ДРЫСВЯ́ЦКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—17 ст. на в-ве Замак на воз. Дрысвяты ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Пабудаваны на гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры і перыяду Кіеўскай Русі 10—13 ст. Пляцоўка замка (75 × 50 м) мела авальную форму, узвышалася над паверхняй возера на 6—7 м, была абкружана валам. У ганцы 14 — пач. 15 ст. на востраве стаяў «двор Дрысвяты» вял. кн. ВКЛ Вітаўта, пазней — караля Аляксандра. У пісьмовых крыніцах замак згадваецца ў 1514, 1557, 1561 і ў часы Лівонскай вайны 1558—83. Перастаў існаваць у 2-й пал. 17 ст.

т. 6, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЖ,

службовая асоба ў ВКЛ у 15—16 ст. Напярэдадні судовых працэсаў аглядаў прычыненыя пашкоджанні, раны на целе; у час суда сведчыў пэўныя факты, прыводзіў да прысягі; пасля суда ўводзіў ва ўладанне нерухомасцю і інш. За выкананне абавязкаў атрымліваў грашовую ўзнагароду ад бакоў, што судзіліся. Спярша віжы былі «прыданымі» (прызначаліся вял. князем, панамі-радаю, дзярж. службовымі асобамі, панамі ў сваіх маёнтках з людзей розных саслоўяў). У 1551 шляхта дамаглася права выбіраць павятовых віжаў з аселай шляхты на ўзор возных Падляшша. У 2-й пал. 16 ст. абраных віжаў пачалі называць вознымі, пасада прыданых віжаў знікла.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІЯ ПАКУ́ТНІКІ,

бел. святыя Іаан, Антоній і Яўстафій (да хрышчэння Кумец, Няжыла, Круглец), якія загінулі ў 1347 пакутніцкай смерцю за пераход з язычніцтва ў хрысціянства. На месцы пакарання віленскіх пакутнікаў, якія былі прыдворнымі вял. князя Альгерда, па жаданні яго жонкі пабудавана капліца, пазней — Свята-Троіцкая царква. У 1374 віленскія пакутнікі кананізаваны. З 16 ст. іх мошчы знаходзіліся ў Віленскім Святадухаўскім манастыры. У ліп. 1993 часткі мошчаў віленскіх пакутнікаў закладзены ў абраз трох віленскіх пакутнікаў і перанесены ў Мінскі Свята-Петрапаўлаўскі сабор. Гісторыя віленскіх пакутнікаў коратка выкладзена ў «Сказанні пра віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія, Яўстафія».

т. 4, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛКС ((Vilks) Эвалд) (сапр. Лаціс; 8.2.1923, г. Валка, Латвія — 21.12.1976),

латышскі пісьменнік. Друкаваўся з 1941. Першы зб. «Людзі адной праўды» (1949) пра падзеі Вял. Айч. вайны. У зб-ках апавяданняў «У асеннія дні» (1955, Дзярж. прэмія Латвіі 1957), «Зялёнае дрэва» (1960), «З-за мінуты спазнення» (1961), «Дзікун» (1968), «Добры знаёмы» (1973) і інш. праблемы сучаснасці, характары людзей працы, карціны роднай прыроды. Яго творы вызначаюцца паглыбленым раскрыццём сац. вытокаў псіхалогіі чалавека. На бел. мову асобныя творы Вілкса пераклаў М.​Арочка.

Тв.:

Raksti. Sēj. 1—5. Riga, 1982—86;

Бел. пер. — Чалавек нарадзіўся. Мн., 1961.

т. 4, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЦЫНЬ, Вілцыня (Vilciņa) Велта (Аўсма) Эйнаўна (н. 13.12.1928, Упесгрыва Талсінскага р-на, Латвія), латышская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1965). Скончыла балетную студыю пры Рыжскім т-ры оперы і балета (1948). У 1949—73 салістка, з 1968 педагог-рэпетытар Рыжскага т-ра. Сярод партый: Баранеса («Сакта свабоды» А.​Скултэ), Скайдрытэ («Стабурадзе» А.​Калніньша, Дзярж. прэмія Латвіі 1958), Адэта—Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына) і інш. У 1956 і 1958 выступала ў Вял. т-ры.

