ПАГРАНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙСКІ (у некаторых краінах пагранічная ахова, пагранічная варта),
спецыяльныя войскі, прызначаныя для абароны паліт., ваен. і эканам. інтарэсаў дзяржавы на яе сухап., марскіх, рачных (азёрных) рубяжах. П.в. Рэспублікі Беларусь складаюцца з пагранічных атрадаў, спец. і вучэбных часцей (падраздзяленняў). Падпарадкоўваюцца Прэзідэнту. Непасрэднае кіраўніцтва імі ажыццяўляе старшыня дзярж. камітэта — камандуючы П.в. праз падпарадкаваныя яму штаб і інш. структуры кіравання. Створаны паводле пастановы Вярх. Савета Беларусі ад 20.9.1991 на базе П.в. КДБСССР, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. З 1992 у веданні Гал. ўпраўлення П.в. пры Савеце Міністраў, якое ў 1997 пераўтворана ў Дзярж.к-тпагран. войск Рэспублікі Беларусь. П.в. забяспечваюць недатыкальнасць граніц (гл.Граніца дзяржаўная), падтрымліваюць устаноўлены законам пагран. рэжым, сумесна з мытнымі органамі ажыццяўляюць пагранічны кантроль і інш. П.в. выконваюць свае задачы самастойна пры падтрымцы мясц. органаў дзярж. улады і насельніцтва прыгранічных раёнаў. Маюць на ўзбраенні сучасныя віды стралк. зброі і баявой тэхнікі, рачныя караблі, верталёты і спец.тэхн. сродкі. Падрыхтоўку афіцэрскіх кадраў для П.в. ажыццяўляюць ф-ты Ваен. акадэміі і Ін-та нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь.
П.в. зарадзіліся ў 14 ст. На тэр.ВКЛ, акрамя ўдзелу ў апалчэнні (гл.Паспалітае рушэнне) гар. абшчына выконвала шэраг абавязкаў па вартавой службе і мясц. абароне. У многіх гарадах, найперш памежных, да ўвядзення магдэбургскага права (канец 14 ст.) існавалі асобыя катэгорыі мяшчан, якія пастаянна неслі ваен., у т. л. вартавую, службу. У некаторых гарадах на Зах. Дзвіне вартавую службу неслі таксама казакі (напр., у Полацку на замку ў 1552 рэестр зафіксаваў 6 казацкіх службаў). У Расіі ў 1571 з’явілася «Улажэнне аб станічнай і вартавой службе», у 1754 створаны пагран. мытні (з 1772 і на тэр.ўсх. Беларусі), у 1811 уведзена «Палажэнне аб арганізацыі пагранічнай казённай стражы», якая ў 1899 атрымала вайсковае ўпарадкаванне (пагран. брыгады, акругі і інш.). У СССР першыя пагран. часці сфарміраваны ў 1918, на тэр.БССР — у 1924. У 1932 за вял. заслугі ў ахове рубяжоў і актыўны ўдзел у гасп.-паліт. умацаванні пагран. раёнаў пагран. войскі ДПУ БССРузнаг. ордэнам Прац.Чырв. Сцяга БССР (уручаны Дзярж. к-ту пагран. войск Рэспублікі Беларусь у 1998). У Вял.Айч. вайну пагранічнікі зах. рубяжоў СССР першыя прынялі на сябе ўдар ням -фаш. захопнікаў. Гераічнае супраціўленне агрэсару аказалі пагранічнікі, у т. л. тыя, што былі сярод абаронцаў Брэсцкай крэпасці (падраздзяленні 17-га пагранатрада і інш.), байцы застаў, якімі камандавалі А.М.Кіжаватаў, В.М.Усаў, А.М.Сівачоў. Асабовы складпагран. палкоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад акупантаў, вызначыўся пад Магілёвам, Оршай, Мінскам і Баранавічамі (за баявыя подзвігі пагранічнікам Ф.Г.Крылову і А.М.Наскову пасмяротна прысвоена званне Героя Сав. Саюза).
А.А.Паўлоўскі.
Да арт.Пагранічныя войскі: пагранічны кантроль на прапускных пунктах Брэст-Цэнтральны і Брузгі.Да арт.Пагранічныя войскі: пагранічны нарад аглядае кантрольна-следавую паласу.
навука, якая даследуе працэс мэтанакіраванага развіцця і фарміравання ва ўмовах яе выхавання, адукацыі і навучання; навуч. прадмет сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, якія рыхтуюць настаўнікаў, выкладчыкаў, выхавальнікаў. Вывучае аб’ектыўныя сувязі паміж развіццём асобы і знешнімі фактарамі (выхаванне, асвета, навучанне), распрацоўвае тэорыю і методыку выхавання. Разглядае фарміраванне асобы ў асн. сферах яе жыццядзейнасці (сям’я, калектыў, грамадства і інш.). Уключае пед. навукі: агульную П., пераддашкольную, дашкольную, школьную, сямейную, спецыяльную, параўнальную, вытворчую, прафтэхпадрыхтоўчую, вышэйшай школы, ваенную, спартыўную, інжынерную, сацыяльную, андрагогіку (тэорыя і практыка выхавання і адукацыі дарослых), гісторыю П. і інш.
Як сістэма фарміравання асобы П. пачала складвацца ў стараж. дзяржавах (Грэцыя, Рым, Егіпет, краіны Усходу), калі з’явіліся ўстойлівыя погляды на выхаванне, якія адлюстроўвалі менталітэт народаў, іх сац.склад, характар вытв-сці, погляды на дабро і зло. Як асобная навука вылучылася з сістэмы філас. ведаў у пач. 17 ст. Першае абагульненне пед. вопыту зрабіў Я.А.Каменскі. У працы «Вялікая дыдактыка» ён разгледзеў асн. праблемы адукацыі і выхавання, упершыню падкрэсліў прынцыпы дыдактыкі і асновы прыродазгоднага выхавання дзіцяці, заклаў базіс класна-ўрочнай сістэмы навучання ў школе. Уклад у П. зрабілі Дж.Лок, Ж.Ж.Русо, І.Г.Песталоці, І.Ф.Гербарт, А.Дыстэрверг і інш.; у Расіі — К.Дз.Ушынскі, В.І.Вадавозаў, М.І.Пірагоў, Дз.Дз.Сямёнаў, В.П.Астрагорскі, П.Ф.Лесгафт, Л.М.Талстой, П.Ф.Капцераў, К.М.Вентцэль і інш.
