дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на ПнЗ п-ва Індакітай. Мяжуе на З з Бангладэш і Індыяй, на У з Кітаем, Лаосам, Тайландам. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. і Алдаманскім м.Пл. 676,6 тыс.км². Нас. 48,1 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — м’янма (бірманская). Сталіца — г.Янгон (Рангун). Падзяляецца на 14 адм. адзінак (7 нац. аўтаномных і 7 адм. абласцей). Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 студз.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Да правядзення парламенцкіх выбараў уладу ў краіне ажыццяўляе Дзярж. савет міру і парадку, старшыня якога займае пасады кіраўніка дзяржавы, прэм’ер-міністра і міністра абароны.
Прырода. Пераважае горны рэльеф. У цэнтр.ч. — падоўжнае паніжэнне з р. Іравадзі, якое ў восевай ч. занята раўнінай, на Пд — нізіннай дэльтай. На Зсістэма сярэдневысокіх, глыбока парэзаных складкавых гор; гал. хрыбты Пакхайн (на Пн) і Ракхайн (на Пд). На крайняй Пн горы да 5881 м (г. Кхакабаразі). На У Шанскае нагор’е з чаргаваннем горных хрыбтоў (выш. каля 1,5 тыс.м) і катлавін. Бываюць землетрасенні. На тэр. М. адкрыты і разведаны радовішчы нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю, руд нікелю, вальфраму, волава, медзі, свінцу, жалеза, сурмы, золата, каштоўных і вырабных камянёў (рубін, жадэіт, сапфір, ювелірная шпінель) і інш. Клімат субэкватарыяльнага пояса. на Пд з мусонным рэжымам ападкаў, на Пн пераходны да субтрапічнага. У раўнінных раёнах сярэдняя т-растудз. на Пд каля 20—25 °C, на Пн 13—15 °C, найб. горача ў сак.—крас. (30—32 °C). Ападкаў у гарах да 2000—3000 мм, месцамі да 5000 мм, ва ўнутр. катлавінах 500—1000 мм за год. Чэрв.—кастр. — перыяд дажджоў. Рэкі мнагаводныя, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Галоўныя: Іравадзі (найб. прыток Чындуін), Салуін, Каладан, Сітаўн. Больш як палавіна тэр. пад лесам. На нізінах і ў перадгор’ях пальмы, фікусы, бамбук. вышэй — каштоўныя пароды (цік, сал), у цэнтр. раёнах — лістападныя лясы, саванны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: сланы, тыгры, насарогі, леапарды, шакалы, гімалайскі і малайскі мядзведзі, малпы, куніцы. Шмат птушак, насякомых. На тэр. М. — рэзерваты Підаўн, Шуэдаўн і інш.
Насельніцтва. Каля 75% складаюць м’янма (бірманцы), народ тыбета-бірманскай моўнай групы, да якой у М. належаць карэны (больш за 3,5 млн.чал.), чыны (каля 0,9 млн.), качыны (каля 0,7 млн.), кая (каля 150 тыс.); да тайскай моўнай групы адносяцца шаны (больш за 3 млн.чал.), да аўстраазіяцкай сям’і — моны (каля 0,7 млн.). На Пд і ў буйных гарадах — каля 0,5 млн. выхадцаў з Індыі і Бангладэш, 0,4 млн. кітайцаў. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (каля 90%); мусульман 4%, хрысціян і індуістаў — па 1,5%. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,65%. Сярэдняя шчыльн. каля 71 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне і дэльце Іравадзі, дзе шчыльн. дасягае 1000 чал. на 1 км². Павышаная шчыльн. на марскім узбярэжжы, рэдкая — у горных і лясных раёнах (1—5 чал. на 1 км²). У гарадах 26% насельніцтва. Найб. горад Янгон — 3873 тыс.ж. (1998). Каля 400—500 тыс.ж. у гарадах Мандалай, Басейн, Малам’яйн, М’ей. У сельскай гаспадарцы занята 67% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 10%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з ніжняга палеаліту. З 9 ст. тут пасяліліся плямёны бірманцаў (м’янма). Яны стварылі дзяржаву Паган, якая дасягнула росквіту ў 11—13 ст. У канцы 13 ст. Паган разгромлены манголамі (гл.Мангольскія заваяванні) і распаўся. У сярэдзіне 18 ст. адбылося аб’яднанне краіны пад уладай дынастыі Канбаўн. У выніку англа-бірманскіх войнаў (1824—26, 1852—53, 1885) М. заваявана Вялікабрытаніяй. У 1886—1937 — у складзе Брыт. Індыі, з 1937 — асобная калонія (англ. — Бірма). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі, барацьбу супраць якіх узначаліла створаная ў 1944 Антыфашысцкая ліга народнай свабоды (АЛНС) на чале з Аун Санам. У маі 1945 вызвалена ў выніку ўзбр. паўстання на чале з АЛНС пры падтрымцы брыт. войск. На парламенцкіх выбарах 1947 перамагла АЛНС, яе лідэр У Ну стаў прэм’ер-міністрам краіны.
4.1.1948 абвешчаны незалежны Бірманскі саюз. Унутрыпаліт. становішча краіны было няўстойлівым з-за вострай барацьбы паміж паліт. партыямі, грамадз. вайны супраць камуністаў і нац. меншасцей на ўскраінах М. 2.3.1962 вайскоўцы скінулі ўрад У Ну. Новы ўрад на чале з Не Вінам прыняў праграму «Бірманскі шлях да сацыялізму» і абвясціў сацыяліст. арыентацыю краіны. Была створана адзіная легальная партыя — Бірманская партыя сацыяліст. праграмы. У 1974 прынята новая канстытуцыя, краіна атрымала назву Бірманскі Сацыяліст. Саюз. Курс на сацыяліст. арыентацыю ў 1960—80-я г. скончыўся правалам. У выніку масавых нар. выступленняў у сак.—жніўні 1988 Не Він падаў у адстаўку. 18.9.1988 адбыўся ваен. пераварот і ўлада перайшла да Дзярж. савета па аднаўленні законнасці і парадку (ДСАЗП; з ліст. 1997 — Дзярж. савет міру і развіцця) на чале з ген. Тан Шве. З 1989 краіна наз. Саюз М. На выбарах 1990 80% месцаў у парламенце заваявала гал. апазіцыйная арг-цыя — Нац. ліга за дэмакратыю (НЛД) на чале з Аун Сан Су Чжы. ДСАЗП адмовіўся перадаць уладу парламенту і арыштаваў лідэраў апазіцыі. У студз. 1993 ён стварыў Нац. канстытуцыйную канферэнцыю (НКК) для распрацоўкі новай канстытуцыі. У 1995 прадстаўнікі НЛД выйшлі з НКК і стварылі Парламенцкі прадстаўнічы к-т дэпутатаў, выбраных у 1990. Частка дэпутатаў на чале з Сейн Лвінам стварыла за мяжой «Нацыянальны кааліцыйны ўрад».
М. — чл.ААН (з 1948), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1997). Дыпламат. адносіны паміж Саюзам М. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены 22.9.1999. Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нац. ліга за дэмакратыю, Партыя нац. адзінства.
Гаспадарка. М. — агр. краіна з цэнтралізаваным планаваннем эканомікі. Даход на 1 чал. адзін з самых нізкіх у свеце, не перавышае 250—300 дол. ЗША за год. Праведзена агр. рэформа, створаны дзярж. сектар (буйныя прамысл. прадпрыемствы, чыг., унутр. водны і паветр. транспарт, цэнтр. банк і інш.); дзяржава кантралюе знешні гандаль і крэдытна-фін. сістэму. У дзярж. і каап. сектарах ствараецца больш за 50% валавога ўнутр. прадукту. Сельская гаспадарка разам з лясной і рыбалоўствам дае каля 60% нац. даходу. Пад с.-г. ўгоддзямі 15% тэр. (больш за 10 млн.га). Арашаецца каля 2 млн.га, з некаторых участкаў збіраюць 2 і больш ураджаяў за год. Асн. частку прадукцыі даюць дробныя гаспадаркі (да 3—4 га). Гал.с.-г. раёны — даліна і дэльта р. Іравадзі, марское ўзбярэжжа. Збор (тыс.т, 1995): рысу — 20 100 (гал.с.-г. культура, займае больш за палавіну с.-г. зямель), кукурузы — 275, пшаніцы — 147, проса — 150, арахісу — 501, кунжуту — 966. Цукр. трыснягу сабрана 2,2 млн.т, агародніны — 2,2 млн.т, фруктаў (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга) — 1 млн.т. Вырошчваюць таксама батат, маніёк, бавоўнік, джут, тытунь, сланечнік, перац, каву, чай, каўчуканосы. М. — буйнейшы ў свеце вытворца опіуму-сырцу (больш за 2,5 тыс.т штогод). Больш за 80% усіх пасеваў рысу — у ніжняй ч. даліны Іравадзі і яе дэльце. У больш засушлівай ч. даліны вырошчваюць проса, кукурузу, бабовыя, кунжут, арахіс, бавоўнік, сланечнік, на Шанскім нагор’і — пшаніцу, цытрусавыя, чай, батат, маніёк, на ўзбярэжжы — каўчуканосы і какосавую пальму. Жывёлагадоўля развіта слаба, буйн. раг. жывёлу і буйвалаў выкарыстоўваюць як цяглавую сілу. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 10,5, буйвалаў 2,3, свіней 3,5, коз 1,3, авечак 0,37. У сельскай і лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць прыручаных сланоў (каля 1 тыс.). Пашавая жывёла гадоўля найб. развіта на Шанскім нагор’і. Вытв-сць (1995, тыс.т): малака кароў і буйваліц 548, свініны 102, ялавічыны і цяляціны 92. Развіта птушкагадоўля, у 1997 было 33 млн. курэй. Пашырана марское і рачное рыбалоўства, у 1997 вылаўлена 830,3 тыс.т рыбы. Здабыча жэмчугу. Лясная гаспадарка займае самаст. месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўваецца драўніна ціку (каля 70% сусв. прадукцыі), а таксама інш. цвёрдых лісцевых парод. Развіты гарнарудная і апрацоўчая прам-сць. Здабываюць (1995) нафту — каля 1 млн.т, прыродны газ — 1,9 млрд.м³, каменны вугаль — 48 тыс.т, руды цынку, свінцу, вальфраму, волава, медзі і інш., каштоўныя і вырабныя камяні. У 1996 атрымана 3,8 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Электрастанцыі працуюць пераважна на прыродным газе ў найб. гарадах, ёсць ГЭС на горных рэках. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці — харч. (рысаачышчальная, рыбаперапр., алейная, цукр., тытунёвая) і тэкст. (вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін, джутавых вырабаў). Ёсць свінцова-цынкавы камбінат, 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць 1 млн.т), металургічны з-д (выпускае штогод 50—100 тыс.т сталі), прадпрыемствы суднабудаўнічыя і суднарамонтныя, трактара-, аўта- і велазборачныя, па вытв-сці азотных угнаенняў і фармацэўтычных тавараў, цэм. і цагельныя з-ды. Працуюць лесапільні, прадпрыемствы па вырабе абутку, запалак, цэлюлозы і паперы. Развіта саматужная вытв-сцьс.-г. прылад, мэблі, посуду, тканін, лакіраваных і плеценых вырабаў, прадметаў будыйскага культу, разьбярства па дрэве, слановай косці і серабру. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі вырабляецца ў г. Янгон. Транспарт унутр. водны, чыг., аўтамаб., марскі. Працягласць унутр. водных шляхоў больш за 8 тыс.км. Гал.трансп. артэрыя — р. Іравадзі і яе прыток Чындуін, суднаходныя таксама ніжнія цячэнні рэк Салуін і Каладан. Даўж. чыгункі 5060 км. Асн. лініі ў даліне р. Іравадзі, злучаюць унутр. раёны з марскімі партамі. Аўтадарог 27 тыс.км. У краіне 35 тыс. легкавых аўтамабіляў, 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі, пашыраны кабатажныя перавозкі. Гал. парты: Янгон, Басейн, Малам’яйн, Сітуэ. Гал.ўнутр. порт і трансп. вузел Мандалай. 19 аэрапортаў, міжнар. аэрапорты каля Янгона і Мандалая. У 1996 экспарт склаў 1,1 млрд.дол., імпарт — 2 млрд.дол. М. экспартуе драўніну і піламатэрыялы, рыс, каўчук, каштоўныя і вырабныя камяні, канцэнтраты і руды каляровых металаў, імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Кітай, Японія, Сінгапур, Інданезія. Грашовая адзінка — к’ят (чжа або джа).
