АГАЯ́Н (Газарос) (16.4.1840, Тбілісі — 3.7.1911),

армянскі педагог, пісьменнік. У 1870—86 выкладчык і інспектар школ у Арменіі і Грузіі. Выступаў за дэмакратызацыю адукацыі, адстойваў ідэі жаночай адукацыі, навучання на роднай мове. Аўтар падручнікаў арм. мовы, прац па выхаванні, методыцы выкладання мовы. Дэмакр. погляды выкладзены ў рамане «Дзве сястры» (1872), мемуарах «Аруцюн і Манвел» (1867) і «Галоўныя падзеі майго жыцця» (1893), казках для дзяцей.

т. 1, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТЭРНАТЫ́ЎНЫЯ ШКО́ЛЫ, свабодныя школы,

няпоўныя і поўныя сярэднія школы ў краінах Зах. Еўропы і ЗША, якія існуюць паралельна ці замест звычайных школ і забяспечваюць альтэрнатыўную адукацыю па змесце або формах і метадах работы з вучнямі. Узніклі ў канцы 1960-х г. як вынік антыаўтарытарных пед. рухаў. Найбольш пашыраны ў ЗША. Мэта альтэрнатыўнай школы — індывідуалізацыя і дыферэнцыяцыя выкладання электыўных прадметаў і курсаў навучання.

т. 1, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА АЛІМПІ́ЙСКАГА РЭЗЕ́РВУ,

сярэдняя спец. навуч. ўстанова для падрыхтоўкі трэнераў-выкладчыкаў па розных відах спорту. Створана ў 1989 у Віцебску на базе школы-інтэрната спарт. профілю. Прымае асоб з 7-га класа агульнаадук. школы. Пасля заканчэння курса сярэдняй школы на падставе конкурсных экзаменаў і спарт. вынікаў асобныя вучні залічваюцца на 1-ы курс вучылішча. Тэрмін навучання па спецыяльнасці «трэнер-выкладчык» 2 гады.

т. 4, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШАЕ ПАЖА́РНА-ТЭХНІ́ЧНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1992 у Мінску на базе вучэбнага цэнтра пажарнай аховы (створаны ў 1933). Рыхтуе інжынераў па пажарнай тэхніцы і бяспецы. У 1996/97 навуч. г. ф-т завочнага навучання, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі; 5 кафедраў. Навучанне дзённае і завочнае. У вучылішчы праводзіцца прафес. падрыхтоўка спецыялістаў ваенізаванай пажарнай службы. Мае музей гісторыі вучылішча.

т. 4, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т.

Існаваў у 1940—41, 1944. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-га кл. агульнаадук. школ. Тэрмін навучання 2 гады. Меў аддзяленні бел. і рус. мовы і л-ры, фіз.-матэматычнае. У Вял. Айч. вайну абсталяванне і б-ка ін-та знішчаны. Аднавіў работу ў 1944. На яго базе створаны Гродзенскі пед. ін-т (1944—78) пераўтвораны ў Гродзенскі універсітэт.

т. 5, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ВАЕ́ННАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя М.​І.​Калініна.

Засн. ў 1937 на базе Аб’яднанай беларускай вайсковай школы імя ЦВК БССР у сувязі з тэхн. пераўзбраеннем і рэфармаваннем Чырв. Арміі. Рыхтавала кадры каманднага саставу. Тэрмін навучання 2 і 3 гады. Выпускнікам прысвойвалася званне лейтэнанта. З 1940 Мінскае пях. вучылішча імя М.​І.​Калініна. У чэрв. 1941 эвакуіравана. Пасля вайны не аднаўлялася.

В.​М.​Герасімаў.

т. 10, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ АЎТАМЕХАНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1945 у Мінску. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): вытв-сць трансп. сродкаў; тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя машынабудавання; тэхн. абслугоўванне тэхнал. абсталявання; тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя ліцейнай вытв-сці; тэхн. эксплуатацыя і рамонт аўтатрансп. сродкаў. Прымаюцца асобы з базавай, сярэдняй адукацыяй і пасля заканчэння прафес.-тэхн. вучылішчаў на скарочаны тэрмін навучання (1 год 10 мес.). Навучанне дзённае і завочнае.

т. 10, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СТРА (грэч. palaistra ад palaiō змагаюся),

прыватная гімнастычная школа ў Стараж. Грэцыі. Звычайна ў П. займаліся хлопчыкі ва ўзросце 12—16 гадоў (на в. Самос была П. для дарослых мужчын). Праграма навучання ў П. ўключала бег, барацьбу, скачкі, кіданне кап’я і дыска (т.зв. сістэма пяцібор’я), гімнаст. практыкаванні, плаванне. П. мелі адкрытыя пляцоўкі, гімнаст. залы, басейны. Часам П. існавалі пры гімнасіях.

т. 11, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ТАРСКАЯ ШКО́ЛА,

навучальная ўстанова ў Стараж. Грэцыі (з 3 ст. да н.э.) і Рыме (з 1 ст. да н.э.) для падрыхтоўкі моладзі з арыстакратычнага асяроддзя да дзярж.-паліт. дзейнасці. Пасля элементарнай (трывіяльнай) і граматычнай школ Р.ш. была вышэйшым звяном трохступеннай сістэмы адукацыі, якая існавала да канца антычнасці. Акрамя навучання аратарскаму майстэрству Р.ш. давала веды па філасофіі, гісторыі, л-ры, правазнаўстве і інш. дысцыплінах.

т. 13, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т,

1) спецыяльная навуч. ўстанова ў Віцебску ў 1910—18. Рыхтаваў настаўнікаў для няпоўнай сярэдняй школы. Прымаліся асобы мужчынскага полу правасл. веравызнання, якія скончылі настаўніцкую семінарыю і мелі 2-гадовы пед. стаж. Тэрмін навучання 3 гады. Выкладаліся агульнаадук. прадметы, педагогіка, псіхалогія, школазнаўства, методыка выкладання мовы, матэматыкі, прыродазнаўства. Меў б-ку (каля 3 тыс. тамоў). Пры ін-це былі вышэйшае пач. вучылішча, дзе студэнты праходзілі практыку, курсы ручной працы, фізвыхавання, чыстапісання, рус. мовы і інш. Ін-т зрабіў 5 выпускаў, падрыхтаваў каля 150 настаўнікаў. Пераўтвораны ў Віцебскі пед. ін-т (гл. Віцебскі універсітэт).

2) Навуч. ўстанова пры Віцебскім пед. ін-це для падрыхтоўкі настаўнікаў 7-гадовай школы. Існаваў у Віцебску ў 1935—55 (у перыяд Вял. Айч. вайны не працаваў). Тэрмін навучання 2 гады. Прымаліся асобы з сярэдняй агульнай або пед. адукацыяй. Напачатку дзейнічала толькі гіст. аддзяленне, якое ў 1937 пераўтворана ў гіст.-філал. і адкрыты фізіка-матэм. і прыродазнаўча-геагр. аддзяленні. Ін-т падрыхтаваў больш за 2 тыс. выкладчыкаў. Аб’яднаны з Віцебскім пед. ін-там.

С.​В.​Сяліцкі.

т. 4, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)