На Беларусі з развіццём пісьменнасці і ўзнікненнем школ канцэпцыі выхавання і навучання складваліся пад уздзеяннем хрысц. маралі (Ефрасіння Полацкая) і ідэі стараж. філосафаў. Пед. ідэі, заснаваныя на нар. традыцыях, выказвалі М.Гусоўскі, Ф.Скарына, С.Будны, В.Цяпінскі, Л.Зізаній і інш. У 17—18 ст. уклад у развіццё П. зрабілі М.К.Сарбеўскі, К.Нарбут, Я.Снядэцкі і інш. Асветнікі і вучоныя 19 ст. (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына, М.Нікіфароўскі, Е.Раманаў, Я.Карскі і інш.) разглядалі асветніцкія і пед. ідэі як сродак абуджэння самасвядомасці народа. У 20 ст. пэўны ўклад у пед. навуку Беларусі зрабілі Цётка («Першае чытанне для дзетак беларусаў», 1906, і артыкулы пра выхаванне), Я.Колас (падручнікі «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў», 1909, і «Методыка роднае мовы», 1926), П.Я.Панкевіч, У.І.Пічэта, І.І.Замоцін, М.І.Гарэцкі, Д.А.Жарыкаў, М.Я.Байкоў, Л.В.Шашкоў і інш. Развіццё мовы яны разглядалі як частку агульнага падыходу да праблемы грамадскага жыцця. У канцы 20 — пач. 21 ст. арганізацыя набывае грамадска-дзярж. характар; у яе ўключаюцца сям’я, паліт. партыі, канфесіі, грамадскія аб’яднанні. Адраджаюцца гімназіі, ліцэі, каледжы, акадэміі, галіновыя ун-ты. Пытанні тэорыі і практыкі П. распрацоўваюць Нацыянальны інстытут адукацыі, кафедры П. ВНУ, адпаведныя кафедры Рэсп. ін-та прафес. адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, абл. ін-таў павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі, аддзяленне псіхолага-пед.навук. грамадскага аб’яднання «Бел. акадэмія адукацыі» і інш.
Літ.:
Харламов И.Ф. Педагогика. 5 изд. Мн., 1998;
Вадзінскі Д.І. Асновы педагогікі вышэйшай школы. Мн., 1993;
Антология педагогической мысли Белорусской ССР. М., 1986;
Мещеряков В.П. Братские школы Белоруссии (XVI — первая половина XVII в.). Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАРСТВА (ад рыцар),
прывілеяваны сац. слой у краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы ў сярэднія вякі; у шырокім сэнсе ўсе свецкія феадалы, у вузкім — толькі дробныя. Пачало складвацца ў 8 ст. ў працэсе фарміравання феадальна-іерархічных адносін. Унутры Р. адносіны будаваліся на аснове васалітэту. Рыцары атрымлівалі ад свайго сеньёра маёнтак — феод (лен) і былі абавязаны несці ваен. службу з поўным рыцарскім узбраеннем і рыштункам (баявы конь, меч, панцыр, шлем, шчыт і інш.). Ваен. справа была гал.сац. функцыяй Р., яна давала яму правы і прывілеі. Р. было вызвалена ад большасці падаткаў, падсудна толькі роўным па сац. статусе судам, карысталася перавагай на заняцце дзярж. і ваен. пасад. Доступ у рады Р. быў абмежаваны. Падрыхтоўцы будучага воіна служыла сістэма рыцарскага выхавання і навучання. Узведзены ў Р. даваў клятву вернасці і абавязваўся абараняць гонар і годнасць сюзерэна, яго зямлю ад дамаганняў інш. феадалаў, удзельнічаць у міжусобных і міждзяржаўных войнах. Традыцыя патрабавала ад рыцара быць смелым і адважным у баі, высакародным у адносінах да жанчыны, дасведчаным у пытаннях рэлігіі, ведаць правілы прыдворнага этыкету і інш. Важнай формай распаўсюджання сац.-этычных ідэалаў Р. былі турніры, у час якіх праводзіліся спаборніцтвы ў ваен. майстэрстве. Як служылае ваен.-феад. саслоўе найб. росквіту дасягнула ў 11—13 ст. у час крыжовых паходаў, калі яго ўзбраенне і тактыка бою адпавядалі тагачасным маштабам ваен. аперацый і тэхн. ўзроўню. У шэрагу краін Р. мела свае карпаратыўныя арг-цыі — ордэны. Найстарэйшы з іх — Ордэн св. Марыі ў каралеўстве Навара і Ордэн льва ў Францыі (вядомы з 11 ст.). З пашырэннем агнястрэльнай зброі Р. як асн. ўдарная сіла ў баі заняпала, але захавалася як саслоўе. Частка Р. ў 16—17 ст. увайшла ў складдваранства, другая, збяднелая, ператварылася ў ваен. наёмнікаў. Як адно з ганаровых рыцарскае званне захавалася ў сучаснай Вялікабрытаніі. У ВКЛ рыцарамі наз. коннікаў-феадалаў. У Прывілеі 1387 вял.кн. Ягайлы гаворыцца аб «рыцарах або баярах». У Прывілеі 1447 вял.кн. Казіміра пералічваюцца розныя катэгорыі феадалаў і сярод іх Р. (княжаты, рыцары, шляхціцы, баяры). Пачынаючы са Статута ВКЛ 1529 у тэкстах прававых актаў наз. «высакародныя рыцары». У Віленскім прывілеі 1563 Жыгімонта II Аўгуста гаворыцца пра «стан рыцарскі шляхецкі». Гэтыя прыклады сведчаць, што тэрмін Р. быў ідэнтычны тэрміну шляхта. У Японіі блізкія па становішчы да рыцараў былі самураі, у Асманскай імперыі — сіпахі.
Літ.:
Ястребицкая А.Л. Запаяная Европа XI—XIII в. М., 1978;
Кардини Ф. Историки средневекового рыцарства: Пер. с итал. М., 1987;
Оссовская М. Рыцарь и буржуа: Исслед. по истории морали: Пер. с пол. М., 1987;
Иванов К.А. Многоликое средневековье. М., 1996;
Руа Ж.Ж. История рыцарства: [Пер.] М., 1996;
Кин М. Рыцарство: Пер. с англ.М., 2000.
