БУДАПЕ́ШЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944—45,

наступальная аперацыя войск 2-га і 3-га Украінскіх франтоў 29.10.1944—17.2.1945 у Венгрыі ў 2-ю сусв. вайну.

Абароне Будапешцкага ўмацаванага раёна, які прыкрываў подступы да Вены і Паўд. Германіі, ням. камандаванне надавала асаблівае значэнне. На подступах да Будапешта праціўнік стварыў 3 моцныя абарончыя паласы. Тут дзейнічалі 43 ням. дывізіі (у т. л. 8 танкавых і 1 кавалерыйская) і 3 брыгады. Войскі 2-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Р.​Я.​Маліноўскі) у цяжкіх баях з 29 кастр. прарвалі абарону праціўніка і да 9 снеж. выйшлі да знешняга абарончага абводу Будапешта. Войскі 3-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Ф.​І.​Талбухін) пачалі наступленне 7 ліст., фарсіравалі Дунай і да 9 снеж. выйшлі на Пн ад воз. Веленцэ і да воз. Балатан, пагражаючы тылам варожай групоўкі. 20 снеж. пачалося агульнае наступленне сав. войск. 26 снеж. будапешцкая групоўка ворага ў 180 тыс. чал. была акружана. Каб пазбегнуць ахвяр і разбурэння Будапешта, сав. камандаванне прапанавала гітлераўцам капітуляваць. Ультыматум быў адхілены, а сав. парламенцёры забіты. Каб вызваліць акружаныя дывізіі і аднавіць абарону на Дунаі, ням.-фаш. камандаванне ў студз. спрабавала арганізаваць контрнаступленне (гл. Балатонская абарончая аперацыя 1945). На асобных участках фронту праціўнік пранік у абарону сав. войск і выйшаў да Дуная. Сав. войскі, адбіўшы жорсткія атакі ворага, 27 студз. перайшлі ў наступленне, 13 лют. вызвалілі Будапешт і ліквідавалі акружаную групоўку. У Будапешцкай аперацыі разам з сав. войскамі ўдзельнічалі балг., рум. баявыя злучэнні і венг. добраахвотны Будайскі полк. У ходзе аперацый сав. войскі знішчылі больш за 20 дывізій праціўніка, стварылі ўмовы для наступлення на Вену і Паўд. Германію. Страты сав. войск забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак склалі каля 320 тыс. чал. (з іх забітымі 79 946 чал.). 79 злучэнням і часцям, якія ўдзельнічалі ў Будапешцкай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Будапешцкіх».

т. 3, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІЦЫ́ЙСКАЯ БІ́ТВА 1914,

буйнамаштабныя баявыя дзеянні паміж рас. і аўстра-венг. войскамі на тэр. Галіцыі і Польшчы 18.8—21.9.1914 у 1-ю сусв. вайну. Складалася з Люблін-Холмскай (баі каля Красніка і Тамашава), Галіч-Львоўскай (на р. Залатая Ліпа і Гнілая Ліпа), Гарадоцкай і інш. аперацый. На фронце каля 400 км паміж рэкамі Вісла і Днестр з абодвух бакоў удзельнічалі каля 2 млн. чал. і да 5 тыс. гармат. Рас. камандаванне Паўд.-Зах. фронтам (галоўнакамандуючы ген. М.​І.​Іваноў) планавала акружыць і знішчыць аўстра-венг. сілы (каля 850 тыс. чал., 1800 гармат); аўстра-венг. (эрцгерцаг Фрыдрых) мела намер разграміць правае крыло рас. Паўд.-Зах. фронту (4-ю і 5-ю арміі). 18 жн. на левым крыле распачала наступленне рас. 8-я армія (ген. А.​А.​Брусілаў). 23 жн. перайшлі ў наступленне ўсе арміі Паўд.-Зах. фронту. У ходзе сустрэчнай бітвы ў раёне Краснік—Тамашаў (23 жн.—3 вер.) аўстра-венг. 1-я і 4-я арміі прымусілі 4-ю (ген. А.​Е.​Эверт) і 5-ю (ген. П.​А.​Плеве) рас. арміі адступіць да Любліна, Холма і Уладзіміра-Валынскага. 3-я рас. армія (ген. М.​У.​Рузскі) разбіла аўстра-венграў (3-я армія ген. Р.​Брудэрмана) на р. Залатая Ліпа (26—28 жн.) і прарвала фронт на р. Гнілая Ліпа на ПдУ ад Львова (29—31 жн.). 2 вер. рас. войскі занялі Галіч, 3 вер. — Львоў. У ходзе сустрэчнай Гарадоцкай бітвы (5—12 вер.) 4-я рас. армія прарвала фронт у раёне Тарнаўкі. 12 вер. пачалося агульнае адступленне аўстра-венг. войск. Рас. часці прасунуліся на 280—300 км, занялі Галіцыю і частку аўстр. Польшчы. У Галіцыйскай бітве аўстра-венг. армія страціла 325 тыс. чал. (у т. л. каля 100 тыс. палоннымі) і 400 гармат, рас. войскі — каля 230 тыс. чал. (з іх 40 тыс. палонных) і 94 гарматы.