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС і ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (нар. паліцыя і нар. міліцыя). Агульная колькасць (1999) больш за 0,5 млн.чал., у т. л. 429 тыс.чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета міру і парадку. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 400 тыс.чал., 235 танкаў, 270 бронетранспарцёраў, 250 гармат і інш. У ВПС 9 тыс.чал., 91 баявы самалёт, 18 баявых верталётаў. У ВМС каля 20 тыс.чал., у т. л. 800 чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў (5 дэсантных), 63 катэры, у т. л. 3 ракетныя.
Літ.:
Можейко И.В., Узянов АН. История Бирмы (Краткий очерк). М., 1973.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы).
Герб і сцяг М’янмы.Да арт.М’янма: 1 — ландшафт у цэнтральнай частцы М’янмы; 2 — ірыгацыйная сістэма Чэмоўтау.Да арт.М’янма. Пагада Шуэдагоўн (Шведагон) у Рангуне. 14 ст., неаднаразова перабудаваная да 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МБІЯ (Gambia),
Рэспубліка Гамбія (Republic of the Gambia), дзяржава на З Афрыкі. На Пн, У і Пд мяжуе з Сенегалам, на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 5 абласцей і сталічную акругу. Пл. 11,3 тыс.км². Нас. 1042 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Банджул. Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 лют.).
Дзяржаўны лад. Гамбія — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. орган — аднапалатны парламент (Палата прадстаўнікоў) з 50 дэпутатаў, 36 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 5 — правадырамі плямён, 7 прызначаюцца прэзідэнтам. Выканаўчая ўлада належыць ураду.
Прырода. Краіна займае нізінную даліну р. Гамбія (даўж. 322 км), складзеную з пясчанікаў і алювіяльных адкладаў. Клімат экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летнім (чэрв.—кастр.) і сухім зімовым (ліст.—май) сезонамі. Сярэдняя т-раліп. каля 27 °C, лютага каля 23 °C. Ападкаў за год ад 1500 мм на З да 750 мм на У. Пераважае расліннасць саваннаў з акацыямі, пальмамі, баабабамі. Пад лесам 20% тэрыторыі. Па р. Гамбія — галерэйныя лясы. Нац. парк Рывер-Гамбія, рэзерват Абука.
Насельніцтва. Жывуць зах.-афр. народы мандынга (42%), фульбе (18%), волаф (16%), дыёла (10%), сараколе (9%) і інш. Еўрапейцаў і выхадцаў з Азіі каля 1 тыс.чал. 90% вернікаў мусульмане, 9% хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 92,2 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 30% насельніцтва. Найб. (1993, тыс.ж.): Банджул — 150, Серэкунда — 102. У сельскай гаспадарцы занята 75% насельніцтва, у прам-сці, гандлі і абслуговых галінах — 18,9, у кіраванні — 6,1%.
Гісторыя. Са стараж. часоў тэр. Гамбіі была заселена плямёнамі негроіднай расы. Уваходзіла ў імперыі Малі (13—15 ст.) і Сангаі (15—16 ст.). Да пач. 19 ст. насельніцтва Гамбіі ісламізавана, узнікалі дзярж.-рэліг. ўтварэнні феад. тыпу. З еўрапейцаў першымі ў Гамбію ў сярэдзіне 15 ст. прыйшлі партугальцы. У 16 ст. тут з’явіліся англ., франц., галандскія купцы. Пасля працяглага саперніцтва паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 правы на тэр. Гамбіі атрымала Вялікабрытанія. У 1816 у вусці р. Гамбія англічане пабудавалі г. Батэрст (цяпер Банджул). Да пач. 20 ст. ўся тэр. Гамбіі абвешчана брыт. пратэктаратам. Дзейнічала сістэма ўскоснага кіравання, калі ўлада на месцах была сканцэнтравана ў руках 35 традыц. правадыроў. У 1930—40-х г. афрыканцы ўсё больш удзельнічаюць у рабоце адм. органаў калоніі. У 1950-я г. ўзніклі паліт. партыі. У кастр. 1963 у Гамбіі ўведзена ўнутр. самакіраванне.
18.2.1965 абвешчана незалежнасць (у рамках брыт. Садружнасці). З 23.4.1970 Гамбія — рэспубліка, яе прэзідэнтам стаў лідэр Нар. прагрэсіўнай партыі Д.К.Джавара. З канца 1970-х г. у Гамбіі пачаўся эканам. крызіс, узмацнілася сац. нестабільнасць, у 1980 адбыліся антыўрадавыя выступленні, у 1981 падп. арг-цыі ўзнялі паўстанне, якое было задушана сенегальскімі войскамі. У 1982—89 існаваў канфедэратыўны саюз Гамбіі з Сенегалам (Сенегамбія). У пач. 1990-х г. Гамбія ўдзельнічала ва ўрэгуляванні ліберыйскага канфлікту. У 1994 войскі, якія вярнуліся з Ліберыі, ажыццявілі пераварот, скінулі Джавара; кіраўніком дзяржавы абвешчаны Я.Джаме. Былі забаронены ўсе паліт. партыі. У 1994 створаны Нац. кансультатыўны савет для выпрацоўкі механізма пераходу да грамадз. праўлення. Гамбія — чл.ААН з 1965, Арг-цыі Афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя і інш.
Гаспадарка. Гамбія — аграрная краіна з эканомікай монатаварнага тыпу. Па ўзроўні эканам. развіцця адна з найб. адсталых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 350 долараў ЗША (1993). Больш за 60% валавога ўнутр. прадукту даюць сельская гаспадарка, рыбалоўства і лясная гаспадарка. Гал. роля належыць земляробству, найперш развядзенню арахісу. Апрацоўваецца каля 25% тэрыторыі, пад лугамі і пашай 30%. Характэрныя дробныя сял. гаспадаркі з нізкай культурай земляробства. Пад арахісам 2/3 ворных зямель, штогод збіраюць 150—200 тыс.т. Вырошчваюць таксама рыс, проса, сорга, маніёк, кукурузу, бавоўну. Штогадовы збор збожжавых каля 100 тыс.т. Збіраюць арэхі дзікарослай і культываванай алейнай пальмы. Агародніцтва (найб. таматы). Земляробства развіта ў цэнтр. і зах. раёнах краіны. У жывёлагадоўлі пераважае развядзенне буйн. раг. жывёлы (каля 300 тыс. галоў), авечак (каля 180 тыс. галоў) і коз (каля 190 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Развіта рачное і марское рыбалоўства, штогадовы ўлоў каля 40 тыс.т. Прам-сць развіта слаба: каля 50 прадпрыемстваў па ачыстцы і перапрацоўцы арахісу, атрыманні з яго алею і мукі, вытв-сці буд. матэрыялаў, харч. прадуктаў, рамонце простага абсталявання, суднаў і аўтамабіляў, швейная ф-ка, некалькі лесапільных з-даў, рысавыя млыны, прадпрыемствы па вытв-сці алкагольных і безалкагольных напіткаў, кансерваванні рыбы, зборцы с.-г. машын і інш. Саматужныя промыслы і рамёствы, у т. л. ганчарны. Вытв-сць электраэнергіі каля 40 млн. Квт∙гадз за год. Гал. від транспарту — суднаходства па р. Гамбія. Гал. рачны і марскі порт — Банджул. Аўтадарог 3083 км, з іх 431 км з цвёрдым пакрыццём. Каля Банджула міжнар. аэрапорт Юндум. У апошнія гады развіваецца замежны турызм. Гамбія экспартуе арахіс і прадукты яго перапрацоўкі (90% экспарту), рыбу, бавоўну, ядры алейнай пальмы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, машыны і трансп. сродкі. Гал. партнёры па экспарце — Японія (60%) і краіны Зах. Еўропы (29%), па імпарце — краіны Зах. Еўропы (57%) і Азіі (25%). Імпарт перавышае экспарт у 1,5 раза. Грашовая адзінка — даласі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ШЫ,
асобы тавар, які выконвае ролю ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавараў. Выражаюць затраты грамадскай працы, што надае ім здольнасць абменьвацца. Грошы ўзніклі на пэўным этапе развіцця грамадства як вынік эканам. адносін, гасп. Дзейнасці людзей. З развіццём вытв-сці і пашырэннем абмену тавараў ўзнікла патрэба ў тавары-эквіваленце, на які можна было б вымяняць любы іншы. Такім таварам сталі грошы. У розных народаў на розных этапах развіцця абмену ролю грошай выконвалі розныя тавары (шкуры звяроў, меры збожжа, упрыгожанні, жывёла і інш.). Паступова ролю ўсеагульнага эквіваленту сталі выконваць золата, серабро. Дзякуючы сваім уласцівасцям (аднароднасць, дзялімасць, высокая вартасць пры невял. аб’ёме, адносная рэдкасць у прыродзе і інш.) за золатам замацавалася роля грошай у сусв. маштабе. Як прадукт працы яно мае вартасць і з’яўляецца таварам, мае таксама спажывецкую вартасць — здольнасць задавальняць пэўныя патрэбы (выраб упрыгожанняў і інш.). На пэўным этапе за куплены тавар разлічваліся толькі залатымі зліткамі, потым і манетамі, якія былі заменены манетамі з медзі і інш. металаў, потым папяровымі грашамі. Папяровыя грошы (знакі вартасці, якія маюць гарантаваную законам плацежную сілу) упершыню з’явіліся ў Кітаі ў 12 ст., у ЗША у 17 ст., у Расіі ў 1796. Як усеагульны эквівалент грошы выконваюць некалькі функцый: мера вартасці, сродак абарачэння, утварэння скарбаў або сродак накаплення, сродак плацяжу (сусв. грошы). Праз функцыю меры вартасці грошы выражаюць вартасць інш. тавараў. Тавары выражаюць сваю вартасць у пэўнай колькасці золата. Вагавая колькасць золата, прынятая ў нац. эканоміцы дзяржавы за грашовую адзінку, наз. маштабам цэн. Пры рэалізацыі тавару грошы выконваюць функцыю сродку абарачэння. У працэсе абарачэння магчыма замена залатых манет папяровымі грашамі. Калі пасля рэалізацыі тавару грошы выключаюцца з абарачэння, яны выконваюць функцыю сродку накаплення ці ўтварэння скарбу. У якасці скарбу могуць быць не толькі грошы ў манетнай форме, але і накапленні ў выглядзе прадметаў раскошы. Функцыю плацяжу грошы выконваюць, калі тавары прадаюцца ў крэдыт, пры аплаце падаткаў, зямельнай рэнты, кватэрнай і заработнай платы і інш. З выкананнем функцыі сродку плацяжу звязана з’яўленне крэдытных грошай — вэксаляў, банкнот (банкаўскіх білетаў), чэкаў, крэдытных картак або электронных грошай. На міжнар. узроўні грошы выконваюць функцыю сусв. грошай і наз.валютай. Раней гэту функцыю выконвала золата, цяпер выкарыстоўваюцца грошы (валюта) эканамічна магутных дзяржаў свету (долар ЗША, англ. фунт стэрлінгаў, ням. марка). Грошы прадаюцца і купляюцца на грашовым рынку, асн. элементы якога — прапанова, попыт, кошт грошай. Прапанову складае агульная колькасць грошай у дзяржаве. Пры сучасным грашовым абарачэнні развітых краін асн. маса грашовых аперацый праводзіцца ў безнаяўнай форме. Ролю грошай выконваюць не толькі наяўныя грошы, але і ўклады да запатрабавання, тэрміновыя і інш. ўклады. Для разліку колькасці грошай уведзена паняцце дзярж.эканам. паказчыкаў — грашовых агрэгатаў (М 1—наяўныя грошы, М 2 — тэрміновыя ўклады, М 3 — сертыфікаты), колькасць і спецыфіка вызначэння якіх у розных краінах розная. Для інтэрпрэтацыі колькаснай тэорыі грошай манетарысты (гл.Манетарызм) на чале з амер. эканамістам М.Фрыдменам прапанавалі формулу MV=Py, дзе M — грашовая маса, V — хуткасць абарачэння даходу, P — узровень кошту, y — норма (паток) рэальнага даходу. Попыт на грошы павінен пакрывацца іх прапановай. У сучаснай рыначнай эканоміцы прапанова грошай ствараецца банкаўскай сістэмай (цэнтр. і камерцыйнымі банкамі краіны). Цэнтр. банк выпускае ў абарачэнне манеты, папяровыя грошы ў форме банкнот рознага наміналу. Камерцыйныя банкі даюць пазыкі. Празмерны выпуск грошай (эмісія) выклікае інфляцыю — абясцэньванне, зніжэнне пакупной здольнасці папяровых грошай. Рост інфляцыі дэстабілізуе эканоміку і вымушае дзяржаву прымаць антыінфляцыйныя меры ў межах грашовага абарачэння. Сярод іх дэфляцыя (змяншэнне грашовай масы зняццем з абарачэння лішкавых папяровых грошай), нуліфікацыя (замена старых грашовых знакаў новымі, у меншай колькасці), дэнамінацыя (змена намінальнай вартасці грашовых знакаў), дэвальвацыя (афіцыйнае зніжэнне вартасці грашовых адзінак шляхам заканад. змяншэння залатога забеспячэння грашовай адзінкі ці зніжэння курсу папяровых знакаў у адносінах да золата ці замежнай валюты), рэвальвацыя (афіцыйнае павышэнне залатога ўтрымання грашовай адзінкі ці павышэнне яе курсу ў адносінах да замежнай валюты). Існуюць розныя тэорыі грошай (металічная, наміналістычная, колькасная, тэорыя «рэгулюемай валюты» і інш.). Паводле метал. тэорыі меркантылістаў (Т.Мен, Ж.Б.Кальбер), багацце дзяржавы атаясамліваецца з грашамі, а грошы — з высакароднымі металамі. Прадстаўнікі наміналістычнай тэорыі (Г.Ф.Кнап, М.Дз.Чулкоў) лічаць грошы знакамі вартасці, умоўнымі разліковымі адзінкамі. Паводле колькаснай тэорыі (У.Джэванс, К.Менгер), велічыня вартасці грошай знаходзіцца ў адваротнай залежнасці ад іх колькасці. Тэорыя «рэгулюемай валюты» — спалучэнне асн. палажэнняў наміналістычнай і колькаснай тэорый. Яе прыхільнік і тэарэтык Дж.М.Кейнс аддае перавагу папяровым грашам, паколькі іх колькасць у абарачэнні можа вызначацца дзяржавай. Праз рэгуляванне колькасці грошай у абарачэнні можна нармалізаваць (асабліва ў перыяды крызісаў) узроўні кошту тавараў, заработнай платы, беспрацоўя. На думку манетарыстаў, грошы — рашаючы фактар узнаўлення, таму няўмелае дзярж. рэгуляванне грашова-крэдытнай сферы можа справакаваць чарговы эканам. крызіс. На Беларусі з 1.7.1992 існуе самаст. грашовая сістэма. У 1994 бел. рублю і разліковаму білету нададзены статус адзінага плацежнага сродку Рэспублікі Беларусь. Грашовае абарачэнне рэгулюецца Нац. банкам Беларусі.
