КАМП’Е́НСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1918 Заключана 11.11.1918 у канцы першай сусветнай вайны 1914—18 у Камп’енскім лесе (каля станцыі Рэтонд, Францыя) паміж Германіяй (кіраўнік дэлегацыі М.Эрцбергер) з аднаго боку, і Францыяй, Вялікабрытаніяй, ЗША і інш. краінамі антыгерм. кааліцыі — з другога (ад імя саюзнікаў падпісана маршалам Францыі Ф.Фошам). Прадугледжвала спыненне ваен. дзеянняў, вывад герм. войск з левабярэжжа Рэйна і стварэнне дэмілітарызаванай зоны на яго правым беразе, капітуляцыю герм. войск ва Усх. Афрыцы, адмову Германіі ад палажэнняў Бухарэсцкага мірнага дагавора 1918, Брэсцкага міру 1918 і інш. Было заключана на 36 дзён, але неаднаразова прадаўжалася і дзейнічала да набыцця сілы Версальскага мірнага дагавора 1919.
т. 7, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПО́ТЭ (Capote) Трумэн (30.9.1924, г. Новы Арлеан, ЗША — 25.8.1984),
амерыканскі пісьменнік. Дэбютаваў раманам «Іншыя галасы, іншыя пакоі» (1948). Адзінота і чалавек, мара і рэальнасць амер. жыцця, злачыннасць і грамадства — асн. тэмы яго твораў (зб. апавяд. «Дрэва ночы», 1949; аповесці «Лугавая арфа», 1953; «Снеданне ў Тыфані», 1958; «Самаробныя дамавінкі», 1980; дакумент. рамак «Звычайнае забойства», 1965). Аўтар аўтабіягр. апавяданняў (зб. «Музыка для хамелеонаў», 1980), эсэ, нарысаў, дарожных нататак. У творах выкарыстоўваў гатычныя матывы, гратэск і фантасмагорыю, яны адметныя лірызмам, высокім стылістычным майстэрствам і камерным псіхалагізмам.
Тв.:
Рус. пер. — Один из путей в рай. М., 1967;
Голоса травы. М., 1971.
Літ.:
Писатели США М., 1990.
Т.Я.Камароўская.
т. 8, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭ́Н-ТАНУДЖЫ́ (Cohen-Tannoudji) Клод Несім (н. 1.4.1933, г. Канстанціна, Алжыр),
французскі фізік. Чл. АН Францыі (1981). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1994). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1957). З 1960 у Нац. цэнтры навук. даследаванняў Францыі, адначасова з 1964 праф. Ун-та П. і М. Кюры і з 1973 — Калеж дэ Франс. Навук. працы па атамнай фізіцы, квантавай электроніцы і оптыцы. Зрабіў тэарэт. разлікі, распрацаваў новыя метады і ажыццявіў эксперыменты па лазерным тармажэнні атамных пучкоў, іх ахаладжэнні да анамальна нізкіх т-р (ніжэй за 10−6 К) і ўтрымліванні ў малым аб’ёме. Нобелеўская прэмія 1997 (разам з С.Чу, У.Філіпсам).
М.М.Касцюковіч.
т. 8, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РТЫЦ, Кёртыс (Curtiz) Майкл
[сапр. Кертэс (Kertész) Міхай; 24.12.1888, Будапешт — 10.4.1962],
амерыканскі рэжысёр. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў. Быў акцёрам венг. Нац. т-ра. У 1912—19 ставіў фільмы ў Венгрыі. З 1922 у краінах Зах. Еўропы, з 1926 у ЗША. Здымаў вестэрны («Вірджынія сіці», 1940; «Каманчэрас», 1961), гіст. драмы («Сцежка на Санта-Фе», 1940), экранізацыі гіст. твораў («Марскі воўк» паводле Дж.Лондана, 1941), сац. драмы («Хаціна ў бавоўніку», 1932, у сав. пракаце «Здрада Марвіна Блейка»; «Анёлы з бруднымі тварамі», 1938), героіка-прыгодніцкія фільмы («Капітан Блад», 1935, у сав. пракаце «Адысея капітана Блада»; «Прыгоды Робін Гуда», 1938; «Касабланка», 1943, прэмія «Оскар»).
т. 8, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́МВЕЛА ЦЯЧЭ́ННЕ, экватарыяльнае падпаверхневае проціцячэнне Ціхага акіяна. Рухаецца на У пад Паўднёвым Пасатным цячэннем ад раёна Новай Гвінеі да а-воў Галапагас; даўж. 15 тыс. км, шыр. каля 300 км. Ядро К.ц. з хуткасцю да 5—6 км/гадз рухаецца ўздоўж экватара або адхіляецца ад яго на адлегласць да 100 км. На З акіяна ядро знаходзіцца на глыб. 200 м, на У —50 м і пры аслабленні пасатных вятроў выходзіць на паверхню. Расход вады 25—40 млн. м³/сек. К.ц. з’яўляецца кампенсацыйным і важным у цыркуляцыі водных мас Ціхага ак. ў экватарыяльных шыротах. Адкрыта ў 1952 экспедыцыяй ЗША пад кіраўніцтвам акіянографа Т.Кромвела, названа яго імем.
