончыў фізіка-матэм. ф-т Маскоўскага ун-та (1858). Музыцы вучыўся ў А.​Шміта і К.​Шуберта. З 1852 канцэртаваў у Расіі і за мяжой як саліст, ансамбліст і дырыжор. У 1860—82 саліст і канцэртмайстар аркестраў Гевандхаўза ў Лейпцыгу і Італьян. оперы ў Пецярбургу. Праф. Лейпцыгскай (з 1860) і Пецярбургскай (1862—87; у 1876—87 дырэктар) кансерваторый. Аўтар опер, сімф. паэмы «Падарункі Церака», 4 канцэртаў і «Фантазіі на рускія песні» для віяланчэлі з аркестрам, транскрыпцый твораў віяланчэльнай класікі і інш. Складальнік «Школы для віяланчэлі» (1888). Сярод яго вучняў А.​Вержбіловіч, Г.Віган, А.​Глен, В.​Гутар.

т. 5, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЯ ГЕО́РГІЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 2-й пал. 17 ст. ў г. Давыд-Гарадок (Столінскі р-н) майстрамі Палескай школы дойлідства. Перабудавана ў 1724. Трохзрубны храм глыбінна-восевай кампазіцыі ўключае прамавугольныя ў плане бабінец, асн. аб’ём і алтарную апсіду, накрытыя 4-граннымі шатровымі дахамі з галоўкамі на 8-гранных барабанах. У інтэр’еры дамінуе 2-светлавы аб’ём, злучаны з бабінцам арачным праёмам і аддзелены ад апсіды драўляным разным іканастасам, створаным у 1751 у стылі барока (майстар невядомы). У іканастасе дамінуе апостальскі рад, абразы якога вылучаюцца манументальнасцю кампазіцыі, урачыстасцю эмацыянальнага ладу, характэрным тыпажам. Іканастас багата размаляваны і аздоблены залачонымі разнымі накладкамі.

Ю.​А.​Якімовіч, Э.​І.​Вецер.

Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква.
Іканастас Давыд-Гарадоцкай Георгіеўскай царквы.

т. 5, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІЯ КУ́ФРЫ,

вырабы нар. майстроў з г. Давыд-Гарадок і навакольных вёсак Столінскага р-на. Промысел быў пашыраны ў 19 — 1-й пал. 20 ст. Паводле канструкцыі куфар рабілі ў выглядзе звужанай унізе дашчанай скрыні на 4 металічных ці драўляных колцах, з плоскім векам, якое выступала за бакавыя сценкі, з уразным ці накладным замком з акоўкай і 2 ручкамі па баках. Фарбавалі ў чырвона-вохрысты колер. Гладкія палосы бляхі, звычайна прафіляваныя, аздаблялі вуглы куфра і край века. Шырокія жал. палосы, што падзялялі пярэднюю сценку куфра на 4 часткі, заканчваліся дэкар. стылізаванымі выявамі галоў птушак, змей або звычайным закругленнем. Часам пярэднюю сценку размалёўвалі расліннымі кампазіцыямі ў выглядзе галінак з кветкамі.

М.​Ф.​Раманюк.

Давыд-гарадоцкі куфар.

т. 5, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЙНА́ВА, Дайнова,

гістарычная вобласць на тэр. Літвы і ПнЗ Беларусі. Ахоплівала правабярэжжа Нёмана на ПнУ ад Гродна, у ніжнім цячэнні р. Мяркіс (Варэнскі р-н Літвы) і прылеглыя часткі сучасных Гродзенскага, Шчучынскага і Воранаўскага р-наў Гродзенскай вобл., адкуль дайноўцы рассяляліся на Пд і на У. Упершыню ўпамінаецца ў 1255 у грамаце (магчыма, падробленай) вял. кн. Міндоўга крыжакам. Першапачаткова займала, напэўна, тэрыторыю аднайм. зах.-балцкага (яцвяжскага) племяннога княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ і паступова было асімілявана на Пн літоўцамі, на Пд беларусамі. Для насельніцтва Д. характэрна пахаванне нябожчыкаў у каменных курганах, пазней у каменных магілах. З 15 ст. большасць тэр. Д. займала маланаселеная Дайнаўская пушча, традыц. месца паляванняў вял. кн. літоўскіх.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСКАЛО́Ў Стаян Цэкаў (22.8.1909, в. Ліляча Врачанскай акр., Балгарыя — 1985),

