НІКАЛАЕ́ВІЧ Аляксей Мікалаевіч (14.2.1904, в. Астроўна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 2.3.1965),

генерал-лейтэнант (1958). Скончыў Маскоўскую артыл. школу (1927), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1954). У Чырв. Арміі з жн. 1920. У Вял. Айч. вайну на Волхаўскім, Ленінградскім, Данскім, 1-м і 2-м Укр. франтах: камандзір артпалка, нам. нач. артылерыі арміі, нам. камандуючага па тыле. Удзельнік абароны Ленінграда, вызвалення Украіны, Яска-Кішынёўскай, Сілезскай, Берлінскай і Пражскай аперацый. У 1945—63 у Сав. Арміі, нам. нач. Ваен. акадэміі імя Фрунзе.

т. 11, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КІЕЎ МІР (ад імя правадыра партыі міру ў Афінах Нікія),

мірны дагавор, заключаны ў 421 да н.э. паміж Афінскім марскім саюзам і Пелапанескім саюзам на чале са Спартай. Завяршыў 1-ы этап Пелапанескай вайны. Быў заключаны на 50 гадоў на ўмовах вяртання палонных і захопленых тэрыторый. Н.м. не ліквідаваў асн. прычын вайны, выклікаў незадаволенасць спартанскіх саюзнікаў і афінскай партыі вайны на чале з Алківіядам і пастаянна парушаўся. Поўнамаштабныя баявыя дзеянні аднавіліся ў 415 з пачаткам афінскай экспедыцыі на Сіцылію.

Я.​У.​Новікаў.

т. 11, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРКІНСАНІ́ЗМ,

сіндром, які характарызуецца спалучэннем гіпакінезіі (парушэнне рухаў), рыгіднасці і дрыжання ў спакоі. Назва ад імя англ. ўрача Дж.​Паркінсана. Абумоўлены пашкоджаннем падкоркавых вузлоў галаўнога мозга (базальных ядраў, чорнага рэчыва). Асн. праява самаст. захворвання — Паркінсона хваробы. Бывае вынікам атэрасклерозу сасудаў галаўнога мозга, эпідэмічнага энцэфаліту, пухлін ц. н. с.; зрэдку ад таксічных пашкоджанняў галаўнога мозга (напр., атручэнне ртуццю, марганцам). Пры П. назіраецца зніжэнне агульнай рухальнай актыўнасці, твар хворага маскападобны, дрыжанне пераважна ў спакоі, трафічныя змены скуры, павышанае сліна- і потавыдзяленне. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТНО́ВА Зінаіда Мартынаўна (20.2.1926, С.-Пецярбург, Расія — студз. 1944),

удзельніца камсам. падполля і партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1958). З 1942 чл. к-та Обальскага камсамольска-маладзёжнага падполля. Распаўсюджвала лістоўкі, удзельнічала ў дыверсіях на цагельным з-дзе, электрастанцыі і вадакачцы чыг. ст. Обаль і інш. Разведчыца партыз. атрада імя Варашылава: пранікала ў варожыя гарнізоны і здабывала каштоўныя звесткі. У снеж. 1943 пасля выканання чарговага задання схоплена фашыстамі. На допыце застрэліла афіцэра. Закатавана.

З.М.Партнова.

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ЎСКІ Альварэс Іванавіч (н. 27.7.1937, г. Віцебск),

бел. матэматык і педагог. Канд. фіз.-матэм. н. (1968), праф. (1991). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1961). З 1966 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН БССР. У 1969—81 і з 1987 у Бел. дзярж. пед. ун-це імя М.​Танка (з 1987 заг. кафедры). У 1981—87 дырэктар інфарм. выліч. цэнтра Мін-ва асветы Беларусі. Навук. працы па матэм. кібернетыцы, тэарэт. інфарматыцы, методыцы выкладання матэматыкі і інфарматыкі. Аўтар навуч. дапаможнікаў для школ.

