КАЛЕ́СНІК (Іван Іванавіч) (9.10.1932, в. Грычына Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 10.6.1979),
бел. паэт, публіцыст, перакладчык. Скончыў БДУ (1958), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). Працаваў у час. «Бярозка», «Маладосць», на Бел. радыё. З 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1951. Зб-кі вершаў «Белыя каштаны» (1959), «Пяць сузор’яў» (1963), «Калі разам мы» (1967), «Інтэрнат» (1971), «Юнацтва» (1975) пра подзвігі народа ў Вял.Айч. вайну, мірную працу, каханне. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пракоф’ева, А.Суркова, Л.Украінкі, М.Нагнібеды, Т.Масэнкі, Я.Райніса, М.Ханінава, З.Нуры, П.Нэруды, І.Давыдкава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНКО́ЎСКІ (Сцяпан Антонавіч) (1918, в. Даколь Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 2.2.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., 1-м Укр., 1-м Бел. франтах. Механік-вадзіцель танка ст. сяржант К. вызначыўся ў 1945 пры вызваленні Польшчы: пры наступленні ў складзе экіпажа знішчыў 2 мінамётныя батарэі, 11 аўтамашын і 120 павозак з боепрыпасамі, шмат жывой сілы праціўніка; 22 студз. ў час разведкі ўварваўся ў нас. пункт Кольмар і захапіў склады; 23 студз. авалодаў пераправай цераз р. Нотаць і ўтрымліваў яе да падыходу падмацавання. Загінуў у баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛНІНЬШ ((Kalniņš) Эдуардс) (25.10. 1904, Рыга — май 1988),
латышскі жывапісец-марыніст. Нар.маст.СССР (1975), сапр.чл.АМСССР (1970). Скончыў Латв.АМ (1932; выкладаў там з 1945, праф. з 1955) у В.Пурвіта, у Італіі (1935). Творчасць К. адыграла вял. ролю ў станаўленні лат. жанравага жывапісу. Работы вылучаюцца размераным рытмам буйных колеравых плоскасцей, багатым каларытам, дакладнай перадачай дынамікі марской стыхіі: «Гавань» (1929), «Плытагоны» (1935), «Баржа» (1938), «Новыя ветразі» (1945), «Рыбакі» (1947), «Сёмая Балтыйская рэгата» (1954), «Латышскія рыбакі ў Атлантыцы» (1957), «Ля мора» (1963), «Заход сонца» (1977) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНСКАЕ ГАРАДЗІ́ШЧА,
пасяленне канца 5—3 ст. да н.э. каля г. Каменка-Дняпроўская і с.Вял. Знаменка Запарожскай вобл. (Украіна). Пл. каля 12 км². З боку стэпу было ўмацавана земляным валам і ровам, а з Пн і 3 ахавана ярамі над Дняпром, р. Конка і Белазерскім ліманам. У паўд.-зах. частцы знаходзіўся акропаль, дзе жыла скіфская знаць. Жыхары займаліся вырабам бронзавых і жал. прылад, ткацтвам, ганчарствам, земляробствам і жывёлагадоўляй. Рамеснікі жылі ў зямлянках і слупавых наземных пабудовах, знаць — у мураваных дамах. Паселішча з’яўлялася буйным рамесным і гандл. цэнтрам, цесна звязаным з грэчаскімі калоніямі Паўн. Прычарнамор’я і мясц. насельніцтвам Скіфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРА (ад лац. camera пакой, палата),
1) асобнае памяшканне спец. прызначэння, напр., К. захоўвання багажу, знаходжання зняволеных.
2) Закрытая прастора ў якой-н. машыне ці прыладзе, напр., іскравая камера, камера згарання рухавіка.
3) Гумавая абалонка, куды напампоўваюць паветра (пад пакрышкай кола, мяча).
4) Назва фатагр. ці кіназдымачнага апарата.
5) Падземная горная вырабатка параўнальна вял. папярочных памераў і малой даўжыні. Прызначаецца для размяшчэння абсталявання, гасп., сан. ці інш. мэт.
