ВЕ́СТРЫС (Vestris) Агюст (сапр. імя Мары Жан Агюстэн; 27.3.1760, Парыж — 5.12.1842),

французскі артыст балета, педагог. Сын і вучань танцоўшчыка і балетмайстра Г.​Вестрыса і балерыны М.​Алар. У 1772—1816 (з перапынкамі) у Каралеўскай акадэміі музыкі і танца ў Парыжы (з 1778 першы танцоўшчык). Выконваў розныя партыі ў балетах, пастаралях, балетных нумарах у операх, пастаўленых Ж.Ж.Наверам, П. і М.​Гардэлямі, Г.​Вестрысам і інш. Атрымаў у спадчыну ад бацькі тытул «бога танца». Сярод вучняў Вестрыса: Ш.Дзідло, Ж.Перо, А.Бурнанвіль; у яго займаліся М.Тальёні, К.Грызі, Ф.Эльслер.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ГАН (Wihan, Vihan) Гануш (5.6.1855, г. Поліцэ, Чэхія — 1.5.1920), чэшскі віяланчэліст. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1873), выкладаў у ёй. З 1873 праф. Акадэміі музыкі і сцэн. мастацтва «Моцартэум» (Зальцбург). Працаваў у прыдворных капэлах розных гарадоў Германіі. У 1891 арганізаваў «Чэшскі квартэт» (іграў у ім да 1913), з якім выступаў у краінах Еўропы і ў Расіі. Сябраваў з Б.Сметанам, А.Дворжакам, які напісаў для Вігана «Ронда» і канцэрт для віяланчэлі з арк. У 1950 і 1955 у Празе праводзіліся Міжнар. конкурсы імя Вігана (сярод лаўрэатаў М.Растраповіч, Д.Шафран, М.Хоміцэр і інш.).

т. 4, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІГО́ (Vigo) Жан (22.4.1905, Парыж — 5.10.1934),

французскі кінарэжысёр. Скончыў літ. ф-т Сарбоны. У дакумент. фільме «З нагоды Ніццы» (1929) і стужцы «Нуль за паводзіны» (1933) поруч з сатыр. выкрываннем праявілася імкненне да паэтызацыі свету. Уменне Віго на аснове карцін паўсядзённага побыту рабіць складаныя філас. абагульненні найб. поўна выявілася ў фільме «Аталанта» (1934). Творчая спадчына Віго невялікая, але яна значна паўплывала на развіццё франц. кіно ў 1930—50-я г. З 1951 у Францыі штогод прысуджаецца прэмія імя Віго.

Літ.:

Жан Виго.: Пер. с фр. М., 1979.

т. 4, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́КТАРАЎ Рычард Мікалаевіч (7.11.1929, г. Туапсэ, Расія — 8.9.1983),

рускі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1974). Скончыў Львоўскі ун-т (1952) і Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1959). Працаваў на кінастудыях «Беларусьфільм» (1959—64) і імя М.​Горкага (з 1965). Яго фільмы адметныя жыццёвай верагоднасцю, вострапсіхал. распрацоўкай сюжэтаў: «Наперадзе круты паварот» (1960). «Трэцяя ракета» (1963) і «Абеліск» (1977; абодва паводле В.​Быкава), «Каханая» (1965), «Масква—Касіяпея» і «Падлеткі ў сусвеце» (1974—75, Дзярж. прэмія Расіі 1977), «Праз церні да зорак» (1981, Дзярж. прэмія СССР 1982) і інш.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́НЧЫЦ Баляслаў Баляслававіч (н. 3.4.1943, в. Залоззе Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1995). Скончыў БДУ (1972). З 1970 у Ін-це цёпла- і масаабмену АН Беларусі, з 1976 у НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.​Н.​Сеўчанкі пры БДУ. Навук. працы па аптычнай дыягностыцы газавага і аэразольнага асяроддзя, аналітычным прыладабудаванні, інж. экалогіі, лазернай фізіцы. Распрацаваў метады вымярэння фіз. характарыстык газавых патокаў, фарміравання і дыягностыкі параметраў лазерных пучкоў. Прэмія Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 1991. Залаты медаль ВДНГ СССР (1986).

