ГАМЕАСТА́З (ад гамеа... + грэч. stasis стан, нерухомасць) у фізіялогіі, адноснае дынамічнае пастаянства саставу і ўласцівасцей унутр. асяроддзя і ўстойлівасць асн. фізіял. функцый арганізма чалавека, жывёл і раслін. Уяўленне сфармулявана франц. вучоным К.​Бернарам (1878). Тэрмін «гамеастаз» прапанаваў амер. фізіёлаг У.​Кенан (1929). Формы гамеастазу: структурны — падтрыманне дынамічнага пастаянства клетачнага саставу, структурнай арганізацыі і ўзаемнага размяшчэння элементаў у органах і арганізме; метабалічны — сукупнасць складаных прыстасавальных рэакцый арганізма, якія накіраваны на ліквідацыю ці макс. абмежаванне дзейнасці фактараў вонкавага і ўнутр. асяроддзя і захаванне ваганняў фізіял. і біяхім. канстантаў у вызначаных межах; генетычны — здольнасць папуляцый натуральным адборам ураўнаважваць свой генет. склад, парушаны ў выніку штучнага адбору ці змены ўмоў асяроддзя; антагенетычны (гамеастаз развіцця) — прыстасавальныя ўласцівасці арганізма дынамічна мяняць рэакцыю генатыпа на паўторныя змены ўмоў вонкавага і ўнутр. асяроддзя. Гамеастаз рэгулюецца нейрагумаральнымі, гарманальнымі, бар’ернымі, выдзяляльнымі, асматычнымі і інш. сістэмнымі рэгулятарнымі механізмамі. Паняцце гамеастаз ужываецца ў біяцэналогіі, генетыцы, кібернетыцы і інш.

Літ.:

Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;

Гомеостаз. 2 изд. М., 1981;

Саркисов Д.С. Очерки по структурным основам гомеостаза. М., 1977;

Структурные основы адаптации и компенсации нарушенных функций. М., 1987.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРА́ЛЬНАЯ О́ПТЫКА,

раздзел оптаэлектронікі, які вывучае аптычныя з’явы ў тонкіх слаях празрыстых матэрыялаў, распрацоўвае прынцыпы і метады стварэння яе элементарнай базы. Узнікла ў 1960-я г. на стыку электронікі, лазернай тэхнікі і класічнай оптыкі. Элементы І.о. выкарыстоўваюцца для стварэння аптычных ліній сувязі (гл Аптычная сувязь), аптычных сістэм апрацоўкі і перадачы інфармацыі, у аптычных камп’ютэрах і інш.

Да І.о. адносяць прылады і прыстасаванні, дзе традыцыйныя правады і кабелі заменены на аптычныя хваляводы, звычайныя электронныя схемы — на аптычныя інтэгральныя схемы, розныя элементы якіх размешчаны на агульнай падложцы і злучаны паміж сабой танкаплёначнымі аптычнымі хваляводамі. Хваляводы ўяўляюць сабой празрыстыя плоскапаралельныя пласцінкі (ці слаі) з паказчыкам пераламлення большым, чым у падложцы і навакольным асяроддзі. Іх атрымліваюць высокачастотным распыленнем дыэлектрыкаў, дыфузіяй, іонным абпрамяненнем (імплантацыяй) і інш.

На Беларусі даследаванні па І.о. вядуцца з 1972 у Ін-це прыкладной оптыкі (пад кіраўніцтвам А.М.Ганчарэнкі), у Ін-це электронікі Нац. АН і інш.

Літ.:

Гончаренко А.М., Редько В.П. Введение в интегральную оптику. Мн., 1975;

Гончаренко А.М., Карпенко В.А. Основы теории оптических волноводов Мн., 1983;

Хансперджер Р. Интегральная оптика. Теория и технология: Пер. с англ. М., 1985.

А.​М.​Ганчарэнка.

