вайна кааліцыі еўрап. дзяржаў у складзе Расіі, Даніі, Саксоніі (т.зв. «Паўночны саюз») з удзелам Рэчы Паспалітай (з 1704), Прусіі і курфюрства Гановер (з 1715) супраць Швецыі за панаванне на Балт.м. На працягу 17 ст. Швецыя фактычна ўстанавіла свой кантроль над Балт. рэгіёнам і землямі, што прылягалі да Фінскага заліва (Інгрыя і ч. Карэліі). У выніку войнаў з Рэччу Паспалітай (гл.Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Паўночная вайна 1655—60), Расіяй, Даніяй і германскімі краінамі яна авалодала Эстляндыяй, Ліфляндыяй (гл.Лівонія) і значнымі тэрыторыямі ў Паўн. Германіі (Брэмен, Вердэн, Памеранія, в-аў Руген). У 1699 рас. цар Пётр I заключыў саюз з Даніяй і курфюрстам Саксоніі Аўгустам II (з 1697 адначасова кароль польскі і вял. князь літоўскі) супраць Швецыі. У лют. 1700 саксонскія войскі ўвайшлі ў Ліфляндыю і аблажылі Рыгу. У сак. 1700 дацкія войскі ўведзены ў герцагства Гольштэйн (саюзнік Швецыі). У чэрв. 1700 шведскі кароль Карл XII (гл. ў арт.Карл, імя каралёў Швецыі) высадзіў дэсант каля Капенгагена і прымусіў Данію 18.8.1700 заключыць мір. 30.8.1700 Расія абвясціла вайну Швецыі. Рас. войскі (каля 35 тыс.чал.) пачалі аблогу Нарвы, але ў бітве 30.11.1700 пацярпелі паражэнне. Тады Карл XII выступіў супраць Аўгуста II і 20.7.1701 разбіў яго войскі каля Рыгі. У пач. 1702 шведы ўварваліся на тэр. Рэчы Паспалітай, у крас. занялі Вільню і Гродна, у маі — Варшаву. Спробы Аўгуста II спыніць прасоўванне шведаў у глыб Рэчы Паспалітай скончыліся паражэннем яго войск у бітвах каля Клішава (1702) і Пултуска (1703). Пётр I, скарыстаўшы перадышку, выкліканую знаходжаннем асн. сіл Карла XII у Рэчы Паспалітай, рэарганізаваў армію, і ў 1701—04 яго войскі атрымалі некалькі перамог над шведамі ў Прыбалтыцы і выйшлі да Балт.м. з мэтай замацавацца на яго ўзбярэжжы. З пачаткам вайны ў ВКЛ абвастрылася барацьба паміж групоўкай Сапегаў, якія хацелі стварыць незалежную ад Польшчы дзяржаву, і большасцю бел.-літ. шляхты, што групавалася вакол Р.А.Агінскага і Вішнявецкіх. У маі 1704 прыхільнікі Аўгуста II аб’ядналіся ў Сандамірскую канфедэрацыю, якая пад Нарвай заключыла саюз з Расіяй і абвясціла вайну Швецыі. У адказ Варшаўская канфедэрацыя (ліп. 1704), арганізаваная Карлам XII, выбрала каралём Рэчы ПаспалітайСтаніслава Ляшчынскага. У выніку на тэр. Беларусі ўвайшлі саюзныя Аўгусту II рас. войскі і з восені 1704 пачалі канцэнтравацца каля Полацка. У ліп. 1705 яны рушылі на Вільню (частка войск пад камандаваннем Б.П.Шарамецева накіравана ў Курляндыю). У вер. 1705 гал.рас. сілы (каля 35 тыс.чал.) занялі Гродна, дзе да іх далучылася некалькі палкоў саксонскай конніцы. Аб’яднаную групоўку ўзначаліў Аўгуст II. У студз. 1706 Карл XII пераправіўся цераз Нёман і блакіраваў гарнізон у Гродне, конніца А.Д.Меншыкава паспела адысці да Мінска. Аўгуст II накіраваўся ў Саксонію за дапамогай, але ў лют. 1706 у бітве пры Фраўштаце асн. сілы саксонскай арміі былі разбіты. Рас. войскам удалося выйсці з Гродна і праз Брэст і Ковель дайсці да Кіева. У лют.