ВЕЙЛЬ, Вайль (Weill) Курт (2.3.1900, г. Дэсаў, Германія — 3.4.1950), нямецкі кампазітар. Вучыўся ў Вышэйшай муз. школе ў Берліне (1918), у 1921—24 у Ф.Бузоні. У 1919—20 у т-рах Дэсаў і Людэншайда. З канца 1920-х г. супрацоўнічаў з Б.Брэхтам. З 1933 у Вялікабрытаніі, з 1935 у ЗША. Вядомасць яму прынесла «Трохграшовая опера» з вершамі Брэхта (1928). Пісаў музыку для «брадвейскіх т-раў», надаў сацыяльнае гучанне жанру мюзікла. Стварыў новы тып сатыр. драмы з музыкай, выкарыстаўшы падкрэслена банальныя формы сучаснай лёгкай музыкі, элементы джаза і інш. Аўтар 19 муз.-сцэн. твораў, у т. л. опер «Шчаслівы канец» (1929), «Узнясенне і падзенне горада Махагоні» (1930), «Згублены ў зорках» (1949), мюзіклаў («Вулічнае здарэнне», 1947, і інш.), балета са спевамі «Сем смяротных грахоў» (1933), кантаты «Новы Арфей» (1925), Берлінскага рэквіема (1928), 2 сімфоній (1921, 1933), музыкі да кінафільмаў і інш. Зрабіў уплыў на творчасць П.Хіндэміта, Дж.Гершвіна, Б.Брытэна.

Літ.:

Schebera J. K. Weill. Leipzig, 1980.

т. 4, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,

найбольш пашыраная сістэма ацяплення ў жылых, грамадскіх і прамысл. Збудаваннях. Цяпло ў памяшканне перадаецца гарачай вадой праз ацяпляльныя прылады. Бывае: цэнтральнае (цеплазабеспячэнне ад ЦЭЦ або кацельні) і мясцовае; з натуральнай і прымусовай цыркуляцыяй; паводле спосабу далучэння ацяпляльных прылад да трубаправодаў з верхнім і ніжнім размеркаваннем вады; двух-, аднатрубнае і праточнае; кальцавое і тупіковае.

Асн. часткі сістэмы: водападагравальнік, дзе вада падаграецца палівам, эл. токам, парай або больш гарачай вадой, ацяпляльныя прылады (радыятары, канвектары і інш.), трубаправоды (магістралі, стаякі) і запорна-рэгулявальная апаратура. У сістэмах вадзянога ацяплення з натуральнай цыркуляцыяй вада рухаецца за кошт рознай шчыльнасці нагрэтай у водападагравальніку (больш лёгкай) вады і больш цяжкай вады, што астыла ў ацяпляльных прыладах і трубаправодах; цыркуляцыя павялічваецца з павелічэннем адлегласці (па вертыкалі) паміж ацяпляльнымі прыладамі і водападагравальнікам (сістэмы выкарыстоўваюцца толькі ў невял. збудаваннях). У сістэмах з прымусовай цыркуляцыяй рух вады забяспечвае цыркуляцыйная помпа.

В.​Р.​Баштавой.

Схема далучэння вадзянога ацяплення да цеплавых сетак: 1 — паветраўлоўнік; 2 — ацяпляльная прылада; 3 — водаструменная помпа; 4 — улоўнікі гразі.

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКА́НД,

горад ва Узбекістане, у Ферганскай вобл., у нізоўях р. Сох. 175 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак. Прадпрыемствы машынабудавання і металаапр., лёгкай, хім. і харч. прам-сці. Пед. ін-т. Тэатр. Музеі: краязнаўчы, літаратурны, дом-музей узб. паэта Х.​Н.​Хамзы Арх. помнікі: Медрэсеі-Мір (18 ст.), ансамбль Дахмаі-Шахон (1825), палац Худаяр-хана (1871). Стараж. цэнтр нар. мастацтва.