т. 4, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАРО́Ў Віктар Канстанцінавіч (н. 14.3.1939, с. Сакалоўка Растоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне лазернай фізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1994). Скончыў Варонежскі ун-т (1962). З 1965 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1979 у НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.​Н.​Сеўчанкі пры БДУ. Навук. працы па фізіцы плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на металы і кампазіцыйныя матэрыялы. Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1992.

Тв.:

Роль частиц материала мишени в динамике лазерного эрозионного факела // Инженерно-физ. журн. 1992. Т. 62, № 5.

т. 5, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІ́ДА д’АРЭ́ЦА, Гвіда Арэцінскі (Guido d’Arezzo; каля 992, г. Арэца, Італія — 17.5.1050?),

італьянскі муз. тэарэтык; адзін з рэфарматараў у галіне муз. практыкі сярэдневякоўя. Адукацыю атрымаў у манастыры Пампоза (каля г. Ферара). Каля 1025 стаў манахам бенедыкцінскага манастыра ў г. Арэца (вобл. Таскана), кіраваў дзіцячым хорам кафедральнай школы. Увёў у карыстанне 4-лінейны нотны стан, чым заклаў асновы сучаснай натацыі. Тэарэтычна абгрунтаваў сістэму гексахорда (6-ступенны дыятанічны гукарад) — аснову сальмізацыі, што палегчыла спевакам дакладнае выкананне нотнага запісу. З 1952 у г. Арэца праводзяць Міжнар. конкурс хар. калектываў імя Г. д’А. («Паліфоніка»).

т. 5, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІЯДО́Р (Hēliodōros),

старажытнагрэчаскі пісьменнік 3 або 4 ст. н.э. Аўтар любоўна-авантурнага рамана «Эфіопіка» (у 10 кн.), на падставе заключных слоў якога ўстаноўлена імя пісьменніка і верагоднае месца нараджэння [г. Эмес (цяпер г. Хомс), Сірыя]. Раман пра любоў і прыгоды эфіопскай царэўны Харыкліі і фесалійскага юнака Феагена. Новае ў рамане — вял. колькасць рэліг., міфалагічных і філас. матываў і вобразаў, віртуознасць апавядання, што было характэрна для сафістычнай прозы. «Эфіопіка» паўплывала на развіццё галантна-авантурных раманаў новага часу (Т.​Таса, М.​Сервантэс, П.​Кальдэрон і інш.).

Тв.:

Рус. пер. — Эфиопика. М., 1993.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НІЙ,

1) у рымскай міфалогіі добры дух, звышнатуральная істота, якая ахоўвае чалавека на працягу ўсяго жыцця, пазней бог мужчынскай сілы. Лічылася, што кожны мужчына мае свайго генія. Асабліва шанавалі генія галавы сям’і: у дзень яго нараджэння генію прыносілі дары-ахвяраванні. У эпоху імперыі асаблівае значэнне набыў культ генія Рыма і імператара (увёў Аўгуст). Генію Рыма быў прысвечаны шчыт на Капітоліі з надпісам «ці мужу, ці жанчыне», бо імя і пол генія ўтойваліся, каб яго не пераманьвалі ворагі.

2) Чалавек, якому ўласціва найвышэйшая ступень творчай даравітасці, таленавітасці. Гл. таксама Геніяльнасць.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЧЫК Канстанцін Васілевіч (н. 27.9.1918, в. Сорагі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

генерал-палкоўнік (1976). Канд. ваен. н. (1968). Скончыў Артыл. акадэмію імя Дзяржынскага (1950). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну на Зах., Бранскім, Цэнтр., 1-м і 4-м Укр. франтах: камандзір узвода, батарэі, дывізіёна, нач. штаба палка, брыгады. Удзельнік баёў пад Бабруйскам, Рослаўлем, Бранскам, Яльцом, Варонежам, Курскам, Львовам, Прагай. У 1954—89 на выкладчыцкай рабоце, нач. касмадрома Байканур, камандуючы ракетнай арміяй СССР. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1975—80.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)