т. 4, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬСАНА КА́МЕРА,

прылада для рэгістрацыі слядоў (трэкаў) зараджаных часціц. Створана Ч.Вільсанам (1912). Дзеянне заснавана на з’яве кандэнсацыі перанасычанай пары (утварэнні дробных кропляў вадкасці) на іонах, якія ўзнікаюць уздоўж трэка хуткай зараджанай часціцы. Кроплі дасягаюць бачных памераў і могуць быць сфатаграфаваны. Уласцівасці часціцы вызначаюць па даўжыні яе прабегу і значэнні імпульсу, які вымяраецца па скрыўленні траекторыі часціцы ў магн. полі, куды змешчана камера. Вільсана камера адыграла вял. ролю ў вывучэнні будовы рэчыва і ўласцівасцей элементарных часціц; з яе дапамогай адкрыты пазітрон, мезоны, гіпероны, дзіўныя часціцы і інш.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 4, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ННАЯ МАНАПО́ЛІЯ,

выключнае права дзяржавы на выраб спіртных напіткаў і гандаль імі. Займае важнае месца ў сістэме падаткаабкладання даходаў на карысць дзяржавы за кошт тавараў усеагульнага спажывання. У ВКЛ выключнае права на выраб і продаж спіртных напіткаў належала вял. князю, які перадаваў яго пэўным феадалам і мяшчанству гарадоў. У Расіі вінная манаполія вядома з 16 ст., канчаткова замацавалася ў канцы 19 ст., калі з 1894 па ініцыятыве міністра фінансаў С.​Ю.​Вітэ пачала праводзіцца піцейная рэформа (з 1897 у Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губ.). У СССР частковая вінная манаполія дзейнічала з 1923.

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА «ЧЫРВО́НЫ КАСТРЫ́ЧНІК» Засн. ў 1923 у Віцебску на базе саматужных майстэрняў. З 1938 — ф-ка «Чырвоны Кастрычнік». У час Вял. Айч. вайны была эвакуіравана ў г. Кунгур (Пермская вобл. Рас. Федэрацыі). Аднаўленне пачалося ў Віцебску з 1944. У пасляваен. гады рэканструявана і расшырана, у 1988 дзейнічала 13 патокаў з закончаным вытв. цыклам магутнасцю 7 млн. пар абутку за год. З 1989 у складзе прадпрыемства «Белвест». З 1994 ф-ка пераўтворана ў акц. т-ва «Чырвоны Кастрычнік». Магутнасць 3,5 млн. пар абутку за год. Асн. прадукцыя (1996): жаночы і дзіцячы абутак.

т. 4, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШКЕ́ВІЧ (Юрый Альфрэдавіч) (н. 11.1.1962, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1985). Аўтар размалёвак і вітражоў для радыётэхн. каледжа і сувораўскага вучылішча (абодва 1989) у Мінску. Працуе пераважна ў станковым жывапісе. Распрацоўвае тэмы «Бабы» і «Чашы»: «Чаша-аб’ект», «Чаша, знойдзеная ў лесе», «Чаша-вытока», «Чаша цёплая», «Чаша з прывідам» і інш. (усе 1990-я г.). У работах асобныя пластычныя вобразы ўключае ў вял. паліфанічную прастору, выкарыстоўваючы эфекты колерааптычныя, унутр. свячэння, піктаграмы, геаметрызм. Аформіў спектакль «Цудоўная дудка» ў Гродзенскім т-ры лялек (1988).

М.​М.​Паграноўскі.

Ю.Дарашкевіч. Чаша, знойдзеная ў лесе 1994.

т. 6, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́РДЖТАЎН (Georgetown),

горад, сталіца Гаяны. Размешчаны пры ўпадзенні р. Дэмерара ў Атлантычны ак. Каля 250 тыс. ж. з прыгарадамі (1994). Марскі порт. Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: цукр., мукамольная, тытунёвая, маргарынавая, піваварная, дрэваапрацоўчая. Ун-т. Музей Гаяны. Бат. сад. Самы вял. ў свеце драўляны сабор (1889—92).

Засн. ў 1781 галандцамі пад назвай Табрак (ці Стабрук), з 1812 сучасная назва. З 1784 цэнтр галандскіх калоній у Паўн. Амерыцы. З пач. 19 ст. пад уладай англічан. У 1831—1966 цэнтр Брытанскай Гвіяны. У 1945 і 1951 знішчаны пажарамі. З 1966 сталіца Гаяны.

т. 6, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)