Упершыню згадваецца ў 10 ст. як горад на караванным шляху з Індыі і Кітая. У 13 ст. разбураны мангола-татарамі. У 15 ст. пабудавана крэпасць Эскі-курган, у 1732 на яе месцы — горад (з 1740 наз. К.) — сталіца Какандскага ханства. Буйны цэнтр вытв-сці паперы, ганчарства, чаканкі па медзі. У час Какандскага паўстання 1873—76 заняты рас. войскамі, далучаны да Расіі (1876), пав. горад Ферганскай вобл. У 1899 злучаны чыгункай з Самаркандам і Андыжанам. У грамадз. вайну 1918—22 цэнтр Какандскай аўтаноміі (існавала з 9—12.12.1917 да 19—22.2.1918), месца баёў з басмачамі (1920). З 1925 у складзе Узбекістана.

т. 7, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАНШТА́Т,

горад у Ленінградскай вобл. Расіі, на в-ве Котлін, у Фінскім заліве. 45,5 тыс. ж. (1996). Порт. Суднарамонт. Прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці. Ваенна-марскі музей і кабінет-музей А.​С.​Папова. Арх. помнікі: Італьянскі палац (1720—24), дом Мініха (1721—24), ансамблі Адміралцейства (1784—97), Марскі сабор (1903—13) і інш. Помнікі: Пятру I (1841), П.​К.​Пахтусаву (1886), Ф.​Ф.​Белінсгаўзену (1870), С.​В.​Макараву (1913) і інш.

Засн. Пятром I зімой 1703—04 як марская крэпасць Краншлот для абароны зах. падыходаў да Пецярбурга. Гар. буд-ва з 1709—10. Сучасная назва з 1723. З 1820-х г. гал. база Балт. флоту ВМФ Расіі. Месца паўстанняў гарнізона ў 1905 і 1906, Кранштацкага паўстання 1921, баёў у Вял. Айч. вайну.

Літ.:

Розадеев Б.А., Сомина Р.А., Клещева Л.С. Кронштадт: Архит. очерк. Л., 1977;

Петров Г.Ф. Кронштадт: Очерк истории города. 2 изд. Л., 1985;

Раздолгин А.А., Скориков Ю.А. Кронштадтская крепость. Л., 1988.

т. 8, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЎГАРАД-СЕ́ВЕРСКІ,

горад на Украіне ў Чарнігаўскай вобл. Прыстань на р. Дзясна. 15,6 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя. Пенькаапр., буд. матэрыялаў, асфальтавы, сыраробны з-ды, ткацкая ф-ка. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці.

Узнік у 1044 як стараж. паселішча севяран. У 1068 і 1080 разбураны полаўцамі. З 1096 сталіца Северскага княства. Паход ноўгарад-северскага князя Ігара Святаславіча на полаўцаў (1185) апісаны ў «Слове аб палку Ігаравым». Пасля разбурэння мангола-татарамі (1239) страціў б. значэнне. У 13—1-й пал. 14 ст. ў складзе Бранскага княства. У 2-й пал. 14—15 ст. ўваходзіў у ВКЛ. З 1503 належаў Рас. дзяржаве. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 адышоў да Рэчы Паспалітай. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 замацаваны за Расіяй. З 1782 цэнтр Ноўгарад-Северскага намесніцтва, з 1797 пав. горад Маларасійскай, з 1802 — Чарнігаўскай губ. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны ням. войскамі (крас.снеж. 1918). У Вял. Айч. вайну моцна пацярпеў у час ням.-фаш. акупацыі (1941—43).

т. 11, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЦУО БА́СЁ, Басё (сапр. імя Мунэфуса; 1644, Уэна, Японія — 12.10.1694),

японскі паэт. Вывучаў паэт. майстэрства і каліграфію ў Кіёта. Вядомасць атрымаў як паэт камічнага рэнга. Пад уплывам дзэн-будызму стварыў паэт. жанр хайку (хоку), ператварыўшы традыц. яп. 17-складовы верш з лёгкай эпіграмы ў філас. паэт. мініяцюру. Паэт. спадчына М. і яго вучняў склала 7 анталогій: «Зімовыя дні» (1684), «Вясновыя дні» (1686), «Сцішанае поле» (1689), «Гарлянка» (1690), «Саламяны плашч малпы» (кн. 1—2, 1691—98), «Мяшок вугалю» (1694). Аўтар вандроўных дзённікаў («Косці, што бялеюць ў полі», «Лісты вандроўнага паэта», «Па сцежках Поўначы» і інш.), прадмоў да кніг і вершаў, пісьмаў. Паэзія і эстэтыка М. паўплывалі на развіццё яп. л-ры сярэдніх вякоў і новага часу. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.​Разанаў, Л.​Баршчэўскі.