Да арт.Рыцарства. Нямецкі дваранін Генрых Ангальцкі (1170—1252) з іншымі знатнымі людзьмі на турніры. Мініяцюра 13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЯНІ́ЗМ (ад назвы ўзгорка Сіён у г. Іерусалім),
ідэалагічны і паліт. рух, разгалінаваная сістэма арг-цый, дзейнасць якіх накіравана на рэалізацыю ідэі адзінай сусветнай яўрэйскай нацыі; у вузкім сэнсе — афіц. палітыка дзяржавы Ізраіль. Сіянісцкі рух актывізаваўся ў 2-й пал. 19 ст., калі ў Еўропе і Паўн. Амерыцы ўзніклі першыя палесцінафільскія арг-цыі: «Сусветны саюз ізраэлітаў» (1860, Парыж), «Камітэт за эміграцыю яўрэяў Расіі» (1882, Парыж), «Таварыства для распаўсюджвання асветы сярод яўрэяў Расіі» (1863, С.-Пецярбург з аддзяленнямі ў Адэсе і Рызе) і інш. З 1880-х г. сіянісцкія групы дзейнічалі ў Кіеве, Львове, Палтаве, Кракаве. У 1882 у Расіі створана група «Ховеве-Цыён» («Сябры Сіёна») з аддзяленнямі ў Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША. У ЗША сіяністы стварылі масонскі ордэн «Бнай Брыт» («Сыны Запавету», 1843), «Саюз амерыканскіх іудзейскіх кангрэгацый» (1873), «Цэнтральную канферэнцыю амерыканскіх рабінаў» (1889), «Федэрацыю яўрэйскіх жаночых арганізацый» (1896) і інш. арг-цыі і фонды. У 1897 існавала больш за 450 сіянісцкіх арг-цый у 28 краінах свету, выдавалася больш за 100 газет і часопісаў. У 1897 у г. Базель (Швейцарыя) адбыўся 1-ы сіянісцкі кангрэс, на якім створана Сусветная сіянісцкая арганізацыя, распрацаваны і зацверджаны яе статут і структура, выбраны кіраўнічыя органы, абвешчана праграма, дзе ў якасці першачарговай задачы выступала стварэнне яўр. дзяржавы ў Палесціне. Ідэйным ядром С. з’яўляецца канцэпцыя міру і адзінства ўсіх яўрэяў, незалежна ад іх сац. становішча і месца пражывання, а таксама ідэі «богавыбранасці» і «выключнасці» яўр. народа. Сіяністы выступаюць супраць асіміляцыі яўр. народа, у т. л. шляхам шлюбу з прадстаўнікамі інш. нацыянальнасцей. У межах сваіх канцэптуальных ідэй С. дапускае пэўны ідэалагічны плюралізм, чым абумоўлена неаднароднасць і шматварыянтнасць сіянісцкай ідэалогіі. У С. вылучаюцца кансерватыўная, ліберальная, дэмакратычная, сацыял-дэмакратычная, сацыяліст., камуніст. ідэйна-паліт. плыні, а таксама экстрэмісцкія кірункі: артадаксальна-клерыкальны, расісцкі. Валоданне велізарнымі капіталамі, кантроль над фінансамі, банкамі, страхавымі кампаніямі, вытв-сцю ўзбраення, інфармацыйна-вылічальнай тэхнікі і інш. галінамі прам-сці і сродкамі масавай інфармацыі, а таксама ўваходжанне ў складпаліт. эліты дазваляе прадстаўнікам С. ўплываць на развіццё сусв. эканомікі, эканам.міжнар. адносін. Вядучымі цэнтрамі эканам. і паліт. актыўнасці С. з’яўляюцца ЗША і Ізраіль. У 1975 С. асуджаны ААН як адна з форм расізму, у 1991 гэта рэзалюцыя скасавана.
На Беларусі з пач. 20 ст. дзейнічалі такія сіянісцкія партыі, як Паалей-Цыён (1906), Сіянісцка-сацыялістычная партыя (1904), Яўр.с.-д. рабочая партыя (1905), Мізрахі (сіянісцкая рэліг.арг-цыя, 1902) і інш. З канца 1920 — пач. 1930-х г. дзейнасць сіянісцкіх арг-цый у СССР была забаронена.
Літ.:
Идеология и практика международного сионизма. М., 1978;
Бегун В.Я. Вторжение без оружия. 3 изд. Мн., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯ́НСКІЯ МО́ВЫ,
група роднасных моў, агульным продкам якіх з’яўляецца праславянская мова. Належыць да сям’і індаеўрапейскіх моў. Найб. блізкія да С.м. балтыйскія мовы. Пашыраны на тэр. Еўропы і Азіі. Носьбітамі С.м. з’яўляюцца каля 350 млн. чалавек. У славяназнаўстве ў залежнасці ад геагр. лакалізацыі, асаблівасцей гіст. развіцця вылучаюць 3 слав. моўныя групы: усх,слав., зах.-слав. і паўд.-славянскую. Да ўсх.-слав. групы адносяцца: беларуская мова, руская мова, украінская мова. Зах.-слав. група аб’ядноўвае польскую мову, чэшскую мову, славацкую мову, сербалужыцкія мовы і мёртвую палабскую мову. Да паўд.-слав. групы належаць балгарская мова, македонская мова, сербская мова, харвацкая мова, славенская мова, мёртвая стараславянская мова. Існуюць і т.зв. слав.літ. мікрамовы, якія функцыянуюць на вельмі абмежаванай тэр.: русінская, кашубская, усх.-славацкая, ляшская і інш.
С.м. ўяўляюць сабой вельмі блізкую групу роднасных моў у параўнанні з інш. індаеўрап. мовамі. Гэта праяўляецца ў лексіцы, структуры слова, словаўтваральных сродках, граматыцы, сінтаксісе, семантыцы. Аднак паміж імі існуюць і значныя адрозненні, што абумоўлена іх рознымі шляхамі развіцця ў апошнія паўтары тыс. гадоў. Напр., лексічны склад многіх С.м. адрозніваецца запазычаннямі з інш. неслав. моў: турцызмы ў балг. мове, германізмы ў чэшскай, літуанізмы ў беларускай і г.д. Пісьменнасць у славян існуе на аснове 2 азбук: слав. (гл. Кірыліца) і лац. (гл. Лацінскі алфавіт). Слав. азбука служыць усім усх. славянам, балгарам, сербам. македонцам. Зах. славяне, харваты, славенцы карыстаюцца лац. алфавітам. Для абазначэння некат. спецыфічных слав. гукаў, якія не маюць у лац. алфавіце адпаведных літар, ужываюцца розныя надрадковыя знакі або спалучэнні літар.