балгарскі пісьменнік. Скончыў Сафійскі ун-т (1942). Нар. дзеяч культуры Балгарыі (1967). Аўтар рамана-эпапеі «Шлях» (кн. 1—3, 1945—54), раманаў «Свая зямля» (1952, бел. пер. 1961 Н.​Гілевіча), «Стубленскія ліпы» (1960), «Вёска ўскрай завода» (1963), «Рэспубліка дажджоў» (1968), «Наследніца» (кн. 1—2, 1975), зб. апавяданняў «Пакута» (1935), «Магдзін узгорак» (1940), «Двор» (1943), «Вясковыя душы» (1958), у якіх паказаны вясковае жыццё даваен. і пасляваен. Балгарыі, падзеі 2-й сусв. вайны, складаныя працэсы кааперацыі. Дзімітроўская прэмія 1950, 1969. У пер. на бел. мову выйшаў зб. «Любча-безбілетнік» (1959) і вершы ў зб. «Скарб» (1967).

Тв.:

Рус. пер. — Огненные зори: Рассказы и повести. М., 1973.

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 6, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫ́ЛЫ (Gigli) Беньяміна (20.3.1890, г. Рэканаці, Італія — 30.11.1957),

італьянскі спявак (тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў мастацтва бельканта 1-й пал. 20 ст. З 1914 спяваў на оперных сцэнах Італіі (у т. л. «Ла Скала») і інш. краін, з 1954 у канцэртах. Валодаў голасам рэдкай прыгажосці, аднароднага гучання ва ўсіх рэгістрах, што дазваляла яму выконваць партыі лірычнага і драм. тэнара: Немарына, Эдгар («Любоўны напітак», «Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Радамес («Аіда» Дж.​Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні). Вядомы як выканаўца неапалітанскіх песень. Здымаўся ў муз. фільмах, у т. л. «Авэ Марыя», «Ты маё шчасце», «Джузепе Вердзі», «Паяцы», «Голас у тваім сэрцы» і інш.

Літ. тв.: Рус. пер. — Воспоминания. 2 изд. М.; Л., 1967.

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́КІ Аляксей Дзянісавіч (25.2.1889, г. Днепрапятроўск, Украіна — 1.10.1955),

расійскі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1949). Праф. (1948). З 1910 у МХТ, з 1911 у 1-й студыі МХТ (пазней МХТ 2-і); у 1944—52 у Малым т-ры. Пастаўленыя ім спектаклі вызначаліся выразнасцю, сакавітасцю фарбаў, гумарам, жыццялюбствам, філас. глыбінёй: «Блыха» (1925) і «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (1935) паводле М.​Ляскова, «Глыбокая правінцыя» М.​Святлова (1935), «Цені» М.​Салтыкова-Шчадрына (1953). Педагог яўр. секцыі Бел. драм. студыі ў Маскве. Кіраўнік пастаноўкі «Недарэчнасць» К.​Фіна ў БДТ-2 і кансультант пастаноўкі «Гісторыя пяці хвастоў» Л.​Левіна ў БДТ-3 (1934). Здымаўся ў кіно: «Адмірал Нахімаў», «Кутузаў» і інш. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1949 (двойчы), 1950.

т. 6, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІКС (Dix) Ота (2.12.1891, Унтэрмгаўз, цяпер у межах г. Гера, Германія — 25.7.1969),

нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся ў Дрэздэнскай (1919—22) і Дзюсельдорфскай (1922—25) АМ. Праф. Дрэздэнскай АМ (1927—33). У 1920-я г. быў звязаны з дадаізмам, экспрэсіянізмам. У 1930-я г. шырока выкарыстоўваў сюжэты, сімволіку і прыёмы ням. і нідэрл. жывапісу 15—16 ст., у 2-й пал. 1940-х г. часткова вярнуўся да традыцый экспрэсіянізму. Творам уласцівы востры сац.-крытычны пафас («Акоп», 1920—23; цыкл афортаў «Вайна», 1924; трыпціх «Вайна», 1929—32; фрэска «Вайна і мір», 1960). Аўтар антымілітарысцкіх прац «Сем смяротных грахоў» (1933), «Трыумф смерці» (1934), «Вось чалавек» (1949) і інш. Майстар абвострана-выразнага партрэта («Партрэт бацькоў», 1921; «Партрэт Марыяны Фогельзанг», 1931).

т. 6, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)