ЛЕ́ЙКІН (Мікалай Аляксандравіч) (19.12. 1841, С.-Пецярбург — 19.1.1906),

рускі пісьменнік-гумарыст, журналіст. Вучыўся ў Пецярбургскім рэфарматарскім вучылішчы (1853—58). Друкаваўся з 1860. Асн. тэма шматлікіх апавяданняў, нарысаў, сцэнак, п’ес, аповесцей, раманаў — норавы пецярбургскага купецтва і чыноўніцтва, асн. жанр — сцэнкі. Нават яго раманы («Стукін і Хрустальнікаў. Банкавая эпапея», 1886; «Сатыр і німфа», 1888, і інш.) уяўляюць сабой шэраг сцэн, звязаных агульнасцю герояў і фабулы. У 1881—1905 — рэдактар-выдавец гумарыстычнага час. «Осколки», у які прыцягнуў многіх б. супрацоўнікаў час. «Искра» і А.​Чэхава.

Тв.:

Повести, рассказы и драматические сочинения. Т. 1—2. СПб., 1871.

т. 9, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ПАВЕДЗЬ,

1) прамова свяшчэннаслужыцеля (прапаведніка) у храме перад прыхаджанамі ў канцы літургіі; жанр рэліг. прапаганды. Змяшчае тлумачэнні палажэнняў веравучэння, каментарыі Св. пісання, рэкамендацыі для адпаведных паводзін і дзеянняў. У адрозненне ад малітвы будуецца дастаткова адвольна (не па фіксаваных схеме і тэксце). Рэліг. П. у большай ступені ўздзейнічае на эмоцыі, падсвядомасць, інстынкты (т.зв. нелагічнае перакананне). У пратэстантызме П. — цэнтр. момант богаслужэння; спевы, малітвы, сімвалічныя жэсты суправаджаюць і ўзмацняюць П. Сучасныя П. значную ўвагу звяртаюць на міратворчую, экалагічную і сац.-маральную праблематыку.

2) Дыдактычны твор аратарскага тыпу; бываюць гімнічныя, панегірычныя, павучальныя, апалагетычныя і інш.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́МАЎКА,

кароткі афарыстычны выраз, у якім вобразна, з пэўнай эмац. фарбоўкай вызначаецца якая-н. жыццёвая з’ява; жанр нар. паэтычнай творчасці. У адрозненне ад прыказкі, як правіла, не з’яўляецца самастойным суджэннем і залежыць ад кантэксту, у ёй няма такога абагульнення і павучання. Але П. ў большай ступені ўласцівы экспрэсіўнасць, сатыра і гумар, тэматычная канкрэтнасць. Па структуры П. звычайна адначленныя: «старасць не радасць», «старога мяшка на залатаеш», «як кот наплакаў», «віламі па вадзе пісана» і інш. Бываюць і двухчленныя: «Шумеў бы і я, каб жонкі не баяўся».

Літ.:

Гл. да арт. Прыказка.

А.​С.​Фядосік.

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАБЛО́ (Барыс Германавіч) (13.4.1923, г. Самара, Расія — 15.6.1999),

бел. і расійскі віяланчэліст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1967). Праф. (1984). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1949). У 1949—72 канцэртмайстар групы віяланчэляў Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі, адначасова ў 1949—55 удзельнік стр. квартэта і фп. трыо Бел. філармоніі. З 1952 выкладаў у муз. школе пры Бел. кансерваторыі, з 1963 — у Бел. кансерваторыі. У 1987—98 праф. Рас. акадэміі музыкі ў Маскве. Удасканальваў жанр віяланчэльнага дуэта. Першы выканаўца многіх твораў бел. кампазітараў, у т. л. С.​Аксакава, М.​Аладава, А.​Багатырова, у рэпертуары таксама рус. муз. класіка. Аўтар метадычных падручнікаў.

т. 14, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дра́ма, ‑ы, ж.

1. Род літаратурных твораў, напісаных у форме дыялогу без аўтарскай мовы і прызначаных для пастаноўкі на сцэне.

