За́мак ’мацаваны палац’. Рус., укр. за́мок, польск. zamek, н.-луж. zamk, чэш. zámek, славац. zámok ’замок’, славен. zamȃk ’аддалены куточак зямлі’, балг. за́мък ’замак’ < рус., за̀мка ’месца ў цяні’, ’закрытае месца’, макед. замок ’замак’. Ст.-рус. замокъ ’замак’ (XVI ст. у польскіх справах). Запазычана ў ст.-бел. (1494 г., Марч. дыс., 44) з польск. (на што ўказвае націск) < чэш., дзе калька ням. Schloss ’замак’, ’замок’ (Мельнікаў, Slavia, 36, 1967, 101–102). Фасмер, 2, 77; Шанскі, 2, З, 47; БЕР, 1, 599.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЯЛЬМО́НТЫ, Двор Альгердаўшчына,

былы маёнтак у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Вядомы з 1748 як уладанне Гільзенаў, пры іх атрымалі сваю назву (ад франц. belmont прыгожая гара). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў Бяльмонтах створаны палацава-паркавы ансамбль, які ўключаў 2-павярховы мураваны палац (меў 33 пакоі), вял. круглую парадную залу, дамашнюю капліцу. У 1768 пабудаваны філіяльны касцёл Ісуса Хрыста. У 19 ст. пры Манузі і Плятэрах Бяльмонты сталі буйным цэнтрам культ. жыцця Браслаўшчыны. Тут прайшло дзяцінства мастака Я.Траяноўскага, у Бяльмонтах бывалі Н.Орда, дзекабрысты М.​С.​Лунін, А.​В.​Поджыа і інш.; існавалі багатыя музейная калекцыя і бібліятэка (у 1-ю сусв. вайну вывезена ў Петраград), парафіяльная школа (у 1804 было 30 вучняў), з 1857 дзейнічаў бровар. У 1-ю сусв. вайну палац Плятэраў разбураны. З 1976 Бяльмонты ўвайшлі ў склад в. Ахрэмаўцы.

К.​С.​Шыдлоўскі.

т. 3, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІЛІМО́НТАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18 ст. ў в. Чырвоная Зорка (б. Радзівілімонты) Клецкага р-на Мінскай вобл. Размешчаны ў б. летняй рэзідэнцыі мінскага ваяводы кн. Ю.​Радзівіла, роду якога маёнтак належаў з 1586. У 2-й пал. 19 ст. належаў Вітгенштэйнам. У комплекс уваходзілі палац, драўляныя флігелі, будынак канцылярыі (1809), гасп. пабудовы, капліца (не захавалася), парк. Па-за межамі комплексу былі вадзяны млын, сушня, вятрак. Палац пабудаваны ў 1780—83 у стылі класіцызму (арх. К.​Спампані, Я.​Бэнса). Аднапавярховы выцягнуты па папярочнай восі прамавугольны ў плане будынак пад вальмавым дахам. Канструкцыя будынка мяшаная; вонкавыя сцены з дубовых брусоў, унутр. падоўжныя — мураваныя. У сім.-восевай кампазіцыі гал. фасада вылучаўся дарычны 4-калонны мансардавы порцік, выдзелены на фоне гарыз. шалёўкі сцен, якая імітавала руст. З дрэва былі выкананы пабеленыя элементы класічнага дэкору — трыгліфы, мадульёны, разеткі, дэнтыкулы. Драўляныя калоны кампазітнага і іанічнага ордэраў, карнізы і разеткі былі апрацаваны ў тэхніцы стука. Пасля пажару 1909 палац адбудаваны. У нішах інтэр’ера знаходзіліся кафляныя печы, малюнак якіх, як і інтэр’ерны жывапіс, выкананы ў 1780 маст. А.​Смуглевічам. Ад палаца засталіся руіны. У гасп. частцы размяшчаліся дамы аканома і парабкаў, бровар, варыўня, стайні, адрына, абора. гумны, валовы млын, свіран. Свіран — прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным гонтавым дахам на кроквах. Фасад мае значны вынас даху, пад ім — галерэя на высокіх слупах (служыла для падняцця грузаў на вышку). На вільчыку даху — вежачка з невял. звонам і флюгерам. Дзверы з узорыста выкладзеных дошак аформлены маст. коўкай. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл. каля 13 га) ахоплівае палац падковай. Высаджаны над р. Цапра, на якой створаны каскад ставоў. Перад палацам — вял. партэр. Элементы рэгулярнасці ў яго планіроўку ўносяць прамыя грабавыя, каштанавыя і ліпавыя алеі. У пач. алей устаноўлены памятны камень з інфарм. надпісам, што алея высаджана ў 1875 князёўнай М.​Радзівіл.