Літ.:
Лившиц А.Я. Введение в рыночную экономику. М., 1992;
Долан Э.Дж., Линдсей Д.Э. Макроэкономика: [Пер. с англ.]. СПб., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́КА,
сістэма аб’ектыўных, абгрунтаваных ведаў аб рэчаіснасці; сфера чалавечай дзейнасці па выпрацоўцы і тэарэт. сістэматызацыі новых ведаў. У адрозненне ад стыхійна-эмпірычнага (звычайнага) пазнання Н. не абмяжоўваецца апісаннем аб’ектаў і з’яў, але арыентуецца на выяўленне прычынна-выніковых залежнасцей, ставіць за мэту спасціжэнне заканамернасцей развіцця. Навук. дысцыпліны, якія ў сваёй сукупнасці ўтвараюць сістэму Н. ў цэлым, умоўна падзяляюць на 3 вял. групы (падсістэмы) Н. — прыродазнаўчыя, грамадскія (гуманітарныя) і тэхнічныя. У залежнасці ад мэтавай накіраванасці, адносін да практыкі вылучаюць Н. фундаментальныя і прыкладныя. Н. выкарыстоўвае спец.навук. метады (тэарэт. і эмпірычныя), прылады, мову, у т. л. фармалізаваную, і інш. неад’емныя кампаненты навук. пошуку.
Вытокі Н. ўзыходзяць да стараж. грамадстваў (Стараж. Егіпет, Вавілонія, Індыя, Кітай), калі Н. не выходзіла за межы патрэб наяўнай практыкі. Змест ведаў на гэтай стадыі чэрпаўся з практыкі, а ў мысленні выступаў у форме абстрактных схем практычных дзеянняў. Адной з перадумоў Н. лічаць таксама міфалогію, у рамках якой упершыню на фантаст., антрапамарфічнай аснове спрабавалі пабудаваць цэласную сістэму ўяўленняў чалавека аб сусвеце. Сац., эканам. і культ. ўмовы для ўзнікнення ўласна Н. складваліся ў Стараж. Грэцыі каля 6 ст. да н.э., дзе ствараліся першыя тэарэт. сістэмы (Фалес, Геракліт і інш.), якія ў процівагу міфалогіі тлумачылі Сусвет, зыходзячы з прыродных з’яў (натурфіласофія). На гэтай стадыі веды складваліся ў форме абстракцый на аснове раней створаных ідэальных аб’ектаў. Гістарычна першай пераход да навук. пазнання ажыццявіла матэматыка (Эўклід), потым ад натурфіласофіі аддзяліліся механіка (Архімед), астраномія (Пталамей) і інш.Стараж.-грэч. вучоныя (Арыстоцель, Платон і інш.) далі першыя апісанні заканамернасцей прыроды, грамадства і мыслення, чым адыгралі значную ролю ў гісторыі Н. Важкі ўклад у развіццё Н. зрабілі вучоныя араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (Ібн Сіна, Ібн Рушд, Біруні і інш.), хрысц. вучоныя багасловы, прадстаўнікі ранняй і «класічнай» схаластыкі. У эпоху Адраджэння Н. пачала ператварацца ў самаст. фактар духоўнага жыцця, вышэйшую культ. каштоўнасць, на якую стала арыентавацца большасць філас. школ і кірункаў, фундаментальныя даследаванні ў галіне эканомікі, права, маралі, рэлігіі, мастацтва, культуралогіі і інш. Фарміраванне тэхн. Н., павелічэнне іх ролі як непасрэднай прадукц. сілы асабліва праяўляецца ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу і навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Адной з найважнейшых заканамернасцей развіцця Н. з’яўляецца тэндэнцыя паскоранага росту маштабаў навук. дзейнасці і аб’ёмаў інфармацыі, колькасці навук. устаноў і навукоўцаў, што непасрэдна звязана з інстытуцыялізацыяй Н. Першыя формы інстытуцыялізацыі Н. ўзніклі ў антычнасці (напр., у 387 да н.э.засн. платонаўская акадэмія ў Афінах). Як асобны сац.ін-т Н. пачынае афармляцца з 17 ст. У значнай ступені паўплывала на развіццё ведаў аб прыродзе Лонданскае каралеўскае т-ва, засн. ў 1660, на ўзор якога пачалі стварацца спец.навук. ўстановы (акадэміі і да т.п.) у інш. краінах, і выданне з 1665 першага навук. часопіса «Philosophical Transactions» («Філасофскія працы»). У 1800 у свеце выдавалася каля 100 навук. часопісаў, у 1965 — больш за 100 тыс., у канцы 20 ст. — больш за 1 млн. Лічаць, што кожныя 10 гадоў аб’ём навук. інфармацыі падвойваецца, а колькасць занятых у сферы Н. павялічваецца штогод на 7%. Развіццё Н. носіць кумулятыўны характар, характарызуецца пераемнасцю ў асэнсаванні новых ведаў, што папаўняюць агульнанавук. фонд. Паступовае назапашванне ведаў на аснове пераемнасці абумоўлівае неабарачальнасць у функцыянаванні Н. як сац. ін-та, стварае ўмовы для фарміравання ўнутр. логікі развіцця самой Н., якая разам з сац., эканам., тэхн.-вытв., культ. фактарамі вызначае далейшы навук.прагрэс. Адкрыццё новых з’яў, якія не паддаюцца вытлумачэнню на падставе назапашаных ведаў, абумоўлівае пошук шляхоў развіцця Н., найб. выразным увасабленнем якіх з’яўляюцца навук. рэвалюцыі (рэвалюцыя ў прыродазнаўстве на рубяжы 19—20 ст. і інш.). У выніку навук. рэвалюцый адбываюцца радыкальныя змены парадыгмаў навук. мыслення. Яны суправаджаюцца ломкай старой навук. карціны свету і ўсталяваннем новай.
На кожным з этапаў гіст. развіцця адбываецца ўскладненне арганізацыі Н., што абумовіла фарміраванне вучэння аб спосабах арганізацыі і пабудовы тэарэт. і практычнай дзейнасці — метадалогіі і спец. дысцыпліны аб функцыянаванні і развіцці Н. — навуказнаўства. Асваенне навук. пазнаннем новых з’яў і аб’ектаў рэчаіснасці вядзе да дыферэнцыяцыі Н., драблення яе на больш «вузкія», спецыялізаваныя навук. дысцыпліны. Патрэбнасць у сінтэзе ведаў, асабліва пры вырашэнні буйных комплексных праблем, вядзе да тэндэнцыі інтэграцыі Н. Павялічваецца роля міждысцыплінарных даследаванняў, што абумоўлівае фарміраванне новых дысцыплін на «стыкавых», памежных навук. кірунках (біяфізіка, біёніка, астрафізіка, геахімія, эканам. геаграфія і інш.). Характэрнай рысай інстытуцыялізацыі Н. ў 20 ст., у т. л. на Беларусі, з’яўляецца стварэнне навук.-вытв. аб’яднанняў, ін-таў і лабараторый з магутнай тэхн. базай, што садзейнічае паскарэнню развіцця Н., скарачэнню тэрмінаў укаранення навук. распрацовак у вытв-сць. У Беларусі 272 н.-д. арг-цыі, у т. л.Нац.АН Беларусі, 43,7 тыс.навук. работнікаў, сярод іх каля 730 д-роў і больш за 4,1 тыс.канд. навук (1999). У 103 навуч. установах і ВНУ вядзецца падрыхтоўка навук. кадраў: больш за 4400 аспірантаў, каля 140 дактарантаў (1999).
Літ.:
Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ.М., 1983;
Лоўдзі Дж. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ.Мн., 1995;
Научные и вненаучные формы мышления. М., 1996;
Очерки истории науки и культуры Беларуси IX—XX в. Мн., 1996;
Бессонов Б.Н., Ващекин Н.П., Урсул А.Д. Методология науки и стратегия выживания цивилизации. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ КАМІСАРЫЯ́ТЫ БССР, наркаматы,
цэнтральныя галіновыя органы дзярж. кіравання СССР, саюзных і аўтаномных рэспублік у 1917—46. Падпарадкоўваліся Савету Нар. Камісараў (СНК) РСФСР, потым СССР, адпаведным саюзным і рэсп. органам. Паводле пастановы 2-га Усерас. з’езда Саветаў ад 8.11.1917 «Аб заснаванні Савета Народных Камісараў» створаны К-т па ваен. і марскіх справах і 12 камісій: гандлю і прам-сці, юстыцыі, пошт і тэлеграфаў, працы, па замежных справах, па справах харчавання, па чыг. справах, па ўнутр. справах, земляробства, па справах нацыянальнасцей, нар. адукацыі, фінансаў, якія і з’яўляліся першымі наркаматамі. Узначальваў СНК РСФСР У.І.Ульянаў (Ленін). Са снеж. 1917 па сак. 1918 некалькімі Н.к. кіравалі левыя эсэры. У далейшым наркомамі прызначаліся толькі члены РКП(б), потым ВКП(б) са згоды ЦК партыі. Канстытуцыя РСФСР 1918 замацавала існаванне 18 наркаматаў, у т. л.ВСНГ на правах наркамата. Колькасць і назвы Н.к. вызначаліся ВЦВК (потым Вярх. Саветам СССР), адпаведнымі органамі саюзных рэспублік, зацвярджаліся на сесіях, потым уносіліся змены ў саюзную і рэсп. канстытуцыі. Паводле Канстытуцыі СССР 1924 Н.к. падзяляліся на агульнасаюзныя, аб’яднаныя (з 1936 саюзна-рэсп.) і рэспубліканскія. У канцы 1920-х—1930-я г. колькасць Н.к. значна павялічылася. Пэўныя змены ў структуры Н.к. адбыліся ў час Вял.Айч. вайны і пасля яе. Законам Вярх. Савета СССР ад 15.3.1946 Н.к. пераўтвораны ў міністэрствы.