2. Літаратурны твор такога роду з сур’ёзным, але не гераічным зместам (у адрозненне ад трагедыі і камедыі). Драмы Шэкспіра.

3. перан. Няшчасце, падзея, якія прыносяць маральныя пакуты. Сямейная драма. Душэўная драма.

•••

Мяшчанская драма — драматычны жанр, які ўзнік у час станаўлення буржуазіі і адлюстроўваў жыццё і пачуцці людзей нязнатнага паходжання.

[Ад грэч. drama — дзеянне, сцэнічны наказ.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Газель (літ. жанр) 1/619; 5/144, 145; 7/354; 9/282; 10/35

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

буко́ліка

(гр. bukolikos = пастухоўскі)

жанр літаратурных твораў (першапачаткова ў антычнай паэзіі), у якіх ідэалізуецца побыт пастухоў і вясковае жыццё на ўлонкі прыроды (гл. таксама ідылія, пастараль).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ГАПА́К,

украінскі нар. танец. Узнік у Войску Запарожскім. Бывае сольны, парны, групавы. Уключае скокі, прысядкі, вярчэнні і інш. віртуозныя танц. рухі. Тэмп хуткі. Муз. памер 24. Пашыраны і на Беларусі, пераважна ў зах. і паўд.-зах. раёнах, мае адметныя рысы: выконваецца звычайна трыма танцорамі, суправаджаецца прыпеўкамі. Жанр гапака выкарыстаны ў творах многіх укр., рус. і інш. кампазітараў: у операх «Чаравічкі» і «Мазепа» П.​Чайкоўскага, «Майская ноч» М.​Рымскага-Корсакава, «Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага, «Энеіда» М.​Лысенкі, балетах «Тарас Бульба» В.​Салаўёва-Сядога, «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні, «Гаянэ» А.​Хачатурана і інш. Выконваецца і як самаст. муз. п’еса.

т. 5, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСТА́Н,

эпічны жанр у літаратурах і фальклоры народаў Б. і Сярэдняга Усходу, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі — пераважна апрацоўка казачных сюжэтаў, легендаў і паданняў. Бываюць паэт. і празаічныя, часцей — гэта проза з вершаванымі ўстаўкамі. Д. ўласцівы гіпербалізацыя, ідэалізацыя героя, фантаст. і прыгодніцкія сітуацыі, любоўна-рамант. сюжэтныя лініі, славесныя і сюжэтныя клішэ. У класічных перс., тадж. і цюркамоўных л-рах Д. наз. асобныя раманічныя паэмы («Хасроў і Шырын», «Лейлі і Меджнун» Нізамі), раздзелы з вял. эпічных твораў (напр., з «Шахнамэ» Фірдаўсі). Цыклы фалькл. Д. (напр., пашыраныя ў многіх народаў «Кораглу», «Алпамыш» і інш.) паўплывалі на развіццё нар. творчасці і пісьмовых л-р.

т. 6, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАМЫ́ЙКА (ад назвы г. Каламыя, Украіна),

1) жанр укр. нар. паэзіі, кароткая песенька накшталт прыпеўкі. Пашырана пераважна ў зах. абласцях Украіны. Узнікла ў 15 ст., першыя муз. запісы з 17 ст. Страфа К., як правіла, — трохкаленнае 14-складовае двухрадкоўе (гл. Каламыйкавы верш). Найб. поўны зб. «Каламыйкі» (т. 1—3, 1905—07) выдаў У.М.Гнацюк. Трапляецца ў бел. нар. творчасці: «Чые пчолы лятуць ў поле, // А мае ў садочку. // А хто любіць далёкую, // А я сусядочку». На ўзор укр. М.​Багдановіч стварыў бел. К.

2) Укр. нар. масавы танец гуцулаў.

3) Нар. інструментальная п’еса.

Літ.:

Шумада Н. Песенні мініатюри українського народу // Коломийки. Київ, 1969.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)