Працэс пераходу праслав. мовы ў самастойныя С.м. гістарычна звязаны з узнікненнем ранніх слав.феад. дзяржаў на значнай тэр.Паўд.-Усх. і Усх. Еўропы ў апошнія стагоддзі 1-га тыс.н.э. У розныя гіст эпохі колькасць і суадносіны С.м. мяняліся. Так, у наш час мёртвай з’яўляецца стараслав. мова, якая раней мела важнае культ. і культавае значэнне ў жыцці славян, зрабіла істотны ўплыў на фарміраванне і развіццё інш. С.м. (асабліва паўд. і ўсх.). Рус., бел. і ўкр. мовы існуюць як самастойныя з 14 ст.; яны развіліся з адной старажытнарускай мовы, якая раней абслугоўвала патрэбы моўных зносін усіх усх. славян. Знікла палабская мова, на якой размаўляла слав. насельніцтва. што жыло ў басейне р. Лаба (Эльба). У выніку актыўнай германізацыі палабы перайшлі на ням. мову. З другога боку, македонская мова як самаст.літ. мова сфарміравалася ў 20 ст., у 19 ст. былі аб’яднаны ў моўных адносінах сербы і харваты. У канцы 20 ст. адбылося разыходжанне сербскай і харвацкай моў, адзначаны намаганні моваведаў Босніі і Герцагавіны ў стварэнні т.зв. басняцкай (баснійскай) мовы.
Літ.:
Кондрашов Н.А. Славянские языки. 2 изд. М., 1962;
Нахтигал Р. Славянские языки. М., 1963;
Славянские языки. М., 1977;
Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТХО́ВЕН (Beethhoven) Людвіг ван [16(7), хрышчаны 17.12.1770, Бон — 26.3.1827], нямецкі кампазітар, піяніст, дырыжор; прадстаўнік венскай класічнай школы. З сям’і патомных прыдворных музыкантаў фламандскага паходжання. Упершыню публічна выступіў у 1778. З 1781 вучыўся ў кампазітара і арганіста К.Г.Нефе. З 1792 жыў у Вене. Вучыўся ў І.Гайдна, І.Альбрэхтсбергера, А.Сальеры і інш. На яго светапогляд вял. ўплыў зрабіла ант.л-ра, філасофія, творчасць У.Шэкспіра, Ф.Г.Клопштака, І.В.Гётэ, Ф.Шылера, падзеі франц. рэвалюцыі 1889—99. Неад’емнымі рысамі асобы Бетховена былі свабодалюбства і паліт. радыкалізм. Вядомасць і прызнанне набыў спачатку як піяніст і імправізатар, потым як кампазітар. Яго выкананне спалучала глыбокі, бурны драматызм і шырокую пявучую кантылену. Да пач. 1800-х г. напісаў шмат твораў, якія ўражвалі сучаснікаў драматызмам і навізной муз. мовы. Сярод іх фп. санаты № 8 («Патэтычная») і № 14 (т.зв. «Месяцавая»), першыя 6 струнных квартэтаў, 2 сімфоніі, 3 фп. канцэрты, 20 фп. санат, балет «Тварэнні Праметэя» (1801), араторыя «Хрыстос на Маслічнай гары» (1803). У 1800 была выканана 1-я сімфонія Бетховена. Асн. ідэйны матыў яго творчасці — тэма гераічнай барацьбы за свабоду — увасоблены з найб. сілай ў 3, 5, 7 і 9-й сімфоніях, у оперы «Фідэліо» (1805), уверцюры да трагедыі «Эгмант» Гётэ (1810), фп. санаце № 23 (т.зв. «Апасіяната») і інш. Глухата, якая прагрэсіравала з 1797, вымусіла Бетховена адмовіцца ад канцэртнай дзейнасці. Пасля 1815 у яго музыцы пераважалі філас. і лірыка-псіхал. матывы, што выявілася ва «Урачыстай месе» (1823), у апошніх фп. санатах (№ 28—32) і квартэтах. Вяршыня яго творчасці — 9-я сімфонія (1824), дзе ўпершыню ў гісторыі жанру ўведзены харавы фінал (на словы оды Шылера «Да радасці»). Як Гайдн і Моцарт, ён распрацоўваў формы класічнай музыкі, якія дазвалялі адлюстроўваць разнастайныя з’явы рэчаіснасці ў іх развіцці. Яго сімфоніі і санаты вылучаюцца вял. маштабамі будовы, паглыбленай сувяззю паміж раздзеламі формы, абвастрэннем супярэчнасцяў паміж кантрастуючымі эпізодамі і тэмамі. Расшырыў склад аркестра, павялічыў арк. дыяпазоны вядучых галасоў, інтэнсіфікаваў выразнасць усіх арк. партый, адпрацоўваў тэхніку вар’іравання і варыяцыйную форму (32 варыяцыі до мінор для фп.). Асаблівую ролю адводзіў фіналам у сімфоніях і кодам ва уверцюрах, сімфоніях і санатах. Рашаючы этап у развіцці канцэртнага жанру — 4-ы і 5-ы канцэрты для фп. і скрыпічны канцэрт — сінтэз сімфоніі і канцэрта. Вял. ўклад Бетховена ў вак. музыку (песні, больш за 70 хароў, канонаў), дзе шэраг песень-рамансаў аб’яднаны ў адзін цыкл («Да далёкай каханай», 1816). Навізна яго музыкі, адзначанай выключнай эмац.-драм. сілай, глыбінёй думкі, прывяла да абнаўлення і ўзбагачэння ўсіх муз.-выразных сродкаў. Творчасць Бетховена зрабіла велізарны ўплыў на далейшае развіццё сусв.муз. культуры.
Літ.:
Роллан Р. Собр. соч.: Пер. с фр.Т. 2, 12. М., 1954, 1957;
Эррио Э. Жизнь Бетховена: Пер. з фр. 3 изд. М., 1968;
Альшванг А.А. Л. ван Бетховен: Очерк жизни и творчества. 5 изд. М., 1977;
Климовицкий А. О творческом процессе Л.Бетховена. Л., 1979;
Фишман Н.Л. Этюды и очерки по бетховениане М., 1982;
Zu Beethoven, hrsg. von H.Goldschmidt. [Bd. 1—2]. Berlin, 1979—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МБУРГ (Freie und Hansestadt Hamburg),
горад на ПнФРГ, на р. Эльба, за 110 км ад Паўночнага м. Утварае самаст.адм. адзінку — зямлю Гамбург (пл. 755,3 км²). Нас. 1702,9 тыс.ж., разам з прыгарадамі (у т. л. па-за адм. межамі зямлі) больш за 2 млн.ж. (1994). Трансп. вузел (аўтадарогі, чыгункі). Гал. марскі порт краіны (больш за 50% суднаў марскога флоту ФРГ; грузаабарот каля 85 млн.т штогод). Міжнар. аэрапорт Фульсбютэль. Другі па колькасці жыхароў горад ФРГ, важны прамысл., гандл., фін. і культ.цэнтр.Прам-сць: суднабудаванне і дапаможныя яму галіны машынабудавання, авіябудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная; каляровая металургія, дакладная механіка, нафтаперапр., хім. і гумавая, лёгкая, паліграф. і дрэваапр., харчасмакавая (у т. л. мукамольная, алейная, тытунёвая, піваварная, маргарынавая, шакаладная, кансервавая, перапрацоўка кавы, чаю); вытв-сцьмуз. інструментаў (раялі). Кінапрамысловасць. Цэнтр газетна-выдавецкай справы. Буйныя гандл. прадпрыемствы, біржы, у т. л. фондавая і таварныя (кавы, чаю, цукру, каўчуку), банкі. Метрапалітэн. Ін-т ядзерных даследаванняў. 2 ун-ты. Абсерваторыя. Дзярж. опера. Заапарк Гагенбека.