Першым у Беларусі вышэйшым заканадаўчым (паміж з’ездамі Саветаў) органам сав. улады быў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), які складаўся з 15 аддзелаў. Іх узначальвалі нар. камісары, якія ўваходзілі ў СНКЗах. вобласці і фронту. Аддзелы ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі (абавязкі Н.к. выконвалі чл. ўрада), на іх аснове ў студз. 1919 створаны камісарыяты Сав.Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (ССРБ), з лют. 1919 іх функцыі перададзены аб’яднаным камісарыятам Сацыяліст.Сав. Рэспублікі Літвы і Беларусі (Літбел). У сувязі з польск. акупацыяй яны фактычна спынілі работу. Пасля вызвалення дзейнасць сав. органаў адноўлена. У адпаведнасці з дапаўненнямі да Канстытуцыі ССРБ 1919, прынятымі 2-м з’ездам Саветаў Беларусі, у снеж. 1920 створаны СНК і 13 рэсп. Н.к.: замежных спраў, па ваен. справах, унутр. спраў, юстыцыі, працы, асветы, сац. забеспячэння, фінансаў, земляробства, нар. сувязі, аховы здароўя, харчавання, рабоча-сял. інспекцыі (РСІ). Правы Н.к. мелі Савет нар. гаспадаркі [з 1924 Вышэйшы Савет Народнай ГаспадаркіБССР (ВСНГБССР)] і Надзвычайная камісія (ЧК), якая ў 1922 пераўтворана ў Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР (ДПУ) пры СНКБССР. У сувязі са стварэннем СССР змянялася структура органаў кіравання. Узмацнялася роля цэнтр.дзярж. і парт. органаў. Вырасла колькасць агульнасаюзных і аб’яднаных Н.к. Адпаведныя змены ўнесены ў Канстытуцыю БССР (1927). З пач. 1930-х г. павялічылася колькасць Н.к., пастаянна рэарганізоўвалася іх структура. Большасць наркомаў, іх намеснікаў, кіруючых работнікаў Н.к. БССР былі рэпрэсіраваны. У час Вял.Айч. вайны Н.к. БССР працавалі як структурныя падраздзяленні агульнасаюзных, колькасць якіх павялічылася. З пач. вызвалення Беларусі Н.к. БССР аднавілі сваю дзейнасць на тэр. рэспублікі. З 1920 да 1946 у БССР у розны час дзейнічала 38 Н.к. (гл.табл.). Да сак. 1946 кіраўніцтва ў Беларусі ажыццяўлялі 25 агульнасаюзных, 13 саюзна-рэсп. і 6 рэсп. Н.к., створана сістэма поўнага падпарадкавання агульнасаюзным Н.к. такіх галін, як машына-, аўтамабіле-, трактарабудаванне, хімічная, нафтавая прамысловасць. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 26.3.1946 Н.к. ў БССР рэарганізаваны ў мін-вы БССР.
Літ.:
История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;
История Советской Конституции (в документах), 1917—1956. М., 1957;
Сборник законов БССР и Указов Президиума Верховного Совета БССР, 1938—1955 гг.Мн., 1956;
Органы государственного управления Белорусской ССР (1919—1967 гг). Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРУ́Н (англ. Cameroon, франц. Cameroun),
Рэспубліка Камерун (англ. Republic of Cameroon, франц. République du Cameroun), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца водамі зал. Біяфра (ч. Гвінейскага зал.) Атлантычнага ак. Мяжуе на ПнЗ з Нігерыяй, на Пн і ПнУ з Чадам, на У з Цэнтральнаафр. Рэспублікай, на Пд з Конга, Габонам і Экватарыяльнай Гвінеяй. Пл. 475,4 тыс.км². Нас. 14677,5 тыс.чал. (1997). Дзярж. мовы — англ. і французская. Сталіца — г.Яўндэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння рэспублікі (20 мая).
Дзяржаўны лад. К. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і аднапалатнаму Нац. сходу (180 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчы орган — Кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, назначаецца прэзідэнтам. На чале правінцый стаяць губернатары, якіх таксама назначае прэзідэнт.
Прырода. Берагі зал. Біяфра на Пн плоскія, з шырокімі эстуарыямі, на Пд скалістыя. Уздоўж узбярэжжа — нізіна шыр. да 150 км з ізаляваным вулканічным масівам Камерун (выш. да 4070 м). Цэнтр.ч. займае плато Адамава выш. 1000—1500 м з конусамі патухлых вулканаў (выш. да 3008 м). Упадзіна Бенуэ аддзяляе нагор’і ад размешчаных на Пн гор Мандара (выш. да 1494 м). На ПнУ — алювіяльныя раўніны ўпадзіны воз. Чад. Большая ч. К. размешчана ў межах выступу Афр. платформы — шчыта Ядэ, складзенага з гнейсаў, крышт. сланцаў і гранітаў архею, кварцытаў і метавулканітаў ніжняга пратэразою. Карысныя выкапні: баксіты (запасы 1435 млн.т, 1993), жал. руда (240 млн.т), прыродны газ (110 млрд.м³), нафта (71 млн.т). Ёсць радовішчы руд волава, тытану, марганцу, медзі, свінцу, цынку, вальфраму, малібдэну, урану, золата, алмазаў. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн экватарыяльна-мусонны. Сярэдняя месячная т-ра ад 22 да 28 °C. Гадавая колькасць ападкаў у раёне воз. Чад 300—500 мм, ва ўнутр. раёнах 1500—2000 мм, на ўзбярэжжы больш за 3000 мм, на схілах масіву Камерун да 10 000 мм (самы вільготны раён Афрыкі). Рачная сетка густая і мнагаводная, рэкі багатыя гідраэнергіяй. Гал. рака — Санага. Каля 40% тэрыторыі займаюць лясы. На Пд вільготныя вечназялёныя экватарыяльныя лясы, якія на Пн пераходзяць у саванну, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Глебы чырвоныя фералітныя, чырвона-бурыя і чорныя трапічныя. Жывёльны свет разнастайны. У лясах жывуць малпы (камерунская гарыла, шымпанзэ, бабуін); водзяцца афр. сланы, бегемоты, кракадзілы; шмат птушак (больш за 750 відаў), паўзуноў. У саваннах капытныя жывёлы (буйвалы, насарогі, антылопы, жырафы) і драпежнікі (львы, гепарды, леапарды). У прыбярэжных водах шмат рыбы, крабаў, крэветак, лангустаў. Нац. паркі (Бенуэ, Бубанджыда, Ваза) і запаведнікі (Бафія, Джа, Дуала-Эдэа, Кампа і інш.).
Насельніцтва. Большая ч. насельніцтва належыць да народаў, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. На Пд жывуць народы фанг, бамілеке, мака, дуала і інш.; у лясах на ПдУ — пігмеі бінга, ка і кола; у цэнтр. частцы — чамба, мбуле, гбайя, на Пн — вандала, маса, мусгу, бура і інш. Каля 51% насельніцтва трымаюцца традыц. вераванняў, 33% — хрысціяне, 16% — мусульмане. Сярэдняя шчыльн. 30,9 чал. на 1 км². Найб. заселены зах. і паўд.-зах. раёны краіны. Гар. насельніцтва 46%. Найб. гарады (тыс.ж.): Дуала — 1320, Яўндэ — 1119 (1996), Гаруа — 160, Маруа — 140, Бафусам — 120 (1992). У сельскай гаспадарцы занята 74%, у прам-сці — 11 % працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Археалагічнымі даследаваннямі на Пн К. выяўлены рэшткі матэрыяльнай культуры сярэдняга і верхняга палеаліту. У 8—15 ст.паўн. землі К. ўваходзілі ў склад імперыі Сао. У 16 ст. тут узнік султанат Мандара, у пач. 19 ст. ён заваяваны плямёнамі фульбе, якія ўтварылі некалькі самаст.феад. княстваў — ламідатаў (Маруа, Гаруа, Тыбаты і інш.). У Цэнтр. К. з 17 ст. існавалі дзяржавы Балі (на 3) і Бамум (на У). На Пд К. ў пач. 19 ст. створана дзяржава Дуала. У 1472 у вусці р. Вуры высадзіліся партуг. маракі. У 16—17 ст. галандскія, потым англ., франц. і ням. гандляры заснавалі на ўзбярэжжы К. гандл. факторыі. У 1884 Германія навязала правіцелям узбярэжных раёнаў К. дагавор аб 30-гадовым пратэктараце. У 1-ю сусв. вайну К. акупіраваны франц. і брыт войскамі і падзелены паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй (1916). У 1922 Ліга Нацый перадала Усх. К. у мандатнае кіраванне Францыі (90% тэрыторыі), Зах. К. — Вялікабрытаніі. З 1946 абедзве гэтыя часткі падапечныя тэр.ААН з захаваннем кіравання за Францыяй і Вялікабрытаніяй. Уздым нац.-вызв. руху прымусіў кіруючыя дзяржавы правесці тут канстытуцыйныя рэформы.
У 1957 падапечная тэр. К. (франц. кіраванне) абвешчана падапечнай дзяржавай, 1.1.1960 — незалежнай, у сак. 1960 — Рэспублікай К. Першым яе прэзідэнтам выбраны лідэр партыі Камерунскі саюз (засн. ў 1958) А.Ахіджа. Брыт. частка К. ў выніку рэферэндуму 1961 падзелена: Пн далучана да Федэрацыі Нігерыі, Пд — да Рэспублікі К. Была створана Федэратыўная Рэспубліка К. у складзе надзеленых унутр. аўтаноміяй Усходняга і паўд.ч. Заходняга К. Прэзідэнтам стаў Ахіджа. У краіне ўстанавілася аднапарт. сістэма [кіруючая партыя Камерунскі нац. саюз (КНС), засн. ў 1966], Палітыка спалучэння прыватнага, замежнага і дзярж. капіталу з некаторымі элементамі рэгулявання і планавання забяспечыла К. высокія тэмпы эканам. росту. Паступовая уніфікацыя абедзвюх ч. краіны прывяла да стварэння ў выніку рэферэндуму 1972 Аб’яднанай Рэспублікі К. (прынята новая канстытуцыя). У 1982 прэзідэнтам стаў П.Бія. З 1984 краіна наз. Рэспубліка К. У 1985 КНС ператвораны ў Камерунскі нац.дэмакр. рух (КНДР). У снеж. 1990 у краіне ўведзена шматпарт. сістэма. У 1992 на выбарах перамог КНДР, які сфарміраваў кааліцыйны ўрад, на датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах — Бія. К. — чл.ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства, Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (з 1995). Дзейнічаюць Дэмакр. аб’яднанне камерунскага народа, Нац. саюз за дэмакратыю і прагрэс, Саюз народаў К., Сацыял.-дэмакр. фронт, Дэмакр. саюз К. і інш. Адзіны прафс. цэнтр — Прафс.арг-цыя працоўных К.