т. 7, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў (італа-раманская падгрупа). Найб. блізкая да лацінскай мовы. Афіц. мова Італіі, Ватыкана (разам з лац. мовай), Сан-Марына і Швейцарыі (разам з франц., ням., рэтараманскай). Пашырана таксама ў ЗША, Германіі, Аргенціне, Францыі, Бельгіі і інш.

Развілася з нар. латыні пасля падзення Рым. імперыі. Мае 3 групы дыялектаў: паўн. (п’емонцкі, лігурыйскі, ламбардскі, эмільянскі, венецыянскі), цэнтр. (тасканскі, умбрскі, рым., карсіканскі) і паўд. (неапалітанскі, абруцкі, анулійскі, калабрыйскі, сіцылійскі), якія вельмі розняцца паміж сабой, асабліва ў фанетыцы і лексіцы.

Асн. асаблівасці: у фанетыцы ўсе словы канчаюцца на галосны гук, пад націскам адрозніваюцца 7 галосных, шэраг дыфтонгаў, частыя спалучэнні па некалькі галосных, вымаўленне гукаў выразнае і напружанае; у марфалогіі — грамат. значэнне асобы, ліку, часу, ладу выражана флексіяй дзеяслова, сістэма часоў індыкатыву складаецца з 4 простых і 4 складаных форм; у сінтаксісе — свабодны парадак слоў. Першыя пісьмовыя помнікі (судовыя тэксты) адносяцца да 10 ст. Літ. мова пачала складвацца ў 13 ст. на аснове тасканскага дыялекту, вял. роля ў яе фарміраванні належыць творам Дантэ, Ф.​Петраркі, Дж.​Бакачыо. Пісьменства на аснове лацініцы.

Літ.:

Бурсье Э. Основы романского языкознания: Пер. с фр. М., 1952;

Алисова Т.Б., Черданцева Т.З. Итальянский язык. М., 1962.

В.​У.​Мартынаў.

т. 7, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТАЛЯО́ПТЫКА,

раздзел оптыкі, які вывучае законы распаўсюджвання святла ў крышталях. Метадамі К., шырока даследуюцца мінералы, горныя пароды і інш. крышталічныя рэчывы (напр., гл. Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў).

Адна з асаблівасцей крышталяў — аптычная анізатрапія, з-за якой іх аптычныя ўласцівасці (паказчыкі пераламлення, аптычная актыўнасць, паглынальная здольнасць) розныя па розных напрамках. Гэта выяўляецца ў падвойным праменепраламленні, дыхраізме і інш. з’явах. У макраскапічнай К. рэчыва характарызуюць тэнзарамі дыэл. і магн. пранікальнасцей, эл.-праводнасці і аптычнай актыўнасці. У мікраскапічнай К. гэтыя ж велічыні звязваюцца з уласцівасцямі часціц, якія ўтвараюць крышталь, з іх узаемным размяшчэннем і ўзаемадзеяннем. Аптычныя канстанты (паказчыкі пераламлення і іх рознасці, агульная аптычная характарыстыка крышталя, сувязь аптычных і крышталеграфічных напрамкаў і інш.) для дыягностыкі крышт. рэчываў вызначаюцца ў шліфах ці асобных зернях (гл. Імерсійны метад) на спец. палярызацыйным мікраскопе. На Беларусі ў Ін-це фізікі Нац. АН пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава распрацавана агульная тэорыя распаўсюджвання святла ў крышталях, дадзена рашэнне многіх прынцыповых задач.

Літ.:

Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;

Шубников А.В. Основы оптической кристаллографии. М., 1958;

Федоров Ф.И., Филиппов В.В. Отражение и преломление света прозрачными кристаллами. Мн., 1976.

Б.​Б.​Бойка.