А.​М.​Кулагін, Ю.​А.​Якімовіч.

Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы ансамбль. Схема планіроўкі.

т. 13, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРАБКО́ВІЧЫ,

вёска ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Ляхавічы—Клецк. Чыг. ст. на лініі Баранавічы—Слуцк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на У ад Ляхавіч, 232 км ад Брэста, 639 ж., 250 двароў (1997).

Сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.

т. 6, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКО́ЎСКІ Ф., бел. архітэктар 2-й пал. 18 — пач. 19 ст.; прадстаўнік класіцызму. У пач. 19 ст. віцебскі губернскі архітэктар. Аўтар праектаў адм. будынкаў у Віцебску, Козьмадзям’янаўскай царквы ў в. Гарадок Віцебскай вобл. (1808), выканаў праект і кіраваў перабудовай дома Кудзіновічаў пад Віцебскі палац губернатара.

В.​Ф.​Марозаў.

т. 14, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫПЛІ́ЦА,

вёска ў Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Добасна і аднайм. вадасховішча. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 15 км на У ад г.п. Кіраўск, 85 км ад Магілёва, 43 км ад чыг. ст. Бярэзіна. 578 ж., 192 двары (2001). Сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 14, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гарба́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае горб (у 1 знач.). Расказвалі, што калісьці на месцы Чорнага возера стаяў вялізны палац, у якім жыў гарбаты князь. Шашкоў. // у знач. наз. гарба́ты, ‑ага, м.; гарба́тая, ‑ай, ж. Гарбун. Гарбатага толькі магіла выправіць. Прыказка.

2. Выгнуты, з гарбінкай. Гарбаты серп. □ Гарбаты тонкі нос падкрэсліваў рашучасць характару гэтага чалавека. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АСТРАМЕ́ЧАВА,

вёска ў Беларусі, у Лышчыцкім с/с Брэсцкага р-на. Цэнтр сумеснай калектыўнай гаспадаркі. За 22 км на Пн ад Брэста, 7 км ад чыг. ст. Лышчыцы. 1868 ж., 507 двароў (1995). Сярэдняя школа, Палац культуры, Астрамечаўская бібліятэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, Міхайлаўская царква. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 2, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВІ́ЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Чавускім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Раста. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПдЗ ад г. Чавусы, 35 км ад Магілёва, 18 км ад чыг. ст. Раста. 542 ж., 198 двароў (1995). Сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 4, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЛІЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСАМБЛЬ,

помнік палацава-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створаны ў в. Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. У ансамбль уваходзяць палац, парк, 3 штучныя вадаёмы (рыбная гаспадарка). Палац пабудаваны ў 1830-я г. (арх. К.​Падчашынскі) у стылі класіцызму. Спачатку ўзведзены гал. П-падобны 2-павярховы корпус, аздоблены порцікамі карынфскага ордэра: 6-калонным у цэнтры і 4-калоннымі на бакавых фасадах. Цэнтр. ч. вылучана бельведэрам над лесвічнай клеткай. Да паўн.-зах. тарца гал. корпуса пазней прыбудавана доўгае 2-павярховае крыло з палацавай царквой, якое замыкалася 2-павярховым корпусам з праезнай брамай. Фасады насычаны класіцыстычным арх. дэкорам. Інтэр’еры былі аздоблены пазалочанай лепкай, размалёўкай, дэкар. тканінамі і карцінамі (знішчаны ў 2-ю сусв. вайну). У будынку размешчаны саўгас-тэхнікум. Плошча парку 18 га (разам з пладовымі садамі і рыбнай гаспадаркай каля 100 га). У плане — выцягнуты прамавугольнік, абмежаваны алеямі. Тэр. парку з Пн на Пд перасякае р. Дабасна, якая ўтварае 3 маляўнічыя вадаёмы з астраўкамі (засталіся рэшткі масткоў і альтанак). Перад паўн. корпусам палаца ўцалелі фрагменты рэгулярнага парку пач. 18 ст. — круглая пляцоўка і 2 кляновыя алеі. У 1830-я г. створаны пейзажны парк, кампазіцыя якога падпарадкавана палацаваму ансамблю. Перад усх. порцікам размешчаны партэр у выглядзе эліпса. У парку дэкар. формы дрэў (дуб звычайны пірамідальны, клён вастралісты Швэдлера) і экзоты (хвоя веймутава, клён серабрысты і інш.).

У.​А.​Чантурыя, В.​Р.​Анціпаў.

Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль Палац. Від з двара.

т. 6, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)