праграма фіз. аздараўлення на аснове фіз. практыкаванняў пераважна цыклічнага характару (хадзьба, бег, плаванне і інш.). Распрацавана ў 1960-я г.амер. урачом К.Куперам. Выкананне гэтых практыкаванняў на працягу пэўнага часу спрыяе разгортванню і павелічэнню дыхальных (аэробных) магчымасцяў арганізма. Уздзеянне аэробікі на арганізм рэгулюецца працягласцю і інтэнсіўнасцю практыкаванняў. Існуюць спец. тэсты, табліцы нагрузак з улікам полу чалавека і яго ўзросту, падрыхтаванасці і гэтак далей Часам аэробіку атаясамліваюць з рытмічнай гімнастыкай.
Літ.:
Купер К. Аэробика для хорошего самочувствия: Пер. с англ. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Анатоль Васілевіч) (28.8.1888, в. Луначарскае Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — 2.8.1969),
бел. і рус. мовазнавец. Скончыў Варшаўскі ун-т (1913). Настаўнічаў, з 1926 выкладаў бел. мову ў БДУ. Удзельнічаў у распрацоўцы бел. арфаграфіі (сакратар Арфаграфічнай камісіі, потым Камісіі бел.літ. мовы ў Інбелкульце). На пач. 1930-х г. звольнены з працы і пад пагрозай арышту ў 1934 пакінуў Беларусь. Працаваў у пед. ін-тах Расіі і Украіны. Аўтар падручніка «Беларуская мова» (1927), «Самавучыцеля па беларускай мове» (у рукапісе), артыкулаў па пытаннях бел. і рус. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Ангел Іванавіч) (2.10.1860, г. Гарадок Віцебскай вобласці — 24.3.1907),
расійскі паліт. дзеяч, публіцыст і літ. крытык. У час вучобы ў Кіеўскім ун-це (1880—82) стаў удзельнікам нарадавольскага руху. Жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Пецярбургу. Адзін са стваральнікаў паліт. арг-цыі «Народнае права» (1893). Працаваў у рэдакцыях часопісаў «Русское богатство» (1893—94), «Мир Божий» (1894—1906). Пасля 1895 «легальны марксіст». Як крытык выступаў супраць «народніцкіх трафарэтаў» у літаратуры (ідэалізацыя вёскі, «мужыка») і інш. З 1906 рэдагаваў час. «Современный мир».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНА́Р ((Bonnard) П’ер) (3.10.1867, Фантэнэ-о-Роз, дэп. О-дэ-Сен, Францыя — 23.1.1947),
французскі мастак. У канцы 1880-х г. вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Чл. групы «Набі», зазнаў уплыў П.Гагена і яп. гравюры. Яго пейзажы, быт. сцэны, інтэр’еры, ню і нацюрморты, звязаныя з дэкаратыўнасцю позняга імпрэсіянізму, адметныя лірычнай сузіральнасцю, надзвычайнай вытанчанасцю каларыту: «Пачатак вясны (Маленькія фаўны)» (1903—04), пано «Восень. Збор садавіны» (1912), «Аголеная ў ванне» (1937) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІ́К (Даніла) (псеўд.; сапр. імя і гады жыцця невяд.),
аўтар нелегальнай гектаграфічнай брашуры на рус. мове «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае». Датавана 16.12.1882. Аўтар, студэнт-беларус Пецярбургскага ун-та, належаў да групы народнікаў. З любоўю пісаў пра свой народ, яго нац. характар. Не бачыў класавага размежавання ў бел. вёсцы, перабольшваў ролю інтэлігенцыі ў справе сац. і нац. вызвалення бел. народа, ставіў перад ёю толькі асветныя задачы.
Тв.:
У кн.: Публицистика белорусских народников. Мн., 1983.