—маі 1706 шведы, ідучы праз Беларусь, спалілі Карэлічы, Мір, разрабавалі Навагрудак, Слонім, Клецк, Слуцк, Пінск, Кобрын, пасля аблог занялі Ляхавічы і Нясвіж (гл.Нясвіжа абарона 1706). Каля Клецка 30.4.1706 шведскія войскі разбілі 5-тысячны рас. атрад С.П.Няплюева. Летам 1706 Карл XII нанёс удар па Саксоніі і прымусіў Аўгуста II у вер. 1706 заключыць Альтранштацкі мір. Аўгуст II адмовіўся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. У 1707 рас. войскі зноў сканцэнтраваліся на Беларусі, у крас. пасля аблогі занялі Быхаў (гл.Быхава абарона 1707). У пач. 1708 Карл XII заняў Гродна і рушыў на Ліду, Смаргонь. Гал. сілы рас. арміі (каля 57 тыс.чал.) пад камандаваннем Шарамецева адышлі да Чашнікаў і Бешанковіч. З сак. да пачатку чэрв. 1708 шведская армія стаяла ў раёне Радашковіч, 25 чэрв. пераправілася цераз Бярэзіну. Каля мяст. Галоўчын (на Магілёўшчыне) 14.7.1708 адбылася бітва, у якой рас. армія пацярпела паражэнне і адышла за Дняпро. Шведы занялі Магілёў, а праз месяц рушылі далей на У. Аднак у бітвах каля вёсак Добрае 10.9.1708 і Раеўка 20.9.1708 на Мсціслаўшчыне авангард Карла XII панёс значныя страты; узніклі цяжкасці з забеспячэннем арміі харчам і фуражом. Таму Карл XII вырашыў скарыстаць дапамогу, якую яму абяцаў укр. гетман І.Мазепа, і ў сярэдзіне вер. 1708 павярнуў на Украіну. На злучэнне з гал. сіламі Карла XII з Рыгі выйшаў 16-тысячны корпус А.Левенгаўпта. 9.10.1708 каля в.Лясная (на Магілёўшчыне) Левенгаўпт быў разбіты рас. войскамі, страціў абоз і прывёў да Карла XII толькі каля 7 тыс.чал. У канцы кастр. 1708 Мазепа з 2-тысячным атрадам перайшоў на бок шведаў, але Меншыкаву ўдалося захапіць запасы зброі, боепрыпасаў і харчу ў г. Батурын, якія гетман падрыхтаваў для саюзніка. 8 ліп. ў Палтаўскай бітве 1709 шведская армія была разгромлена (Карл XII і Мазепа ўцяклі ў Турцыю). Гэта перамога стала пераломнай у П.в. Быў адноўлены саюз Расіі з Даніяй і Саксоніяй. Станіслаў Ляшчынскі з’ехаў у Памеранію; у Варшаву вярнуўся Аўгуст II. Ваенныя дзеянні былі перанесены ў Прыбалтыку і Паўн. Германію. У 1710 рас. войскі занялі Ліфляндыю і Эстляндыю, авалодалі Рыгай, Пернавам (Пярну) і Рэвелем. Рас. флот атрымаў свабодны выхад з Фінскага заліва ў Балт.м. Дацка-саксонскія войскі ўвайшлі ў Памеранію і пачалі аблогу Штральзунда. Па прычыне шматлікіх супярэчнасцей з Расіяй, асабліва па пытанні кантролю над Ліфляндыяй, Рэч Паспалітая выйшла з вайны. У канцы 1710 Карлу XII удалося ўцягнуць у вайну з Расіяй Турцыю (гл.Пруцкі паход 1711). Руска-турэцкая вайна 1710—13 часова прыпыніла актыўныя дзеянні супраць Швецыі. У 1713 рас. войскі занялі Фінляндыю, разам з саюзнікамі авалодалі амаль усёй Памераніяй. У выніку перамогі над шведскім флотам каля мыса Гангут (1714) рас. флот пачаў кантраляваць Балт.м. У 1715 у вайну супраць Швецыі ўступілі Прусія і Гановер. У маі 1718 Швецыя пачала перагаворы аб міры з Расіяй (т.