АЭРАНО́МІЯ (ад аэра... + грэч. nomos закон),

раздзел фізікі атмасферы, які вывучае верхнія слаі атмасферы (вышэй за 30 км), дзе адбываюцца значная дысацыяцыя і іанізацыя атм. газаў. Узнікла ў 1950-я г. ў Англіі і Францыі (працы Д.​Р.​Бейтса і М.​Нікале). Развіццё аэраноміі звязана з ракетнымі і спадарожнікавымі даследаваннямі фіз.-хім. працэсаў у верхняй атмасферы. Даследуе размеркаванне т-ры, шчыльнасці і нейтральных часцінак паветра на вышыні, канцэнтрацыю электронаў у іанасферы, серабрыстыя воблакі, свячэнне начнога неба, палярныя ззянні, радыяцыйныя паясы Зямлі і інш.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦАВЫ́ ЛА́ЗЕР,

квантавы генератар з кальцавым рэзанатарам у форме многавугольніка з адбівальнымі люстэркамі ў яго вяршынях. Выкарыстоўваецца ў якасці адчувальнага элемента квантавых гіраскопаў. К.л. адчувальны да вярчэння вакол восі, перпендыкулярнай да плоскасці рэзанатара; дазваляе вывучаць канкурэнцыю сустрэчных хваль, сінхранізацыю іх частот, параметрычны рэзананс, квантаванне частаты біццяў і інш. На Беларусі работы па стварэнні і даследаванні К.л. праводзяцца з 1965 у Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ, БПА.

Літ.:

Круглик Г.С. Квантово-статистическая теория кольцевых ОКГ. Мн., 1978.

Г. С.​Круглік.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕРЛІНГ-О́НЕС ((Kamerling Onnes) Гейке) (21.9.1853, г. Гронінген, Нідэрланды — 21.2.1926),

нідэрландскі фізік, адзін з заснавальнікаў фізікі нізкіх тэмператур. Замежны чл.-кар. АН СССР (1925). Скончыў Гронінгенскі ун-т (1876). У 1878—82 у Політэхн. школе ў г. Дэлфт, у 1882—1923 праф. Лейдэнскага ун-та, арганізатар і першы дырэктар (1894—1923) Лейдэнскай крыягеннай лабараторыі. Навук. працы па крыягеннай фізіцы, тэрмадынаміцы, магнітаоптыцы і радыеактыўнасці. Першым дасягнуў тэмператур, блізкіх да абсалютнага нуля, і атрымаў (1908) вадкі гелій. Адкрыў звышправоднасць (1911). Нобелеўская прэмія 1913.

Г.Камерлінг-Онес.

т. 7, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́Ў (Мікалай Мітрафанавіч) (29.11.1879, Пецярбург — 11.5.1955),

савецкі матэматык і механік, адзін з заснавальнікаў нелінейнай механікі. Акад. АН Украіны (1922), АН СССР (1929; чл.-кар. з 1928). Чл. многіх замежных навук. т-ваў. Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1902), дзе і працаваў з 1910. З 1917 праф. Крымскага ун-та, з 1922 у АН Украіны, адначасова з 1928 у АН СССР. Навук. працы па інтэрпаляцыі і набліжаным інтэграванні ўраўненняў матэм. фізікі, нелінейнай механіцы, гісторыі навукі.

Літ.:

Исакова О.В. Н.​М.​Крылов. М., 1945.

М.М.Крылоў.

т. 8, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАНТ ((Courant) Рыхард) (8.1.1888, г. Люблінец, Польшча — 27.1.1972),

амерыканскі матэматык. Замежны чл. АН СССР (1966). Скончыў Гётынгенскі ун-т (1910), дзе і працаваў у 1920—33. З 1934 праф. Нью-Йоркскага ун-та. Навук. працы па тэорыі канформных адлюстраванняў, краявых задачах матэм. фізікі, варыяцыйным злічэнні. Аўтар многіх манаграфій і падручнікаў.

