ятрахі́мія

(ад гр. iatros = урач + хімія)

кірунак у медыцыне 16—18 ст., прадстаўнікі якога разглядалі працэсы, што адбываюцца ў арганізме, як хімічныя з’явы, хваробы — як вынік парушэння хімічнай раўнавагі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ МА́СА ПАЛІМЕ́РА, адносная малекулярная маса палімера,

сярэдняе статыст. значэнне адносных малекулярных мас макрамалекул, што складаюць палімер; адназначная характарыстыка макрамалекулы, абумоўленая ступенню полімерызацыі.

Значэнне М.м.п. залежыць ад малекулярна-масавага размеркавання палімера — суадносін колькасці макрамалекул рознай малекулярнай масы ва ўзоры палімера і спосабу ўсярэднення, які абумоўлены эксперым. метадамі вызначэння малекулярнай масы. Паводле спосабу ўсярэднення адрозніваюць сярэднялікавую (M―n), сярэднямасавую (M―w); Z-сярэднюю (M―z), якую атрымліваюць пры вымярэнні седыментацыйнай раўнавагі (гл. Седыментацыя). Усярэдненыя малекулярныя масы маюць розныя адносныя значэнні M―n < M―w < M―z . М.м.п. вызначае многія яго ўласцівасці. З яе павелічэннем хутка мяняюцца фіз. і хім. ўласцівасці палімера, якія, аднак, дасягаюць некаторых гранічных значэнняў, і далейшае павелічэнне М.м.п. істотна не ўплывае на іх (напр., для поліэтылену высокай шчыльнасці аптымальнае значэнне малекулярнай масы — ад 10​5 да 3∙10​5).

М.​Р.​Пракапчук.

т. 10, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЗІ́ДЫ (Mysidacea),

атрад ракападобных жывёл тыпу членістаногіх. 4 падатр., 765 відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн. гадоў назад). Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 8,7 км; трапляюцца ў прэсных водах, вадаёмах пячор. Марскія віды могуць канцэнтравацца ў вял. колькасці. Жывуць у тоўшчы вады і на дне. На Беларусі (азёры Воласа, Дрысвяты, Браслаўскі р-н) — прэснаводная М. рэліктавая (M. relicta) занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. звычайна да 2,5 см (прэснаводнай да 2,2 см), глыбакаводных — да 37 см. Знешне нагадваюць маленькіх паўпразрыстых крэветак. Галавагрудны шчыток зрослы з 3 груднымі сегментамі. Вочы сцябліністыя, вялікія. Адна пара нагасківіц. Грудныя ногі (8 пар) двухгалінкавыя, брушныя часткова рэдукаваныя, хваставыя добра развітыя, у многіх нясуць орган раўнавагі — статацыст. Кормяцца сестонам, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Яйцы выношваюць у вывадкавай сумцы. Развіццё прамое (без лічынкі). Ядомыя. Корм для рыб.

Л.​Л.​Нагорская.

Мізіда прэснаводная.

т. 10, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ПЫТ,

прадстаўленая на рынку патрэба ў таварах і паслугах, абмежаваная дзеючымі цэнамі і плацежаздольнасцю спажыўцоў. Характарызуецца велічынёй, якая вызначае колькасць тавараў (паслуг), што пакупнік жадае і здольны набыць па дадзенай цане ў дадзены перыяд часу. Аб’ём і структура П. залежаць ад цэн на тавар і ад інш. нецэнавых фактараў (мода, даходы спажыўцоў, цэны на інш. тавары, у т. л. на тавары-заменнікі і спадарожныя тавары). Таварная структура П. — сукупнасць удзельнай вагі асобных тавараў і таварных груп у агульным аб’ёме П. Часавая структура П. характарызуе час узнікнення П. (бягучы і перспектыўны П.). Адрозніваюць індывідуальны П. адной асобы, рыначны П. на дадзеным рынку і сукупны П. на ўсіх рынках дадзенага тавару (паслугі) альбо на ўсе тавары (паслугі), што вырабляюцца і прадаюцца. П. у эканоміцы звязаны з прапановай тавараў і паслуг; раўнавага паміж імі — неабходная ўмова раўнавагі ў нар. гаспадарцы.

т. 12, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛАКСА́ЦЫЯ МАГНІ́ТНАЯ,

працэс устанаўлення раўнавагі тэрмадынамічнай у сістэме магн. момантаў рэчыва. Складаны шматступеньчаты працэс, які характарызуюць рознымі значэннямі часу рэлаксацыі.

Магн. ўласцівасці рэчываў абумоўлены макраскапічнымі магн. момантамі, якія звязаны са спінам электронаў і ядзер і ўтвараюць магн. (ці спінавую) сістэму. Энергія гэтай сістэмы складаецца з яе ўзаемадзеяння са знешнім магн. полем (зееманаўская энергія; гл. Зеемана з’ява), унутрыкрышталічным полем і паміж самімі мікраскапічнымі момантамі. Р.м., пры якой поўная энергія сістэмы не мяняецца, а толькі пераразмяркоўваецца паміж ступенямі свабоды магн. момантаў, наз. спін-спінавай. Р.м., што змяняе поўную энергію сістэмы, наз. спін-рашотачнай, яна ўстанаўлівае раўнавагу паміж сістэмай і тэрмастатам («рашоткай»). Выкарыстоўваецца ў прыстасаваннях магн. памяці і магн. запісу (вызначае іх хуткадзеянне і частотны дыяпазон), пры атрыманні звышнізкіх т-р з дапамогай адыябатычнага размагнічвання (гл. Магнітнае ахаладжэнне), у квантавых парамагн. узмацняльніках (мазерах) і інш.

