ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,
электрычная машына, агрэгат, электроннае ці інш. прыстасаванне для пераўтварэння (змены напружання, частаты, колькасці фаз або віду) эл. току. Бывае інфармацыйны і сілавы.
Інфармацыйныя П.э. пераўтвараюць эл. (ці інш.) велічыню аднаго віду ў ал. велічыню другога віду, напр., вымяральны пераўтваральнік, гетэрадзін. Выкарыстоўваюцца ў вымяральнай, выліч. і імпульснай тэхніцы, радыётэхніцы, тэлебачанні і інш. (гл. Лічбавая апрацоўка сігналаў). Сілавыя П.э. пераўтвараюць пераменны ток у пастаянны і наадварот, пераменны ток адной частаты і колькасці фаз ў пераменны ток другой частаты і колькасці фаз, пастаянны ток аднаго напружання ў пастаянны ток другога напружання. Бываюць электрамашынныя і статычныя. Да электрамашынных адносяць рухавікі-генератары, сістэмы пераўтварэння частаты з сінхронным і кампенсацыйным калектарным генератарам, асінхронны і калектарны пераўтваральнік і інш. Статычныя П.э. падзяляюцца на электрамагнітныя (напр., памнажальнікі частаты) і вентыльныя (напр., выпрамнікі току, інвертары, цыклаканвертары).
т. 12, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пнеўмааўтама́тыка
(ад гр. pneuma = дыханне + аўтаматыка)
раздзел аўтаматыкі, які распрацоўвае і прымяняе сродкі аўтаматычнага рэгулявання (кіравання), дзе перадача сігналаў ажыццяўляецца пры дапамозе сціснутага паветра.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
фонарэцэ́птары
(ад фона- + рэцэптары)
спецыялізаваныя клеткі, якія ажыццяўляюць пераўтварэнне механічнай энергіі гукавых ваганняў у біяэлектрычны патэнцыял і забяспечваюць успрыняцце жывёламі і чалавекам гукавых сігналаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
жэст
(фр. geste)
1) рух рукі, галавы для пацвярджэння сказанага, падачы якіх-н. знакаў, сігналаў;
2) перан. учынак, зроблены з якой-н. паказной мэтай (напр. ж. ветлівасці).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
сцвярджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да сцвердзіць.
2. што, з дадан. сказам і без дап. Упэўнена выказваць што‑н.; настойліва гаварыць, упэўніваючы ў чым‑н. Людзі не маглі разгадаць сігналаў. Але даследчыкі сцвярджалі, што пасылаюць іх разумныя істоты. Шыцік. А толькі адно вам сцвярджаю сягоння, Што ў кузні ён з ранку да вечара звоніць, Што хлопец прынадны, Што майстра сапраўдны! Броўка. Спрадвеку, як людзі сцвярджаюць. Праз бор наш гасцінец ляжаў. Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
код
(фр. code, ад лац. codex = спіс)
сістэма ўмоўных абазначэнняў або сігналаў для перадачы (па каналу сувязі), апрацоўкі або захавання якой-н. інфармацыі (напр. лічбавы к., тэлеграфны к.).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
рэперфара́тар
(ад рэ- + перфаратар)
электрамеханічны апарат, які адпаведна кодавай камбінацыі электрычных сігналаў прабівае дзіркі ў папяровай перфастужцы, каб перадаць гэтыя камбінацыі на адлегласць (наступнай станцыі).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
РА́ДЫЁ (ад лац. radio выпрамяняю),
спосаб перадачы інфармацыі з дапамогай радыёхваль. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца з 1920-х г.
7.5.1895 А.С.Папоў прадэманстраваў Рускаму фіз.-хім. т-ву маланкаадзначнік (разрадаадзначнік) — першы ў свеце радыёпрыёмнік. У 1896 Г.Марконі таксама выкарыстаў эл.-магн. ваганні для радыёсувязі (перадатчык і прыёмнік Марконі паўтаралі прынцып апаратаў Папова). Першы перыяд развіцця Р. характарызаваўся выкарыстаннем іскравых тэлегр. радыёперадатчыкаў. У пач. 20 ст. з’явіліся дугавыя і машынныя генератары высокай частаты. Вынаходства электронных лямпаў дало магчымасць атрымліваць эл.-магн. ваганні розных частот, узмацняць іх і выконваць пераўтварэнні ваганняў для перадачы сігналаў любой формы і складанасці, што стала пачаткам радыёвяшчання. У 2-й пал. 20 ст. пашырылася выкарыстанне электронных і паўправадніковых прылад. Тэхніка высокачастотных ваганняў шырока ўкаранілася ў розныя галіны навукі, тэхнікі, прам-сці, дала магчымасць стварыць самастойныя галіны: радыёастраномію, радыёлакацыю, радыёнавігацыю, тэлебачанне і інш.
А.Л.Ткачэнка.
т. 13, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁПЕРАДА́ТЧЫК,
прылада для атрымання мадуляваных эл. ваганняў у дыяпазоне радыёчастот і іх наступнага выпрамянення з дапамогай антэны. Выкарыстоўваецца для радыёсувязі, радыёвяшчання, тэлебачання, радыёнавігацыі, радыёлакацыі і інш.
Асн. вузлы Р. — генератар, мадулятар і крыніца сілкавання. Канструкцыя Р. залежыць ад спосабу атрымання высокачастотных ваганняў, дыяпазону рабочых хваль, прызначэння і магутнасці Р., віду сігналаў, якія павінны перадавацца, роду работы і інш. Бываюць стацыянарныя і рухомыя, адна- і многаканальныя. Паводле дыяпазону рабочых частот умоўна адрозніваюць нізка-, высока- і звышвысокачастотныя (нізка- і высокачастотныя Р. маюць вагальныя сістэмы з засяроджанымі параметрамі, звышвысокачастотныя — з размеркаванымі). Паводле роду работы існуюць тэлегр., тэлеф., аднапалосныя, імпульсныя і інш. Р. малой (да 100 Вт) і сярэдняй (да 10 кВт) магутнасці робяць на паўправадніковай элементнай базе, у выхадных каскадах магутных (да 1000 кВт) і звышмагутных (больш за 1000 кВт) Р. выкарыстоўваюцца электравакуумныя прылады.
У.В.Палзуноў.
т. 13, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПАЗНАВА́ННЕ ВУ́СНАЙ МО́ВЫ,
раздзел кібернетыкі, які распрацоўвае тэорыю, метады, алгарытмы і камп’ютэрныя тэхналогіі аўтам. распазнавання і разумення мовы чалавека.
Грунтуецца на агульнай тэорыі распазнавання вобразаў, метадах прыкладной фанетыкі і лінгвістыкі, тэорыях лічбавай апрацоўкі сігналаў, маркаўскіх мадэлей, моваўтварэння і ўспрымання мовы чалавекам. Выкарыстоўваецца ў сістэмах штучнага інтэлекту як натуральна-моўны інтэрфейс чалавека і машыны, сістэмах кіравання, камп’ютэрнай тэлефаніі, тэлеф. дыялогавых інфармацыйна-даведачных сістэмах, сістэмах аховы баз даных («галасавы ключ»), дыспетчарскіх сістэмах кіравання паветр. і наземным транспартам і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах Р.м. вядуцца з сярэдзіны 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Распрацаваны сінтэзатары бел. і рус. моўнага ўзнаўлення друкаванага тэксту, шэраг прыкладных тэхналогій з выкарыстаннем сістэм распазнавання і сінтэзу мовы.
Літ.:
Искусственный интеллект: Справ. М., 1990. Кн. 1. С. 95—139.
Б.М.Лабанаў.
т. 13, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)