ПОЛК,

воінская часць; арганізацыйна самастойная баявая і адм.-гасп. адзінка ва узбр. сілах шэрагу дзяржаў. Прызначаны для выканання баявых задач у складзе злучэнняў і самастойна; у залежнасці ад прыналежнасці да роду войск (сіл), спец. войск можа весці агульнавайск., паветр., марскі, проціпаветр. бой або забяспечваць баявыя дзеянні (напр., П. інж. войск, войск сувязі і інш.). У склад П. ўваходзяць органы кіравання (штаб і інш.), некалькі батальёнаў (дывізіёнаў, эскадрылляў), падраздзяленні баявога, матэрыяльнага і тэхн. забеспячэння.

З 10 ст. ў Кіеўскай Русі, пазней у інш. княствах усх. славян П. — асобны атрад, прыведзены князем на поле бою. У 13—14 ст. — баявыя парадкі дзеючай арміі падзяляліся на некалькі П. (напр., перадавы, вялікі, правай рукі, левай рукі, вартавы, засадны, разведвальны). У 14—15 ст. вял. князі ВКЛ стваралі П. для абароны паўд. рубяжоў ад качэўнікаў. У Зах. Еўропе П. існавалі з 16 ст. У 16—18 ст. на Украіне П. наз. ваен. адзінкі і тэр.-адм. акругі (ваен. фарміраванні мелі назву гарадоў і мястэчак па месцы стварэння). У канцы 18—19 ст. шэраг П. рас. арміі мелі бел. найменні. Ва Узбр. Сілах СССР П. быў асн. тактычнай адзінкай і, за выключэннем асобных, уваходзіў у склад злучэння. У Вял. Айч. вайну дзейнічалі партыз. П. (гл. Партызанскі полк).

У сучасных арміях некат. краін СНД, у т. л. Беларусі на базе значнай ч. П. створаны батальёны, якія ўваходзяць у склад брыгад; у інш. дзяржавах, напр. ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, — баявыя групы і інш.

т. 12, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́НКА,

1) слупок (калонка) адвольнай колькасці тэкставых радкоў, зроблены паліграф. спосабам. Вярстаюцца ў старонкі пэўнага фармату (гл. Вёрстка).

2) Пробны адбітак друкарскага набору для чытання карэктуры.

3) Метал. пласцінка з трыма бартамі для захоўвання, пераноскі і ўстаноўкі набору пры яго апрацоўцы (напр., пры выпраўленні памылак).

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮРО́ (франц. burean),

1) калегіяльны орган, які выбіраецца або ствараецца для вядзення пэўнай, пераважна распарадчай, кіруючай работы ў якой-н. арг-цыі, т-ве, установе.

2) Назва некаторых устаноў, арг-цый, кантор (напр., даведачнае бюро, канструктарскае бюро).

3) Пісьмовы стол з шуфлядамі і інш. аддзяленнямі.

т. 3, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАТА́У, Ала-Тоа (цюрк. літар. стракатыя горы),

назва горных хрыбтоў у гарах Сярэдняй Азіі, Паўд. Сібіры, Урала (напр., Джунгарскі Алатау, Заілійскі Алатау, Кіргізскі Алатау, Кузнецкі Алатау) з добра выяўленай вышыннай пояснасцю, на схілах якіх участкі, укрытыя расліннасцю, чаргуюцца са снежнікамі і ледавікамі, камяністымі россыпамі.

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАЭФІРАКРЫЛА́ТЫ, поліэфіракрылаты,

сінтэтычныя алігамеры, прадукты ўзаемадзеяння мнагаатамных спіртоў з многаасноўнымі к-тамі ў прысутнасці рэгулятараў росту макрамалекул (напр., акрылавыя к-ты). Бясколерныя вязкія вадкасці ці цвёрдыя рэчывы. Маюць высокую рэакцыйную здольнасць. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці шклапластыкаў, лакафарбавых матэрыялаў, клеяў, кампаўндаў, палімербетону, герметыкаў, друкарскіх формаў.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРСЕНІ́ТЫ,

солі мыш’яковістых кіслот HAsO2 і H3AsO3. Арсеніты шчолачных металаў і амонію раствараюцца ў вадзе, астатнія — у к-тах. Выкарыстоўваюць як інсектыцыды напр. парыжскую зелень Cu(CH3COO)2∙3Cu(AsO2)2, кампаненты неабрастальных фарбаў для суднаў, пігменты для маст. фарбаў. Водарастваральныя арсеніты — моцныя яды.

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАР’Е́РНЫ РЫФ,

града каралавых рыфаў, выцягнутая паралельна берагу мацерыка або вострава на некаторай адлегласці ад яго, часта па краі мацерыковай водмелі. Бар’ерныя рыфы адгароджваюць ад мора мелкаводныя лагуны, пашыраны пераважна ў водах Ціхага і Індыйскага акіянаў (напр., Вялікі Бар’ерны рыф каля паўн.-ўсх. берагоў Аўстраліі).

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЧА́ЛЬНЫЯ СПЕ́КТРЫ,

спектры электрамагнітнага выпрамянення малекул, абумоўленага вярчэннем малекулы як цэлага. Складаюцца з асобных амаль роўнаразмешчаных ліній, на якія распадаюцца, напр., палосы вагальных спектраў. Назіраюцца таксама ў мікрахвалевай вобласці, далёкай інфрачырвонай вобласці і ў спектрах камбінацыйнага рассеяння святла. Гл. таксама Інфрачырвоная спектраскапія, Малекулярныя спектры.

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСІПА́ЦЫЯ (ад лац. dissipatio рассейванне),

1) Д. энергіі — пераход энергіі ўпарадкаванага руху матэрыяльных аб’ектаў (напр., энергіі мех. руху макрацел, энергіі эл. току) у энергію хаатычнага (цеплавога) руху малекул.

2) Д. атмасферы — паступовае рассейванне газаў атмасферы Зямлі, планет, зорак і інш. у навакольную касм. прастору.

т. 6, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНАКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. inoculatio прышчэпка),

увядзенне жывых мікраарганізмаў, інфіцыраванага матэрыялу, сывараткі і інш. рэчываў у тканкі раслін, жывёл або чалавека (а таксама ў пажыўнае асяроддзе). У лабараторнай практыцы выкарыстоўваюць сінонім — пасеў, у сельскай гаспадарцы, біялогіі і медыцыне — заражэнне (напр., клубеньчыкавымі бактэрыямі насення бабовых раслін).

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)