т. 12, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТЛЯКО́Ў Уладзімір Міхайлавіч (27.6.1891, г.п. Самбек Навашахцінскага гарсавета Растоўскай вобл., Расія — 12.1.1942),

расійскі авіяканструктар. Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя М.​Баўмана (1922). З 1921 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це, з 1936 гал. канструктар на авіяцыйным з-дзе. Удзельнічаў у праектаванні самалётаў АНТ-2, АНТ-20 «Максім Горкі» (пад кіраўніцтвам А.​М.​Тупалева), кіраваў стварэннем бамбардзіроўшчыкаў ТБ-1 (АНТ-4), ТБ-3 (АНТ-6), ТБ-7 (Пе-8), Пе-2 і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

Гай Д.И. Профиль крыла. М., 1981.

т. 12, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНЧУ́К Веньямін Барысавіч (30.11.1908, г.п. Валадарск-Валынскі Жытомірскай вобл., Украіна — 21.8.1987),

расійскі скульптар. Нар. маст. СССР (1969). Правадз. чл. АМ СССР (1970). Вучыўся ў маскоўскім Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1928—30), Ленінградскай АМ (1930—32). З 1948 выкладаў у Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (з 1962 праф.). У творчасці звяртаўся да вобразаў сав. паліт. дзеячаў (У.​І.​Леніна, М.​І.​Калініна, І.​В.​Сталіна). Дзярж. прэмія СССР 1950.

В.Пінчук. У.​Ленін у Разліве. 1935.

т. 12, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЯЖНЫ́ СТАНО́К,

металарэзны станок для апрацоўкі паверхняў рознай формы працягваннем.

П.с. класіфікуюць: па кампаноўцы (гарыз. і верт.); прызначэнні (унутранага і вонкавага працягвання); характары адноснага руху рабочага органа (са зваротна-паступальным і паступальным па замкнёным контуры); колькасці рабочых органаў (адзінарныя і здвоеныя (дуплексы)); ступені механізацыі (звычайныя, паўаўтаматы, аўтаматы); ступені універсальнасці (агульнага прызначэння, спецыяльныя і спецыялізаваныя). Найб. пашыраныя: П.с. гарыз. (выкарыстоўваюць для ўнутранага працягвання) і верт. (для працяжных работ).

На Беларусі вырабляюцца на Мінскім станкабуд. з-дзе імя С.​М.​Кірава.

В.​І.​Шагун.

т. 13, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЭЙ, Пей (Pei) Ёх Мінг (н. 26.4.1917, г. Гуанчжоў, Кітай), амерыканскі архітэктар. З 1935 вывучаў архітэктуру ў ЗША. Раннія работы выкананы пад уплывам ням. архітэктараў В.Гропіуса і Л.Міс ван дэр Роэ (вышынны будынак «Цэнтр» у Дэнверы, 1955). З канца 1960-х г. развівае ўласны арх. стыль: Нац. цэнтр атм. даследаванняў у Булдэры (1967), Нац. галерэя мастацтваў у Вашынгтоне (1978), б-ка імя Кенэдзі ў Бостане (1979), шкляныя піраміды перад будынкам Луўра ў Парыжы (1985—93) і інш. Праектаваў таксама ў Кітаі.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ТУРЭ́ЦКІЯ САЮ́ЗНЫЯ ДАГАВО́РЫ.

Дагаворам 1799, падпісаным 3 студз. ў Стамбуле тэрмінам на 8 гадоў, аформлена далучэнне Турцыі да 2-й антыфранц. кааліцыі. Расія ад імя саюзнікаў гарантавала недатыкальнасць тэр. Асманскай імперыі, якая была парушана ўварваннем французаў у Егіпет (гл. Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801). У сакрэтных арт. дагавора Расія абяцала ваен. дапамогу Турцыі ў барацьбе з французамі. Дагаворам 1805, падпісаным 23 вер. ў Стамбуле, пацверджаны дагавор 1799. Страціў сілу з пач. рус.-турэцкай вайны 1806—12 (гл. Руска-турэцкія войны 17—19 ст.).

т. 13, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)