Тв.:

Рус. пер. — Курс дифференциального и интегрального исчисления. Т. 1. 4 изд. М., 1967;

Т. 2. 2 изд. М., 1970;

Методы математической физики. Т. 2. Уравнения с частными производными. М., 1964.

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ШЧАНКА (Анатоль Пятровіч) (н. 1.9.1946, г. Калінінград, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1995), праф. (1996). Скончыў БДУ (1969), дзе і працуе. Навук. працы ў галіне нелінейнай оптыкі і лазернай фізікі. Распрацаваў спектральна-палярызацыйныя метады вызначэння тыпаў і механізмаў нелінейных працэсаў у малекулярных сістэмах.

Тв.:

Физический практикум. Мн., 1986 (у сааўт.);

Обобщенный метод описания формирования поляризованного излучения в лазерах на растворах красителей (разам з Л.​І.​Буравым, А.​П.​Лістападам) // Журн. прикладной спектроскопии. 1997. Т. 64, № 5.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 8, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЙКА (Наталля Аляксандраўна) (н. 17.3.1946, г. Чарнаўцы, Украіна),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Скончыла БДУ (1969). З 1969 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па нелінейнай дынаміцы лазерных і аптычных сістэм. Распрацавала тэарэт. мадэліраванне працэсу генерацыі лазерных сістэм з запазняльнай адваротнай сувяззю, вызначыла прычыны і ўмовы суіснавання мультыстабільнасці па розных характарыстыках поля выпрамянення, распрацавала метады пераключэння мультыстабільных станаў у розных тыпах лазераў.

Тв.:

Автоколебания в лазерах. Мн., 1990 (разам з А.​М.​Самсонам, Л.​А.​Катомцавай).

т. 9, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ ПА А́ТАМНАЙ ЭНЕ́РГІІ, Еўратам. Створана адначасова з Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю (ЕЭС) у 1957 у складзе той жа групы краін з мэтай аб’яднання рэсурсаў атамнай энергіі, атамнай прам-сці і навук.-тэхн. патэнцыялу ў галіне ядз. фізікі і энергетыкі, а таксама каардынацыі нац. праграм развіцця ядз. энергетыкі. Уключае Бельгію, Вялікабрытанію, Германію, Грэцыю, Данію, Ірландыю, Іспанію, Італію, Люксембург, Нідэрланды, Партугалію, Францыю. Ў 1967 органы Еўратама зліліся з органамі ЕЭС і Еўрапейскім аб ’яднаннем вугалю і сталі. Штаб-кватэра ў г. Брусель (Бельгія).

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т,

1) навучальная ўстанова ў 1913—18 у Магілёве. Засн. 1.7.1913. Рыхтаваў настаўнікаў вышэйшых пач. вучылішчаў. Прымаліся асобы з сярэдняй адукацыяй. Тэрмін навучання 3 гады. Пераўтвораны ў Магілёўскі пед. ін-т (гл. Магілёўскі універсітэт).

2) Навуч. ўстанова ў 1937—53 пры Магілёўскім пед. ін-це. Рыхтаваў настаўнікаў бел. мовы і л-ры, рус. мовы і л-ры, гісторыі, матэматыкі і фізікі, геаграфіі для 5—7-х класаў агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 2 гады. Аб’яднаны з Магілёўскім пед. ін-там.

т. 9, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЬЁНШЧЫКАЎ (Міхаіл Дзмітрыевіч) (16.1.1913, г. Грозны, Расія — 27.5.1973),

расійскі вучоны ў галіне механікі і прыкладной фізікі. Акад. АН СССР (1962, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Грозненскі нафтавы ін-т (1932). З 1934 у Маскоўскім авіяц. ін-це, з 1944 у Ін-це механікі, з 1949 у Ін-це атамнай энергіі АН СССР. З 1962 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па механіцы, ядз. энергетыцы, газавай дынаміцы і фізіцы плазмы. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1954. Ленінская прэмія 1961.

М.​Дз.Мільёншчыкаў.

т. 10, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)