т. 8, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭРАГЕ́НЫ (ад лац. cancer рак + ...ген(ы)], бластамагены, рэчывы або фізічныя агенты, здольныя выклікаць утварэнне злаякасных пухлін ці садзейнічаць іх узнікненню з нармальнай тканкі. Да К. адносяцца розныя хім. злучэнні (азотфарбавальнікі, араматычныя аміны, азбест, нітразаміны), фіз. фактары (рэнтгенаўскія прамені, ядзерныя выпрамяненні), некат. біял. агенты (анкагенныя вірусы, метабаліты трыптафану, стэроідныя гармоны). Канцэрагеннае ўздзеянне звязана з хім. актыўнасцю і электроннай будовай пэўнай ч. малекулы, якая ўтварае комплексы з некаторымі кампанентамі клеткі (нуклеінавыя кіслоты, бялкі). К. падзяляюць на 3 групы: мясцовага дзеяння, арганатропныя (выклікаюць пухліны ў пэўных органах), множнага дзеяння (выклікаюць розныя пухліны ў розных органах). Эфект залежыць ад дозы, працягласці ўплыву, стану рэактыўнасці арганізма, здольнасці тканак ці органаў назапашваць (дэпаніраваць) рэчыва. Новаўтварэнні ўзнікаюць праз ​l/5 — ​1/7 працягласці жыцця арганізма (у чалавека 15—20 гадоў, у мышэй 4—6 месяцаў). Многія К. маюць мутагенныя ўласцівасці (гл. Мутагенез). Папярэджанне ўздзеяння К. на арганізм заснавана на прадухіленні забруджвання паветра, вады, глебы прамысл. адходамі, недапушчэнні канцэрагенных прымесей у ежы і пітной вадзе, ажыццяўленні прафілакт. мер у галіне прафесіянальнай, камунальнай і асабістай гігіены.

Літ.:

Нейман И.М. Основы теоретической онкологии. М., 1961;

Киселев Л.Л. Онкобелки — продукты онкогенов. Тирозиновые протеинкиназы // Молекулярная биология. 1985. Т. 19, вып. 2.

т. 8, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́РЫЯ (Аляксандр Раманавіч) (16.7.1902, г. Казань, Татарстан — 14.8.1977),

расійскі псіхолаг, заснавальнік нейрапсіхалогіі ў СССР. Акад. АПН Расіі (1947) і АПН СССР (1968). Член Нац. АН ЗША (1968), Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Казанскі ун-т (1921) і 1-ы Маскоўскі мед. ін-т (1937).

У 1922 арганізаваў Казанскую псіхааналіт. асацыяцыю. З 1945 у Маскоўскім ун-це (з 1968 заг. кафедры). Разам з Л.С.Выгоцкім, А.М.Лявонцьевым і інш. распрацоўваў тэорыю культ.-гіст. развіцця і функцыянавання псіхікі. Сфармуляваў шэраг новых канцэптуальных палажэнняў па агульных метадалагічных і тэарэт. праблемах псіхалогіі: аб сац. (грамадска-гіст.) і біял. (генетычнай) дэтэрмінацыі, сістэмнай арганізацыі псіхічных функцый і свядомасці, суадносінах мозга і псіхікі і інш. Прапанаваў метады даследавання псіхафункцый (сіндромнага аналізу), нейрапсіхалогіі мовы, успрымання, памяці, мыслення, распрацаваў новыя класіфікацыі парушэнняў мовы, рухаў, памяці. Зрабіў уклад у развіццё агульнай, гіст. і дзіцячай псіхалогіі, дэфекталогіі, нейралінгвістыкі, псіхафізіялогіі, гнасеалогіі і інш.

Тв.:

Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;

Основы нейропсихологии. М., 1973;

Об историческом развитии познавательных процессов. М., 1974;

Язык и сознание. М., 1979;

Этапы пройденного пути: Науч. автобиогр. М., 1982.

Літ.:

Хомская Е.Д. А.​Р.​Лурия: Науч. биогр. М., 1992.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМО́ЎНЫ СТЫЛЬ,

адзін з функцыянальных стыляў мовы, які абслугоўвае сферу нязмушаных зносін людзей у побыце, сям’і, а таксама сферу неафіц. вытв. зносін. Асн. форма рэалізацыі Р.с. — вуснае дыялагічнае маўленне. Размоўнае выказванне заўсёды непасрэднае, натуральнае, непадрыхтаванае, часта яму ўласцівы экспрэсіўнасць, эмацыянальнасць, ацэначная рэакцыя. На яго структуру ўплываюць абставіны маўленчых зносін, сітуацыя, а таксама невербальныя сродкі камунікацыі (жэсты, міміка, характар узаемаадносін субяседнікаў і г.д.).