С.​Б.​Каўн.

т. 4, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕНЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,

наступальная аперацыя войск Зах. фронту Сав. Расіі 4—23 ліп. ў савецка-польскую вайну 1920. Задача аперацыі — разгром сіл Паўн.-Усх. фронту Польшчы і вызваленне Беларусі. У пач. ліпеня войскі Зах. фронту (каманд. М.​М.​Тухачэўскі) у складзе 3-й, 4, 15, 16-й армій і Мазырскай групы войск мелі 81 тыс. штыкоў, 10,5 тыс. шабляў, 722 гарматы, 2913 кулямётаў. Паўн.-Усх. фронт Польшчы (каманд. ген. С.​Шаптыцкі) складаўся з 1-й, 4-й армій і Палескай групы, налічваў каля 72 тыс. штыкоў і шабляў.

Гал. ўдар наносілі 4, 15 і 3-я арміі з Полацка-Лепельскага р-на на Свянцяны з тым, каб акружыць і знішчыць гал. сілы праціўніка ў раёне Глыбокае—Докшыцы. 4 ліп. ўдарная групоўка перайшла ў наступленне; 4-я армія прарвала фронт праціўніка, 5 ліп. заняла Германавічы. Часці і злучэнні 15-й арміі наступалі ўздоўж чыг. Полацк—Маладзечна, 4 ліп. яны прасунуліся на 15—20 км, 5 ліп. вызвалілі Глыбокае; 3-я армія фарсіравала р. Бярэзіна і заняла Докшыцы, 6-га ліп. — Параф’янава. У ноч на 7 ліп. ў наступленне перайшла 16-я армія, якая пасля фарсіравання р. Бярэзіна дзейнічала ў напрамку Ігумен—Мінск. Мазырская група вяла баявыя дзеянні з 19 чэрв.; 29 чэрв. яна вызваліла Рэчыцу і Мазыр, 10 ліп. — Бабруйск, 9 ліп. 3-і конны корпус — Свянцяны, 11 ліп. 16-я армія — Мінск, 15-я армія — Маладзечна.

12 ліп. Антанта прад’явіла сав. ўраду ультыматум (т.зв. ноту Керзана) з патрабаваннем спыніць наступленне войск Зах. фронту. Але паколькі польскі ўрад не звярнуўся з прапановай мірных перагавораў, сав. бок адхіліў ультыматум і прыняў рашэнне працягваць наступленне. 17 ліп. 15-я армія вызваліла Ліду, 19 ліп. 4-я армія — Гродна, 16-я армія — Баранавічы. Завяршылася аперацыя 23 ліп. вызваленнем Пінска часцямі Мазырскай групы. За 20 дзён войскі Зах. фронту прасунуліся больш чым на 300 КМ.

П.​А.​Селіванаў.