зв. Аландскі кангрэс), якія працягваліся да гібелі Карла XII у ліст. 1718. Яго сястра Ульрыка Элеанора, заняўшы трон, пад уплывам Англіі спыніла перагаворы і аднавіла ваен. дзеянні з Расіяй. У той жа час Швецыя заключыла мір з Гановерам (1719), Прусіяй і Даніяй (1720), прызнаўшы іх правы на частку сваіх уладанняў у Паўн. Германіі. У выніку пагаднення з Саксоніяй Швецыя ў 1719 адмовілася ад падтрымкі Станіслава Ляшчынскага і прызнала Аўгуста II каралём польскім і вял. князем літоўскім. У 1719—20 рас. дэсанты тройчы высаджваліся ў Швецыі, спусташалі прыбярэжныя гарады і вёскі, падыходзілі да Стакгольма; 7.8.1720 у Грэнгамскай бітве разбіты шведскі флот. 10.9.1721 падпісаны Ніштацкі мірны дагавор 1721, пазней адпаведныя дагаворы Швецыя падпісала з Саксоніяй (1729) і Рэччу Паспалітай (1733). У выніку П.в. Швецыя страціла статус вял. дзяржавы, аднак і для інш. краін Еўропы, асабліва для ВКЛ, наступствы вайны былі трагічныя: насельніцтва Беларусі скарацілася з 2,2 млн. да 1,5 млн.чал. (загінуў кожны трэці яе жыхар); найбольш пацярпелі Мсціслаўскае, Віцебскае і Полацкае ваяв.
Літ.:
Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;
Шутой В.Е. Северная война (1700—1721 гг.). М., 1970;
Корх А.С. Петр I: Северная война 1700—1721: [Альбом]. [М.], 1990.
У.І.Пашкевіч.
Да арт.Паўночная вайна 1700—21. Баталія паблізу мыса Гангут. Гравюра А.Зубава. 1715.Да арт.Паўночная вайна 1700—21. Бітва пры Лясной 28 верасня 1708. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
засце́нак1, ‑нка, м.
Месца жорсткіх катаванняў у час следства і допыту ў Маскоўскай Русі (гіст.). // Пра жандарскія, фашысцкія і пад. установы, дзе праводзяцца допыты з катаваннямі арыштаваных. Маці гэтых дзяцей была падпольшчыца, у торбе з жытам яна разносіла лістоўкі і загінула ў фашысцкіх засценках смерцю гераіні.Кулакоўскі.
засце́нак2, ‑нка, м.
Гіст.
1. Землі, якія не ўвайшлі ў сялянскія надзелы пасля ўвядзення ў Рэчы Паспалітай валочнай сістэмы землекарыстання (1557 г.).
2. Хутар або невялікае паселішча дробнай шляхты, якая арандавала гэтыя землі. Ідзе Міхал, прад ім сяліба, Засценак добра так знаёмы, І хоць няважныя харомы Тут гэта шляхта збудавала, Але жыве і гора мала!Колас.Не ведаю чаму, але стачынцы называлі сваю вёску засценкам. Можа таму, што ўсе яны былі з шляхты: розныя Стычынскія, Мысліцкія, Бранавіцкія і іншыя бедакі з радавітымі прозвішчамі.Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БАПЛА́Н (Beauplan) Гіём Левасэр дэ (каля 1600, Нармандыя, Францыя — 6.12.1673),
французскі інжынер-фартыфікатар, картограф. У 1630—48 служыў у арміі Рэчы Паспалітай у чыне капітана артылерыі. Пабудаваў шэраг крэпасцяў на Украіне (Крамянчуг, Бар і інш.). Сабраў і апублікаваў багаты гіст., геагр. і этнагр. матэрыял («Апісанне Украіны», Руан, 1650). Зробленыя ім карты (тэр. Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны) неаднаразова друкаваліся да сярэдзіны 18 ст. Склаў карту «Вялікае княства Літоўскае і Белая Русь», дзе ўпершыню назва «Беларусь» вынесена ў загаловак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБЕ́РНА (ад лац. hibernus зімовы),
1) у Стараж. Рыме зімовыя кватэры войска.