т. 13, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ампліту́да

(лац. amplitudo = велічыня)

1) размах ваганняў, найбольшае адхіленне цела пры ваганні ад стану раўнавагі;

2) мат. розніца меж, паміж якімі змяняецца якая-н. пераменная велічыня;

3) перан. размах, шырыня.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МАГНІТАСТРЫ́КЦЫЯ (ад магніт + лац. strictio сцісканне, нацягванне),

змена памераў і формы цела пры намагнічванні. Выяўлена для жалеза Дж.П.Джоўлем у 1842. Адлюстроўвае ўзаемасувязь падсістэм атамных магнітных момантаў і крышталічнай рашоткі; уласціва ўсім рэчывам.

Тлумачыцца тым, што ўзаемадзеянні, якія вызначаюць магн. стан крышталя, залежаць ад адлегласці паміж атамамі (ці іонамі). Змены магн. стану пры зменах магн. поля, т-ры, пругкіх напружанняў і інш. вядуць да зрушэння атамаў і іонаў ад стану раўнавагі і тым самым да дэфармацыі цела. Характарызуецца адноснай зменай лінейных памераў цела λ = Δl/l (лінейная М.) або аб’ёму (аб’ёмная М.) і залежыць ад напрамку вымярэння адносна знешняга магн. поля. Пры вымярэннях уздоўж поля М. наз. падоўжнай, перпендыкулярна полю — папярочнай, напр., у фера- і ферымагнетыках λ дасягае 10​−2, у антыфера-, пара- і дыямагнетыках — да 10​−6. Гл. таксама Магнітастрыкцыйныя матэрыялы.

Літ.:

Белов К.П. Магнитострикционные явления и их технические приложения. М., 1987.

Г.​І.​Макавецкі.

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ФАС (ад грэч. pathos пакута, пачуццё, страсць),

натхненне, захапленне, уздым; ідэйна-эмацыянальнае асэнсаванне і ацэнка, «пануючы строй пачуццяў» (Ф.​Шылер) у маст. творы, ці ўсёй творчасці аўтара. Звычайна П. супрацьпастаўляўся этасу. У ант. эстэтыцы з П. звязвалі змены ў стане героя пад уплывам трагічных абставін, напружаную і бурную рэакцыю на іх, разбурэнне ўнутранай раўнавагі. Арыстоцель разглядаў П. як неабходны элемент трагедыі, характарызаваў яго як пакуты, страх. У развіцці тэорыі П. існуюць 2 тэндэнцыі: адна звязана з распрацоўкай паэт. і аратарскага стылю (рыторыка), выразных сродкаў стварэння эмацыянальна насычанай патэт. мовы (у жанрах оды, трагедыі, гімна, гл. Патэтычнае), другая — з разуменнем П. як элемента ўласна маст. стылю, ідэйна-эмацыянальных адносін мастака да адлюстраванага ім свету. У гэтым сэнсе П. выступае ў творах у адзінстве з тэмай і ідэяй. У мастацтвазнаўстве і эстэтыцы адрозніваюць П. трагічны, драм., гераічны, сентыментальны, рамант., лірычны, сатыр., гумарыстычны.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРАЎНЕ́ННЕ СТА́НУ,

ураўненне, якое звязвае ціск (p) шчыльнасць (ρ) і тэмпературу (T) аднароднага рэчыва ў стане раўнавагі тэрмадынамічнай. Вызначаецца эксперыментальна ці тэарэтычна (метадамі статыстычнай фізікі). З-за складанасці ўліку ўзаемадзеяння паміж часціцамі У.с. вядомы толькі для найпрасцейшых сістэм.

Газы з мізэрна малой шчыльнасцю падпарадкоўваюцца Клапейрона—Мендзялеева ўраўненню. Пры ўліку міжмалекулярнага ўзаемадзеяння атрымліваецца т.зв. вірыяльнае У.с. ў выглядзе раду па ступенях шчыльнасці: p = ρRT (1 + aρ + b​2ρ + ...), дзе R — універсальная газавая пастаянная, a і b — вірыяльныя каэфіцыенты. Для газаў павышаных шчыльнасцей выкарыстоўваюць Ван-дэр-Ваальса ўраўненне (дастасоўваецца і для прыбліжанага апісання двухфазных сістэм газ — вадкасць). Тэорыя вадкіх станаў распрацавана слаба. З дапамогай мадэліравання атрымліваюць У.с. цвёрдых цел (найб. пашыраны мадэлі Дэбая і Мі-Грунайзена).

Літ.:

Мейсон Э., Сперлинг Т. Вириальное уравнение состояния: Пер. с англ. М., 1972;

Рид Р., Праусниц Дж., Шервуд Т. Свойства газов и жидкостей: Пер. с англ. 3 изд. Л., 1982.

Г.​С.​Раманаў.

т. 16, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вестыбуля́рны

(ад лац. vestibulum = сені, уваход)

звязаны з раўнавагай;

в. апарат — орган пачуцця ў чалавека і пазваночных жывёл, які з’яўляецца часткай унутранага вуха і служыць для каардынацыі рухаў і захавання раўнавагі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)