т. 9, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРТ-АРТУ́РА АБАРО́НА,

баявыя дзеянні рас. сухап. войск і 1-й Ціхаакіянскай эскадры пры абароне крэпасці Порт-Артур (цяпер Люйшунь) 9.2.1904—2.1.1905 у час руска-японскай вайны 1904—05. У ноч на 9 студз. яп. мінаносцы нечакана атакавалі на знешнім рэйдзе Порт-Артура рас. эскадру, пашкодзілі 2 браняносцы і 1 крэйсер. Гэта паклала пачатак вайне. 5 мая на Пн ад Порт-Артура высадзілася яп. 2-я армія, якая перарэзала чыгунку і пацясніла рас. войскі каля г. Цзіньчжоў (цяпер г. Цзуньсянь) і чыг. станцыі Вафангоў. Для захопу крэпасці яп. камандаванне стварыла 3-ю армію (70 тыс. чал., каля 400 гармат), якая 30 чэрв. аблажыла крэпасць (гарнізон 50,5 тыс. чал., у т. л. 8 тыс. маракоў, 646 гармат). Спробы рас. эскадры 23 чэрв. і 10 жн. прарвацца ва Уладзівасток пацярпелі няўдачу. Тры штурмы яп. войск былі адбіты. 26 ліст. пачаўся 4-ы штурм. Пасля гібелі 15 снеж. нач. сухап. абароны Р.І.Кандраценкі лёс крэпасці быў прадвызначаны. 2.1.1905 нач. Квантунскага ўмацаванага раёна ген.-лейт. А.​М.​Стэсель (насуперак меркаванню ваен. савета працягваць абарону) падпісаў капітуляцыю. У палон трапіла каля 32,5 тыс. рас. вайскоўцаў. Страты яп. войск склалі больш за 110 тыс. чал. і 15 караблёў. Пасля вайны для ўдзельнікаў П.-А.а. быў усталяваны ўзнагародны крыж «За абарону Порт-Артура»; шэраг афіцэраў, салдат і матросаў таксама ўзнагароджаны спец. медалём «Чырвонага крыжа» (1906). У час П.-А.а. вызначыліся многія вайскоўцы беларусы, ураджэнцы Беларусі і выхаванцы Полацкага кадэцкага корпуса, у т. л. генералы К.​М.​Смірноў, В.​В.​Разнатоўскі, афіцэры Б.А.Вількіцкі (восенню 1904 удзельнічаў у выпрабаваннях падводнай лодкі ў Порт-Артуры), В.​А.​Квіткін, І.​М.​Лівотаў, А.​А.​Нішчанкоў, У.​А.​Свіньін, Б.​Шышко; поўны Георгіеўскі кавалер матрос Дз.​А.​Румак і інш.

Літ.:

История русско-японской войны, 1904—1905 гг. М., 1977;

Сорокин А.И. Оборона Порт-Артура. 3 изд. М., 1954.

А.​М.​Лукашэвіч, В.​А.​Юшкевіч.

т. 12, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

берагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; незак., каго-што.

1. Захоўваць цэлым, не расходаваць. — Можа трошкі віна і знайшлося б, — усміхнулася настаўніца, — але мы яго беражом для раненых. Маўр. // Вельмі эканомна, беражліва расходаваць. Пры другіх абставінах Платон Дулеба і сам арганізаваў бы абстрэл самалётаў, але цяпер трэба было берагчы кожны патрон. Шчарбатаў. // Ашчадна карыстацца якімі‑н. рэчамі, імкнуцца захаваць іх у найлепшым стане. — Ты кнігу беражы, сынок, Прыходзь часцей у госці! Агняцвет.

2. Клапатліва ахоўваць каго‑, што‑н., засцерагаць ад чаго‑н. [Арына] сама любіла і берагла свайго бацьку. Кавалёў. [Маці:] — Хай беражэ цябе ад кулі І ад варожых злых штыкоў Святое пачуццё матулі — Мая бязмежная любоў. Глебка. [Пітолін:] — Неяк раз на зборы перад усімі праводзіў гутарку, як трэба берагчы баявыя традыцыі. Грамовіч. // Захоўваць у памяці, помніць. Берагчы наказ бацькоў.

•••

Берагчы сваю шкуру — клапаціцца, думаць толькі пра сябе.