Тв.:

Бел. пер. — [Хайку] // Крыніца. 1997. № 6;

Рус. пер. — Лирика. М., 1964.

Літ.:

Бреславец Т.И. Поэзия Мацуо Басё. М., 1981.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

жабо́

(фр. jabot)

1) карункавая зборчатая абшыўка вакол каўняра і на грудзях мужчынскай кашулі, модная ў 18 ст.;

2) высокі каўнер мужчынскай кашулі, які закрываў ніжнія часткі шчок; быў пашыраны ў 19 ст;

3) аздоба з карункаў або лёгкай тканіны ў зборках на грудзях каўняра жаночай блузкі, сукенкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

лётны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да палёту (самалёта, дырыжабля і пад.). Лётнае поле. □ Сафонаў збівае некалькі гітлераўскіх самалётаў, хаця яго самалёт па сваіх лётных якасцях горшы за дасканалыя нямецкія апараты. Кучар. // Спрыяльны для палёту, лятання. Лётны дзень. Лётнае надвор’е. // Прызначаны для лётчыка, палёту (на самалёце, дырыжаблі і пад.). Лётны касцюм. □ Макараў расшпіліў сінюю лётную куртку, адлажыў каўнер і, скінуўшы шапку-вушанку, сеў за стол. Алешка.

2. Звязаны з прафесіяй лётчыка; авіяцыйны. Лётная справа. Лётная школа. □ З лёгкай часці.. паступіла трывожная тэлефонаграма: на аэрадроме робіцца нешта незвычайнае. Лынькоў.

3. Які ўмее лятаць (пра птушак, насякомых). Лётныя гусі.

•••

Лётная дарожка гл. дарожка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыск, ‑а, м.

1. Прадмет або дэталь якой‑н. машыны, прыстасавання ў выглядзе плоскага круга. Дыск маятніка. Дыск магнітафона. Дыск электрапілы. □ Нумар быў заняты, і.. [дзяўчына] вешала трубку, чакала якую хвіліну і зноў круціла тэлефонны дыск. Арабей. // Спартыўны снарад у форме круга, які прымяняецца ў лёгкай атлетыцы для кідання. Кінуць дыск. // Магазін ручнога кулямёта, аўтамата, у якім змяшчаюцца патроны. Дыск аўтамата. □ Я набіваю моўчкі дыскі, Рыхтую к бою кулямёт. Прыходзька. // Бачны з Зямлі абрыс Сонца, Месяца і іншых планет. Сонца садзілася за небасхіл. Вось яно дакранулася сваім дыскам да зямлі. Сергіевіч.

2. толькі мн. (ды́скі, ‑аў). Разм. Дыскавая барана. Апрацаваць поле дыскамі.

[Грэч. diskos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БОБР,

гарадскі пасёлак у Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. За 10 км ад Крупак, 2 км ад чыг. ст. Бобр на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 1509 ж., 740 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі.

Вядомы з 1516. З 1559 уласнасць Хадкевічаў, Гаштольдаў, Пацаў, Камароў, Сапегаў, Агінскіх і інш. У 1573 мястэчка Аршанскага пав. У 1614 — 172 дамы, млын. У 1762 атрымаў магдэбургскае права, герб. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Сенненскага пав. У 1863 у Бабры 1113 ж., у 1885 — 2 царквы, касцёл, капліца, сінагога, лячэбніца, нар. вучылішчы, 4 школы, 2 млыны, 22 крамы, 3 кірмашы на год, у 1904 — 2 цагельні. З 1919 у РСФСР, з 1924 у БССР, мястэчка ў Крупскім р-не. З 1938 вёска, з 17.2.1941 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну гітлераўцы расстралялі 961 ж. У 1969 — 3 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапр., харч. прам-сці. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяраў фашызму (за 1,5 км ад пасёлка).

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)