Узнік каля 825 як умацаваны замак. З 831 цэнтр епіскапства, у 843—45 і 1043—72 — архіепіскапства. У 1215 аб’яднаны старая і новая ч. горада. Адзін з першых (з 1241) і найб. уплывовых (пасля Любека) чл.Ганзы. У 1376, 1458, 1483, 1685, 1693 адбыліся цэхавыя і плебейскія паўстанні супраць патрыцыяту, які канцэнтраваў уладу ў гар. савеце. З 1510 вольны імперскі горад. У 1529 у Гамбургу праведзена Рэфармацыя. У 1558 тут засн. першая ў Паўн. Еўропе біржа. Культ. росквіт у 17—18 ст. (у 1678 засн. першы ў Германіі оперны т-р, у 1767 — Гамбургскі нац.т-р). У 1806 акупіраваны франц. войскамі. Вольны горад у складзе Германскага (з 1815) і Паўн.-германскага (з 1867) саюзаў, Герм. імперыі (1871—1918, яе «марскія вароты»). У Гамбургу адбылося Гамбургскае паўстанне 1923. У 1938 у склад Гамбурга ўключаны гарады Альтана, Гарбург-Вільгельмсбург, Вандсбек і шэраг сельскіх раёнаў. У 2-ю сусв. вайну дзейнічалі антыфаш групы, горад амаль цалкам зруйнаваны бамбардзіроўкамі ў 1943—45. Пасля паражэння фат. Германіі ў брыг. зоне акупацыі. З 1949 мае статус зямлі ФРГ.
Сярод арх. помнікаў: у стылі т.зв. цаглянай готыкі — Катарыненкірхе (каля 1380—1426; вежа 1658) і Якабікірхе (2-я пал. 14 ст.), барока — Міхаэліскірхе (1751—78) з вежай «Вялікі Міхель» (1777—86; выш. 132 м). Захавалася некалькі кварталаў з будынкамі 17—19 ст. Пабудовы 20 ст.: дамы «Чылегаўз» (1922—23) і «Шпрынкенгоф» (1922, арх. абодвух Ф.Гёгер), парк для выставак і адпачынку «Плантэн ун Бломен» (1953), оперны т-р (1954—55, арх. Г.Вебер; у сааўт.), мост цераз Эльбу (1955, Б.Гермкес), царква св. Тройцы (1956, Р.Рымершмід) і інш. Помнікі: Бісмарку ў гавані (1906, скульпт. Г.Ледэрэр), ахвярам бамбардзіровак Гамбурга на могілках Ольсдорф (1949—52, скульпт. Г.Маркс). Музеі: Альтонскі, Кунстгале, этнаграфіі, мастацтва і рамёстваў, Дом Эрнста Барлаха і інш.
Да арт.Гамбург. Панарама горада. На пярэднім плане Міхаэліскірхе з вежай «Вялікі Міхель».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна народнай гаспадаркі, якая вырабляе дэкар.маст. вырабы індустр. метадамі для жылых і грамадскіх інтэр’ераў (асвятляльная апаратура і інш.), для быт. патрэб (адзенне, цацкі, сувеніры, маст. метал, шкло, кераміка, фарфор, фаянс і інш.). Вытв-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Шырокае выкарыстанне машын адрознівае М.в.в. ад прадпрыемстваў нар.маст. промыслаў, дзе пераважае ручная праца.
М.в.в. узнікла ў 16—17 ст. з развіццём мануфактурнай вытв-сці. У Еўропе асаблівую ўвагу надавалі вырабу маст. тканін, шкла (венецыянскае шкло) і керамікі. У 18 — пач. 19 ст, з’явіліся: кераміка Дж.Уэджвуда, майсенскі фарфор, сеўрскі фарфор, фарфор імператарскага фарфоравага з-да ў Пецярбургу, Дулёўскі фарфоравы завод, гжэльская кераміка, каменярэзныя вырабы (Пецяргофская гранільная ф-ка, Дзямідаўскія каменярэзныя з-ды на Урале), мастацкае ліццё (г. Каслі) і інш.
На Беларусі вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва вядомы з 9—13 ст. У 15—16 ст. склаліся цэнтры маст. апрацоўкі металу, ганчарства, вытв-сці кафлі, шкла мастацкага і інш. У 16—17 ст. майстры маст. рамёстваў з гарадоў Віцебск, Гродна, Магілёў, Орша, Полацк, Нясвіж, Слуцк і інш. працавалі ў Маскве і інш. гарадах Маскоўскай дзяржавы. З 17 ст. пашырылася ткацтва мастацкае. Мануфактурная маст.вытв-сць пачала развівацца ў 18 ст.Найб. вядомыя мануфактуры: Радзівілаў у Слуцку (выраб слуцкіх паясоў) і Карэлічах (выраб карэліцкіх шпалераў), Агінскіх у Слоніме (шпалеры), Гродзенскія каралеўскія мануфактуры А.Тызенгаўза. На мануфактурах Урэчча і Налібакаў выраблялі маст. шкло, у Копысі — кафлю, у Целяханах — маёліку і фаянс (гл.Копыская кафля, Свержанская фаянсавая мануфактура, Урэцка-налібоцкае шкло, Целяханская фаянсавая мануфактура). У 1919 у Віцебску і Магілёве арганізаваны керамічныя майстэрні, у Слуцку — ткацка-вышывальныя, у Гомелі — дрэваапрацоўчыя. У 1938 нар. ўмельцы аб’яднаны ў Бел. мастацкі прамысл. саюз. У 1965 маст. промыслы ператвораны ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці рэспублікі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел.вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастацпромыслы» (асацыяцыя нар.маст. промыслаў), з 1991 Асацыяцыя «Бел. народныя маст. промыслы», з 1993 Бел.дзярж. канцэрн нар.маст. промыслаў. Ў 1994 канцэрн у падпарадкаванні Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У склад канцэрна ўвайшлі 19 прадпрыемстваў маст. вырабаў: Брэсцкая фабрыка сувеніраў (выйшла ў 1998), Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава», Жлобінская фабрыка інкрустацыі, Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Сафія», Слуцкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы», Аршанская ф-камаст. вырабаў «Рамонак», Светлагорская ф-камаст. інкрустацыі, ф-кі маст. вырабаў у гарадах Баранавічы, Бешанковічы, Барысаў, Бабруйск, Гомель, Магілёў, Мазыр, Пінск, Слонім, Хойнікі; Цэнтр. лабараторыя нар. рамёстваў «Скарбніца», Дзярж. доследна-эксперым. прадпрыемства «Траецкае»; 16 даччыных гандл. прадпрыемстваў. Дзейнічаюць самастойныя ф-кі або ў сістэме інш. галін прам-сці: адкрытыя акц. т-вы «Мастра» ў Мінску, «Белмастацкераміка» ў г.п. Радашковічы і Івянецкі з-дмаст. керамікі (у складзе канцэрна «Белмясцпрам»), Маладзечанская ф-камаст. вырабаў (у складзе Бел. фонду культуры) і інш., а таксама шырокая сетка малых прадпрыемстваў.