Берагчы як зрэнку вока — старанна, беражліва захоўваць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МЕДА́ЛЬ (франц. médaille ад італьян. medaglia ад лац. metallum метал),

1) круглы ці авальны знак з двухбаковай ці аднабаковай выявай, зроблены ў гонар асобы або падзеі, памерамі 20—80 мм. З’явіўся ў 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. ў Італіі. Выраблялі тэхнікай ліцця. На мяжы 15—16 ст. з’явіўся біты М., на якім зрэдку выкарыстоўвалася гравіроўка ці чаканка. Звычайна на аверсе М. змешчана партрэтная выява, на рэверсе — фігурная сюжэтная, алегарычная ці геральдычная кампазіцыя. Традыцыйныя матэрыялы, з якіх выраблялі М., — бронза, медзь, серабро, золата, волава. Звычайна на М. пазначана імя медальера або яго манаграма. У 20 ст. пашырыліся набор тэхн. прыёмаў вырабу М. (чаканка, гальванапластыка, ліццё пад ціскам, парашковая металургія, гравіроўка) і матэрыялаў (фарфор, чыгун, шкло, кераміка). Паводле рашэння Міжнар. федэрацыі медальераў памеры М. не павінны перавышаць 180 мм.

2) Узнагародны металічны знак, звычайна круглы, зрэдку авальны ці многавугольны з вушкам для нашэння на стужцы (ланцугу), на грудзях, у пятліцы або на шыі. Упершыню М. як узнагарода ўведзены ў 17 ст. швед. каралём Густавам Адольфам для ўзнагароджання афіцэраў. У Рас. імперыі масавыя ўзнагароджанні М. («партрэтамі», «манетамі») практыкаваліся пры Пятру I у час Паўн. вайны 1700—21. Першы ўзнагародны М. звязаны з гісторыяй Беларусі — «За Левенгаўпцкую баталію» (1708, за перамогу пад Лясной). У еўрап. краінах узнагародныя М. ўвайшлі ў шырокі ўжытак у 19 ст. Гісторыі Беларусі тычацца М. Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі, Польскай рэспублікі, СССР і Рэспублікі Беларусь. У Рэчы Паспалітай налічвалася 11 узнагародных М., якія насілі на шыі на стужцы. Выраблялі іх з золата, серабра і медзі, што адпавядала ступеням. У Рас. імперыі 19—20 ст. існавала больш за 130 М.: акалічнасныя (напр., за канкрэтны паход), памятныя (з нагоды падзеі, якая адбылася раней) і ўласна ўзнагародныя. З пач. 19 ст. да 1917 выдадзена каля 9 млн. узнагародных М. Большасць рас. М. мела 2 ступені і выраблялася з серабра (ніжэйшая) і золата (вышэйшая ступень). Проба М. звычайна 916, 875, 750. З 1917 узнагароды выраблялі толькі з невысакародных металаў. У Польскай Рэспубліцы было 8 М. Асаблівасцю было ўручэнне разам з М. і фрачнага М. (паменшанай копіі звычайнага); існавалі таксама планкі са стужкамі адпаведных колераў. Парадак размяшчэння М. быў рэгламентаваны: усе яны насіліся злева на грудзях і мелі стужкі сваіх колераў. У СССР было 55 узнагародных М. і 2 асобныя знакі ў выглядзе зоркі: М. «Залатая Зорка» і Залаты Медаль «Серп і Молат». М. СССР функцыянальна падзяляліся на знакі асобага адрознення, за баявыя заслугі, баявыя аказіянальныя, партызанскія, працоўныя аказіянальныя. за асаблівыя заслугі, за мнагадзетнасць, юбілейныя, за выслугу гадоў. Большасць М. мае дыяметр 32 мм, таўшчыню каля 3 мм. Усяго з 1938 па 1991 было выдадзена ўзнагароджаным каля 200 млн. М. СССР.

