ІЛЮЗІЯНІ́ЗМ (франц. illusionnisme ад лац. illusio падман),
імітацыя бачнага свету ў творах выяўл. мастацтва, стварэнне ўражання рэальнага існавання прадметаў і прасторы. І. зрокава сцірае грані паміж умоўным светам выявы і рэчаіснасцю, стварае падабенства іх узаемадзеяння, знікнення рэчавага матэрыялу, з якога складаецца твор, плоскасці сцяны ці карціны. Узнік у ант. жывапісе, адыграў важную ролю ў мастацтве Адраджэння, быў адным з гал. прынцыпаў манум.-дэкар. мастацтва барока. Сустракаецца і ў станковым мастацтве (нацюрморты-«падманкі» 18 ст. і інш.).
т. 7, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯНДА́РНАЕ ПЛАНАВА́ННЕ,
упарадкаванне ў часе работ пэўнага аб’екта (напр., прадпрыемства), якія выконваюцца пры абмежаванасці рэсурсаў. Грунтуецца на раскладаў тэорыі; для рашэння задач К.п. выкарыстоўваюць таксама метады лінейнага, цэлалікавага і дынамічнага праграмавання. Мэта К.п. — стварэнне плана-графіка, які устанаўлівае найлепшую паслядоўнасць выканання работ у адпаведнасці з зададзенымі крытэрыямі аптымальнасці (гл.
Аперацый даследаванне, Аптымізацыі задачы і метады). На Беларусі даследаванні па праблемах К.п. праводзяцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. эканам. ун-це.
В.С.Гардон.
т. 7, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЎКУЦЬ (Юзас Антонавіч) (н. 1.1.1954, г. Шчучын Гродзенскай вобл.),
бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1972). Да 1993 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Яго выкананне вызначалася высакароднай манерай, пачуццём стылю. Сярод партый: Зігфрыд, Прынц, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Бог («Стварэнне свету» А.Пятрова), Рамэо, Бенволіо («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Абат («Карміна-Бурана» К.Орфа), граф Вішанька («Чыпаліна» К.Хачатурана) і інш.
т. 13, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
рэпліка́цыя
(англ. replication, ад лац. peplicatio = адбіццё)
біял. стварэнне падобнай сабе структуры; у малекулярнай генетыцы — падваенне малекул дэзаксірыбануклеінавай кіслаты, якое ляжыць у аснове перадачы спадчыннай інфармацыі ад клеткі да клеткі і ад пакалення да пакалення (параўн. рэдуплікацыя, трансляцыя 2, транскрыпцыя 4).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВАРША́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1768.
Заключаны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 6 сак. ў Варшаве па патрабаванні рас. боку ва ўмовах заняпаду Рэчы Паспалітай. Урад Кацярыны II выкарыстаў пытанне аб раўнапраўі дысідэнтаў-некатолікаў — праваслаўных і пратэстантаў — для ўмяшання ва ўнутр. справы Польшчы. Паводле дагавору дысідэнты атрымлівалі роўныя з каталікамі правы, аднак захоўваліся асн. законы Рэчы Паспалітай (выбарнасць караля, ліберум вета і інш.). Варшаўскі дагавор садзейнічаў далейшаму аслабленню краіны і забяспечваў паліт. панаванне царызму ў Польшчы.
Вынікам Варшаўскага дагавора было стварэнне Барскай канфедэрацыі.
т. 4, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДАЛ ((Vidal) Гор) (н. 3.10.1925, Вест-Пойнт, штат Нью-Йорк, ЗША),
амерыканскі пісьменнік. Аўтар раманаў «Уіліва» (1946), «Юліян Адступнік» (1964), «Стварэнне» (1981), «Галівуд» (1990) і інш.; п’ес «Візіт на малую планету» (1956), «Вечар з Рычардам Ніксанам» (1972). Піша кіна- і тэлесцэнарыі, эсэ і крытычныя артыкулы. Перавагу аддае маст. асэнсаванню гіст. асоб і падзей. Дакументальны пачатак спалучае з сац. аналізам, гіст. стылізацыю — з сатырай, псіхалагізм — з натуралістычнымі тэндэнцыямі.
Тв.:
Рус. пер. — Вице-президент Бэрр. М., 1977;
Юлиан. СПб., 1994.
Е.А.Лявонава.
т. 4, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМА́Р ((Hadamard) Жак) (8.12.1865, Версаль — 17.10.1963),
французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (з 1912), замежны чл. АН СССР (з 1929, чл.-кар. з 1992). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1890). Праф. Калеж дэ Франс (1897—1935), Парыжскага ун-та і політэхн. школы (1900—35) і інш. Навук. працы па дыферэнцыяльных ураўненнях, тэорыі функцый, тэорыі лікаў, праблемах устойлівасці ў механіцы. Даследаванні Адамара зрабілі значны ўплыў на стварэнне функцыянальнага аналізу.
Літ.:
Леви П. Жак Адамар // Успехи мат. наук. 1964. Т. 19, вып. 3 (117).
т. 1, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬДЗЕ́ЙСКІЯ ШКО́ЛЫ,
пачатковыя школы, якія ствараліся ў гарадах Зах. Еўропы ў 13—14 ст. купецкімі гільдыямі. Выкладанне роднай мовы і арыфметыкі ў іх было пастаўлена значна лепш, чым у царкоўных. У школах павышанага тыпу выкладаліся таксама граматыка, геаметрыя і элементы рыторыкі. Гільдзейскія школы былі платныя, вучыліся ў іх звычайна дзеці заможных бацькоў. Каталіцкая царква ставілася да гільдзейскай школы варожа, паколькі іх стварэнне лічыла парушэннем манаполіі царквы ў школьнай справе. З заняпадам гільдый у 15—16 ст. гільдзейскія школы перайшлі ў падначаленне гар. кіраванняў.
т. 5, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКАЯ НАРА́ДА ПА ЎРЭГУЛЯВА́ННІ ЛАО́СКАГА ПЫТА́ННЯ Склікана па ініцыятыве СССР, праходзіла з 16.5.1961 да 23.7.1962. Прадстаўнікі Бірмы, Вялікабрытаніі, ДРВ, ЗША, Індыі, Камбоджы, Канады, КНР, Лаоса, Польшчы, СССР, Тайланда, Францыі і Паўд. В’етнама прынялі Дэкларацыю і Пратакол аб нейтралітэце Лаоса, заявілі, што будуць паважаць яго суверэнітэт, незалежнасць, нейтралітэт, адзінства і тэр. цэласнасць. Пагадненні прадугледжвалі стварэнне ў Лаосе кааліцыйнага ўрада (сфарміраваны ў чэрв. 1962). Аднак рэалізаваць дамоўленасці і дасягнуць нац. адзінства ў Лаосе не ўдалося. У 1964 ЗША парушылі ўмовы пагаднення, пачалі бамбардзіроўкі тэр. Лаоса.
т. 6, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯЛЁНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ»,
тэрмін, які ўзнік у 1960-я г. і абазначаў працэс укаранення новых высокаэфектыўных аграпрыёмаў і метадаў, стварэнне высокаўраджайных сартоў збожжавых (пшаніца, рыс), асабліва ў краінах т. зв. трэцяга свету. У сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва намаганні былі скіраваны на атрыманне большага аб’ёму прадуктаў харчавання з дапамогай арашэння зямель, хімізацыі і механізацыі. З 1980-х г. у некат. краінах «З.р.» забаронена, таму што размеркаванне даходаў у с.-г. сектары ў выніку «З.р.» стала яшчэ больш нераўнамерным.
В.В.Краўчанка.
т. 7, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)