замяша́нне, ‑я, н.

1. Стан разгубленасць збянтэжанасці. Зелянюк відавочна замяшаўся, і гэта яго замяшанне вылілася ў цяжкую, невыгодную для яго паўзу. Зарэцкі. Быў імгненны, як электрычная іскра, спалох, які працяў усю істоту, а хвілінай пазней, калі замяшанне прайшло, нейкае ўнутранае задавальненне. Навуменка.

2. Часовае парушэнне звычайнага ходу якога‑н. дзеяння; беспарадак, расстройства. — Сабраў бы ў камяк усю волю, прыняў бы адразу ўсе меры, каб не было ніякага замяшання ў калгасе. Хадкевіч. Кулямёт застракатаў другі раз, і ў першых радах зрабілася замяшанне. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стратэгі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які задавальняе патрабаванні стратэгіі, важны для ажыццяўлення асноўных ваенных задач. Стратэгічнае будаўніцтва. Стратэгічны пункт. Стратэгічныя рэзервы. // Які мае адносіны да дзеяння буйных воінскіх злучэнняў або ўсёй арміі. Стратэгічны фронт. Стратэгічная авіяцыя. Стратэгічны тыл.

2. Які мае адносіны да стратэгіі, звязаны са стратэгіяй. Стратэгічныя планы. □ Хітры Пацяроб і ў гэты раз паказаў у поўным бляску свае стратэгічныя здольнасці. Зарэцкі.

3. перан. Істотны, важны для дасягнення агульнай генеральнай мэты на якім‑н. этапе. Стратэгічны план партыі.

•••

Стратэгічная сыравіна гл. сыравіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тру́сіцца, трушуся, трусішся, трусіцца; незак.

Абл.

1. Дрыжаць ад страху, сцюжы і пад. [Рыль:] — Трусімся мы, але і знаку не падаём, што ў нас на мыслі. Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Растрасацца, церушыцца. Салома трусілася з воза. // Падаць дробнымі кропелькамі. Усю раніцу трусіўся дожджык.

3. Трэсціся, едучы па дрогкай дарозе. Тры дні трусіўся на калёсах. □ Ванька з прарэхам пад пахай трусіцца на козлах. Караткевіч.

4. Бегчы трушком. І таксама, як .. [дзядзька Ахрэм], дробна трусіўся следам за ім яго неразлучны калматы таварыш. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калупну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм.

1. Аднакр. да калупаць. — Дзверы філёнчатыя, з чорнага дубу зробленыя. Я нават пазногцем калупнуў, ці цвёрдыя. Дык як з жалеза. Сабаленка.

2. перан. Глыбей разабрацца ў кім‑, чым‑н., заглянуць у сутнасць каго‑, чаго‑н. — Калупні паляўнічага, — манюка. Паскрабі рыбалова, — лускі, як на тым шчупаку. Гурскі. — А што, залаценькія, каб гэтага самага Загароўскага Малаха калупнуць... Зарэцкі.

3. перан. Паддзець, падсмяяць у размове, падкалупнуць. — Кожнага, хто любіць прыгожыя рэчы, ты жыць не можаш, каб не калупнуць. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

манумента́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўражвае сваёй магутнасцю; велічны, грандыёзны. На нашых вачах з руін узнімаюцца манументальныя дамы, праспекты і вуліцы мяняюць напрамкі. Лобан. Грандыёзны ансамбль увенчаны манументальнай 13‑метровай фігурай савецкага воіна-вызваліцеля. «Маладосць». // перан. Вялікі, рослы, мажны (пра чалавека). Устаў з свайго месца манументальны Пацяроб і ўладна супакоіў публіку. Зарэцкі.

2. перан. Грунтоўны, глыбокі па зместу. Манументальная проза.

3. Выражаны ў грандыёзных формах. Манументальнае мастацтва. Манументальны жывапіс. □ У сваіх манументальных роспісах і пано мастак [Шагал] не адмаўляецца ад улюбёнай звычкі паказваць людзей у рэальным становішчы. Шматаў.

[Ад лац. monumentalis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

велічыня́, ‑і; мн. велічыні, ‑чынь; ж.