Р.с. мае своеасаблівасці на ўсіх моўных узроўнях: у фанетыцы — рэдукцыя ненаціскных галосных, аслабленае вымаўленне ці выпадзенне зычных («тышча», «Іван Іваныч»), выкарыстанне розных тыпаў інтанацыі; у лексіцы — стылістычна зніжаная, прастамоўная лексіка і фразеалогія, дыялектныя і жаргонныя словы («жмінда», «забягалаўка», «валтузіцца»); у словаўтварэнні — асобныя словаўтваральныя афіксы і спосабы ўтварэння слоў («гульбішча». «кампашка», «жытуха»); у сінтаксісе — спрошчанасць, перарывістасць, экспрэсіўнасць, частае ўжыванне няпоўных, эліптычных сказаў, сказаў-слоў, усечаных словазлучэнняў. У Р.с. найб. частотныя займеннікі і дзеясловы, вельмі мала дзеепрыметных і дзеепрыслоўных словазлучэнняў, часта ўжываюцца часціцы, выклічнікі. Уласціва выкарыстанне выяўл. сродкаў, якія маюць яркую эмацыянальна-экспрэсіўную накіраванасць (гіпербалы, літоты, параўнанні, метаніміі).

Літ.:

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Плещенко Т.П., Федотова Н.В., Чечет Р.Г. Основы стилистики и культуры речи. Мн., 1999.

Р.​Р.​Чэчат.

т. 13, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧЫЯ РАБО́ТЫ,

работы, якія выконваюцца на буд. пляцоўках (аб’ектах) пры ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў, іх рамонце і рэканструкцыі. Ажыццяўляюцца пры дапамозе будаўнічых машын, ручнога і механізаванага інструменту, дапаможных прыстасаванняў. Пры будаўнічых работах выкарыстоўваюцца будаўнічыя матэрыялы, паўфабрыкаты (бетон, будаўнічы раствор, асфальтабетон), дэталі і вырабы (элементы каркаса, аконныя і дзвярныя блокі і інш.), гатовыя будаўнічыя канструкцыі.

Будаўнічыя работы падзяляюць на агульнабудаўнічыя, спец., дапаможныя і падрыхтоўчыя. Агульнабудаўнічыя — аддзелачныя, арматурныя, бетонныя, дахавыя, жалезабетонныя, земляныя, каменныя, цяслярныя работы (гл. адпаведныя арт.), а таксама мантажныя (гл. Мантаж) і інш.; спецыяльныя — гідраізаляцыйныя, сан.-тэхн., цеплаізаляцыйныя работы (гл. адпаведныя арт.), электрамантажныя, пракладка інж сетак, работы па мантажы тэхнал. абсталявання і канструкцый; дапаможныя — устаноўка апалубкі, паніжэнне грунтавых вод, мацаванне сценак катлаванаў, пагрузка і разгрузка матэрыялаў і інш.; падрыхтоўчыя — падрыхтоўка буд. пляцоўкі, нарыхтоўка матэрыялаў, стварэнне сан.-быт. умоў для работы і інш. Часта будаўнічыя работы класіфікуюць па інш. адзнаках: адвальныя, вышукальныя, дарожна-буд., падводна-тэхн., палевыя і шпунтовыя, скрытыя работы (гл. адпаведныя арт.), а таксама зімовыя, падземныя і інш. Будаўнічыя работы выконваюцца спецыялізаванымі (для аднаго віду работ) і комплекснымі брыгадамі. Арганізуюцца паслядоўным, паралельным, паточным ці камбінаваным метадамі ў адпаведнасці з праектамі арганізацыі буд-ва і вытв-сці работ і патрабаваннямі да іх якасці.

Літ.:

Основы строительного дела. Мн., 1980.