Гаспадарка. К. — агр. краіна, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур (какава, кава, бананы і інш.). У прам-сці пераважаюць галіны па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, лесанарыхтоўчая і дрэваапрацоўчая. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 16,5 млрд.дол. ЗША, па 1200 дол. ЗША на душу насельніцтва. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП — 28%, прам-сці — 25%, сферы паслуг — 47%. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Апрацоўваецца каля 13% тэр. краіны. Гал.харч. культуры: проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, ямс, бананы, батат, арахіс, агародніна, цукр. трыснёг і інш.Асн. экспартныя культуры: какава (пл. 270 тыс.га, збор 70 тыс.т, 1995), кава (340 тыс.га, 100 тыс.т), бавоўна (каля 300 тыс.га, 170 тыс.т), бананы, каўчук, тытунь, чай, алейная пальма. Жывёлагадоўля качавога і паўкачавога кірунку, пераважна на Пн і 3 краіны. Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 4,9, авечак — 3,8, коз — 3,8, свіней — 1,4. Улоў рыбы ва ўнутр. вадаёмах і прыбярэжных водах у 1993 склаў 80 тыс.т. К. — пастаўшчык на сусв. рынак каштоўнай драўніны жал., чырв., эбенавага, жоўтага і інш. дрэў. Штогод нарыхтоўваецца каля 2 млн.м³ драўніны. Прамысловасць не атрымала значнага развіцця. Здабываюць нафту (каля 8 млн.т, 1995), волава, золата, кіяніт, мармур і інш.Вытв-сць электраэнергіі 2,7 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС (на р. Санага). Буйныя ЦЭС у гарадах Яўндэ і Гаруа. З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіта харч. (перапрацоўка зярнят какавы, ачыстка кавы, алейная, піваварная, мукамольная, цукр., чайная; асн. цэнтры: Яўндэ, Дуала, Эдэа, Гаруа, Маруа, Нкангсамба, Дыбамбары, Мбанджок, Бафусам, Нду). Да традыц. галін належыць дрэваапр.прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў, аднаслойнай фанеры, мэблі, запалак, паркету, цэлюлозна-папяровая); асн. прадпрыемствы ў Белаба, Яўндэ, Дуала, Дымака, Мбальмайо, Эсека, Эдэа. З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (Дуала, Гаруа, Маруа, Каэле) і гарбарна-абутковая (Нгаўндэрэ, Дуала). Есць прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы латэксу (Тыка, Дызанге), вытв-сці буд. матэрыялаў (Дуала, Фігіль), мінер. угнаенняў (Дуала). У г. Эдэа на гліназёме з Гвінеі працуе алюмініевы з-д. Маш.-буд. і металаапр.прам-сць (вытв-сць металаканструкцый і пракату, ручнога с.-г. інвентару, зборка легкавых аўтамабіляў, радыёапаратуры, электратэхн. прыбораў) размешчана ў Дуале і Яўндэ, нафтаперапр.з-д — каля г. Лімбэ. Большая ч.ўнутр. перавозак К. прыпадае на чыгунку. Даўж. чыгункі 1175 км, аўтадарог 64,5 тыс.км. 90 тыс. легкавых і 79 тыс. грузавых аўтамабіляў. Марскія парты: Дуала (каля 90% усяго грузаабароту, краіны), Крыбі, партовы комплекс Тыка—Лімбэ—Бата, Кампа (вываз драўніны). Рачны порт Гаруа. Экспарт 1,2 млрд.дол. ЗША (1994): какава, драўніна, алюміній, бананы, каўчук, абутак. Імпарт 810 млн.дол. ЗША (1994): абсталяванне, аўтамабілі, нафтапрадукты, быт. тэхніка, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Францыя, інш. краіны ЕС, ЗША. Грашовая адзінка — камерунскі франк.
Літаратура. Вытокі л-ры К. ў багатым нар. фальклоры. У пач. 20 ст. склалася арыгінальная пісьменнасць у народа бамум (заснавальнік — правіцель дзяржавы султан Нджоя); на ёй складзены 3 кнігі: гісторыя дзяржавы Бамум, мед. і рэліг. трактаты. Далейшага развіцця гэта пісьменнасць не атрымала. У 1930-я г. з’явіліся творы на мясц. мовах. Сучасная л-ра К. ствараецца пераважна на франц. мове, у меншай ступені на англійскай. Першыя творы на франц. мове адносяцца да 1920-х г. (запісы фальклору, этнагр. нататкі); найб. вядомы пісьменнік І.Мумэ-Этыа. Станаўленне л-ры пачалося ў 1950-я г. — перыяд узбр. супраціўлення каланізатарам. Вастрыня паліт. сітуацыі, усенар. характар барацьбы надавалі паэзіі і прозе рысы грамадзянскасці. Найб. вылучаецца творчасць паэта Э.Эпанья-Іандо (зб. «Камерун! Камерун!», 1960), цесна звязаная з нар. песеннай традыцыяй. У прозе гал. месца заняў сац. раман, накіраваны супраць каланіялізму і аджылых норм патрыярхальнага грамадства (Б.Матып, М.Беці, Ф.Аяно). У 1960-я г.
зарадзілася навела (Р.Філамбэ, Г.Аяно-Мбіа), якая прадоўжыла традыцыі сац.быт. рамана. Разам з асветніцкімі (Філамбэ, Ж.Ж.Макто) і сац.-крытычнымі (Р.Меду Мвамо, П.Ндэдзі-Пенда) тэндэнцыямі прасочваюцца рысы рамант. ідэалізацыі традыц. ўкладу афр. краін (Ф.Бебей). Значных поспехаў дасягнула драматургія (сац.-быт. камедыі Аяно-Мбіа). Найб. вядомы паэт. твор — лірыка-філас. цыкл С.М.Эно-Белінга «Негрыцянскія маскі» (1972).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На Пн краіны выяўлены стараж., выбітыя на скалах, геам. і стылізаваныя выявы жывёл. Традыцыйныя пабудовы — круглыя і прамавугольныя ў плане хаціны з гліны, каменю, бамбуку на драўляным каркасе з канічнымі саламянымі дахамі і конусападобнае жыллё (выш. 6—8 м), вылепленае з гліны. Уваход і сцены ўнутры аздаблялі паліхромным геам. арнаментам. Звонку для аховы ад дажджу рабілі трохвугольныя рубцы, якія складалі своеасаблівы пластычны ўзор. У канцы 19 ст. ўзніклі гарады (Яўндэ, Дуала) з забудовай у духу араб. і еўрап. архітэктуры. З 1950—60-х г. узводзіліся будынкі ў сучасным стылі (арх. Нгодэ, Н.Колінс). Пашыраны разьба па дрэве (мэбля, аздобленая антрапа- і зааморфнымі кампазіцыямі; культавыя слупападобныя статуэткі, ярка размаляваныя і ўпрыгожаныя ракавінамі, бранзалетамі, каралямі, кавалачкамі металу і шкла), кераміка, вышыўка, ліццё з бронзы і інш. Пашыраны выраб масак з цэлага кавалка дрэва, абцягнутых скурай і ярка размаляваных, са скажонымі, экспрэсіўнымі рысамі і сакавітай разьбой. Фарміруецца нац.маст. школа (жывапісцы і скульптары Абасола, Кенфак, Мпанда і інш.).
Літ.:
Ляховская Н.Д. Литература Камеруна // Развитие литературы в независимых странах Африки (60—70-е гг. XX в.). М., 1980.
В.М.Сасноўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Камеруна.Да арт.Камерун. Горад Дуала.Да арт.Камерун. Краявід на поўначы краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЯПаўночная,
Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (КНДР, кар. Часон мінджуджуый інмін канхвагук), дзяржава ва Усх. Азіі, якая займае паўн.ч.Карэйскага паўвострава і прылеглую ч. мацерыка. На Пн мяжуе з Расіяй і Кітаем, з З абмываецца Жоўтым, з У — Японскім морамі. На Пд аддзяляецца дэмаркацыйнай лініяй ад Рэспублікі Карэя (гл.Карэя Паўднёвая). Пл. 122,8 тыс.км². Нас. 23,9 млн.чал. (1996). Дзярж. мова — карэйская. Сталіца — г.Пхеньян. Падзяляецца на 9 правінцый і 3 гарады цэнтр. падпарадкавання. Нац. святы: дзень нараджэння Кім Чэн Іра (16 лют.), Дзень незалежнасці (9 верасня), Дзень канстытуцыі (27 студз.). Гл. карту да арт.Карэя.
Дзяржаўны лад. К. — нар. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Вярх.Нац. сход (ВНС), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. У перыяд паміж сесіямі ВНС дзейнічае яго Пастаянны савет. ВНС выбірае вышэйшы кіруючы орган — Цэнтр.нар. камітэт (ЦНК), які ўзначальвае прэзідэнт. ЦНК стварае ўрад рэспублікі — Адм. савет на чале з прэм’ер-міністрам. На месцах функцыі ўлады ажыццяўляюць нац. сходы правінцый і гарадоў цэнтр. падпарадкавання, нар. сходы паветаў, гарадоў і раёнаў.
Прырода. КНДР пераважна горная краіна. На Пн — Паўн.-Карэйскія горы (г. Пэктусан, 2750 м), на Пд ад іх — менш высокія Усх.-Карэйскія. Раўнінныя ўчасткі (каля 20% тэр. краіны) пераважна на З, па ўзбярэжжы Жоўтага м. Карысныя выкапні: антрацыт і буры вугаль, жал. руда, каляровыя металы (вальфрам, свінец, цынк, золата, нікель, малібдэн), магнезіт, графіт і інш. Клімат умераны мусонны. Зімой халодныя патокі паветра з кантынента прыносяць сухое марознае надвор’е. Летам тэрыторыя знаходзіцца пад уплывам акіянічных паветр. мас, якія прыносяць ападкі. Т-ра паветра ў студз. каля -11 °C, у ліп. каля 23 °C. Ападкаў ад 600 мм на ПнЗ да 1100—1400 мм на астатняй тэрыторыі. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Найб. з іх Тэданган, Амнакан, Туманган. Лясы займаюць пл. каля 9 млн.га, пераважна ў гарах. Растуць даурская лістоўніца, карэйскі кедр, аянская елка, чырвоная хвоя. З лек. раслін найб. вядомы жэньшэнь. Жывёльны свет захаваўся ў гарах. Мора багатае рыбай, трэпангамі, кальмарамі і інш. Рэзерваты — Хвангпо, Янгам і інш.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — карэйцы. Вернікі пераважна анімісты, будысты і канфуцыянцы. Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 198 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы (да 300—400 чал. на 1 км²). У гарадах больш за 70% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Пхеньян — 2600, Хамхын — 775, Чханджын — 755. Больш за 300 тыс.ж. у гарадах Нампхо, Хэджу, Сіныйджу, Вансан. У прам-сці занята каля 30% працаздольнага насельніцтва, у сельскай, лясной гаспадарцы і марскіх промыслах — каля 46%.