т. 8, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДА́САВА Надзея Сяргееўна (н. 19.9.1932, в. Дзякавічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. самадз. мастачка. Другая жонка Я.Запрудніка. У 1944 з сям’ёй старэйшага брата выехала ў Германію. З 1950 у ЗША. Жыве ў г. Самэрсэт (штат Нью-Джэрсі), працавала лабаранткай у мед. школе. Адна з арганізатараў выставак бел. мастацтва і ўмельства ў г. Саўт-Рывер (з 1974), уваходзіць у кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў. Працуе ў тэхніцы акварэлі і алейнага жывапісу, У творчасці адлюстроўвае маляўнічыя бел. краявіды, узаемадзеянне чалавека з прыродай — «Сланечнік» (1970-я г.), «Бярозы» (1976), «Васількі» (1989) і інш. Творы ўпрыгожваюць бел. цэрквы і культ.-грамадскія цэнтры за мяжой.
А.С.Ляднёва.
т. 8, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НКАСТЭР (Lancaster) Бёрт (сапр. імя Бёртан Стывен; 2.11.1913, Нью-Йорк — 1994),
амерыканскі кінаакцёр. У кіно з 1946. Ствараў вобразы валявых, моцных духам людзей, здольных супрацьстаяць неспрыяльным абставінам. Сярод яго работ вострахарактарныя («Элмер Гантры», 1960, прэмія Оскар 1961; «Буфала Біл і індзейцы», 1976), тонкапсіхал. («Леапард», 1962; «Сямейны партрэт у інтэр’еры», 1975) і трагічныя («Нюрнбергскі працэс», 1961) ролі. Зняўся ў фільмах: «Птушкалоў з Алькатраса» (1962; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Сем дзён у маі» (1964), «Дваццатае стагоддзе» (1976), «Шкура» (1980), «Мясцовы герой» (1983) і інш. Вядучы каментатар створанай сав. дакументалістамі кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979), у пракаце ЗША наз. «Невядомая вайна».
Літ.:
Карцева Е.Н. Берт Ланкастер. М., 1983.
т. 9, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́РЧАНКА Станіслаў Міронавіч (н. 21.1.1938, Масква),
бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). У 1969—93 выкладаў у Бел. АМ. Творам уласціва спалучэнне традыцый стараж. пластыкі з сучаснымі формамі маст. выражэння. Сярод твораў: манум.-скульпт. кампазіцыі «Флейтыст» у гасцініцы «Турыст» (1973) і «Асветнікі» ў грамадска-культ. цэнтры мікрараёна Паўд. Захад (1983—84) у Мінску; «Мадонны Чарнобыля» ў г. Любек (1992) і «Рускі анёл» у г. Вармзен (1995) у Германіі; рэльефы «Пераемнасць культур» у бібліятэцы г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1990). «Сцяна міру» для г. Небраска (ЗША, 1993); станковыя кампазіцыі «Купальскія гульні» (1978), «Возера Нарач» (1980), «Зямля» (1981), скульптура «Дакрананне» (1997).
Г.А.Фатыхава.
т. 9, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МАН (Lehmann) Лотэ (27.2.1888, г. Перлеберг, Германія — 26.8.1976),
нямецкая спявачка (лірыка-драм. сапрана). Вучылася ў Берлінскай вышэйшай школе музыкі. З 1910 салістка Гамбургскай, з 1914 — Венскай дзярж. опер. У 1924—38 у т-ры «Ковент-Гардэн» у Лондане. З 1930 выступала ў ЗША як оперная (у 1934—45 у т-ры «Метраполітэн-опера») і камерная спявачка. Адна з буйнейшых выканальніц гал. партый у операх Р.Вагнера («Золата Рэйна», «Пярсцёнак нібелунга», «Лаэнгрын», «Тангейзер») і Р.Штрауса («Арабела», прысвечана Л.; «Арыядна на Наксосе», «Жанчына без ценю», «Інтэрмецца», «Кавалер ружы»). З інш. партый: Ганна («Віндзорскія свавольніцы» О.Нікалаі), Леанора («Фідэліо» Л.Бетховена). З 1951 выкладала.
т. 9, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕ́ТАПІС БЕЛАРУ́СКАЙ ЭМІГРА́ЦЫІ»,
часопіс. Выдаваўся з 1947 на бел. мове неперыядычна. Заснавальнік Л.Галяк. Спачатку выходзіў у Германіі, з 1955 — у ЗША. У 1947—80 выйшла 14 нумароў пад назвай «Летапіс». У 1980—84 не выдаваўся. Адноўлены ў кастр. 1984 па ініцыятыве і пад рэдакцыяй М.Панькова; выходзіў пад назвай «Летапіс жыцця беларускай эміграцыі». З вер. 1985 — «Л.б.э.». Друкаваў дакументы і матэрыялы з асабістага архіва заснавальніка, па гісторыі бел. эміграцыі з 1920-х г., інфармаваў пра навіны бел. друку. Шэраг матэрыялаў надрукаваны лацінкай, на англ. і польск. мовах. Пры рэдакцыі існавалі архіў і б-ка. Да крас. 1991 выйшла 76 нумароў.
Г.В.Запартыка.
т. 9, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)