І.​І.​Леановіч.

т. 3, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУСТАЭЛЕКТРО́НІКА,

раздзел электронікі, які вывучае ўзбуджэнне, распаўсюджванне і прыём акустычных хваляў у кандэнсаваных асяроддзях, узаемадзеянне іх з электрамагн. палямі і электронамі праводнасці; займаецца стварэннем акустаэлектронных прылад. Як самастойны раздзел электронікі сфарміравалася ў 1960-я г. (адкрыццё эфекту ўзмацнення гуку дрэйфуючымі электронамі праводнасці ў крышталях сульфіду кадмію). Падзяляецца на высокачастотную (мікрахвалевую) акустыку цвёрдага цела (узбуджэнне, распаўсюджванне і прыём ультра- і гіпергукавых хваляў), уласна акустаэлектроніка (узаемадзеянне акустычных хваляў з электронамі праводнасці ў цвёрдых целах) і акустаоптыку. Займаецца распрацоўкай прылад для пераўтварэння і аналагавай апрацоўкі радыёсігналаў у дыяпазоне частот ад 1 МГц да 20 ГГц (ніжняя мяжа вызначаецца толькі памерамі існуючых крышталёў, верхняя — тэхнал. магчымасцямі вырабу субмікронных элементаў і вязкасным паглынаннем гуку ў цвёрдых целах). У акустаэлектроніцы выкарыстоўваюцца паверхневыя акустычныя хвалі, аб’ёмныя, прыпаверхневыя, хвалі Лэмба і інш. Асн. матэрыялы акстаэлектронікі: п’езаэлектрыкі і слаістыя структуры з п’езаэлектрыкаў і паўправаднікоў, сегнетаэлектрыкі, паўправаднікі без п’езаэл. уласцівасцяў і інш. На Беларусі даследаванні па акустаэлектроніцы праводзяцца з 1970-х г. у Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Викторов И.А. Физические основы применения ультразвуковых волн Рэлея и Лэмба в технике. М., 1966;

Речицкий В.И. Акустоэлектронные радиокомпоненты: Схемы, топология, конструкции. М., 1987;

Морган Д. Устройства обработки сигналов на поверхностных акустических волнах: Пер. с англ. М., 1990.

В.​М.​Дашанкоў.

т. 1, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ЛЯСО́Ў,

комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, аднаўленні і рацыянальным выкарыстанні лясоў; састаўная ч. аховы прыроды. Прадугледжвае заканадаўча абумоўлены рэгламент высечак лясоў розных катэгорый, аднаўленне лясоў, іх ахову ад пажараў, хвароб і шкоднікаў шляхам уключэння адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання. На Беларусі ахова лясоў рэгулюецца нормамі ляснога заканадаўства, а таксама адпаведнымі палажэннямі агульнага прыродаахоўнага зямельнага, воднага і інш. раздзелаў заканадаўства. Дзярж. Ахову лясоў і агульны кантроль за ёю ажыццяўляюць Мін-ва лясной гаспадаркі і Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь з залучэннем грамадскасці. Ахова і абарона лясной расліннасці, якая не ўваходзіць у дзярж. лясны фонд, ускладаецца на землекарыстальнікаў. У мэтах аховы і рацыянальнага выкарыстання лясных рэсурсаў лясны фонд рэспублікі падзелены на 2 групы, для кожнай з якіх устаноўлены адпаведны рэжым карыстання. У адпаведнасці з пастановамі ўрада на тэр. Беларусі ў лясах 1-й і 2-й груп могуць быць вылучаны асобныя ўчасткі з гранічна абмежаваным рэжымам лесакарыстання. Ахова лясоў як экасістэмы ажыццяўляецца таксама ў запаведніках, нацыянальных парках, комплексных ландшафтных, спецыялізаваных біялагічных лясных і інш. заказніках, таксама як помнікаў прыроды рэсп. значэння (гл. Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты).

Літ.:

Основы природопользования. Мн., 1980;

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.

Т.​А.​Філюкова.

т. 2, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)