Гісторыя. У жн. 1948 у Паўн. Карэі адбыліся выбары ў Вярх.нар. сход, які 9.9.1948 абвясціў стварэнне КНДР, прыняў канстытуцыю і сфарміраваў урад на чале з Кім Ір Сенам. Імкнучыся да пашырэння сацыяліст. сістэмы на ўсёй тэр. Карэі, улады КНДР пачалі Карэйскую вайну 1950—53, пасля заканчэння якой Кім Ір Сен усталяваў у краіне аўтарытарны рэжым. З пач. 1970-х г. паміж КНДР і Паўд. Карэяй ажыццяўляюцца кантакты з мэтай урэгулявання ўзаемаадносін і ўз’яднання краіны. У снеж. 1991 падпісана Пагадненне аб прымірэнні, ненападзе, супрацоўніцтве і абменах, у лют. 1992 — Сумесная дэкларацыя аб дэнуклеарызацыі Карэйскага п-ва (скасаваны ў 1992 Паўд. Карэяй у сувязі з адмовай КНДР ад міжнар. інспекцыі яе ядз. аб’ектаў). Пасля смерці Кім Ір Сена (1994) афіц. пераемнікам стаў яго сын Кім Чэн Ір (прэзідэнт з 1998). КНДР — чл.ААН (з 1991), Руху Недалучэння (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Кіруючай і правячай партыяй у КНДР з’яўляецца Прац. партыя Карэі (ППК). У Аб’яднаны дэмакр. айчынны фронт уваходзяць ППК, С.-д. партыя Карэі, Партыя маладых сяброў рэлігіі нябеснага шляху, масавыя грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. КНДР — індустрыяльна-агр. краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Эканоміка краіны носіць замкнёны характар, характарызуецца гіпертрафіраваным развіццём пераважна цяжкай і ваеннай прам-сці, тэхн. адсталасцю, нізкім узроўнем вытв-сці спажывецкіх тавараў. Валавы нац. прадукт у 1995 склаў 21,5 млрд.дол. ЗША каля 900 дол. на 1 чал. (прыкладна 114-е месца ў свеце). У апошнія гады адзначаны вял. цяжкасці ў асноўным з-за спынення дапамогі б.сацыяліст. краін, імпарту нафты з Расіі і агульнага крызісу гаспадаркі. Паліўна-энергет.прам-сць у значнай ступені базіруецца на ўласных рэсурсах. Здабыча вугалю 71,5 млн.т (1994). Імпартуюцца нафта і вугаль для каксавання. Электраэнергетыка выкарыстоўвае гідрарэсурсы (найб. Супхунская ГЭС на р. Амнакан) і каменны вугаль. Вытв-сць электраэнергіі 35,2 млрд.кВт∙гадз (1995). Буйнейшыя прадпрыемствы чорнай металургіі — металургічны камбінат у Чханджыне, з-ды ў Саніме і Кім-Чхэку. Выплаўка сталі каля 4 млн.т штогод. Развіта каляровая металургія на мясц. сыравіне. Асн. вытворцамі цынку (200 тыс.т, 1994), свінцу, медзі, нікелю, кобальту, кадмію, ртуці, малібдэну з’яўляюцца з-ды ў Нампхо, Хамхыне і Хэджу, алюмінію — з-д у Пукчане. Ёсць вытв-сць золата, серабра, рэдкіх металаў. Машынабудаванне і металаапрацоўка мае больш за 400 розных прадпрыемстваў. Развіты станкабудаванне (Рэксон, Хічхон, Танчхон, Тэан), аўтамабілебудаванне (Танчхон, Пхеньян), с.-г. машынабудаванне (Хэджу, Ыйджу, Хамхын, Чханджын, Кіян), вытв-сць рухомага саставу для чыгунак (Пхеньян, Вансан), суднаў (Чханджын), абсталявання для хім., металургічнай, горназдабыўной прам-сці. Хім.прам-сць уключае вытв-сцьхім. валокнаў, пластмас, мінер. угнаенняў (у т. л. азотных — 630 тыс.т, 1995), гербіцыдаў, соды, карбіду кальцыю, салянай к-ты; асн. цэнтры Хамхын, Хынам, Сунчхон, Хэджу. Вылучаецца нафтаперапр. і фармацэўтычная прам-сць. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў: цэменту (каля 8—10 млн.т штогод), вогнетрывалай цэглы, аконнага шкла, жалезабетонных вырабаў. Лясная і дрэваапр.прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці фанеры, цэлюлозы, паперы, мэблі (Кімджу, Хесан, Пхеньян). Сярод галін лёгкай прам-сці вядучае месца належыць тэкст. (Пхеньян, Кэсон, Хамхын і інш.), абутковай і швейнай. З галін харч. прам-сці вылучаюцца рысаачышчальная, алейная, мукамольная, рыбная. Сельская гаспадарка дае каля 20% нац. даходу. Пл.с.-г. угоддзяў складае каля 2,4 млн.га, у т. л. каля 2 млн.га пад ворывам. Каля 1,4 млн.га арашаецца. У сувязі з крызіснымі з’явамі ў сельскай гаспадарцы ў апошнія гады абвастрылася харч. праблема. У краіне ўведзена сістэма забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі па выключна нізкіх нормах. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства, якое дае 75% усёй валавой прадукцыі і спецыялізуецца пераважна на вытв-сці збожжавых. Гал. культура — рыс (пасяўная пл. 680 тыс.га, валавы збор 2,8 млн.т, 1996). Вырошчваюць таксама кукурузу (пасяўная пл. 600 тыс.га, валавы збор 2 млн.т, 1996), гаалян, сорга, пшаніцу, ячмень, авёс, сою, батат, агародніну. Пад бульбай 140 тыс.га, валавы збор 1,6 млн.т (1996). Тэхн. культуры: тытунь, бавоўнік, цукр. буракі, лён, жэньшэнь. Садоўніцтва і шаўкаводства. Пагалоўе буйн. раг. жывёлы — 1 млн. галоў, пераважае рабочая, толькі 10% складаюць каровы. Свіна- і птушкагадоўля. Марское рыбалоўства — 1,85 млн.т рыбы (1995). Аснова трансп. сістэмы — чыгункі (каля 90% грузаабароту, каля 70% пасажыраабароту). Даўж. чыгунак больш за 8 тыс.км, каля 70% электрыфікавана. Аўтадарог больш за 21 тыс.км. Марскі і паветр. транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. парты Нампхо, Чханджын, Хэджу, Хынам, Вансан. Знешнегандл. сувязі развіты слаба, экспартны патэнцыял абмежаваны. У 1995 экспарт склаў 590 млн.дол., імпарт — 1,5 млрд. долараў. На сусв. рынак КНДР пастаўляе чорныя і каляровыя металы, жал. руду і яе канцэнтраты, тальк, графіт, магнезіт, хім. прадукты, рыбапрадукты, фрукты, лекі. Каля 50% імпартнай прадукцыі складаюць нафта і нафтапрадукты, вугаль для каксавання, марганцавыя і храмітавыя руды. Імпартуюцца таксама машыны і абсталяванне, трансп, сродкі, харч. прадукты. Краіна мае вял. даўгі, асабліва Расіі, як пераемніцы СССР (больш за 3,2 млрд.руб.), і Кітаю. Гал.гандл. партнёры: Расія, Кітай, Японія, Германія, Індыя, Інданезія і інш. Грашовая адзінка — вона КНДР.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 1,055 млн.чал., ваенізаваных фарміраванняў 189 тыс.чал., рэзерву 4,7 млн.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне па прызыве. У сухап. войсках 923 тыс.чал., на ўзбраенні 3,5 тыс. танкаў, 2,5 тыс. бронетранспарцёраў, каля 8 тыс. гармат, 8,1 тыс. мінамётаў, 7,8 тыс. гармат зенітнай артылерыі, больш за 10 тыс. пераносных зенітна-ракетных комплексаў, 2,6 тыс. рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС 85 тыс.чал., 607 баявых самалётаў і 30 баявых верталётаў. У ВМС 47 тыс.чал., 26 падводных лодак, 31 баявы карабель (пераважна тральшчыкі) і 7 дапаможных суднаў, каля 680 баявых катэраў (пераважна дэсантных, тарпедных і патрульных).
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 67,5, жанчын 73,9 года.
Смяротнасць — 5 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 74 чал., урачамі — 1 на 370 чал. Узровень нараджальнасці — 22 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,7%. Дзіцячая смяротнасць — 25 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэманар. адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (да 3 гадоў — яслі, пасля 3 — сад з аднагадовым абавязковым курсам перадшкольнай падрыхтоўкі), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Кіраванне нар. адукацыяй цэнтралізаванае, праводзіцца К-там адукацыі пры Адм. савеце. Усе выдаткі на адукацыю аплачвае дзяржава. У 1975 уведзена абавязковая 11-гадовая адукацыя з 5-гадовага ўзросту: дашкольны клас і 10-гадовая школа, якая ўключае 4-гадовую пач. і 6-гадовую сярэднюю школу. Прафес. падрыхтоўку на базе абавязковай школы даюць тэхнікумы і вышэйшыя тэхн. школы (існуюць з 1960 пры з-дах, ф-ках і буйных прадпрыемствах). Іх выпускнікі атрымліваюць права працаваць па спецыяльнасці і працягваць вучобу ў ВНУ. У пач. 1990-х г. у КНДР было больш за 50 вышэйшых тэхн. школ і каля 500 тэхнікумаў. Вышэйшая адукацыя пачала развівацца пасля засн. ў Пхеньяне ў 1946 ун-та. У 2-й пал. 1940-х г. адчынены с.-г., пед., настаўніцкія, мед. і політэхн. ін-ты. Існуюць розныя формы адукацыі дарослых без адрыву ад вытв-сці (вячэрнія агульнаадук. і тэхн. школы, завочныя і вячэрнія тэхнікумы і ін-ты). У Пхеньяне знаходзяцца Дзярж.цэнтр.б-ка (з 1945), Б-каАН КНДР (з 1952), Цэнтр.гіст. музей (з 1928), Музей этнаграфіі (з 1956), Цэнтр. музей прыгожых мастацтваў (з 1954) і інш. Навук, даследаванні праводзяцца ў АН (з 1952, у яе складзе каля 40 н.-д. ін-таў і філіял у Хамхыні), у Акадэміі с.-г. навук (з 1963), АМН (з 1963), Акадэміі грамадскіх навук (з 1952; да 1964 у складзе АН), Акадэміі лесаводства, у Цэнтры атамных даследаванняў (з 1952), на кафедрах ВНУ і інш.н.-д. установах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Перыяд. выданні выходзяць на кар., англ., франц., яп., рус. і кіт. мовах. Найб. тыраж маюць штодзённая газета «Надон сінмун» («Газета Праца», орган ЦКПрац. партыі К., з 1945) і «Надон чханён» («Працоўная моладзь». орган ЦК Саюза сацыяліст.прац. моладзі К., з 1946). Працуе Цэнтр.тэлегр. агенцтва К. (ЦТАК, з 1946). Дзейнасць Цэнтр. радыёстанцыі К. і Пхеньянскай радыёстанцыі, а таксама Цэнтр. тэлебачання К. і Кэсонскага тэлебачання падпарадкаваны дзяржаве. Перадачы радыё і тэлебачання вядуцца па агульнанац. і мясц. праграмах на кар., англ., рус., франц., кіт. і інш. мовах.
Літаратура. Гал. тэмы л-ры КНДР — сац. пераўтварэнні ў вёсцы (раман «Зямля», 1948—60, Лі Гіёна), станаўленне рабочага класа (аповесці Лі Букмёна, Хван Гона, Юн Седжуна), працяг традыцый пралет. паэзіі (Чо Гічхон і інш.). У 1946 створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. Вайна 1950—53 паклала пачатак гераічнай і патрыят. тэматыцы: ваен. публіцыстыка Кім Сарана, апавяданні Хван Гона, Юн Седжуна, Чхон Себона, франтавыя вершы Чо Гічхона, Мін Бёнгюна. У 1950—60-я г. з’явіліся буйныя гіст. творы: «Рака Туманган» Лі Гіёна, «Бацька Сасан» Чхве Мён’іка, «Гісторыя няшчасцяў» Чхон Себона і інш., пашыралася мемуарная л-ра (серыя «Сярод людзей» і інш.). У 1970-я г. вылучыліся творы калектываў аўтараў паводле п’ес перыяду антыяп. барацьбы ў 1930-я г.: «Мора крыві», «Лёс вартаўніка» і інш. У сучаснай л-ры вядучымі застаюцца тэмы працы, аб’яднання краіны; асаблівая ўвага аддаецца ваен. тэматыцы (раманы Кім Джэгю, Пён Хігына). З 1953 дзейнічае Саюз пісьменнікаў К. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі «Карэйскія казкі» (1954) і казка «Ластаўкі» (1957) у перакладзе А.Якімовіча, асобныя вершы кар. паэтаў пераклаў М.Аўрамчык. На кар. мове выдадзены зб. Я.Коласа «У старых дубах» (1959).
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. З 1950-х г. інтэнсіўна развівалася горадабудаўніцтва, якое вырашала праблемы рацыянальнага размяшчэння жылых і прамысл. раёнаў, забеспячэння гарадоў сеткай культ.-быт. устаноў, добраўпарадкавання і азелянення (арх. Кім Джанхі, Лі Хён, Пак Ікхван, Сін Сунгён, а таксама замежныя спецыялісты). У 1945—53 распрацаваны генплан Пхеньяна (арх. Кан Чахван і інш.), адноўлены і рэканструяваны гарады Хамхын, Вансан, Сарывон, Кэсон, Нампхо і інш. У пабудовах 1950—60-х г. дамінуюць формы сярэдневяковай архітэктуры (Пхеньянскі Вял.т-р, 1960, арх. Кім Чанхі, Сін Сунгён і інш.). З 1960-х г. пашыраюцца новыя буд. канструкцыі і матэрыялы, узводзяцца будынкі з рацыянальнай планіроўкай, лаканічныя па форме (Дзярж.ун-т імя Кім Ір Сена ў Пхеньяне, 2-я чарга, 1970-я г.). Жыллёвае буд-ва вядзецца па тыпавых праектах з захаваннем нац. асаблівасцей добраўпарадкавання (напр., ацяпляльная сістэма пад падлогай). Сярод пабудоў 1980-х г. гасцініца на гары Мёхян, будынкі Міжнар. дома культуры і комплексу культ.-быт. абслугоўвання ў Пхеньяне. У вайну 1950—53 ствараліся маст. лістоўкі, плакаты. У тэхніцы нац. жывапісу тушшу і вадзянымі фарбамі («часанхва») у спалучэнні традыц. сюжэтаў з актуальнай тэматыкай працуюць мастакі Чха Дэдо (майстар адлюстравання кветак слівы мэ), Лі Сакхо (жанр «кветкі-птушкі»). У алейным жывапісе працавалі Кім Джанам, Пак Мёнхун, Пхё Седжон, Мун Хаксу. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат; мастакі Кім Ганджун, Пэ Унсон, Пак Сынхі), станковая і манум. скульптура (Мун Сако, Хан Ёнсік, Чо Гюбон), якія сінтэзуюць традыцыі еўрап. і ўсх. мастацтва. Стараж. традыцыі захоўваюцца ў дэкар. -прыкладным мастацтве: вытв-сць керамікі і фарфору, разьба па косці і дрэве, пляценне з валокнаў бамбуку і травы, ткацтва, вышыўка, выраб лакавых рэчаў. Створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. з Саюзам дзеячаў выяўл. мастацтва (засн. ў 1946), у 1953 засн. Саюз кар. мастакоў, у 1954 — Саюз кар. архітэктараў.
