ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ у музыцы,
час, які займае гук ці паўза. Абс. П. гуку вымяраецца мерамі часу (секунда, мінута). Важнае значэнне мае адносная П. гукаў, што выяўляе суадносіны гукаў у часе, якія праяўляюцца ў метры і рытме і ляжаць у аснове муз. выразнасці. Для абазначэння адноснай П. выкарыстоўваюць умоўныя знакі — ноты (брэвіс, цэлая, палавінная і інш.) і дадатковыя да нот знакі (кропкі, лігі). Ад умоўнага падзелу асноўнай П. ўтвараюцца рытмічныя групы (дуоль, трыёль і інш.).
В.С.Клакоцкая.
т. 13, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
аўдыёпле́ер
(ад лац. audio = слухаю + англ. player = плеер)
кампактны пераносны апарат для ўзнаўлення гуку з магнітнага запісу.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
тах, выкл.
1. Гукаперайманне для абазначэння адрывістага гуку. Тах! — коратка бухае карабін. Карпюк.
2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. тахкаць. [Бацька:] — [Сабачка] дагоніць — ды за ногі быка! І сам тут жа — брык, ляжыць. А бык нагой — тах! Міма... Масарэнка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
валюмкантро́ль
(ад фр. volume = аб’ём + кантроль)
вымярэнне і рэгуляванне сілы гуку пры электраакустычнай перадачы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
электрагіта́ра
(ад электра- + гітара)
гітара з электрычным узмацненнем гуку (звычайна ў джазе, эстрадным ансамблі).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АНДРЭ́ЕЎ (Мікалай Мікалаевіч) (28.7.1880, с. Курмане Палтаўскай губ. — 31.12.1970),
рускі фізік; стваральнік сав. навук. школы акустыкі і гідраакустыкі. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1933). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў Базельскі ун-т (1909). З 1912 працаваў у ВНУ і НДІ Масквы і Ленінграда, з 1940 у Фіз., з 1954 у Акустычным ін-тах АН СССР. Навук. працы па фіз. і тэхн. акустыцы і тэорыі ваганняў. Аўтар першай тэорыі распаўсюджвання гуку ў рухомых асяроддзях.
Літ.:
Глекин Г.В. Н.Н.Андреев, 1880—М., 1980.
т. 1, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТА́ЧАК (Яўген Францавіч) (29.4.1880, г. Скленаржыцы, Чэхія — 16.11.1946),
расійскі скрыпічны майстар. Засл. майстар Рэспублікі (1924). Засл. дзеяч маст. Расіі (1932). Адзін з арганізатараў 1-й Дзярж. школы скрыпічных майстроў (1918). З 1919 хавальнік і эксперт Дзярж. калекцыі унікальных муз. інструментаў. Стварыў уласную мадэль скрыпкі, заснаваную на распрацаваным ім метадзе т.зв. гарманічнай настройкі дэк. Інструменты Вітачака адметныя якасцю гуку, вытанчанасцю формы, прыгажосцю аддзелкі. Лаўрэат усерас. конкурсаў струнных інструментаў (1913, 1926). Вітачаку прысвечаны раман чэш. пісьменніцы М.Кацяткавай «Скрыпічны майстар пайшоў на Усход» (1954).
т. 4, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНА́НТА ў музыцы,
назва гуку 5-й ступені ладу; у гармоніі — адна з функцый танальных у мажоры і міноры, якая валодае інтэнсіўным імкненнем да тонікі. Аснова акордаў Д. — трохгучча 5-й ступені ладу. Функцыю Д. (D) выконваюць і акорды, якія будуюцца на VII і III ступенях, а таксама розныя відазмяненні асн. акорда (дабаўленне дысанансаў, лінеарных і заменных тонаў, увядзенне альтэрацыі, пропуск прымы і інш. тонаў), некат. падобныя па ролі ў танальнасці акорды (напр., «дубль-Д.» — акорд з павялічанай секстай на нII ступені).
т. 6, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́СІПАВА (Ганна Мікалаеўна) (12.2.1851, С.-Пецярбург — 18.8.1914),
руская піяністка і педагог; адна з буйнейшых прадстаўніц піяністычнага мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. Вучылася ў Пецярбургскай кансерваторыі (1865—70, клас Т.Лешаціцкага), з 1893 выкладала ў ёй (праф. з 1901). Дэбютавала ў 1868, канцэртавала ў Расіі і за мяжой да 1908. Выступала і як ансамбліст (у дуэце з Л.Аўэрам, у трыо з ім і А.Вержбіловічам). Яе мастацтву ўласцівы рацыяналістычнасць інтэрпрэтацыі, віртуознасць, пявучасць гуку. Стварыла адну з буйнейшых рус. піяністычных школ (сярод вучняў С.Пракоф’еў).
т. 6, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУСТАЭЛЕКТРО́НІКА,
раздзел электронікі, які вывучае ўзбуджэнне, распаўсюджванне і прыём акустычных хваляў у кандэнсаваных асяроддзях, узаемадзеянне іх з электрамагн. палямі і электронамі праводнасці; займаецца стварэннем акустаэлектронных прылад. Як самастойны раздзел электронікі сфарміравалася ў 1960-я г. (адкрыццё эфекту ўзмацнення гуку дрэйфуючымі электронамі праводнасці ў крышталях сульфіду кадмію). Падзяляецца на высокачастотную (мікрахвалевую) акустыку цвёрдага цела (узбуджэнне, распаўсюджванне і прыём ультра- і гіпергукавых хваляў), уласна акустаэлектроніка (узаемадзеянне акустычных хваляў з электронамі праводнасці ў цвёрдых целах) і акустаоптыку. Займаецца распрацоўкай прылад для пераўтварэння і аналагавай апрацоўкі радыёсігналаў у дыяпазоне частот ад 1 МГц да 20 ГГц (ніжняя мяжа вызначаецца толькі памерамі існуючых крышталёў, верхняя — тэхнал. магчымасцямі вырабу субмікронных элементаў і вязкасным паглынаннем гуку ў цвёрдых целах). У акустаэлектроніцы выкарыстоўваюцца паверхневыя акустычныя хвалі, аб’ёмныя, прыпаверхневыя, хвалі Лэмба і інш. Асн. матэрыялы акстаэлектронікі: п’езаэлектрыкі і слаістыя структуры з п’езаэлектрыкаў і паўправаднікоў, сегнетаэлектрыкі, паўправаднікі без п’езаэл. уласцівасцяў і інш. На Беларусі даследаванні па акустаэлектроніцы праводзяцца з 1970-х г. у Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Викторов И.А. Физические основы применения ультразвуковых волн Рэлея и Лэмба в технике. М., 1966;
Речицкий В.И. Акустоэлектронные радиокомпоненты: Схемы, топология, конструкции. М., 1987;
Морган Д. Устройства обработки сигналов на поверхностных акустических волнах: Пер. с англ. М., 1990.
В.М.Дашанкоў.
т. 1, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)