У Рэспубліцы Беларусь паводле Закона аб дзярж. узнагародах (13.4.1995) і дапаўненняў да яго (2.7.1997) існуе 7 М.: Францыска Скарыны (з 1989), «За адвагу», «За бездакорную службу» (3 ступені), «За працоўныя заслугі» (усе з 1995), «За адзнаку ў воінскай службе», «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку», «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы» (усе з 1997). У 1995 зацверджаны М. «50 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1945—1995 гг.».

М. мае і аддзеленая ад дзяржавы царква: Прападобнага Сергія Раданежскага (3 ступені, 1979), Благавернага князя Данііла Маскоўскага (3 ступені, 1988).

Узнагарода за дасягненні ў навуцы, культуры, эканоміцы і інш. (напр., лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь). М. ўручаюцца, напрыклад, лаўрэатам міжнар. конкурсаў выканаўцаў, лаўрэатам Нобелеўскіх прэмій, пераможцам міжнар. і нац. спартыўных спаборніцтваў.

Літ.:

Смирнов В.П. Описание русских медалей. СПб., 1908;

Памятныя медалі Савецкай Беларусі. Мн., 1972;

Процкий А.Е. Беларусь героическая: Рассказывают памятные медали и значки. Мн., 1985;

Петерс Д.И. Наградные медали России XIX — начала XX вв.: Кат. М., 1989;

Володин А.Н., Мерлай Н.М. Медали СССР. СПб., 1997;

Gumowski M. Medale polskie. Warszawa, 1925.

І.​Л.​Сінчук.

т. 10, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дзе́янне, ‑я, н.

1. Дзейнасць. Марксізм не догма, а кіраўніцтва да дзеяння. □ Свідравала мозг страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння. Колас. // толькі мн. (дзе́янні, ‑яў). Учынкі, паводзіны. — Ён не малы і павінен адказваць за свае дзеянні перад судом. Алешка. // толькі мн. (дзе́янні, ‑яў). Ваенныя аперацыі. Дывізія выйшла з акружэння арганізаваная, гатовая весці баявыя дзеянні. «Звязда».

2. Работа, функцыяніраванне (машыны, механізма і пад.). Прывесці механізм у дзеянне. Праверыць машыну ў дзеянні. // Прымяненне, праяўленне на практыцы (закона, правіла і пад.). Прадоўжыць дзеянне дагавору.

3. Уплыў, уздзеянне. Дзеянне клімату на арганізм. Дзеянне святла на рост расліны. Дзеянне лякарства. // Праяўленне якой‑н. энергіі, сілы. Дзеянне выбуховай хвалі. Міна запаволенага дзеяння.

4. Падзея, аб якой ідзе гутарка; дзея (у 2 знач.). Дзеянне паэмы адносіцца да мінулага стагоддзя. // Развіццё падзей у літаратурным творы. Ход дзеяння ў п’есе.

5. Асноўны від матэматычнага вылічэння. Чатыры дзеянні арыфметыкі.

•••

Каэфіцыент карыснага дзеяння гл. каэфіцыент.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АБАРО́НА,

баявыя дзеянні з мэтай зрыву або адбіцця наступлення намнога большых сіл праціўніка, прыкрыцця або ўтрымання занятых пазіцый, выйгрышу часу і стварэння ўмоў для пераходу у наступленне войскаў, якія абараняюцца. Ажыццяўляецца ў тактычных, аператыўных і стратэг. маштабах, прымусова (калі наступленне немагчыма або немэтазгодна) або наўмысна.

У старажытнасці і сярэднявеччы для доўгатэрміновай абароны выкарыстоўвалі ўмацаваныя гарады, крэпасці, замкі (гл. Абарончыя збудаванні). З аснашчэннем арміі агнястрэльнай зброяй (з 14—15 ст.) пачалося збудаванне палявых абарончых умацаванняў. З распаўсюджваннем у 19 ст. наразной зброі з большай далёкасцю стральбы сталі ствараць глыбокую (эшаланіраваную) абарону. Умацаваная паласа глыбінёй 1000—1500 м упершыню была створана ў час Севастопальскай абароны 1854—55. У 1-ю сусв. вайну ў прамежках паміж апорнымі пунктамі ствараліся суцэльныя лініі траншэй. Войскі займалі некалькі абарончых пазіцый, якія эшаланіраваліся ў глыбіню на 3—4 км адна ад адной. За гэтымі пазіцыямі ствараліся тылавыя (запасныя) абарончыя палосы. Будавалася абарона на суцэльным фронце з выкарыстаннем сістэмы інж. збудаванняў і загарод. З насычэннем ўзбр. сіл танкамі, дальнабойнай артылерыяй, самалётамі абарона стала глыбокай, шматпалоснай, процітанкавай, проціартылерыйскай, процісамалётнай. Усебаковае развіццё абарона атрымала ў Вял. Айч. вайну. На тэр. Беларусі цяжкія абаронныя баі ішлі ў чэрв.—жн. 1941 (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Віцебска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.).