Музыка. Пасля 1945 у паўн.ч. краіны ствараюцца навуч. ўстановы еўрап. тыпу, развіваюцца музыказнаўства і муз. фалькларыстыка, фарміруецца нац. кампазітарская школа. Сярод кампазітараў: Лі Мёнсан, Сін Дасон, Мун Гёнок, Кім Ёнгю, Чо Гільсок, музыказнаўцы Пак Тансіль, Кім Гігон, Юн Дансу. Сярод выканаўцаў спевакі Кім Вану, Сін Юнгун, Кім Дынгук (у зах. стылі), Ан Хеён, Кім Дэнхва, Пак Бансек (традыц. стыль), інструменталісты Ан Гіёк, Чха Хакчхоль (чатэ), Ю Дзябок (хэгым), Гі Мансу (камунга), Пэк Насан (скрыпка), Пэк Унбок (фп.). Працуюць: Кар. філармонія (1955), Маст.т-р у Пхеньяне (1948), Вял.сімф. аркестр і хор, Нар.маст.т-р (1952), шматлікія муз.-драм. трупы, ансамблі песні і танца Кар.нар. арміі, песні і танца «Мансудэ» (1969), нац. інструментаў у Пхеньяне. Штогод праводзіцца Міжнар. веснавы муз. фестываль (Пхеньян). У 1953 засн. Саюз кампазітараў.
Тэатр. У 1947—49 у Пхеньяне адкрыты Дзярж.т-р (пазней Дзярж.драм.т-р «Чхаліма»), Дзярж.нар.маст.т-р (цяпер Пхеньянскі гар.т-р), пачалі працаваць трупы пры мін-вах транспарту і ўнутр. спраў, Кар.нар. арміі. У вайну 1950—53 дзейнічалі франтавыя трупы, якія ўяўлялі сабой невял. перасоўныя т-ры. У 1950—60-я г. створаны новыя трупы, у Пхеньяне пабудаваны т-р «Маранбон», адкрыты Вял.т-р (1960), т-ры кінаакцёра, лялечны і дзіцячы. У рэпертуары т-раў КНДР гіст. спектаклі, п’есы, прысвечаныя нац.-вызв. руху ў гады яп. акупацыі, творы сучаснай тэматыкі, а таксама рус. і сав. драматургія. Сярод рэжысёраў Хан Пэкнам, Ан Ёніль, Лі Енім, Кім Ін, Пён Гёнхван, сярод акцёраў Лі Дан, Хан Чжынсоп, Лі Чжэдок, Тхэ Ільмін, Ко Хванчхоль. З 1959 працуе Пхеньянскі ін-т тэатра і кіно.
Кіно. У 1946 створаны першыя дакумент. фільмы. У 1947 арганізавана кінастудыя Паўн. Карэі (з 1948 дзярж.), на базе якой створаны кінастудыі маст. і дакумент. фільмаў. Першы маст. фільм зняты ў 1949 («Мая Радзіма», рэж. Кан Хансік). У вайну 1950—53 выходзілі фільмы пра барацьбу супраць амер. агрэсіі («Юныя партызаны», рэж. Юн Ёнгю; «Зноў на фронт», рэж. Чхон Данмін). Пасля вайны пашырыўся іх жанравы і тэматычны дыяпазон, зняты першыя каляровыя фільмы: «Сказанне пра крэпасць Садо» (1956, рэж. Чон Джунчхэ), кар.-сав. фільм «Браты» (1957, рэж. І.Лукінскі і Чхон Санін). Здымаліся фільмы на ваен. і гіст.-рэв. тэматыку, прысвечаныя актуальным праблемам сучаснасці: «Дрэвы каля дэмаркацыйнай лініі» (1961, рэж. Пак Хак), «Чырвоная кветка» (1963, Чхон Санін), «Пяць братоў-партызан» (1969, рэж.Ом Гільсон). Шырока выкарыстоўваўся жанр паліт. дэтэктыва (20-серыйны фільм «Невядомыя героі», 1970—80, рэж. Ю Хасон, Чхве Намсон). Экранізаваны стараж.кар. эпас «Сказанне пра Чхунхян» (Ю Ванджун, Юн Ёнгю), гіст. раман Хон Мёнхі «Сказанне пра Ім Какчона» (аднайменны 5-серыйны фільм, 1989). Сярод інш. фільмаў 1980-х г.: «Тальме і Памдары» (Ван Рангпон), «Лес шуміць» (Цян Енбок), «Соль», сав.-кар. «Секунда на подзвіг» (1985, Э.Уразбаеў, Ом Гільсон), «Кветка званочак» і інш. У КНДР 6 кінастудый: маст., дакумент. фільмаў, Дзярж. імя 8 лютага (з 1959), Кар.нар. арміі, навук.-папулярных фільмаў. У 1961 створаны Саюз кар. кінематаграфістаў.
Герб і сцяг Карэі (Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка).Да арт.Карэя Паўночная. Горны ландшафт на поўначы краіны.Да арт.Карэя Паўночная. Упрыгожанне з палявых кветак. Традыцыйны жывапіс.Да арт.Карэя Паўночная. Дзікія гусі месяцовай ноччу. Вышыўка.Да арт.Карэя Паўночная. Пасудзіна для мёду. Пемза.Да арт.Карэя Паўночная. Сольны танец з барабанам.Да арт.Карэя Паўночная. На берагах р. Патхон.Да арт.Карэя Паўночная. Міжнародны дом культуры ў Пхеньяне. 1988.Да арт.Карэя Паўночная. Гасцініца на гары Мёхян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎКА́З (паходжанне слова, магчыма, звязана з хецкім «каз-каз» — назва народа, які жыў на паўд. беразе Чорнага м),
тэрыторыя паміж Чорным, Азоўскім і Каспійскім морамі ад Кума-Маныцкай упадзіны да паўд. часткі Армянскага нагор’я. У межах К. частка Расіі, Азербайджан, Арменія, Грузія, частка Турцыі і Ірана. Пл. больш за 500 тыс.км². Вылучаюць Паўн. К., Перадкаўказзе і Закаўказзе. У цэнтры — горная сістэмаВял. К., якая падзяляецца на Зах. К. (да Эльбруса), Цэнтр. К. (паміж Эльбрусам і Казбекам) і Усх. К. (на У ад Казбека). Вял. К. цягнецца ад Таманскага п-ва да Апшэронскага на 1500 км, шыр. 160—180 км. Восевую частку К. складаюць Галоўны, або Водападзельны, і Бакавы хрыбты, з вяршынямі больш за 5000 м (г. Эльбрус — 5642 м, Дыхтау — 5203 м, Шхара — 5068 м, Казбек — 5033 м). На Пн ад восевай зоны перадавыя хрыбты — Скалісты, Пашавы, Церскі, на Пд — Бзыбскі, Кадорскі, Рачынскі. Хрыбты Вял. К. вызначаюцца альпійскімі формамі рэльефу або маюць характар куэстаў. Рэльеф Перадкаўказзя раўнінны; у яго зах.ч. Кубана-Прыазоўская нізіна, ва ўсходняй — Прыкаспійская нізіна, паміж імі Стаўрапольскае ўзв. з выш. да 831 м. У цэнтры і на З Закаўказзя — сярэднягорны рэльеф; горныя хрыбты Малога К. (выш. да 3724 м, г. Гямыш) і Армянскае нагор’е (выш. да 5165 м, г.Вял. Арарат). На ПнЗ размешчана Калхідская, на У — Кура-Араксінская нізіны, на ПдУ — Ленкаранская нізіна і складкавыя Талышскія горы (выш. да 2492 м). Тэр. К. знаходзіцца ў межах Альпійскай складкавай вобласці. Утварэнне горнай сістэмы пачалося ў мезазоі, у кайназоі адбылося падняцце і фарміраванне горнага рэльефу, у антрапагене ў выніку амаладжэння гор склалася сучасная араграфічная структура К. Горныя хрыбты Вял. К. і масівы Малога К. складзены пераважна з палеазойскіх гранітоідаў. Пашыраны таксама юрскія, мелавыя, палеагенавыя адклады. Армянскае нагор’е ўкрыта вулканічнымі пародамі неагенавага і чацвярцічнага часу. Нізіны Перадкаўказзя і Калхідская нізіна характарызуюцца шырокім развіццём неагенавых і палеагенавых кантынентальных і марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта (Баку, Грозны, Майкоп), газ (Краснадарскі і Стаўрапольскі краі), жалеза (Дашкесан), вальфрам і малібдэн (Тырныауз), цынк, свінцовыя руды (Садон), буд. матэрыялы (граніт, габра, мармур, туф, базальт, андэзіт, вапняк). Шмат мінер. крыніц. К. размешчаны на мяжы ўмеранага і субтрапічнага кліматычных паясоў. Хрыбты Вял. К. перашкаджаюць пранікненню халодных паветр. мас у Закаўказзе і цёплых субтрапічных у Перадкаўказзе. Сярэдняя т-растудз. ў Перадкаўказзі ад -2 °C да -5 °C, у Закаўказзі 3—6 °C. Летам на Зах. К. уплываюць вільготныя паветр. масы Атлантыкі і Міжземнамор’я, на Усх. К. — сухія кантынентальныя масы ўнутр. абласцей Еўразіі. Сярэдняя т-раліп. ад 23—24 °C на З да 25—29 °C на У. На схілах Вял. К. вышынная кліматычная пояснасць. Сярэдняя т-растудз. на выш. 2000 м каля -8 °C, жн. (самы цёплы месяц) 13 °C. Вышэй — высакагорны клімат з вял. вільгаццю і нівальны клімат вяршынь. Гадавая колькасць ападкаў у Перадкаўказзі 200—800 мм, на ЗВял. К. і Калхідскай нізіне больш за 1500 мм, у хрыбтах Малога К. і Армянскім нагор’і 400—800 мм, на Кура-Араксінскай нізіне 200—400 мм. У гарах Вял. К. каля 2000 ледавікоў (агульная пл. 1428 км²); буйнейшыя — Дыхсу, Безенгі, Караугом, Цанер. Рэкі належаць да бас. Чорнага (Рыёні, Інгуры), Каспійскага (Церак, Кура, Самур) і Азоўскага (Кубань) мораў. Рэкі парожыстыя, багатыя гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца для арашэння, суднаходныя ў ніжнім цячэнні. Шмат невял. азёр; буйныя — Ван, Севан, Урмія. Глебава-расліннае покрыва і жывёльны свет К. разнастайныя. На З Перадкаўказзя стэпавыя і лесастэпавыя ландшафты, на У — паўпустынныя, кавыльныя і ціпчаковыя стэпы на чарназёмах і палыновыя групоўкі на светла-каштанавых глебах. У межах Вял. К. выразная вышынная занальнасць, дзе вылучаюцца горна-лясная, горна-лугавая і гляцыяльна-нівальная зоны. Унізе схілаў Зах. К. дубовыя лясы на шэрых лясных глебах (на Пн) і рэліктавыя шыракалістыя на дзярнова-карбанатных глебах (на Пд) пераходзяць у грабава-букава-дубовыя лясы на бурых лясных глебах; на выш. 1200—1500 м ялова-піхтавыя лясы на дзярнова-карбанатных глебах. На выш. 2200 м — субальпійскія і альпійскія лугі на горна-лугавых тарфяністых глебах, вышэй 2750—3200 м — ледавікі. Ніжнюю ч. гор Усх. К. займаюць стэпы на горна-лугавых глебах, у лясной зоне арыднае рэдкалессе або хмызняковыя субтрапічныя зараснікі на горных карбанатных глебах, потым грабава-дубовыя лясы, вышэй хваёвыя лясы і горныя стэпы, якія пераходзяць у субальпійскія і альпійскія лугі. Ледавікі і снежнікі на выш. 3700—4200 м. У Закаўказзі субтрапічнае глебава-расліннае покрыва. На Калхідскай нізіне пашыраны балоты і альховыя лясы на забалочаных падзолістых і тарфяна-балотных глебах. Каля перадгор’яў іх змяняюць рэліктавыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У цэнтры Кура-Араксінскай нізіны палыновыя і салянкавыя паўпустыні на шэразёмах, у перадгор’ях стэпавыя групоўкі і арыднае рэдкалессе на шэра-карычневых і карычневых глебах. На Армянскім нагор’і расліннасць горна-Стэпавая і горна-лугавая на чарназёмах і каштанавых глебах. Схілы Малога К. і Талышскіх гор маюць вышынную пояснасць, блізкую да паўд. схілаў Вял. К., толькі ў Талышскіх тарах горна-лясны пояс гірканскага (азіяцкага) тыпу. Жывёльны свет Перадкаўказзя прадстаўлены пераважна грызунамі (суслік, палёўка, тушканчык, пясчанка). Вял. К. населены ляснымі і высакагорнымі жывёламі (алень, дзік, зубр, буры мядзведзь, куніца, вавёрка, муфлон); ёсць эндэмічныя віды (тур, каўказскі цецярук, улар). Фауна Кура-Араксінскай нізіны блізкая да сярэднеазіяцкай (джэйран, дзікабраз, тушканчык, пясчанка), на Армянскім нагор’і — заходнеазіяцкага тыпу (малаазіяцкі суслік, хамяк, сляпыш, горная курапатка). На тэр. К. 20 запаведнікаў, у т. л. Каўказскі, Тэбердзінскі, Рыцынскі, Дыліжанскі. К. — адзін з найб. курортных раёнаў (Каўказскія Мінеральныя Воды, група курортаў на Чарнаморскім узбярэжжы ад Анапы да Батумі). Цэнтр турызму і альпінізму, горналыжнага спорту.
