МЕ́ЛЬНІКАЎ (Мікалай Пракопавіч) (20.12.1908, в. Быкі Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 20.6.1982),

расійскі вучоны ў галіне буд. механікі і тэорыі формаўтварэння метал. канструкцый. Акад. АН СССР (1979). Скончыў Кіеўскі інж.-буд. ін-т (1934). З 1933 у Цэнтр. навукова-даследчым і праектным ін-це буд. металаканструкцый у Маскве (з 1944 дырэктар). Навук. працы па тэорыі формаўтварэння і кампаноўцы стальных канструкцый ядз. рэактараў і метадах іх разліку, вывучэнні шматслойных звышмагутных сферычных пасудзін ціску, аўтаматызаваным праектаванні металаканструкцый. Ленінская прэмія 1975, Дзярж. прэміі СССР 1949, 1950, 1951, 1969.

т. 10, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІЦКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1501.

Выдадзены 25.10.1501 новаабраным каралём польскім Аляксандрам (вял. князь ВКЛ з 1492) у г. Мельнік (Падляшскае ваяв. ВКЛ, цяпер у Польшчы). Быў вымушанай уступкай Аляксандра польскай магнацкай алігархіі пры заключэнні уніі ВКЛ і Польшчы (гл. Мельніцкі акт 1501). Паводле М.п. без згоды сената дзеянні караля не мелі юрыд. сілы. Пры парушэнні дзярж. актаў каралём сенат меў права яго дэтранізаваць і абраць новага. Шырокае супраціўленне шляхты Польшчы і ВКЛ устанаўленню магнацкай алігархіі дазволіла каралю не выконваць палажэнні М.п. Скасаваны ў 1504—05.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 10, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНГЛІ́-ГІРЭ́Й, Менглы-Герай (?—1515),

крымскі хан [1468—1515]. З дынастыі Гірэяў, сын Хаджы-Гірэя, заснавальніка Крымскага ханства. Пры М.-Г. адбылося канчатковае аддзяленне ханства ад Залатой Арды. З 1473 у саюзе з Маскоўскай дзяржавай супраць ВКЛ і Польшчы, ажыццявіў шэраг набегаў на іх тэрыторыю (гл. Клецкая бітва 1506). У 1475 прызнаў васальную залежнасць ад Турцыі. Вёў войны з Залатой Ардой, у 1502 нанёс ёй канчатковае паражэнне. Рэарганізаваў дзярж. апарат, у 1502—03 перанёс сталіцу ханства з Салхата (Стары Крым) у Бахчысарай. З 1512 саюзнік ВКЛ і Польшчы.

т. 10, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́РНІК, мернічы, мерчы, геаметр,

службовая асоба ў ВКЛ у 16—18 ст., якая займалася вызначэннем межаў і вымярэннем зямельных участкаў, з’яўлялася членам падкаморскага суда. Пасада М. стала асабліва пашыранай з пачаткам валочнай памеры. Звычайна М. назначалі з шляхціцаў, аселых у адпаведным павеце (гл. таксама Каморнік). У 18 ст. ўведзена пасада генеральнага М. ВКЛ. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі (канец 18 ст.) мерніцтвам займаліся рас. землямеры, якія былі дзярж. службоўцамі. М. да часу скасавання Статута ВКЛ у 1840 выконвалі другарадныя дапаможныя абавязкі.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 10, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЦЭНА́Т (Гай Цыльній) (Gaius Cilnius Maecenas; паміж 74 і 64—8 да н.э.),

рымскі дзярж. дзеяч, прыбліжаны імператара Аўгуста, прыхільнік манархіі. Не займаючы афіц. пасад, выконваў для Аўгуста важныя паліт. і дыпламат. місіі, у т. л. заключыў дагаворы з Маркам Антоніем у Брундызіі (40) і Тарэнце (37). У 31—30 замяшчаў у Рыме Актавіяна, які выехаў на Усход. Вядомы сваім уплывам на літ. жыццё Рыма, апекаваўся паэтамі Вергіліем, Гарацыем, Праперцыем і інш. Ад твораў М. захаваліся ўрыўкі. Прозвішча М. як апекуна дзеячаў навукі і мастацтва стала хадзячай (пераноснай) назвай.