У сучасных умовах абарона прадугледжвае актыўнае процідзеянне адначасовым ударам усіх відаў зброі, авіяцыі і артылерыі, дэсантных і інш. войскаў праціўніка, своечасовае выяўленне яго сродкаў масавага паражэння, жывой сілы і тэхнікі, стварэнне найб. зручных умоў для сябе. Каб сарваць ці аслабіць наступленне, войскі ў абароне ажыццяўляюць агнявую контрпадрыхтоўку па групоўцы праціўніка, якая падрыхтавалася да наступлення, і контратакуюць. Паводле метадаў вядзення абароны бывае пазіцыйная і манеўраная; сучасная абарона, як правіла, спалучае абодва гэтыя метады. Устойлівасці і актыўнасці абароны спрыяюць насычанасць яе браніраванымі сродкамі, глыбокае эшаланіраванне і разгрупаванне сіл і сродкаў, разнастайнасць спосабаў вядзення абарончых дзеянняў, выкарыстанне спецыфічных фіз.-геагр. умоў.

Літ.:

Тактика. 2 изд. М., 1988. С. 320—407.

У.​П.​Рудэнка, В.​А.​Юшкевіч.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,

войны паміж Францыяй і манархіяй Габсбургаў у 1494—1559 (з перапынкамі) за панаванне ў Італіі, адзін з этапаў барацьбы Францыі і Іспаніі за лідэрства ў Еўропе. Удзельнічалі таксама «Свяшчэнная Рым. імперыя», папская дзяржава, Венецыянская рэспубліка і інш. Выкліканы імкненнем Францыі вярнуць т.зв. «Анжуйскую спадчыну» — Неапалітанскае каралеўства (да 1442 належала Анжуйскай дынастыі). У жн. 1494 — лют. 1495 франц. армія на чале з каралём Карлам VIII уварвалася ў Італію, заняла Рым і Неапаль, аднак пасля паражэння ў бітве каля Фарнова (6.7.1495) ад войск «Святой лігі» («Свяшчэнная Рым. імперыя», Іспанія, рым. папа Аляксандр VI, Міланскае герцагства) у кастр. 1495 ч. арміі адступіла ў Францыю; у 1496 французы капітулявалі ў Неапалітанскім каралеўстве. У 1499—1500 пераемнік Карла Людовік XII авалодаў Міланам і ўсёй Ламбардыяй. У 1501—02 Францыя і Іспанія падзялілі Неапалітанскае каралеўства, аднак у выніку вайны 1503—04 Францыю вымусілі адмовіцца ад прэтэнзій на яго тэрыторыю. Пасля разгрому Камбрэйскай лігай (засн. ў 1508 папскай дзяржавай, Францыяй, Іспаніяй і «Свяшчэннай Рым. імперыяй») войск Венецыі каля Аньядэла (14.5.1508) апошняя страціла ч. сваіх зямель. У сувязі з узмацненнем пазіцый Францыі на ПнЗ Італіі ў 1511 па ініцыятыве рым. папы Юлія II створана антыфранц. Свяцейшая ліга (папства, Іспанія, Англія, Венецыя, швейц. кантоны). У бітве пры Равене 11.4.1512 французы разбілі войскі лігі, але нац.-вызв. паўстанні ў Генуі і гарадах Ламбардыі прымусілі іх да канца 1512 пакінуць Міланскае герцагства. Пасля заключэння франц. каралём Францыскам I саюза з Венецыяй французы разбілі 13—14.9.1515 каля Марыньяна швейц. наёмнікаў міланскага герцага і замацаваліся на тэр. герцагства; Венецыя вярнула страчаныя землі. У 1521—59 адбывалася барацьба паміж Францыяй і Іспаніяй (кароль Карл I, з 1519 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі») у Паўн. Італіі. Баявыя дзеянні праходзілі пры агульнай перавазе іспанцаў (разгром французаў 24.2.1525 каля Павіі, 26.6.1529 каля Ландрыяна і інш.). Паводле Като-Камбрэзійскага мірнага дагавора (3.4.1559) Францыя адмовілася ад прэтэнзій на тэр. Італіі, б.ч. якой трапіла пад уладу Іспаніі.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ УСЕРАСІ́ЙСКАЯ ПАЛІТЫ́ЧНАЯ СТА́ЧКА 1905,