2) У Рэчы Паспалітай павіннасць зімовага ўтрымання войска і забеспячэння яго харчам, якую неслі жыхары дзярж. і царк. уладанняў (шляхецкія маёнткі былі вольныя ад яе). У 1649—52 заменена на аднайм. штогадовы падатак, скасаваны на сейме ў 1775. Вызначалася сеймамі ў памерах патрэбы, у ВКЛ у 1-й пал. 18 ст. дасягала 0,5 млн. злотых. З гіберны рабіліся выплаты гетманам, пісарам польным і інш.вайск. службоўцам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯНЯ́ВА»,
прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся каля 80 родаў, у т. л. Белазоры, Длугашы, Ляшчынскія, Мэнжыкі. На залатым полі чорная галава зубра з залатым кальцом у ноздрах; клейнод — над прылбіцай з каронай палова залатога каранаванага льва з мячом у правай лапе. Вядомы з пач. 14 ст. У час знаходжання на троне караля польск. і вял. князя літ.Станіслава Ляшчынскага (1704—09, 1733) герб «Вянява» выкарыстоўваўся як элемент у дзярж. сімволіцы Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎЧЫКІ,
лёгкая нерэгулярная кавалерыя ў Рэчы Паспалітай у 1-й пал. 17 ст. Арганізавана А.Ю.Лісоўскім. Л. былі ўзброены шаблямі, рагацінамі, лукамі або ручніцамі, вылучаліся надзвычайнай рухомасцю і баяздольнасцю, адначасова жорсткасцю і рабаўніцтвамі. У 1608—11 ваявалі на баку Лжэдзмітрыя II, у 1611—19 на службе ў Жыгімонта III. З 1619 у войску імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Фердынанда III, удзельнічалі ў падаўленні чэшскага паўстання (1620), у войнах з Асманскай імперыяй (пад Хацінам у 1621), у Трыццацігадовай вайне (1618—48). Пасля 1636 атрады Л. расфарміраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 18—20 ст. Утвораны пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Уваходзіў з 1776 у склад Полацкай губерні, з 1796 — Беларускай губерні, з 1802 — Віцебскай губерні. Цэнтр — г.Гарадок. Пл. 3107,3 кв. вярсты, нас. 112 033 чал. (1897). Падзяляўся на 21 воласць (1897). У студз. — лют. 1919 у складзе БССР, пасля ў складзе Віцебскай губ. адышоў да РСФСР. 15.2.1923 павет скасаваны, яго тэр. падзелена паміж Полацкім, Невельскім і Веліжскім пав. Віцебскай губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМЕ́СНІЦТВА,
1) у ВКЛадм.-тэр. адзінка, якой кіравалі намесніківял. князя. Большасць Н. утворана ў 14—15 ст. у выніку скасавання ўдзельных княстваў і падпарадкавання іх велікакняжацкай уладзе. Н. называлі таксама дзярж. воласці, што ўзнікалі пры падзеле б. княстваў. Самыя буйныя Н. з пач. 16 ст. сталі ваяводствамі, астатнія — староствамі і дзяржавамі.
2) У Рас. імперыі ў 1778—96 Н. наз.губерні, у т. л. створаныя на землях Беларусі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (Магілёўскае Н., Полацкае Н.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1612 пад кіраўніцтвам Мініна і Пажарскага, Другое апалчэнне. Створана ў 1611 для барацьбы з іншаземнай інтэрвенцыяй. Дасягала 20—30 тыс.чал. Частка яго (10 тыс.чал.) 22—24.8.1612 разам з рэшткамі 1-га апалчэння (гл.Першае апалчэнне 1621) нанесла паражэнне польска-літ. войску Я.К.Хадкевіча (10—12 тыс.чал.) і пасля працяглай аблогі (22—26 кастр.) прымусіла да капітуляцыі гарнізон інтэрвентаў у Крамлі. Н.а. паспрыяла аднаўленню дзярж. улады ў Расіі, прадвызначыла пэўныя змены ва ўзаемаадносінах Расіі і Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЕ ВАЯВОДСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Утворана ў 1565. Ахоплівала тэр.б.Мсціслаўскага княства, Крычаўскай воласці і прыватных маёнткаў, папярэдне вылучаных з іх складу. На паветы не падзялялася. Мела харугву жоўтага (паводле А.Гваньіні — «памяранцавага», аранжавага) колеру з выявай герба «Пагоня» ў чырвоным полі. Буйнейшымі паселішчамі, апрача г. Мсціслаў, былі мястэчкі Дрыбін, Жукава, Крычаў, Радамль, Расна, Хіславічы, Хоцімль, Шумячы. Скасавана пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772), яго тэр. ўвайшла ў Мсціслаўскую правінцыю.