Літ.:
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 58—63.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДЗІ́Н (Сяргей Пятровіч) (25.9.1902, Масква — 22.6.1974),
рускі пісьменнік. Скончыў Вышэйшы літ.-маст.ін-т імя В.Я.Брусава (1926). З 1951 жыў у Ташкенце. Аўтар раманаў пра жыццё народаў Сярэдняй Азіі 1920-х г. «Апошняя Бухара», «Егіпцянін» (абодва 1932), гістарычных «Дзмітрый Данскі» (1941, Дзярж. прэмія СССР 1942), «Белы конь» (не завершаны, надрук. 1975—77), «Іван Каліта» (не завершаны, надрук. 1977), трылогіі «Зоркі над Самаркандам» («Кульгавы Цімур», 1953—54; «Кастры паходу», 1957—59; «Імгненны Баязет», 1972—73). Напісаў аповесць «Нараджэнне кветак» (1938). Навелы і ўспаміны ў кнізе «Дарогі» (выд. 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКО́ЎСКІ (Сцяпан Андрэевіч) (10.4.1905, г. Слуцк — 11.6.1966),
бел. этнограф, літ. крытык. Скончыў БДУ (1926). Працаваў у Інбелкульце, Ін-це гісторыі АН Беларусі (1926—36). У 1936 рэпрэсіраваны. Працаваў у лагерах Краснаярскага краю, Сярэдняй Азіі, Казахстана. Рэабілітаваны ў 1955. У 1956—66 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Друкаваўся з 1925. Аўтар артыкулаў па гісторыі, фальклоры, этнаграфіі, краязнаўстве, бел. л-ры, даследавання «Першае мая на Беларусі» (1927, 3-е выд. 1932). Складальнік альбома бел.нар. набіванак, кн. твораў В.Маракова, В.Каваля, А.Дудара, М.Нікановіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТО́СІК (Іван) (Іосіф) Станіслававіч (н. 1.11.1933, г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. майстар маст. шклавырабаў, шліфоўшчык-алмазчык. З 1949 працуе на шклозаводзе «Нёман». Распрацаваў уласныя прыёмы ў тэхніцы алмазнай грані, шліфаваў у ёй малюнкі на унікальных творах з хрусталёвага шкла. Сярод уласных твораў: камплекты святочнага посуду (1966), «Дэсертны» (1968), «Ваза» (1970), «Гранат» (1978), прыборы «Хрусталёвае свята» (1967), «Стройны» (1980), блюда пад гародніну (1972), сервіз (1977), ваза пад гародніну ў стылі «рэтра» (1982) і інш.
Літ.:
Яницкая М.М. Художественное стекло Советской Белоруссии. Мн., 1989. С. 186.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТРА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,
песні батракоў, парабкаў, наймітаў у памешчыцкіх або кулацкіх гаспадарках; сацыяльна-бытавая нар. пазаабрадавая лірыка. Змест іх — скарга на гаротнае жыццё, цяжкую працу, здзекі гаспадара, сац. пратэст. Глыбінёй пачуцця вылучаюцца песні парабчанкі-сіраты, вымушанай жыць на «служэбным хлебе», што ела «ў сенцах за дзвярмі, аблівалася слязьмі», і наогул найміткі, бо яе хлеб таксама горкі («хто яго ўкусіць, той плакаці мусіць»). Батрацкія песні ўвабралі ў сябе больш раннія бурлацкія і некаторыя прымацкія песні, блізкія да іх сац. гучаннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
бел. эміграцыйная газета. Выдавалася з 31.10.1947 да снеж. 1966 у Мюнхене на бел. мове. З 1955 бел. тыднёвік палітыкі, культуры і грамадскага жыцця. Выдавец У.Бортнік (з 1955). Асн. задачай лічыла развіццё і паглыбленне патрыятызму ў эмігранцкім асяроддзі. Друкавала інфармацыю пра міжнар. жыццё, навіны, карэспандэнцыі пра паліт. становішча на Беларусі, матэрыялы па гісторыі, культуры, мастацтве. Выдавала дадаткі: дзіцячы «Каласкі», літ., жаночы. Пры «Бацькаўшчыне» дзейнічала выдавецтва, якое выпусціла творы Я.Купалы, Я.Коласа, Л.Калюгі, К.Чорнага і інш. Мела прадстаўніцтвы і распаўсюджвалася ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Францыі, Аўстраліі, Аргенціне і інш. краінах.