панастаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

1. і чаго. Наставіць, паставіць вялікую колькасць чаго‑н. [Трактарыст:] — А ці не лішне мы навазілі таго торфу?.. Гэта ж штабялёў панастаўлялі, што на поле не ўз’едзеш... Палтаран. // Набудаваць многа чаго‑н. Тым часам кончыліся цагляныя будынкі, якіх тут панастаўлялі за апошнія гады, і зноў пачаліся драўляныя хаты. Чыгрынаў.

2. Нацэліць куды‑н. усё, многае. Мы ўсе.. панастаўлялі рулі ўверх і стралялі па самалётах. Марціновіч.

3. Зрабіць стаячым усё, многае. Лётчыкі і тэхнікі селі на два прычэпы, затуліліся, панастаўлялі каўняры. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рагу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

1. Разм. Памянш. да рагуля (у 1 знач.); невялікая рагуля (у 1 знач.). Другое вогнішча Коля Булкін расклаў для кухараў, паставіў рагулькі, на іх павесілі кацялкі. Жычка.

2. Памянш.-ласк. да рагуля (у 2 знач.). — Хутка на пашу пойдзеце, рагулькі, — прамовіла Таццяна, быццам каровы маглі разумець яе. Марціновіч.

3. Спец. Прыстасаванне ў прадзільных машынах, якое дае ніцям вярчэнне і накіроўвае іх на шпульку.

4. толькі мн. (рагу́лькі, ‑лек). Род аднагадовых і шматгадовых травяністых раслін сямейства казяльцовых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак. і незак., каго-што.

1. Нанесці (наносіць) рану (раны). Дзед .. падышоў да стала, схапіў нож і глыбока раніў сабе руку. Зуб. — Супрончыку плячо ранілі... — Андрыян уздыхнуў. — Па маёй віне прастрэлілі... Марціновіч. / у безас. ужыв. У апошнія дні вайны Мішу раніла, летам ён выпісаўся са шпіталя, прыехаў у родны горад і не застаў ні бацькоў, ні знаёмых. Карпюк.

2. перан. Прычыніць (прычыняць) каму‑н. душэўны боль, пакуты. У хаце настала тая жалобная хвіліна, якая раніць болем кожнае чулае сэрца. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́ўнядзь, ‑і, ж.

Роўнае месца, раўніна. Амярцвелае поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступае ў нерухлівай постаці і тупой немаце. Колас. // чаго або якая. Роўная паверхня чаго‑н.; гладзь. Белыя чайкі лятаюць высока над стрэхамі хат, а над люстранай роўняддзю азёр планіруюць спрадвечныя сябры гэтых стрэх — буслы... Брыль. Адсюль далёка відаць наваколле: і роўнядзь поля, і асфальтавая стужка дарогі, і горад. Марціновіч. Сонца апускаецца яшчэ ніжэй, і вось за намі, па рачной роўнядзі, пачынае, як хвост, цягнуцца .. люстраная паласа. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Дакранацца, датыкацца да чаго‑н. Пайшла [Марыля] зноў. Пасміхаецца, як бульбяныя жывыя лісточкі мякка чапаюцца за калені. Брыль. // Нападаць на каго‑н., біць. [Янка:] — Мамачка, толькі не чапайцеся. Я вам сазнаюся — я збег ад пана Замыжнага. Гартны.

2. Прыставаць да каго‑н., займацца з кім‑н. — Ты чапаешся з Грубэравымі прадаўшчыцамі, а яны яшчэ козы. Табе трэба не тое, ты мужчына. Брыль. Іншы раз у такіх выпадках Віця ўцякаў, ці прасіў не чапацца, ці палохаў, што паскардзіцца настаўніцы. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

джа́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., каго-што і без дап.

1. Раніць, упівацца джалам (у 1, 2 знач.). На кожным кроку джаляць камары. В. Вольскі. // Калоць, раніць (пра што‑н. вострае, калючае). Ды тут басанож у спякоту Не пройдзе хлапчук каля плоту: Гадзюкамі джаляць Абрыўкі калючага дроту. Маляўка.