адзін з этапаў рэвалюцыі 1905—07. Пачалася 20 кастр. забастоўкай рабочых Маскоўска-Казанскай чыгункі. Па закліку Усерас. чыг. саюза на працягу 10 дзён быў спынены рух на чыгунках Расіі, што садзейнічала зліццю шматлікіх агульнагар. забастовак ва ўсерас. стачку. Удзельнічала каля 2 млн. чал. Праходзіла пад заклікамі звяржэння самадзяржаўя і ўстанаўлення дэмакр. рэспублікі. Арганізатары і кіраўнікі выступленняў — агульнагар. выбраныя стачачныя к-ты (у Пецярбургу, Маскве, інш. прамысл. цэнтрах яны наз. Саветамі рабочых дэпутатаў). Яны выступалі як органы ўлады і абапіраліся на баявыя дружыны. Стачка паралізавала дзейнасць урада. Цар Мікалай II вымушаны быў выдаць Маніфест (гл. Маніфест 17 кастрычніка 1905). На чыгунках Беларусі 23—25 кастр. спыніўся рух цягнікоў. Чыгуначнікаў падтрымалі рабочыя фабрык і заводаў, рамесных майстэрняў, работнікі гандлю і сферы абслугоўвання, служачыя, вучнёўская моладзь. Да 31 кастр. стачка ахапіла многія гарады, мястэчкі, чыг. станцыі, у т. л. Мінск, Віцебск, Магілёў, Гродна, Гомель, Брэст, Бабруйск, Оршу, Пінск, Полацк, Слуцк, Смаргонь, Горкі, Копысь, Баранавічы і інш. Суправаджалася дэманстрацыямі і мітынгамі з заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Месцамі адбыліся сутычкі з паліцыяй і войскамі. У Гомелі 27 кастр. пры разгоне дэманстрацыі ахвярамі сталі 7 чал., у Віцебску 31 кастр. забіта 7 чал. Пахаванне ахвяр вылілася ў 40-тысячны мітынг. У Мінску 31 кастр. расстраляны 20-тысячны мітынг (гл. Курлоўскі расстрэл 1905). Выступленнямі на буйных прадпрыемствах і чыг. вузлах кіравалі выбарныя стачачныя к-ты, агульнагар. забастоўкамі, мітынгамі, дэманстрацыямі — кааліцыйныя саветы і к-ты, якія складаліся з прадстаўнікоў найб. уплывовых мясц. арг-цый (РСДРП, Бунд, Чыгуначны саюз). У Брэсце і Гродне, дзе да канца 1905 не было арг-цый РСДРП, рухам кіравалі мясц. к-ты Бунда і Польск. сацыяліст. партыі ў Літве. На Беларусі стачка ахапіла 32 нас. пункты. Агульная колькасць стачачнікаў толькі ў прам-сці дасягала 66 тыс. чал. Паліт. рух працоўных у кастр. 1905 ахапіў 53 гарады і мястэчкі Беларусі (удзельнічала 223 тыс. чал.). На Беларусі стачка спынілася да 7 ліст.

У.​Г.​Філякоў.

т. 8, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)