Л.А.Паўловіч.
Да арт.Мастацкіх вырабаў вытворчасць. 1. Ф.Шостак. Дэкаратыўная пасудзіна «Зубр». Івянецкі завод мастацкай керамікі. 2. «Ільнаводка». Лён. Маладзечанская фабрыка мастацкіх вырабаў. З. І.Буйвіч. Пляцёнкі для садавіны. Лаза. Баранавіцкая фабрыка мастацкіх вырабаў. 4. А.Шпакаў. Кухонны набор. Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ КНЯ́СТВА,
адно з самых старажытных дзярж. утварэнняў усх. славян з цэнтрам у г.Полацк. Размяшчалася ў бас.Зах. Дзвіны, Бярэзіны, часткова Нёмана (тэр. сучаснай Віцебскай, паўн. часткі Мінскай і Магілёўскай абл.). Найб.стараж. гарады — Мінск (Менск), Віцебск, Друцк, Усвяты, Лукомль, Лагойск (Лагожск), Заслаўе (Ізяслаўль). Ядром П.к. было племянное княжанне крывічоў (палачан). У летапісах княства называлася таксама воласцю (862), вобласцю, Полацкай зямлёй. У апавяданні пра паход кн. Алега на Канстанцінопаль у 907 летапісец залічыў Полацк да гарадоў, дзе «седяху велиции князи, под Олгом суще». У выніку перамогі Полацк атрымліваў даніну ад грэкаў. Каля 980 у Полацку сядзеў кн.Рагвалод. Прадстаўнікамі полацкага княжацкага ролу былі Рагнеда Рагвалодаўна, Ізяслаў Уладзіміравіч, Брачыслаў Ізяславіч, які ў 1021 пасля паходу на Ноўгарад атрымаў г. Усвяты і Віцебск. Пры яго сыне Усяславе Брачыславічу [1044—1101] П.к. дасягнула найб. росквіту. У Полацкай зямлі, магчыма, яшчэ пры жыцці Усяслава ўтварылася Мінскае княства, а пасля яго смерці — іншыя ўдзелы (Ізяслаўскае княства, Віцебскае княства, Лагожскае княства, Друцкае княства). У 1127 кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў вял. паход у П.к., у 1129 захапіў полацкіх князёў з сем’ямі ў палон і саслаў у Візантыю. Каля 1139 яны вярнуліся і занялі свае ўдзелы. З канца 1120-х г. у Полацку пабольшала роля веча. Паліт. жыццё Полацка 2-й пал. 12 ст. характарызавалася выступленнямі гараджан, зменай князёў. У канцы 12 ст. полацкімі князямі становяцца віцебскія Васількавічы. У гэты час асобныя часткі П.к. адышлі да Смаленска (Копысь, Орша). У 12 ст. ў нізоўях Зах. Дзвіны на месцы больш ранніх паселішчаў узніклі залежныя ад Полацка гарады Герцыке і Кукенойс, якія ў пач. 13 ст., нягледзячы на супрацьдзеянне Полацка, былі захоплены ням. рыцарамі. У канцы 1250 — пач. 1260-х г. у Полацку княжыў Таўцівіл, пляменнік вял. князя ВКЛ Міндоўга. Некалькі гадоў у Полацку правіў Гердзень, пасля князі мяняліся часта. У канцы 13 ст. адзін з іх (імя невядома) спрыяў уключэнню Полацка ў сферу дзеянняў Рыжскага арцыбіскупства. У 1307 палачане з дапамогай літ. князя Віценя прагналі чужынцаў. З таго часу П.к. ўвайшло ў складВКЛ, верагодна, на аснове пагаднення (рады) літ. князёў і полацкага баярства. П.к. карысталася аўтаноміяй паводле асобнага прывілея (гл.Полацкія прывілеі). Полацкімі князямі звычайна былі родзічы вял. князя ВКЛ. У 1370—80-я г. (з перапынкамі) полацкім князем быў Андрэй Альгердавіч, які пасля прыняцця вял. князем ВКЛ Ягайлам польскай кароны і каталіцтва прыняў тытул вял. князя полацкага, што падкрэслівала незалежнасць ад ВКЛ. У Грунвальдскай бітве 1410 прынялі ўдзел харугвы з Полацкай зямлі. У час феад. вайны 1432—36 вял. князь ВКЛ Свідрыгайла ўцёк у Полацк, дзе яго падтрымалі мясц. баяры і гараджане. Адбыўся раскол дзяржавы на 2 дзярж. ўтварэнні — ВКЛ са сталіцай у Вільні і Вял. княства Рускае са сталіцай у Полацку, якое праіснавала 4 гады. Адасобленасць П.к. ў складзе ВКЛ неаднаразова пацвярджалася прывілеямі. На тэр. П к. дзейнічала полацкае права, пры якім найб. важныя пытанні жыцця горада і княства вырашаліся на вечы. З сярэдзіны 15 ст. ў Полацк прызначаліся намеснікі вял. князя ВКЛ, а ў 1504 створана Полацкае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМБА́БВЕ (Zimbabwe),
Рэспубліка Зімбабве (Republic of Zimbabwe), краіна ва ўнутранай частцы Паўд. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Замбіяй, на У з Мазамбікам, на Пд з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), на З з Батсванай. Пл. 390,8 тыс.км². Нас. 10,7 млн.чал. (1993). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Харарэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 красавіка).
Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1980, мадыфікаваная ў 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатная Палата сходу, тэрмін дзейнасці якой 6 гадоў (120 дэпутатаў выбіраюцца насельніцтвам, 12 членаў палаты назначаюцца прэзідэнтам; у склад парламента ўваходзяць таксама 10 плем. правадыроў і 8 губернатараў правінцый). Выканаўчая ўлада належыць ураду, створанаму прэзідэнтам.
Прырода. Большую частку тэр. краіны займае плато Матабеле, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Пераважаюць выш. 1000—1500 м. Плато акаймавана і часткова расчлянёна краявымі хрыбтамі Умвукве (на Пн), Матопа (на ПдЗ), Іньянга (на У) з найвыш. пунктам г. Іньянгані (2596 м). Карысныя выкапні. медныя, хромавыя, літыевыя, жал., алавяныя руды, золата, кам. вугаль, азбест і інш. Клімат пераходны ад экватарыяльна-мусоннага (на Пн) да трапічнага пасатнага (на Пд). У сувязі з узвышаным рэльефам тэрыторыі клімат мае рысы горнага з выражанай сезоннасцю. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) 21—23 °C (максімум да 40 °C), самага халоднага (ліп.) 10—17 °C. Ападкаў ад 350 мм (на ПдЗ) да 1000—1200 мм (усх. схілы гор Іньянга). Асн. колькасць ападкаў з ліст. да сакавіка. Большасць рэк малаводныя і адносяцца да басейнаў Замбезі (на Пн), Лімпопа (на Пд), Сабі (на У). У сярэднім цячэнні р. Замбезі — буйное вадасх. Карыба. Пераважаюць саванны і саваннавыя лясы на карычневых глебах, на Пд — участкі сухіх стэпаў. Агульная плошча разрэджаных лясоў каля 23,8 млн.га. Ёсць штучныя пасадкі эўкаліптаў. У жывёльным свеце прадстаўлены сланы, насарогі, ільвы, леапарды, кракадзілы, бегемоты, жырафы, антылопы і інш. У краіне больш за 10 запаведнікаў і нац. паркаў, самыя вял. Уанкі, Вікторыя-Фолс.
Насельніцтва. Пераважаюць 2 афр. народы з моўнай групы паўд.-ўсх. банту: шона (77%) і матабеле (17%). Шона насяляюць пераважна ўсх. і цэнтр. раёны, матабеле — паўд.-заходнія. Жывуць таксама тонга, венда, педы, тсвана (на Пд), малаві (на ПнУ), бушмены (на крайнім З). Англічан, афрыканераў і выхадцаў з Індыі разам каля З%. Сярод веруючых пераважаюць хрысціяне — 58% (17% — пратэстанты, 14 — прыхільнікі афр. цэркваў, 12% — католікі). Астатняе насельніцтва прытрымліваецца мясц.традыц. культаў. Есць невял. групы мусульман і іудаістаў. Сярэднегадавы прырост каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 27,5 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены цэнтр. раёны краіны. У гарадах жыве 31% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1992, тыс.ж.): Харарэ — 1184, Булавайо — 621, Чытунгвіза — 274, Мутарэ — 132, Гверу — 125. У сельскай і лясной гаспадарцы занята 34% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 21%.
Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. З. вядомы з палеаліту. Верагодна, у 4—1-м тыс. да н.э. сюды прыйшлі бушмены. З 8 ст. пачаўся наплыў бантумоўных народаў, якія выцеснілі бушменаў на Пд і стварылі ў 10 ст. моцную дзяржаву Вял. З., што падтрымлівала гандл. сувязі з народамі Аравійскага п-ва, узбярэжжа Інд.ак. і Кітаем. З 15 ст. ў складзе дзяржавы Манаматапа, якая дасягнула росквіту ў 15—16 ст. і распалася ў 1693 у выніку нападу племя розві. У 18 ст. розві стварылі моцную дзяржаву і працягвалі традыцыі Вял. З., будавалі каменныя гарады. З 1837 на тэр. З. сталі перасяляцца плямёны матабеле на чале з Маселекатсе, што заваяваў зах.ч. краіны і стварыў тут дзяржаву са сталіцай у Булавайо. З сярэдзіны 19 ст. пачалося брыт. пранікненне ў З. (дзейнасць англ. горназдабыўных т-ваў С.Родса). Захоп у 1890 усёй тэр. краіны, названай пазней разам з Замбіяй — Радэзіяй (ад імя Родса), брыт.паўд.-афр кампаніяй і прыток брыт. каланістаў выклікалі паўстанні афр. насельніцтва (1893, 1896—97), задушаныя калан. ўладамі. У 1923 брыт. ўрад атрымаў ад кампаніі паўд.ч. яе ўладанняў як аўт. калонію Паўд. Радэзія. У 1934 створана першая афр.паліт.арг-цыя — Афр.нац. кангрэс Паўд. Радэзіі (АНК). У 1953—63 Паўд. Радэзія ў складзе Федэрацыі Радэзіі і Ньясаленда, дзе яна займала прывілеяванае паліт. і эканам. становішча. У 1953—58 ва ўладзе ўмерана правая Аб’яднаная партыя Радэзіі, у 1958—62 — Аб’яднаная федэральная партыя, якія абвясцілі лозунг партнёрства, але праводзілі палітыку дыскрымінацыі афр. насельніцтва.