2. перан. Шкодзіць злосна, спадцішка. Тут толькі ўявіў сабе [Міхась], што перад ім паўзучы гад, што смяротна джаліць з укрыцця пад маскай аднадумца. Машара. // Глыбока хваляваць, трывожыць (пра пачуцці). Горкая самотнасць джаліла мяне, і такое ж горкае шкадаванне напаўняла маё сэрца. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. папоўз, ‑паўзла, ‑ло; зак.

Пачаць паўзці. Праз момант танк стаў, адскочыла вечка люка, і адтуль, спрытна куляючыся, выскачылі танкісты, пападалі на зямлю і папаўзлі ўбок. Марціновіч. Па вуліцы, рыпаючы палазамі, папаўзлі вазы. Грахоўскі. Чырвань хутка папаўзла па шчоках, пераноссі, скронях. Б. Стральцоў. Па горадзе папаўзлі чуткі: партызаны напалі на фашыстаў. Новікаў. Размяклы, працяты вадою снег гурбінамі папоўз з саламяных стрэх. Колас. Заімжыў дробны веснавы дождж, папаўзлі па шыбах доўгія крывыя пісягі. Грахоўскі. Ярка-сіняя маса папаўзла з цыліндрыка, на вачах мяняючы свой колер, павялічваючыся ў памерах. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

Разм. Угледзець, убачыць. Ступіўшы колькі крокаў па вуліцы, Лабановіч згледзеў так добра знаёмую постаць Ядвісі. Колас. // Упільнаваць каго‑н., дагледзець за кім‑н. Дзяцей многа, за ўсімі не згледзіш. // Заўважыць што‑н. [Андрыян Цітавіч] і не згледзеў, як мінула яшчэ пяць год. Марціновіч. Яшчэ лепш раскласці агеньчык дзе-небудзь у зацішку, засыпаць у прысак бульбу — і не згледзіш, як дзень пройдзе. С. Александровіч.

•••

Вокам не згледзець — а) цяжка ўбачыць, не разабраць; б) хутка, імгненна.

Як вокам згледзець — тое, што і як вокам ахапіць (гл. ахапіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́сынак, ‑нка, м.

1. Няродны сын для мужа ці жонкі ў сямі (родны аднаго з іх). Раіна разумела, што Лёнік не сваё дзіця Антосю, пасынак. Марціновіч. [Мачыха] адчувала холад, якім заўсёды веяла на яе ад падчарыцы і пасынка, аднак гэта яе вельмі не абыходзіла. Васілевіч. // перан. Пра таго, хто пераносіць якія‑н. нягоды, пра каго мала клапоцяцца, каму мала ўдзяляюць належнай увагі. Узняўся гоман пратэсту: чаму гэта ў раёне ёсць сынкі і пасынкі? Дуброўскі.

2. Бакавы парастак, атожылак у расліны. Вакол свежага зрэзу вярба выкінула цесны круг крывава-зялёных пасынкаў. Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагуча́ць, ‑чыць; зак.

1. Утварыць гук, гукі. Два стрэлы прагучалі амаль адначасова. Марціновіч. // Раздацца, пачуцца. — Што вы робіце? Апомніцеся! — прагучаў чыйсьці моцны, абураны голас. Пестрак.

2. перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуццё, настрой). Марку здалося, што ў голасе Блінкова прагучалі ноткі дабрадушнасці. Васілеўская. Гукан не спытаў, а як бы канстатаваў факт, з іроніяй у голасе, у якой бадай-што прагучала пагроза. Шамякін. // Выклікаць уражанне, успрыняцца. Хоць і злажыў, а верш не прагучаў. Лужанін.

3. перан. Стаць шырока вядомым. [Віктар:] — Відаць, прагучыць твая гісторыя. Непрыемна будзе заводу... Савіцкі.

4. Гучаць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)