у бе́лы с. як у капе́йку — в бе́лый свет как в копе́йку;
як не з гэ́тага ~ту — не от ми́ра сего́;
не то́лькі ~ту, што ў акне́ — посл. свет (не кли́ном) сошёлся;
няпра́ўдай с. про́йдзеш, ды наза́д не ве́рнешся — посл. непра́вдой свет пройдёшь, а наза́д не вернёшься;
банке́т на ўвесь с. — погов. пир на весь мир
светII: чуць с. чуть свет;
ні с. ні зара́ — ни свет ни заря́
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
КІНАЗНА́ЎСТВА,
галіна мастацтвазнаўства; навука, якая вывучае кінамастацтва, яго спецыфіку, заканамернасці развіцця, сацыяльна-эстэт. ролю ў грамадстве, узаемаадносіны з інш. мастацтвамі, віды і жанры кінематографа, выразныя сродкі, працэс стварэння кінафільмаў, іх пракат і ўспрыняцце гледачамі. Уключае таксама гісторыю і тэорыю кіно, кінакрытыку, кінабібліяграфію і фільмаграфію. Развіваецца ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі, асабліва з эстэтыкай, сацыялогіяй, псіхалогіяй.
К. ўзнікла адначасова са з’яўленнем кіно. У 1910-я г. станаўленне сусв. К. адбывалася ў рэчышчы агульнаэстэт. пошукаў: работы К.Ланге, П.Вегенера, Х.Хефкера (Германія), Дж.Папіні, Э. Дэ Амічыса, Р.Кануда (Італія), В.Ліндсея, Г.Мюнстэрберга (ЗША) і інш. У Расіі гэты працэс асэнсоўваўся ў часопісах, у 1916 выдадзены зб. «Уся кінематаграфія». Гэтыя пошукі падсумаваны ў першай кіназнаўчай кнізе Л.Дэлюка «Фотагенія» (1920, Францыя). У канцы 1920 — пач. 1930-х г.найб. значнай тэмай былі дыскусіі пра гукавое кіно (маніфест М.Паньёля «Парыжская сінематургія», 1933). Важныя эстэт. сінтэзы ў кінатэорыі зроблены ў творах Р.Арнгайма, Э.Панофскага, В.Беньяміна (Германія), Х.Рыда (Вялікабрытанія), Я.Мукаржаўскага (Чэхія) і інш. Пытанні сац. адказнасці кіно разглядалі Дж.Грырсан, П.Рота (Вялікабрытанія). У 1930—40-я г. тэорыі авангардызму змяніліся эстэт. і сацыялагічнымі абагульненнямі, падыходам да кіно як да цэласнай сістэмы (Р.Спотысвуд у Вялікабрытаніі, А.Аструк у Францыі і інш.). У італьян К. пашырылася тэорыя неарэалізму, развіццё якой адзначыла новы этап у зах. К. і станаўленне фенаменалагічнай кінатэорыі ў 1950—60-я г. (А.Эйфр, А.Ажэль, Р.Мюнье). Развівалася тэорыя кінарэалізму (А.Базен, З.Кракаўэр), сцвярджалі тэорыю «прамога кіно» — Ж.Руш, К.Маркер, М.Руспалі, «аўтарскага кіно» — Ж.Даніёль-Валькроз, П.Каст. Ф.Труфо, Э.Рамер, семіётыку кіно — Ж.Мітры і інш. З 1970-х г. у зах. К. склаўся шэраг кірункаў, якія вывучалі кіно праз прызму розных методык. Уклад у развіццё гісторыі кіно зрабілі Дж.М.Куасак, Т.Рэлуі, Рота, М.Бардэш, Р.Бразіяк, Ж.Садуль, Мітры і інш. У СССРдарэв. кіно вывучалі Б.Ліхачоў, М.Іезуітаў, С.Гінзбург, М.Лебедзеў і інш.Сав. кінамастацтва часцей асэнсоўвалі самі яго дзеячы, кіназнаўцы і крытыкі (С.Эйзенштэйн, Л.Куляшоў, У.Пудоўкін, Дз.Вертаў, В.Шклоўскі, Ю.Тынянаў, А.Піятроўскі). У 1950-я г. створана гіст.-метадалагічная праца «Нарысы гісторыі савецкага кіно» (т. 1—3, 1956—61). Перыяд нямога кіно даследаваў Лебедзеў («Нарыс гісторыі кіно СССР», 1947; 2-е выд., 1965). У 1960-я г. выдадзены работы Эйзенштэйна, Пудоўкіна, А.Даўжэнкі, Вертава, Э.Шуб, Куляшова і інш. Даследаваўся замежны кінематограф, выдаваліся творы тэарэтыкаў кіно Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, ФРГ, ЗША і інш., артыкулы і сцэнарыі рэж. Ф.Феліні, Л.Вісконці, М.Антаніёні, І.Бергмана, манаграфіі пра дзеячаў айч. і замежнага кінематографа. Выкладчыкі Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі стварылі «Кароткую гісторыю савецкага кіно» (1969). У 1969—78 з удзелам кіназнаўцаў рэспублік выдадзена 4-томная «Гісторыя савецкага кіно». У 1970-я г. пачалося выданне серыі гіст.-навук. работ па нац. кінематаграфіі.
У 1980-я — пач. 1990-х г. выйшла некалькі манаграфій, зборнікаў, даведнікаў. З 1988 НДІ кінамастацтва Кінакамітэта Расіі, Эйзенштэйнаўскі цэнтр даследаванняў кінакультуры і маск. Музей кіно выдаюць час. «Киноведческие записки».
Станаўленне бел. кіно ў 1920—30-я г. асвятлялася ў перыяд. друку. Пасля Вял.Айч. вайны сродкі масавай інфармацыі асвятлялі асн. праблемы бел. кінематографа, выходзілі артыкулы пра кінадраматургію, рэжысуру, тэматычную скіраванасць кінастудыі «Беларусьфільм», экранізацыю твораў бел. пісьменнікаў і драматургаў. Артыкулы па К. змяшчаліся ў навук. зборніках АН Беларусі, выдаваліся брашуры пра пачынальнікаў бел. кіно і інш. У 2-й пал. 1950—60-х г. прыход новых творцаў, пашырэнне кінавытв-сці і павышэнне маст. ўзроўню фільмаў садзейнічалі станаўленню К. У 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі створаны сектар тэатра, кіно і музыкі, на аснове якога ўзнік сектар тэатра і кіно (з 1977 сектар кіна- і тэлемастацтва). У «Весцях АНБССР» і інш. выданнях друкаваліся артыкулы аб фільмах-спектаклях, кінапубліцыстыцы, героіка-патрыятычнай і сучаснай тэматыцы ў даваен. і пасляваен. бел. кінамастацтве (зб-кі «Беларускае мастацтва», 1957, 1962; «Праблемы сучаснага беларускага мастацтва», 1968). Першая манаграфія, прысвечаная гісторыі кінамастацтва Беларусі, — «Беларускае кіно» А.Красінскага, В.Смаля, Г.Тарасевіча (1962). Станаўленне і асн. этапы развіцця бел. кінематаграфіі 1920—60-х г. асветлены ў «Гісторыі беларускага кіно» (ч. 1—2, 1969—70). Спецыфіку вобразнасці ў кінапубліцыстыцы даследавалі Е.Бондарава, Л.Шылава («Нарыс на экране», 1969), Н.Фральцова («Тэлебачанне: хроніка, дакумент, вобраз», 1977), віды і жанры кіно, спецыфіку кінавобраза — В.Нячай, Г.Ратнікаў («Асновы кінамастацтва», 1978). Гісторыя бел. кіно выкладзена ў працы Красінскага «Экран зямлі беларускай» (1973). Розныя бакі кінамастацтва Беларусі, творчасць сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў, кінамастакоў, асн. праблемы дакумент. і ігравога кіно адлюстраваны ў калектыўных зборніках «Кіно Савецкай Беларусі» (1975), «Сучаснае беларускае кіно» (1985), кнігах «Размовы каля экрана» (1973), Смаля «На экране — герой і народ» (1974), «Чалавек. Вайна. Подзвіг» (1979), «Праз прызму дзесяцігоддзяў» (1980); Красінскага «Беларускія акцёры ў кіно» (1973), «Кінадакумент і вобраз часу» (1980), «Кіно: ігравое плюс дакументальнае» (1987). Заснавальнікам бел. кіно Ю.Тарычу і У.Корш-Сабліну прысвечаны манаграфіі «Юрый Тарыч» Красінскага (1971) і «Кінастужка даўжынёю ў жыццё» Бондаравай (1980). Творчасць В.Турава разглядаецца ў манаграфіі Л.Паўлючыка «Ад споведзі да эпаса» (1985). Здабыткі і праблемы кінамастацтва і кінакрытыкі даследаваны ў працах Бондаравай «У кадры і за кадрам» (1973), «Час, экран, крытыка» (1975), «Экран у розных вымярэннях» (1983), «Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране» (1993). Узаемадзеянню кінамастацтва з грамадствам і яго ўплыву на гледача прысвечаны манаграфіі Красінскага «Фільмы, героі, час» (1975), С.Міхайлавай «Актыўны экран» (1979). Спецыфіка тэлеэкрана разглядаецца ў кнігах Нячай «Экран і мы» (1971), «Фільм у нас дома» (1974), «Вялікі свет малога экрана» (1976), «Тэлебачанне як мастацкая сістэма» (1981), замежныя фільмы на айч. экранах — у яе працах «Аб густах спрачаюцца» (1986), «Экран выкрывае» (1987). Значным укладам у К. стала даследаванне Ратнікава «Жанравая прырода фільма» (1990). Актуальныя праблемы творчага працэсу асвятляюцца ў час. «На экранах», «Мастацтва», у артыкулах Фральцовай, А.Бабковай, Л.Саянковай, В.Мядзведзевай, Н.Агафонавай, І.Аўдзеева і інш. У 1996 выдадзены даведнік-каталог «Усе беларускія фільмы», складзены Аўдзеевым і Л.Зайцавай.