6) Асноўны агрэгат ракетнага рухавіка, дзе патэнцыяльная энергія рабочага цела пераўтвараецца ў кінетычную энергію выхаднога газавага струменя для стварэння рэактыўнай цягі. У хім. рухавіка складаецца з К. згарання і рэактыўнага сапла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРАШО́Ў (Арцямон Сямёнавіч) (21.4.1894, хутар Карпаў Цымлянскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 23.6.1963),
фагатыст, педагог. Засл. арт. Кіргізіі (1943). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1917). У 1917—44 артыст і саліст аркестраў оперных т-раў Масквы (у 1917—23 Вял.т-ра), Рыгі (у 1923—36 адначасова выкладаў у Латв. кансерваторыі), Фрунзе. У 1944—48 саліст аркестра Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1944 выкладаў у Бел. кансерваторыі. З яго працай на Беларусі пачалося станаўленне выканальніцтва на фагоце. Сярод вучняў К.: У.Апацкі, С.Ажыгін, А.Новікаў. Аўтар метадычных прац па праблемах выканальніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПЕРСЫ, каперцы,
капорцы (Capparis),
род кветкавых раслін сям. каперсавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных краінах абодвух паўшар’яў. Растуць найчасцей у засушлівых месцах. Найб. вядомыя К.: травяністыя (C. herbacea) і калючыя (C. spinosa).
Дрэвы, кусты, паўкусты і шматгадовыя травы. Лісце простае, чаргаванае з прылісткамі ў выглядае калючак. Кветкі (4—8 см у дыяметры), двухполыя, зігаморфныя, белыя, ружовыя, чырв., жоўтыя і інш. колераў, з вял. колькасцю тычынак. Плод — струкападобная сакавітая ягада. Харч. (кветкавыя бутоны, маладыя плады, верхавінкі парасткаў спажываюць у ежу), кармавыя, лек., фарбавальныя, алейныя і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПЛАН (Лазар Майсеевіч) (31.7.1917, в. Скароднае Ельскага р-на Гомельскай вобл. — 10.6.1994),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскае артыл. вучылішча (1938), Вышэйшую афіцэрскую артыл. школу (1946). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з жн. 1941 на Паўд.-Зах., Паўн.Зах., 2-м Прыбалт. і 1-м Укр. франтах. Удзельнік абароны г. Севастопаль. Нам. камандзіра артыл. палка маёр К. вызначыўся 18—27.7.1944 пры вызваленні Латвіі: на чале групы разведчыкаў захапіў пераправу на р. Істранка, батарэя пад яго камандаваннем паспяхова адбівала контратакі праціўніка. Да 1959 у Сав. Арміі, падпалкоўнік. Аўтар кн. «Вогненныя гады» (1970).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Я АТРУЧЭ́ННІ,
захворванні жывёл, што ўзнікаюць у выніку прыёму няправільна падрыхтаваных або недабраякасных кармоў ці парушэння норм кармлення жывёл. Выклікаюцца хім. ядамі, што ўтвараюцца ў кармах пры іх няправільным прыгатаванні або захоўванні. К.а. выклікаюць кармы, пашкоджаныя таксікаінфекцыяй, напр.батулізмам або таксічнымі грыбамі (фузарыятаксікоз, стахібатрыятаксікоз і інш.), ядамі сінт. паходжання (карбамід або вял. доза бялкова-вітамінна-мінер. дабавак, рэшткі пестыцыдаў і нітратаў пры захоўванні іх у кармах звыш дапушчальных нарматываў). К.а. выклікае таксама парушэнне рэжыму кармлення, напр. рэзкі пераход на інш. кармы, на пашавае або стойлавае ўтрыманне жывёл, залішняе кармленне галодных жывёл. Гл. таксама Атручэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНЕ́ГІ ((Carnegie) Дэйл) (1888, г. Мэрывіл, ЗША — 1955),
амерыканскі псіхолаг, спецыяліст у галіне міжасобасных адносін. Скончыў Пед. каледж ва Уорэнсбергу (1907), вучыўся ў Амер. акадэміі тэатр. мастацтва (Нью-Йорк). З 1912 выступаў з лекцыямі аб гарманічным жыцці, узаемаадносінах паміж людзьмі, уменні даходліва выказваць свае думкі; атрымаў вял. папулярнасць. Стварыў комплексную сістэму навучання дарослых, якая ўключала практыку публічных выступленняў, мастацтва пераканання, вырашэння праблем і прыкладную псіхалогію. Аўтар кніг, напісаных у жанры рэкамендацый і павучанняў.
Тв.:
Рус.пер. — Как завоевывать друзей и оказывать влияние на людей. М., 1989;
Как перестать беспокоиться и начать жить. М., 1990.