т. 10, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «ЗАВО́Д ГАРЫЗО́НТ».

Засн. ў 1950 у Мінску як радыёзавод. З 1997 сучасная назва. У 1951 была выпушчана першая радыёла «Мінск Р-7», у 1955 — першыя тэлевізары «Беларусь», з 1968 — тэлевізары сям’і «Гарызонт». З 1972 галаўное прадпрыемства Мінскага вытв. аб’яднання «Гарызонт». У склад ВА «Гарызонт» уваходзяць таксама «З-д Альмагор», навук.-вытв. комплекс «Сігнал», НДІ лічбавага тэлебачання, спецыялізаванае прадпрыемства «Кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання», з-д «Беліт», дзярж. выпрабавальны цэнтр «Белліс» і інш. Асн. прадукцыя (1999): тэлевізары каляровага адлюстравання з памерамі экрана па дыяганалі 37, 50, 61, 63, 70 см.

т. 10, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЮРЫДЫ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т,

вышэйшая навуч. ўстанова ў 1931—54, у Мінску. Засн. на базе ф-та сав. будаўніцтва і права (з 1930), які вылучыўся з ф-та права і гаспадаркі (з 1925) БДУ. Да 1932 наз. Мінскі ін-т сав. будаўніцтва і права. Рыхтаваў спецыялістаў для юрыд. і судова-следчых органаў, дзярж. апарата, НДІ і навуч. устаноў. Пры ін-це існавала аспірантура. Выдаваліся «Працы», «Вучоныя запіскі». У 1954 у ін-це навучалася 2200 чал., працавала каля 70 выкладчыкаў. У 1954 пераўтвораны ў юрыд. ф-т БДУ.

т. 10, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЮ́К (Сцяпан Андрэевіч) (Н. 25.2.1948, в. Крывіца Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1994). Скончыў БДУ (1969). З 1978 у Гродзенскім дзярж. ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па тэорыі дынамічных сістэм, якаснай тэорыі аптымальнага кіравання. Распрацаваў крытэрыі кіравальнасці, назіральнасці і паўнаты лінейных сістэм розных тыпаў; алгарытмы аптымізацыі, фільтрацыі і рашэння некаторых класаў задач.

Тв.:

О решении некоторых задач оптимального управления для линейных систем функционально-дифференциальных уравнений (разам з В.​К.​Бойкам) // Изв. РАН. Теория и системы управления. 1998. № 4.

т. 10, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАЧЫ́ЦКАЯ (Ірына Уладзіміраўна) (н. 4.3.1941, в. Скорычы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. эканаміст. Канд. эканам. н. (1979), праф. (1994). Скончыла Гродзенскі с.-г. ін-т (1962). З 1985 у Бел. дзярж. эканам. ун-це. Асн. працы па праблемах эканомікі і арг-цыі жывёлагадоўлі, кааперацыі ў АПК, фарміраванні харч. рынкаў АПК у рэспубліцы.

Тв.:

Организация и планирование агропромышленного комплекса: В 3 ч. Ч. 1—2. Мн., 1987—89;

Эффективность производства продукции скотоводства. Мн., 1992 (разам з М.​А.​Бычковым);

Кооперация в теории и практике сельскохозяйственного производства. Мн., 1993 (з ім жа).

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРУ́К (Віктар Фёдаравіч) (21.6.1941, в. Глівін Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

расійскі вучоны ў галіне ваенных навук. Акад. Акадэміі ваен. навук Расіі (1997). Д-р ваен. навук (1994), праф. (1995). Ген.-палкоўнік (1991). У Сав. Арміі з 1960. Скончыў Яраслаўскае ваен.-тэхн. вучылішча войск ППА (1962), Ваен. камандную акадэмію проціпаветр. абароны імя Г.​К.​Жукава (1975), Ваен. акадэмію Генштаба (1987). Праходзіў службу на розных камандных пасадах. З 1991 — нам. галоўнакамандуючага войскамі ППА Расіі. Навук. працы ў галіне ваен. навукі і тэхнікі. Дзярж. прэмія Рас. Федэрацыі 1997.

Б.​Дз.​Даўгатовіч.

т. 10, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)