САКРЭ́ТНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ,
часовыя вярхоўна-бюракратычныя ўстановы ў Рас. імперыі ў 1-й пал. 19 ст. Ствараліся імператарам Мікалаем I для абмеркавання праектаў рэформ. Сакрэтны характар дзейнасці быў абумоўлены бояззю грамадскага хвалявання. Гал. пытаннем было сялянскае. Першы С.к. «6 снежня 1826» (фармальна дзейнічаў да 1832) пад старшынствам В.П.Качубея і М.М.Спяранскага створаны для выпрацоўкі агульнага плана дзярж. пераўтварэнняў, разглядаў і праекты асабістага вызвалення сялян. С.к. 1835—36 (гал. ролю адыгралі Спяранскі, Я.Ф.Канкрын і П.Дз.Кісялёў) абмяркоўваў пытанне аб паступовай замене прыгонных адносін дагаворнымі пры захаванні зямлі ў памешчыкаў. С.к. 1839—42 абмяркоўваў праект Кісялёва аб увядзенні інвентароў. С.к. 1846 разглядаў запіску кіраўніка МУС Л.А.Пяроўскага пра абмежаванне прыгоннага права шляхам рэгламентацыі адносін унутры вотчыны; к-ты 1840 і 1844 займаліся пытаннем звальнення дваровых, 1847 і 1848 — выкупам сялян з маёнткаў, якія падлягалі публічным таргам. Некаторыя С.к. паўплывалі на змены ў заканадаўстве аб прававым становішчы асобных саслоўяў (1831, 1832, 1842, 1844). Вопыт С.к. улічаны пры выпрацоўцы сялянскай рэформы 1861; апошні С.к. 1857 пераўтвораны ў 1858 у Галоўны камітэт па сялянскай справе.
Літ.:
Архипова Т.А. Секретный комитет 6 дек. 1826 // Тр. Моск. гос. ист.-арх. ин-та. М., 1965. Т 20;
Корнилов А.А. Курс истории России XIX в М., 1993.
т. 14, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕЦЫЯЛІЗАВА́НЫЯ ЎСТАНО́ВЫ ААН,
міжурадавыя арганізацыі па эканам., сац., культ. і інш. гуманітарных галінах, створаныя на аснове міжнар. дагавора і звязаныя з ААН міжнар. пагадненнямі. Іх сувязь з ААН разглядаецца як фактар, закліканы вызначаць такі кірунак дзейнасці дадзенай установы, які адпавядае асноватворным мэтам і прынцыпам ААН. Тым не менш С.ў. ААН — самаст. міжнар. арг-цыі. Структура, кампетэнцыя і інш. пытанні арганізацыі С.у. ААН вызначаны ў міжнар.-прававым парадку дагаворамі, пагадненнямі або ўстаноўчымі актамі, рэгламентамі дзейнасці іх органаў. Істотнае значэнне для дзейнасці С.у. ААН мае Канвенцыя аб прывілеях і імунітэтах С.у. ААН, зацверджаная Ген. Асамблеяй ААН 21.5.1947. Да С.у. ААН поўнасцю прыдатны палажэнні Статута ААН аб суверэннай роўнасці дзяржаў-членаў, аб іх найгалоўнейшых абавязках «развіваць сяброўскія адносіны паміж нацыямі на аснове павагі прынцыпу раўнапраўя і самавызначэння народаў...».
На 1.1.2001 існуе 15 С.у. ААН: Сусветны паштовы саюз, Міжнародны саюз электрасувязі, Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), Сусветная арганізацыя аховы здароўя, Сусветная метэаралагічная арганізацыя, Міжнародная марская арганізацыя, Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці, Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН, Сусветны банк (уключае Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця і Міжнародную фінансавую карпарацыю), Міжнародную асацыяцыю развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны фонд сельскагаспадарчага развіцця, Міжнародную арганізацыю працы, Арганізацыю Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці.
т. 15, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНЫ ДЭТЭРМІНІ́ЗМ, эканамічны матэрыялізм,
канцэптуальная пазіцыя ў галіне філасофіі, сацыялогіі, эканам. вучэнняў, якая зводзіць матэрыяліст. тлумачэнне гісторыі да сцвярджэнняў пра асн. ролю эканомікі ў грамадскім развіцці і аб існаванні непасрэднай прычыннай залежнасці неэканам. з’яў (маралі, культуры, духоўнай сферы) ад эканомікі. Значная колькасць версій Э.д. ўзнікла на глебе марксізму і запазычыла некаторыя яго катэгорыі (грамадскага быцця і грамадскай свядомасці), а таксама марксісцкую формулу суадносін паміж імі, паводле якой грамадскае быццё абумоўлівае грамадскую свядомасць, г.зн. выступае ў грамадскім развіцці ў якасці першаснага, дэтэрмінуючага фактара. У адрозненне ад К.Маркса і яго паслядоўнікаў Э.д. атаясамлівае з грамадскім быццём эканоміку, пад якой разумее пэўную сукупнасць рэчавых элементаў, выключаючы з яе сістэму эканам. адносін паміж людзьмі і самога чалавека. У такой інтэрпрэтацыі эканоміка ўзводзіцца ў ранг суб’екта гісторыі, прыніжаецца або цалкам адмаўляецца адваротны ўплыў на эканам. развіццё ідэй і тэорый, культуры, маралі, палітыкі. У выніку канцэптуальныя перадумовы Э.д. набліжаюць яго да фаталістычных уяўленняў аб будучыні чалавечага грамадства (гл. Фаталізм) і разнастайных тэорый аб адчужэнні чалавека ад эканомікі і грамадскага жыцця. Пазіцыю Э.д. падзялялі некат. прадстаўнікі камуніст. руху (А.Лабрыёла, П.Лафарг), герм. сацыял-дэмакратыі (Э.Бернштэйн). У Расіі блізкія погляды адстойвалі П.Струвэ, С.Пракаповіч, У.Шуляцікаў. Ідэі Э.д. знайшлі сваё развіццё ў сучасных канцэпцыях «тэхналагічнага дэтэрмінізму» (гл. Тэхналагічныя тэорыі).
В.І.Боўш.
т. 18, кн. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
латэра́льны
(лац. lateralis = бочны)
які знаходзіцца збоку, бакавы (аб органах, размешчаных збоку ад сярэдняй плоскасці цела; напр. л-ыя зубы).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
дэндрахранало́гія
(ад дэндра- + храналогія)
вучэнне аб заканамернасцях утварэння гадавых слаёў дрэвавых парод, на аснове якога можна вызначыць узрост археалагічных знаходак.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
метэмпсіхо́з
(гр. metempsychosis = перасяленне душ)
рэлігійна-містычнае вучэнне аб перасяленні душы памерлага ў немаўля або жывёліну ці нават у камень.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гілемарфі́зм
(ад гр. hyle = рэчыва + -марфізм)
філасофскі тэрмін для абазначэння вучэння Арыстоцеля аб форме і матэрыі як асноўных прынцыпах быцця.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гельмінтало́гія
(ад гельмінты + -логія)
навука аб чарвях-паразітах (гельмінтах) і хваробах (гельмінтозах), якія яны выклікаюць у чалавека, жывёл і раслін.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
нерві́зм
(ад лац. nervus = жыла, сухажылле)
вучэнне аб вядучай ролі нервовай сістэмы ў працэсах жыццядзейнасці арганізма, якое распрацавана І. П.Паўлавым.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
нутрыцыяло́гія
(ад п.-лац. nutritio = харчаванне + -логія)
навука аб харчаванні чалавека і жывёл, якая вывучае фізіялогію, біяхімію і гігіену харчавання.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)