У 1959 АНК забаронены, замест яго ў 1960 створана Нац.-дэмакр. партыя (НДП). У 1961 прынята новая канстытуцыя, паводле якой афр. насельніцтва атрымала некат. правы. У 1962 адбыліся хваляванні афр.гар. насельніцтва, паліт. барацьбу ўзначаліў Саюз афр. народа З. (ЗАПУ), створаны замест забароненай НДП. У 1962 да ўлады прыйшоў крайне правы Радэзійскі фронт, які імкнуўся да ліквідацыі афр.вызв. руху. У выніку расколу ў ЗАПУ у 1963 створаны Афр.нац. саюз З. (ЗАНУ). Пасля распаду Федэрацыі (1963) Паўд. Радэзія (пад назвай Радэзія) стала асобнай брыт. калоніяй з шырокай унутр. аўтаноміяй. Яе прэм’ер-міністр Я.Д.Сміт (з 1964) пасля безвыніковых перагавораў з Вялікабрытаніяй (1964—65) у аднабаковым парадку абвясціў у ліст. 1965 незалежнасць Радэзіі, якую афіцыйна не прызнала ні адна дзяржава свету і асудзілі ААН і Арг-цыяафр. адзінства (ААА). Нягледзячы на міжнар.паліт. і эканам. санкцыі, Радэзія пры падтрымцы ПАР і Партугаліі развівала сваю эканоміку. З 1967 пачаліся ўзбр. дзеянні ЗАПУ, якія падтрымліваў Афр.нац. кангрэс з тэр. ПАР. На рэферэндуме ў 1969 прынята новая канстытуцыя. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі (1974) быў створаны аб’яднаны фронт вызв. руху пад кіраўніцтвам епіскапа А.Т.Музарэвы, які пачаў перагаворы з урадам. У 1976 ЗАНУ і ЗАПУ заключылі пагадненне аб стварэнні Патрыят. фронту З. (ПФЗ), які падтрымалі ААА і кааліцыя прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі. У выніку перагавораў урада Радэзіі з па-згодніцку настроенымі афр. лідэрамі ў 1978 створаны часовы ўрад (члены Выканаўчага савета Сміт, Музарэва, Н.Сітоле, Дж.Чыраў). Прынятая новая канстытуцыя фармальна забараняла расавую дыскрымінацыю. Пасля парламенцкіх выбараў 1979 створаны ўрад на чале з Музарэвам, але Савет Бяспекі ААН не прызнаў законнасці гэтых дзеянняў. На новых выбарах 1980 перамагла партыя ЗАНУ, яе лідэр Р.Г.Мугабе ўзначаліў урад, у які ўвайшоў і лідэр ЗАПУ Дж.Нкома. 18.4.1980 абвешчана незалежная Рэспубліка З. ў складзе брыт. Садружнасці.
Яна стала членам ААН і ААА. Але ідэалаг. і плем. разыходжанні паміж ЗАНУ і ЗАПУ прывялі ў 1982 да адкрытага канфлікту, урадавая кааліцыя распалася, Нкома быў выдалены з урада. На ПдЗ пачалася ўзбр. супрацьурадавая партыз. барацьба. У выніку пагаднення 1987 пра аб’яднанне ЗАНУ і ЗАПУ (1-ы сакратар і старшыня Мугабе, які адначасова стаў прэзідэнтам, Нкома ўвайшоў у склад урада) пачалася ўнутр. нармалізацыя, змякчэнне паліт. і плем. канфліктаў. Абвяшчэнне Мугабе праграмы сацыяліст.буд-ва, рост эканам. цяжкасцей выклікалі рост апазіцыі. У 1989 узнік апазіц. Рух адзінства З.На прэзідэнцкіх выбарах 1990 перамог Мугабе, Нкома заняў пасаду віцэ-прэзідэнта. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Гаспадарка. З. — аграрна-індустрыяльная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 650 дол. ЗША. Прам-сць дае каля 36% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — каля 15, абслуговыя галіны — каля 50%. Найб. развіта гарнарудная галіна, якая дае каля ⅓ часткі выпуску прамысл. прадукцыі па кошце. У З. здабываюць 40 відаў карысных выкапняў: золата (каля 18—20 т штогод), азбест (каля 150 тыс.т), графіт (каля 20 тыс.т), руды нікелю (12—15 тыс.т металу), хрому (каля 0,5 млн.т вокісу хрому), медзі (каля 20 тыс.т), літыю (каля 20 тыс.т), а таксама фасфарыты, баксіты, пірыты, руды берылію, сурмы, кобальту, танталу і ніобію, цынку, жалеза, серабра, плаціны, каменны вугаль. 90% электраэнергіі краіна атрымлівае з ГЭС Карыба на р. Замбезі (належыць З. і Замбіі). Буйная ЦЭЦ у г. Булавайо, якая выкарыстоўвае каменны вугаль, цэнтр здабычы г. Хванге. Частка электраэнергіі імпартуецца з ПАР і Замбіі. Развіты каляровая металургія (атрыманне медзі, хрому, нікелю, золата, літыю і інш., гал. цэнтры Харарэ, Квекве, Гверу), вытв-сць сталі і сплаваў (Харарэ, Квекве), машын і механізмаў для горнай прам-сці, чыг. вагонаў, перапрацоўка тытуню, гарбарна-абутковая і тэкст.прам-сць, дыванаткацтва. Ёсць прадпрыемствы па зборцы аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталей, вытв-сці хім. прадуктаў (у т. л. штучных угнаенняў, аміяку, бензолу), цэменту, харч. прадуктаў (у т. л. цукру), вырабаў цэлюлозна-папяровай, дрэваапр. і мэблевай прам-сці, жалезабетону, шкла і інш.буд. матэрыялаў, керамікі, шын і гумава-тэхн. вырабаў. У г. Мутарэ нафтаперапр.з-д, які атрымлівае нафту па нафтаправодзе з порта Бейра (Мазамбік). Асн.прамысл. цэнтры краіны — Харарэ і Булавайо з прыгарадамі. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — сельская гаспадарка. Апрацоўваецца 2,7 млн.га. Вылучаюцца 2 сектары: афрыканскі (дробныя паўнатуральныя гаспадаркі памерам да 2—3 га) і еўрапейскі (каля 4 тыс. гаспадарак сярэднім памерам каля 1 тыс.га). У афр. сектары на ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, арахіс, проса, сорга, батат, маніёк, бабовыя, агародніну. На плантацыях вырошчваюць экспартныя культуры — тытунь (каля 50% пасяўных плошчаў, збор 150—200 тыс.т штогод), бавоўну (каля 250 тыс.т) і цукр. трыснёг (каля 4 млн.т), а таксама пшаніцу, кукурузу, чай, каву. Жывёлагадоўля развіта пераважна ў цэнтры і на Пд краіны. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 6 млн. галоў), свіней, авечак, коз. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўнай драўніны (больш за 8 млн.м³ штогод). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 2,8 тыс.км, аўтадарог 85 тыс.км, у т. л. каля 20 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. З. экспартуе тытунь (19% па кошце), золата (14%), каляровыя металы, сталь і ферасплавы, бавоўну, цукар і інш.; імпартуе машыны і трансп. сродкі (37% па кошце), паліва, хім. прадукты, прамысл. вырабы. Замежны турызм (каля 300 тыс.чал. штогод). Гал. гандлёвыя партнёры Вялікабрытанія, Германія, ПАР, Японія, ЗША, Батсвана. Грашовая адзінка — зімбабвійскі долар.
Літ.:
Асоян Б.Р. Зимбабве. М., 1983;
Краснопевцева Т.И. Зимбабве: Прошлое и настоящее. М., 1988.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Герб і сцяг Зімбабве.Да арт.Зімбабве. Фрагмент абарончай сцяны з поясам фігурнай муроўкі.Да арт.Зімбабве. Прамысловая зона ў г. Харарэ.Да арт.Зімбабве. Сучасная разьба па косці.Да арт.Зімбабве. Сучасная вёска.