1. Памер, аб’ём, працягласць чаго‑н. Стол сярэдняй велічыні. □ Знадворку.. хата сапраўды мела.. прыстойны выгляд і нават сярод іншых вызначалася сваёй велічынёй і свежасцю. Зарэцкі. Звер гэты быў незвычайнае велічыні. Колас.

2. Колькасць чаго‑н.; сума; лік. Велічыня зарплаты. Велічыня асігнаванняў.

3. Спец. Усё тое, што можна вымераць, злічыць. Пастаянная велічыня. Зменная велічыня. Натуральная велічыня. Абсалютная велічыня.

4. перан. Пра што‑н. выдатнае ў тых ці іншых адносінах. Джордж Лоўрэнс у гэты час быў даволі прыкметнай велічынёй сярод чыкагскіх мастакоў. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

некато́ры, ‑ая, ‑ае; займ. неазначальны.

1. Нейкі, дакладна не вызначаны. Паравоз уздрыгнуў і некаторы час ішоў у ранейшым тэмпе. Васілёнак. За дзедам на некаторай адлегласці пайшлі і яго сыны. Колас. Праз некаторы час ранішняя зара заняла ўвесь усход і злізала зоры. Чарнышэвіч.

2. толькі мн. (некато́рыя, ‑ых). Асобныя з агульнага ліку; паасобныя. [Марына Паўлаўна:] — Я прыйшла ўзяць некаторыя свае рэчы. Зарэцкі. Ужо даўно працякаў дах, прагнілі некаторыя дошкі ў вагоне. Лынькоў.

3. у знач. наз. некато́рыя, ‑ых. Не ўсе, асобныя людзі. Некаторыя з прысутных. Некаторыя з нас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перашко́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

З’явіцца перашкодай для каго‑, чаго‑н.; не даць магчымасці здзейсніць што‑н.; не дапусціць чаго‑н. Скончыць інстытут перашкодзіла вайна. □ Цяжкая рана, атрыманая ў баях пад Керчу, перашкодзіла жанчыне застацца ў марскім флоце пасля вайны. Кулакоўскі. Хто перашкодзіць нам прабіць камення грань І долю казачную выткаць? Танк. [Насця:] — У вас тут гамонка, здаецца, вельмі душэўная была. Прабачце, калі перашкодзіла. Мележ. Андрэй Шыбянкоў, цяжка аддыхваючыся, вярнуўся назад з пахмурным выглядам чалавека, якому перашкодзілі зрабіць хоць і жорсткі, але высокасправядлівы ўчынак. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уе́сці, уем, уясі, уесць; уядзім, уясце, уядуць; пр. уеў, уела; заг. уеш; зак.

1. што і без дап. (пераважна з адмоўем «не»). Узяць у рот, пражаваць, з’есці. Не ўесці мяса. Сала салёнае, што не ўесці.

2. (з адмоўем «не»). Разм. Паесці. [Гвардыян:] — А гаспадарка — ёй трэба догляд. І не ўясі, не адпачнеш ніколі як людзі. Зарэцкі.

3. перан.; каго. З’едліва паддзець, укалоць. Такі ўеў Мікола скептычна настроенага да яго гістарычных вышукаў Цішку. Навуменка. Пайшлі ў разведку боем — далі фельетон у газеце. За жывое, як кажуць, уелі. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фамі́лія, ‑і, ж.

1. Род, шэраг пакаленняў, якія маюць аднаго продка. Старасвецкі панскі палац, старое гняздо радавітай польскай фаміліі, утуліўшы ў полаг цемры сваю вежу, панура вырысоўваецца на фоне цёмнага неба. Колас.

2. Уст. Сям’я, члены сям’і. Жыла пад гэту пару ў Сіўцы адна досыць цікавая фамілія. Зарэцкі. — І вось я пытаюся ў вас, — у голасе [Гелены] была відавочная пагроза, — ці сапраўды вы вырашылі назаўсёды парваць усе сувязі з гэтай фаміліяй. Караткевіч.

3. У Старажытным Рыме — сям’я разам з рабамі і кліентамі (у 1 знач.).

[Лац. familia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)